Аддай тое, што дома не пакінуў

Аддай тое, што дома не пакінуў

Для дашкольнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 32с.
Мінск 1988
11.7 МБ

 

 

 

Аддай тое, што дома не пакінуў

Беларуская

мінск «ЮНАЦТВА» 1988

ББК 84 Бел 7

A 28

4803010200—082

М307(03)—88

35—88

© Ілюстрацыі. Выдавецтва «Юнацтва», 1988.

ISBN5-7880-0034-3

айшоў адзін чалавек на еДйДО    Е^Ь паляванне. Доўга ха-

дзіў па лясах ды балотах — нічога не забіў. Нарэшце ўбачыў на адной выспе тура1. Стаіць ён, прыгожы, як на малюнку. Стрэліў паляўнічы — тур падскочыў і памчаўся ў кусты. Паляўнічы за ім. Бег, бег і не агледзеўся, як трапіў у дрыгву.

Вырываецца ён з дрыгвы як можа, ды дзе там! Цягне яго дрыгва ўніз, засмоктвае. Вось ужо

і па пахі засмактала...

Бачыць паляўнічы —

1 Typ — тут: дзікі бык з велізарнымі рагамі. Туры даўно ўжо вымерлі. Памяць аб іх захавалася толькі ў народных казках і песнях ды ў назвах асобных гарадоў

і вёсак: Тураў, Туравец і інш.

смерць прыйшла. Пачаў ён клікаць на дапамогу.

Раптам вырас перад ім сухенькі сівы дзядок з казлінаю барадою, у лапцях па сажню даўжынёю.

— Ратуй мяне, чалавеча! — просіцца ў яго паляўнічы.

— Добра,— кажа дзядок,— я цябе выратую, але не задарма: аддай мне тое, што дома не пакінуў.

Думаў, думаў паляўнічы — што ж ён дома не пакінуў? Нічога ўспомніць не мог. А тут ужо дрыгва траха не па самую шыю засмактала: толькі галава і рукі яшчэ наверсе. Ну што ж, таргавацца няма калі...

— Бяры,— кажа,— сабе тое, што я дома не пакінуў, толькі ратуй хутчэй!

— He, гэта яшчэ не ўсё,— хіхікае дзядок.— Цяпер ты згодзішся, а потым адрачэшся.

— He адракуся...

— А каб не адрокся, дай распіску.

Выняў дзядок з кішэні кавалак валовай шкуры і нож, падаў паляўнічаму:

— Разрэж мезены палец і распішыся крывёю на гэтай шкуры. Так яно крапчэй будзе.

Паляўнічы распісаўся на валовай шкуры, дзядок падхапіў яго, вынес на сухое месца і сам знік.

Ачухаўся паляўнічы ад ліхой прыгоды, абцёр

збольшага гразь і пайшоў дахаты. I так яму маркотна зрабілася ў дарозе, што хоць плач: сэрца бяду вяшчуе'.

Толькі ён пераступіў парог хаты, а яму і кажуць:

— Дзе ж ты прападаеш так доўга: жонка вунь сына нарадзіла!

Як пачуў гэта паляўнічы, дык і абамлеў: галава закружылася, уваччу памуцілася. Быў ён чалавек бяздзетны. А тут — на табе! Дачакаўся сына.

Сабраліся госці на радзіны. П’юць, вяселяцца. А бацька сядзіць, як чорная хмара, і ўсё плача. I хто яго ні пытае, чаго ён плача,— нікому нічога не кажа. Спачатку думалі, што гэта ён ад радасці: ведама, сына дачакаўся! А потым і пытаць перасталі.

Тым часам хлопчык расце як на дражджах. I такі ўдаўся прыгожы, разумны! Звалі яго Янкам. Аддалі яго бацькі ў навуку. Дык ён усіх сваіх аднагодкаў як бачыш абагнаў. Да ўсяго быў здатны: як да работы, так і да навукі.

Людзі цешацца з Янкі, зайздросцяць паляўнічаму. А бацька ўсё глядзіць на яго ды плача.

Вырас Янка, стройным дзецюком стаў, хоць жані, а бацька ўсё што далей, то болып смуткуе.

1 Вяшчу е — прадчувае.

Вось аднаго разу сын і пытаецца ў яго:

— Скажы мне, тата, чаму ты такі маркотны? Чаму ты ўсё, на мяне пазіраючы, плачаш? Хіба ж я не твой сын?

Выцер бацька слёзы і адказвае:

— Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу.

I расказаў сыну, як ён яго запрадаў сіваму дзядку.

Выслухаў сын і кажа:

— Калі так, бацька, дык бывай здароў! Або галавой налажу, або тваю запрадажу ў нячыстай сілы адбяру. He хачу, каб ты ўсё жыццё плакаў!

Сабраўся Янка, узяў лук, стрэлы, хлеба і падаўся ў дарогу.

Доўга ці нядоўга ішоў ён — дайшоў да рэчкі. Мясціна выдалася такая прыгожая, што далей і ісці не хочацца. «Ну што ж, адпачну тут крыху, палюбуюся»,— падумаў Янка. Прылёг ён на беразе, за кустом, дастаў хлеб з торбы. I толькі сабраўся есці, як бачыць — ляціць чарада качак: адзінаццаць наперадзе, а дванаццатая з усяе сілы даганяе іх, і каля яе каршун круціцца. Вось-вось востраю дзюбай ударыць.

Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў каршуна. Глядзіць — каршун каменем у балота падае, пер’е рассыпаючы, а качка проста да яго самога зніжаецца.

Апусцілася качка каля Янкі, ударылася

дзюбкаю аб зямлю і стала перад ім дзяўчынаю, ды такою прыгожаю, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

Пакланілася дзяўчына Янку і кажа:

— Дзякую, добры малойча!

— Няма за што,— адказвае збянтэжаны Янка.

— Як няма за што? — дзівіцца дзяўчына.— Ты ж мяне ад смерці збавіў. Хто ты такі і куды ідзеш?

Янка ўсё пра сябе расказаў.

Паглядзела на яго дзяўчына спалохана і кажа:

— Дык гэта ж, як відаць, ты ідзеш да майго бацькі!

— А хто твой бацька?

— Вядзьмар.

— He,— кажа Янка,— бацька мой запрадаў мяне нейкаму дзядку з доўгаю барадою, у лапцях па сажню даўжынёю...

— Гэта ён! Бацька мой у каго хочаш перакінецца. Цяпер ён панам ходзіць.

Спахмурнеў Янка, а дзяўчына кажа:

— He бядуй. Без мяне ты загінеш, як ужо не адзін загінуў, а ўдваіх мы што-небудзь прыдумаем. Бывай здароў!

— А як жа цябе хоць зваць? — пытаецца Янка.

— Кася.

Перакінулася дзяўчына ў шэрую качку, узнялася і паляцела ўслед за сёстрамі.

Пайшоў Янка ў той бок, куды качкі паляцелі, і неўзабаве падышоў да маёнтка. Пастукаў у вароты.

— Чаго табе трэба? — пытаюцца слугі.

— Гаспадара хачу бачыць.

Выйшаў гаспадар — тоўсты пан у дарагім заморскім адзенні:

— Што скажаш?

— Ды вось,:— кажа Янка,— шукаю свайго гаспадара.

— Якога?

— Таго, каму мяне бацька запрадаў, калі я яшчэ толькі на свет нарадзіўся.

— Дык гэта я твой гаспадар.

— Выбачай, панок,— кажа Янка,— а ці маеш ты распіску майго бацькі?

— Маю, а як жа.

— To вярні яе, пане, мне, бо мой бацька ўсё нудзіцца і плача, што так нядобра выйшла. Я занясу яму, і ён супакоіцца.

— Бач, які порсткі! — с'мяецца пан.— Спярша ты ў мяне прыгон адслужы, тады і вярну. А не захочаш служыць — скуру здзяру.

— To давай работу,— кажа Янка,— буду служыць. Рабіць мне не прывыкаць.

Пан дастаў з кішэні напарстак, падаў Янку:

— Гэтым напарсткам вычарпай да раніцы маё возера за маёнткам, рыбу выберы, а дно жоўтым пяском пасып. Работа няцяжкая.

Пайшоў Янка да возера, пачаў напарсткам ваду вычэрпваць. Чэрпаў, чэрпаў да вечара, змарыўся, а знаку ніякага. Заплакаў ён ад жалю іпайшоў шукаць Касю, каб параіцца, што рабіць.

Прыйшоў на двор, пахадзіў — нікога не відаць. Зайшоў так аж на самы канец двара. Бачыць — стаіць адзінокая будыніна: хатка — не хатка, хляўчук — не хляўчук... Падышоў ён да хаткі, аж чуе, кліча яго праз акенца знаёмы голас:

— Гэй, Янка! Ты, бачу, пра мяне зусім забыўся.

Глянуў ён у акенца, а там Кася стаіць!

Увайшоў Янка ў хатку, прывітаўся і расказаў, якую нялюдскую яму работу даў яе бацька.

Дзяўчына кажа:

— Нічога, раніца за вечар мудрэйшая. Кладзіся спаць, а я што-небудзь прыдумаю.

Паслухаў Янка дзяўчыну і лёг спаць.

У поўнач выйшла Кася на ганак, махнула чароўным прутком, і адразу з’явіліся да яе трыццаць хлапцоў-малайцоў — адзін у адзін.

— Што загадаеш, паненка?

— Вычарпайце да раніцы возера, рыбу выберце, а дно жоўтым пяском пасыпце!

— Слухаем! — адказалі хлапцы-малайцы і памчаліся рабіць сваю работу.

Назаўтра пабудзіла дзяўчына Янку.

— Ідзі,— кажа,— далажы бацьку, што ўсё зроблена. Толькі не прызнавайся, што я табе дапамагала: скажы, сам усё зрабіў.

Пайшоў Янка, далажыў пану. Той паглядзеў — праўда, што ўсё зроблена, як ён загадаў! I работа чыстая — ніякай хібы не знойдзеш.

— Маладзец! — пахваліў пан.— Работнік ты, як бачу, нядрэнны. Калі так будзеш старацца, дык я табе і распіску аддам, і дачку замуж выдам. У мяне іх дванаццаць, выбераш сабе любўю, якая спадабаецца. Толькі вось бяда: няма ў мяне асобнага палаца для цябе з маладою жонкаю. Але ты, бачу, хлопец працавіты. Дык вось табе работа: збудуй за ноч такі палац, каб было ў ім гэтулькі пакояў, колькі дзён у годзе, каб столь ззяла, як неба, а на ёй свяцілі сонца, месяц і зоры, каб вакол палаца працякала рака, а на ёй ляжаў мост — залатая‘маснічына, сярэбраная маснічына, каб над мостам вісела вясёлка і ўпіралася канцамі ў ваду. Адным словам, каб не брыдка было самому паглядзець і людзям паказаць. Збудуеш такі палац — аддам табе распіску і дачку ў прыдачу, не збудуеш —

скуру зніму з жывога. А цяпер ідзі сабе.

Апусціў Янка галаву. «Вось каб ты лопнуў, нячыстая сіла! — падумаў ён сам сабе.— Што далей, то цяжэйшыя задачы дае. Дзе ж мне зрабіць такі палац? Відаць, трэба зноў да Касі ісці — можа, яна дапаможа?»

Прыйшоў ён да дзяўчыны і расказаў ёй, якую новую работу даў яму пан-вядзьмар.

— Работа гэтая і праўда цяжэйшая за першую,— кажа Кася,— але што-небудзь прыдумаем. Ідзі ты пакуль што пахадзі па двары, быццам месца для палаца выбіраеш, а як сцямнее — назад сюды варочайся.

Так ён і зрабіў. Пахадзіў па двары, а як сцямнела, вярнуўся ў хатку. Павячэраў і пытаецца ў Касі:

— Чаму гэта ўсе твае сёстры жывуць з маткаю ў палацы, а ты ў гэтай хатцы наводшыбе?

— Таму што ў мяне не маці, а мачыха. Яна не хоча, каб я разам з яе дочкамі жыла.

— А ведаеш, Кася,— сказаў Янка,— бацька твой дакляраваў аддаць мне за жонку сваю дачку, калі пабудую палац... Дык я папрашу, каб ён аддаў мне цябе. Што ты на гэта скажаш?

Спахмурнела Кася, галавою паківала:

— He ведаеш ты, любы, майго бацькі!

Ен так не аддасць мяне, а паставіць усіх нас

у рад і загадае табе выбіраць, а ты мяне не пазнаеш...

— Пазнаю! — кажа Янка.— Як гэта, каб я цябе не пазнаў?

— Наўрад! — уздыхнула Кася.— Усе мы сёстры, як адна — волас у волас, голас у голас. Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. А калі другі раз загадае бацька выбіраць, дык над маёю галавою будзе муха лятаць, а трэці — будзе завязана зялёная нітачка на правым мезеным пальцы. Запомніш?

— Дзіва што! Я хачу толькі цябе выбраць і нікога другога.

— А цяпер,— кажа дзяўчына,— кладзіся спаць, бо ўжо ноч на дварэ.

Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. А Кася выйшла на ганак, махнула прутком... I адразу з’явіліся да яе трыццаць хлапцоў-малайцоў:

— Што загадаеш, паненка?

— Збудуйце за ноч такі палац, каб было ў ім гэтулькі пакояў, колькі дзён у годзе, каб столь ззяла, як неба, а на ёй свяцілі сонца, месяц і зоры, каб вакол палаца працякала рака, а на ёй ляжаў мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб над мостам вісела вясёлка і ўпіралася канцамі ў ваду...

— Добра,— адказалі малайцы і памчаліся рабіць сваю работу.

Адзін пілуе, другі сячэ, трэці стружа — кіпіць работа!

Выйшаў назаўтра Янка на двор, бачыць — стаіць новы палац, дахам неба падпірае. Над палацам вясёлка зіхаціць, над ракою сярэбраназалаты мост блішчыць.

Увайшоў ён у палац, глянуў угору, траха не аслеп: сонца ззяе, месяц свеціць, зоркі блішчаць...

Стаў Янка на мосце, чакае пана.

Выйшаў пан, залюбаваўся новым паладам.

— Ну,— кажа да Янкі,— бачу, штукар ты не горшы за мяне. Што ж, нічога не скажаш, калі толькі сам усё гэта зрабіў...

— Сам,— кажа Янка.— А хто ж мне рабіў?

— Добра, калі сам. Пастараўся, але ж нікому — сабе. Ды пакуль вяселле спраўляць, дам табе яшчэ адну работу. Есць у мяне конь, цаны яму няма, ды вось бяда: неаб’езджаны. Аб’ездзі ты яго да вяселля...

Янка павесялеў:

— Добра, пане, заўтра аб’езджу.

А сам сабе думае: «Ну, гэта работа для мяне самая лёгкая!»

Тым часам выйшла і мачыха са сваімі дочкамі паглядзець новы палац. Спадабаўся ён ім.

А як даведаліся, што бацька дакляраваў аддаць адну з дачок замуж за такога слаўнага майстра, дык усе, як адна, захацелі быць яго жонкаю.

Пагаварыў Янка з панам ды пайшоў сабе, пасвістваючы, да Касі. Прыйшоў і хваліцца, што хутка яна стане яго жонкаю: цяпер ужо бацька даў работу па яго сіле!

— He,— кажа яму Кася,— не радуйся загадзя. Ты думаеш, бацька дасць табе простага каня? He такі ён добранькі! Гэта будзе ён сам, а не конь. Бацька, бачыш, не верыць, што ты адзін вычарпаў возера і пабудаваў палац. Вось ён і захацеў цябе праверыць.

Пачухаў Янка за вухам:

— Дык што ж мне рабіць? Як яго, чорта, аб’ездзіць?

— He турбуйся раней часу. Кладзіся спаць. Заўтра відней будзе,— супакоіла яго Кася.

Назаўтра пабудзіла Кася Янку.

— Ідзі,— кажа,— каня аб’язджаць, калі згадзіўся.

— Баюся,— гнецца Янка.— Настрашыла ты мяне гэтым канём...

— Нічога. Адзін ты яму рады не дасі, a ўдваіх дамо.

I Кася падала яму свой жалезны пруток.

— На,— кажа,—: з ім ты не прападзеш. Як

толькі конь пачне наравіцца — лупі яго з усяе сілы гэтым прутком між вушэй.

Прыйшоў Янка ў стайню. Стаіць там конь у яблыкі: вочы крывёю наліты, з ноздраў полымя шугае, з вушэй дым валіць — падступіцца нельга!

Падышоў Янка да каня, хацеў на спіну яму ўскочыць, а той дубка стаў, пад столь узвіўся і так заржаў, што ўся стайня закалацілася.

— Эге,— кажа Янка,— такі і праўда — чартоўскі ты конь! Добра ж. Маю я на цябе лякобу!

Падкраўся ён да каня збоку і хвасянуў яго прутком між вушэй. Конь адразу як сноп на калені ўпаў. Янка тым часам скок на яго! Конь зноў дубка ўзвіўся — чуць не скінуў Янку. Ды Янка злаўчыўся і давай з усяе сілы хвастаць яго прутком між вушэй.

Храпе конь, танцуе пад ім, як шалёны. А Янка ўсё хвошча яго.

Круціўся, круціўся конь па стайні, як вужака, потым бачыць — няма рады: вырваўся на двор і памчаўся ў чыстае поле. Ляціць, ледзь да зямлі капытамі дакранаецца і ўсё наровіць Янку скінуць, пад ногі падабраць.

Лятаў, лятаў конь па палях, па гарах, вышэй лесу падымаўся, у глыбокія яры апускаўся, a потым такі змогся: павярнуў назад і пайшоў шагам.

Прыехаў Янка ў стайню, паставіў каня, a сам пабег, радасны, да Касі.

— Ну,— кажа Кася,— відаць, добрую лазню задаў ты майму бацьку, калі сам цэлы вярнуўся.

— Ды ўжо ж! — смяецца Янка.— Стараўся як мог. Чуць твой пруток не схвастаў.

I, не вячэраўшы, як сноп упаў Янка на пасцель ды заснуў багатырскім сном.

Назаўтра будзіць яго Кася:

— Цяпер ідзі да бацькі, прасі, каб аддаў распіску.

Паснедаў Янка ды пайшоў да пана. Прыходзіць. Пан сядзіць у крэсле, маркотны, з перавязанаю галавою. «Ага,— думае Янка,— будзеш памятаць Касін пруток!»

— Што ж,— кажа пан,— я свайму слову гаспадар: як станеш маім зяцем, тады і распіску аддам.

— Няхай будзе так,— згадзіўся Янка.— Паказвай сваіх дачок.

Павёў пан Янку ў другі пакой. А там стаяць дванаццаць дзяўчат — роўныя, як адна: твар у твар, волас у волас, голас у голас. А збоку каля іх старая пані пахаджвае.

Абышоў Янка дзяўчат адзін раз, другі і ўбачыў белую кветачку ў валасах крайняй дзяўчыны. Падышоў да яе, узяў за руку і падвёў да бацькі.

— Вось,— кажа,— гэтая мне спадабалася.

— Ну, гэта дык гэта,— адказвае пан. — У мяне дочкі ўсе роўныя. Бяры сабе, якая спадабалася.

А пані аж пазелянела ад злосці: не родную яе дачку выбраў сабе за жонку гэты слаўны майстар, а нялюбую падчарку!

— He,— затупала яна нагамі,— я так не згодна: яшчэ раз няхай выбірае!

Пан кажа:

— Няхай будзе па-твойму.

Завязаў ён Янку хустачкай вочы, а потым развязаў і кажа:

— Выбірай другі раз!

Абышоў Янка дзяўчат, бачыць — над галавою ў аднае муха лятае. «Ага,— успомніў ён Касіны словы,— гэта яна!»

Узяў ён яе за руку і падвёў да пана.

— Што ж,— кажа пан,— бяры гэтую: у мяне ўсе дзеці роўныя.

А пані зноў затупала, закрычала:

— He згодна! Няхай да трох раз выбірае!

Завязаў пан Янку хустачку на вочы, а калі развязаў — перад ім зноў стаяць дванаццаць дзяўчат, роўныя, як адна!

Пачаў Янка прыглядацца да рук і ўбачыў у адной дзяўчыны зялёную нітачку на правым мезеным пальцы.

— Няхай будзе гэтая маёю жонкаю,— кажа ён да пана.

Нічога не зробіш — мусіў аддаць вядзьмар яму распіску.

— Заўтра вяселле згуляем,— кажа пан,— і будзеце тады жыць у новым палацы.

Пайшлі маладыя ў Касіну хатку да вяселля рыхтавацца. Кася кажа Янку:

— Вяселле спраўляць будзем не ў майго бацькі, а ў твайго.

— Чаму? — пытаецца Янка.— Тут жа наш палац стаіць!

— Нам трэба ўцякаць адгэтуль, бо злая мачыха загубіць нас,— кажа Кася.

У поўнач, як усе моцна паснулі, выскачылі яны з хаткі ды пабеглі да Янкавых бацькоў.

Назаўтра ўсталі паны і паненкі — чакаюць маладых: пара вяселле спраўляць. Ды штосьці маладыя доўга епяць. Паслалі слуг будзіць іх.

Падышлі слугі да хаткі. Клікалі, клікалі — ніхто не адгукаецца. Заглянулі ў хатку — пуста. Вярнуліся слугі і сказалі пра гэта пану.

Пан узлаваўся, а пані нема крычыць:

— Гэй, ганцы, даганяйце іх! Жывых або мёртвых, а назад вярніце!

Ускочылі ганцы на коней і памчаліся на ўвесь дух. Ляцяць барамі, ляцяць лясамі — натрапілі

на след.

— Ну, цяпер яны ад нас не ўцякуць! — кажуць ганцы.

Тым часам прыпала Кася да зямлі, паслухала.

— Зямля грыміць, вецер шуміць,— кажа,— гэта за намі пагоня ляціць...

— Што ж нам рабіць? — пытаецца Янка.

— Я перакінуся ў авечку, а ты будзеш пастушком. I калі ў цябе запытаюцца, ці не бачыў ты на гэтай дарозе хлопца з дзяўчынаю,— кажы, што не бачыў.

Махнула Кася прутком, і ўсё сталася, як яна задумала.

Падлятаюць ганцы:

— Гэй, пастушок, ці не бачыў ты на гэтай дарозе хлопца з дзяўчынаю?

— He,— адказвае пастушок,— я з самага ранку тут пасу, а нікога не бачыў.

Пакруціліся ганцы на месцы — следу няма. Вярнуліся назад, кажуць панам:

— Нікога не дагналі. Толькі пастушка з авечкай спаткалі. Папыталіся ў яго, дык ён сказаў, што з самага ранку там пасе, а нікога не бачыў.

— Гэта яны! — закрычала пані.— Даганяйце хутчэй!

Кінуліся ганцы назад. «Ну, думаюць, цяпер мы схопім пастушка з авечкаю як міленькіх!»

А Кася з Янкам бягуць ды бягуць на ўсю сілу.

Але вось зноў чуюць яны за сабою пагоню. Махнула Кася прутком — і стала зялёным садам, а Янка — садоўнікам.

Падляцела пагоня.:

— Гэй, садоўнік, ці не бачыў ты на гэтай дарозе хлопца з дзяўчынаю?

— He,— кажа садоўнік,— не бачыў. Я ўжо тут дзесяць гадоў сад даглядаю, а хлопца з дзяўчынаю ні разу не бачыў...

— А пастушка з авечкаю?

— Таксама не бачыў...

Вярнуліся ганцы назад.

— Мусіць,— кажуць,— мы з дарогі збіліся: нікога не бачылі. Сустрэлі толькі па дарозе садоўніка каля саду, дык ён сказаў, што ўжо дзесяць гадоў сад даглядае, але ні хлопца з дзяўчынаю, ні пастушка з авечкаю не бачыў.

— Ах вы, нягоднікі! — закрычала пані.— Трэба ж было вам секчы і сад і садоўніка — гэта былі яны! He, кепская на вас надзея, давядзецца самім бегчы.

Перакінуўся пан у ваўка, а пані ў ваўчыху ды пабеглі наўздагон за ўцекачамі. Ляцяць, аж пыл курыць, аж вецер свішча.

Пачула Кася новую пагоню і кажа:

— Гэта мой бацька і мачыха ляцяць. А іх нялёгка ашукаць. Ды паспрабуем: я разальюся возерам глыбокім, а ты станеш качарам. Плавай па

возеры і, глядзі, нікому ў рукі не давайся.

Махнула яна прутком — і стала возерам, a Янка качарам.

Падлятаюць воўк з ваўчыхаю да возера.

— Возера — гэта яна! — закрычала ваўчыха.— Цяпер мы ёй нічога зрабіць не можам. А качара зловім — бо гэта сам Янка! Тады і яна за ім пойдзе.

Кінуліся воўк з ваўчыхаю ў возера і давай качара лавіць. А той то нырца дасць, то высока над вадою ўзляціць...

Ганяліся, ганяліся воўк з ваўчыхаю за качарам, патаміліся і пайшлі на дно. Тут ім і канцы.

А Янка з Касяю зноў сталі такімі, як былі. Пабраліся за рукі ды спакойна пайшлі да Янкавых бацькоў вяселле спраўляць.

Гучнае гэта было вяселле. Усе пілі, елі, і ўсе весяліліся. А з усімі весяліўся і Янкаў бацька.

Я на тым вяселлі быў, мёд піў, па вусах цякло, а ў роце не было. Далі мне там боты шкляныя, капялюш васковы і сурдут папяровы. Пайшоў я, падскокваючы, дамоў. Ішоў, ішоў, спатыкнуўся на камень, а боты — дзын, дзын! — і пабіліся. Дождж паліўся — сурдут размок і з плеч зваліўся. А потым сонца як прыпякло, дык і капялюш растаў. Пайшоў я дахаты без нічога. Прыйшоў на свой пасеў, сеў ды гэтую казку вам расказаў.

ОТДАЙ TO, ЧТО ДОМА HE ОСТАВЙЛ

Белорусская народная сказка Для детей доійкодьного возраста Мннск, нздательство «Юнацтва» На белорусском языке Літаратурна-мастацкае выданне

АДДАЙ TOE, ШТО ДОМА HE ПАКІНУЎ Беларуская народная казка

Загадчык рэдакцыі М. А. Казбяру к. Адказны за выпуск Н. I. М і ро н ч ы к, Малодшы рэдактар Н. А. Г р ы ш к о в а. Мастацкі рэдактар А. Ул. Р у ж о. Тэхнічны рэдактар Г. М. Ш а ш к о. Карэктар Л. С.

3 і з а.

ІБ № 1110

Здадзена ў набор 25.05.87. Падпісана да друку 18.03.88. Фармат 70Х 84'/івПапера афс. № 2. Гарнітура Школьная. Афсетны друк. Ум. друк. арк. 2,18. Ум. фарб.-адб. 9,81. Ул.-выд. арк. 1,65. Тыраж 240 000 экз. Зак. 165. Цана 15 к.

Выдавецтва «Юнацтва» Дзяржаўнага камітэта БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.

Мінская фабрыка каляровага друку. 220115, Мінск, Каржанеўскага, 20. Дыяпазітывы тэксту падрыхтаваны Мінскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінатам МВПА імя Я. Коласа. 220005.

Мінск, Чырвоная, 23                                                                       1

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.