Апынуўшыся на чужыне, паваенныя эмігранты наладжвалі сувязі з суайчыньнікамі ў розных краінах і багата пісалі лістоў, бо іншыя віды сувязі былі маладаступныя. Эпісталярныя архівы эміграцыі складаюцца з тысячаў, нават дзясяткаў тысячаў лістоў. Безумоўна, эпісталярыі — надзвычай суб’ектыўныя крыніцы. Аднак такая суб’ектыўнасьць можа ўважацца ня толькі за іх мінус. Прысутнасьць у дакумэнце выразнай асобы аўтара й адрасата надае своеасаблівае „чалавечае" вымярэньне прадстаўленай тут рэчаіснасьці, робіць апісаныя падзеі ды адносіны болыд зразумелымі. Кнігу беларускага архівіста й дасьледніка эміграцыі зь Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча можна назваць першай спробай асэнсаваньня эпісталярыяў як крыніцы па гісторыі й кулыуры эміграцыі. Ужо ў пачатковым тэксьце, назва якога паўтарае назву кнігі, аўтар ставіць агульнае пытаньне пра фэномэн „Лістоў“ у беларускай літаратуры. У далейшых тэкстах Лявон Юрэвіч разглядае асаблівасьці эміграцыйных эпісталярыяў на канкрэтных прыкладах. Адзін з найбольшых архіваў ліставаньня меў літаратар Юрка Віцьбіч. Менавіта на ягоных зборах у найбольшай ступені заснаваныя публікацыі „Шматгалосага эпісталярыюму", а самой асобе дзеяча прысьвечаны важны тэкст „Эпісталярыюм як форма аўтабіяграфіі карэспандэнта і біяграфіі ягонага часу (Выпадак Юркі Віцьбіча)11.3 прыведзенага ў тэксьце ліставаньня Віцьбіча з Антонам Адамовічам ды Янкам Запруднікам можна зразумець асаблівасьці дачыненьняў гэтых асобаў, іх аіульных справаў і інтарэсаў, а таксама акалічнасьці штодзённага жыцьця ды кантактаў зь іншымі беларусамі. Разьдзел „Выпадак Кастуся Акулы“ заснаваны на архівах гэтага беларускага літаратара, што жыў у Канадзе. Сабраныя тут лісты адлюстроўваюць акалічнасьці стварэньня двух найбольш вядомых твораў аўгара: рамана „Змагарныя дарогі“ ды трылёгіі „Гараватка", а таксама чытацкую рэакцыю на іх. У зьмешчаных тут эпісталярыях, што суправаджаюцца заўвагамі Лявона Юрэвіча, можна знайсьці адбітак таго самага жыцьцёвага ды гістарычнага кантэксту, у якім адбываўся літаратурны працэс на эміграцыі. Тое самае можна сказаць і пратэкст „Чаму нельга заўсёды верыць мэмуарам? (Выпадак Уладзімера Клішэвіча)“, заснаваны на ліставаньні згаданага творцы зь літаратарам Міхасём Кавылём. 3 апублікаваных тут эпісталярыяў бачныя складаныя дачыненьні Ўладзімера Клішэвіча з Масеем Сяднёвым, Янкам Золакам. Асабліва цікавы разьдзел „Трэба жыць як набяжыць. Праўдзівая біяграфія амэрыканскіх гадоў Натальлі Арсеньневай". Тут на падставе ліставаньня паэткі з сяброўкай Янінай Каханоўскай можна прасачыць рэальныя жыцьцёвыя абставіны й справы, тое, чым жыла Натальля Арсеньнева ў добраахвотна-вымушаным выгнаньні ў правінцыйным амэрыканскім Рочэстэры. Гэтае жыцьцё складанае й поўнае перажываньняў, але бязь нейкае „тугі па радзіме", бяз патасу і ўсьведамленьня сябе найлепшай паэткай эміграцыі, жыцьцё звычайнай беларускай жанчыны. Малавядомыя старонкі працы эміграцыйных беларусаў над перакладамі біблейскіх тэкстаў, што ўважалася за важны напрамак нацыянальнай інтэлектуальнай дзейнасьці, можна знайсьці ў тэксьце „Пра дзейнасьць камісіі... і ня толькі: матэрыялы „Камітэту па перакладзе Бібліі ў беларускую мову“ (1946—1950 гг.)“. Своеасаблівы працяг тэмы — у зьмешчаным далей ліставаньні Юркі Віцьбіча з Уладыкам Васілём (Тамашчыкам). У кнізе Лявона Юрэвіча сабраныя нізкі эпісталярыяў, якія датычаць розных аспэктаў беларускай дзейнасьці эмігрантаў і паходзяць з 531 J розных краінаў: ЗША, Канады, Аўстраліі, Вэнэсуэлы, Швэцыі. Тутёсьць лісты вядомых дзеячаў, прыкладам, Янкі Чарапука-Змагара, і шараговых беларусаў, чые імёны малавядомыя нават знаўцам эміграцыі або не захаваліся наогул. Аднак якімі б рознымі ні былі прадстаўленыя дасьледнікам эпісталярыі, яны аб’яднаныя агульнасьцю эміграцыйнай сытуацыі іх аўтараў. I гэтая адметнасьць, калі адрасат і адрасант аднолькава далёкія ад бацькаўшчыны й займаюцца выжываньнем у чужым сьвеце, аднолькава маюць патрэбу ў кантактах „са сваімі“, зь людзьмі блізкімі ня толькі па крыві, але й духоўна, — гэта якраз і адчуваецца ў шматлікіх галасах, якімі прамаўляе сабраны Лявонам Юрэвічам эпісталярый. Варта заўважыць, што нізкі лістоў, зьнітаваныя аўтарскім тэкстам эміграцыязнаўцы ды грунтоўна пракамэнтаваныя, уяўляюць сабой завершаныя сюжэты. Аднак пры гэтым сабраныя разам тэксты, сярод якіх і друкаваныя раней, і зусім новыя, вельмі ўдала працуюць дзеля агульнае мэты — рэпрэзэнтацыі разнастайнасьці й каштоўнасьці эміграцыйнай эпісталярнай спадчыны, яе адметнасьці й значнасьці як гістарычнай крыніцы. Н.Г. Юхнавец, Янка. Паэзія. Менск: Лімарыюс, 2012. — 620 с. — (ГаласыАйчыны). (Накладгоо ас.) У 2011 г. споўнілася 90 гадоў з дня нараджэньня аднаго з найболып арыгінальных беларускіх літаратараў на эміграцыі — Янкі Юхнаўца. Ён нарадзіўся ў вёсцы Забродак (сёньня Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці), у часе нямецкай акупацыі быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. Вялікая бацькоўская сям’я была зьнішчаная немцамі, таму малады чалавек па сканчэньні вайны вырашыў не вяртацца на радзіму. Менавіта ў паваеннай Нямеччыне ён пачаў пісаць. Прачытаўшы колькі сваіх вершаў Масею Сяднёву, ён пачуў: „Ты не перастанеш пісаць". Так і сталася. Пасьля лягераўDP Юхнавец перабраўся ў ЗПІА, пасяліўся ў Нью-Ёрку й праз усё жыцьцё не спыняў літаратурнай дзейнасьці. Ён друкаваўся на старонках беларускіх эміграцыйных пэрыёдыкаў, быў аўтарам кніг „Шорах моўкнасьці" (1955), „Новая элегія“ (1961), „Калюмбы“ (1967), „Творы“ (Т.і—з, 1987—1990), „Дань майго часу“ (1993), „Драматычныя начыркі“ (1996). Да творчасьці Янкі Юхнаўца ставіліся неадназначна як на эміграцыі, так і ў Беларусі, дзе зборнік ягоных вершаў „Сны на чужыне" быў укладзены Алесем Бяляцкім і пабачыў сьвет у 1994 г. Нягледзячы на немалую колькасьць аўтарскіх зборнікаў, творчасьць літаратара нельга назваць добра вядомай беларускаму чытачу. Эміграцыйныя выданьні выходзілі мізэрнымі накладамі, прыкладам, „Збор твораў“ аўтар друкаваў самастойна ў колькасьці пяці асобнікаў кожнага з тамоў. Акрамя таго, была значная колькасьць твораў ужо 1990-х , што не ўвайшлі ў кніжныя выданьні. Усе згаданыя акалічнасьці сталі падставай для стварэньня адмысловага збору паэтычных твораў Янкі Юхнаўца, што пабачыў сьвет у сэрыі „Галасы АйчыньГ выдавецтва ,Лімарыюс“. Укладальнік Лявон Юрэвіч сабраў у даволі вялікім паводле памеру томе ўсю паэтычную спадчыну эміграцыйнага творцы. Вершы й паэмы разьмешчаныя паводле храналёгіі выхаду зборнікаў і дапоўненыя творамі, што не ўвайшлі ў кніжныя выданьні. Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што „Паэзія" Янкі Юхнаўца ёсьць найпаўнейшым зборам паэтычнай спадчыны літаратара. Гэта мае паспрыяць болып шырокаму вывучэньню творчасьці арыгінальнага эміграцыйнага аўтара. Лягічным наступным крокам было б выданьне багатай прозы літаратара, чаго, магчыма, некалі й дачакаемся. Шкада, што недасяжнымі аказаліся асабістыя архівы Янкі Юхнаўца. Аднак найважнейшая місія як мага больш поўнага зьбіраньня й публікацыі творчай спадчыны эміграцыйнага аўтара, прынамсі ў галіне паэтычнай, новае мэтрапольнае выданьне, можна лічыць, выканала. Я.С. Янковяк, Міраслаў. Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі. Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне. Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства — Вільня: Інстытут беларусаведы, 2012. —287 c. Апошнія гады характарызуюцца актывізацыяй эміграцыі зь Беларусі. Адначасова ідзе працэс скарачэньня колькасьці беларусаў у су- седніх краінах паводле зьвестак перапісаў. У гэтай сытуацыі ўсё болып актуальнай праблемай робіцца адэкватная ацэнка гісторыі й сучаснасьці беларускай прысутнасьці ў бліжнім замежжы, дзе яна заўсёды была колькасна найбольшай. Аднак сур’ёзныя дасьледаваньні на гэтыя тэмы зьяўляюцца вельмі рэдка. Тым болып цікавай ёсьць публікацыя дысэртацыйнай працы польскага дасьледніка Міраслава Янковяка, прысьвечанай беларускім гаворкам у Краслаўскім краі Латвіі. Мэты свайго дасьледаваньня аўтар сфармуляваў як прадстаўленьне сацыялінгвістычнай сытуа- цыі носьбітаў беларускай гаворкі ў канкрэтным рэгіёне Латвіі. На дасягненьне згаданай мэты працуе ўся структура кнігі. Ва ўводзінах Міраслаў Янковяк акрэсьлівае мэтады, матэрыялы й крыніцы дасьледаваньня, робіць гістарыяграфічны аналіз праблемы. Варта згадаць, што аўтар зьбіраў матэрыялы для сваёй працы ў часе спатканьняў і запісаў інтэрвію з жыхарамі абранага рэгіёну. Гэта дазволіла яму зрабіць даволі глыбокае вывучэньне моўнай сытуацыі на Краслаўшчыне. У частцы „Характарыстыка Краслаўскага раёну" МіраслаўЯнковяк дае кароткі накід гісторыі рэгіёну, найперш яе палітычнага аспэкту. Тут жа характарызуецца нацыянальны склад насельніцтва й моўныя кантакты, а таксама вызначаецца сучасная нацыянальная, дэмаграфічная й моўная сытуацыя. Як асобнае важнае пытаньне аўтар вылучае праблему нацыянальнай ідэнтычнасьці і ўплыў на яе моўнага фактару. Разьдзел „Сацыялінгвістычныя аспэкты функцыянаваньня беларускіх гаворак" складаецца з характарыстыкі розных катэгорый носьбітаў беларускіх гаворак, а таксама спэцыяльнага вывучэньня сфэраў функцыянаваньня гэтых гаворак (сям’я, міжсуседзкія дачыненьні, школа, рэлігія, адміністрацыя). Адмыслова дасьледуе аўгар і стаўленьне сваіх інфармантаў да розных моваў, якія выкарыстоўваюцца ў рэгіёне. Апошняя частка дасьледаваньня мае назву „Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне: выбраныя рысы“. Тут аўтар робіць клясыфікацыю беларускіх гаворак рэгіёну, а таксама разглядае іх асобныя фанэтычныя, граматычныя, сынтаксычныя, лексычныя асаблівасьці. У выніку праведзенага грунтоўнага дасьледаваньня Міраслаў Янковяк прыходзіць да высновы, што дзясяткі гадоў палянізацыі й русыфікацыі, а таксама сучасная моўная палітыка латыскіх уладаў істотна абмежавалі сфэру ўжываньня беларускіх гаворак. Тым ня менш, „простая мова“ захоўваецца як мова сямейных і міжсуседзкіх зносінаў, што праўда, разам зь мясцовым варыянтам расейскай мовы. Каб зрабіць вынікі свайго дасьледаваньня найбольш празрыстымі, Міраслаў Янковяк публікуе ў дадатку прыклады тэкстаў запісаных інтэрвію, падае зьвесткі пра інфармантаў, зьмяшчае выкарыстаныя апытальнікі, дае сьпісы мясцовасьцяў ды літаратуры, а таксама фотаздымкі. I хоць дасьледаваньне не вычэрпвае пытаньняў, зьвязаных з сацыялінгвістычнай сытуацыяй беларускага насельніцтва ў Латвіі, кніга Міраслава Янковяка дае добры прыклад якаснай навуковай працы, што дазваляе адэкватна ацаніць адзін з важных аспэктаў беларускай прысутнасьці ў асобнай краіне.