Казачка
УДК 821.161.3-93
ВБК 84(4Бен)-44
К89
Ілюстрацыі Алесі Галоты
ISBN 978-985-02-1620-5 |
© Кузьмініч I. Р., 2014 © Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2014 |
Гэтая казачка пра часы даўныястарадаўныя. Было гэта так даўно, што ніхто і не памятае калі. А казачку гэтую мне апавяла сама Каза на мінулыя Каляды.
Жыла ў тыя даўныя часы Каза залатыя рожкі, тоненькія ножкі, мяккая паўсцінка ды шэрая спінка.
Нястомная яна была. Штодня раненька ўставала, сонца клікала ды па зямлі нашай скакала. А там, дзе Каза ходзіць жыццё родзіць, дзе Каза нагой там бульба капой, дзе Каза рогам там жыта стогам, да чаго Каза дакранаецца тое абуджаецца.
3 рана і да познай ночы скакала наша Козачка, жыццё памнажаючы. Ужо і сонейка стоміцца ды кажа да яе:
Козачка мая, Козачка, пойдзем спаць, стамілася я.
А Каза сонейку ў адказ:
Так, так, пойдзем. Адно заскочу ў садок, каб яблычкі ўрадзілі.
Ну,пытаецца сонейка,цяпер усё?
Але, але! Толькі на рэчку зазірну, каб рыбкам чаго есці было.
Таму даўней і дні доўгія былі, і ночкі кароценькія. Толькі ляжаш спаць, а ўжо ранак. 3 таго і цёпла на нашай зямлі было цэлую пару ўсё лета і лета. А зямля радзіла нават параўнаць няма з чым: жыта, як гай шумела, бульба, як гарбузы ляжала,
а гарбузы, як дом раслі, рыбы ў рэчцы вялося вяслом не зварухнеш, a звярыны ў лесе за кожным дрэвам па дзіку ці ласю, мёду, як гліны, збожжа, як снегу, дабро само ракою цякло!
I жыў у тыя часы Пятро. Слаўны быў гаспадар. Гандлем займаўся. Добра ўмеў гандляваць, бо пераканаць мог каго хочаш. Добра ўмеў гаварыць. I не толькі па-беларуску, але і на чужых мовах спраўна балакаў. I ўсё ў Пятра было добра: і здароўе, і каханне, і гаспадарка. Заможны ён быў, але пра грамаду сваю не забываўся. Траціну ўсіх заробкаў на тое, каб ладзіць дарогі, масты ці на іншыя супольныя патрэбы аддаваў, а другую траціну на нямоглых, якія самыя зарабіць не маглі. Ведаў ён, што талент яму дадзены
так складна прамаўляць, каб людзей радаваць, карысць ім прыносячы, а не тое, каб грошы выцягваць ці сябе напаказ выстаўляць. За гэта не толькі багацце меў гандляр Пятро, але і павагу кожнага.
Ды была адна бяда ў Пятра: не было ў іх з жонкай дзетак. А дзяцей Пятро л юбіў і бед аваў з таго, што іх не мае.
I надумаў Пятро да сябе ў хату Казу запрасіць, каб яна ў сям’ю дзетад. і шчасце прынесла.
Сустрэў раз Пятро Казу дый кажа:
Чуў я, што ты шчасце ў дом прыносіш. Зайдзі, пасядзі ў нас на ўслоне! Зачакаліся мы з жонкай дзетак малых.
А што? кажа Каза.Чалавек ты добры, прыстойны. Чаму б і не пасядзець? Адчыняй хату!
Зайшлі яны ў хату, а Пятро Казе: Можа, квасу вып’еш з дарогі?
Добра! Квасу вып’ю і адразу пайду, бо шмат яшчэ спраў маю, не магу затрымацца,адказвае Каза.
Наліў Пятро квасу ды пытаецца:
Дык, можа, ты чаго з’ясі? Мая жонка добрую куццю з мёдам гатуе.
Добра!-пагадзіласяКаза.-Куццю я ніколі не ела, то пакаштую.
Паставілі куццю перад Казой, а Пятро байкі ёй бае пра жыццё, пра свет, дзе што бачыў, чаго пачуў, дзе бываў. А Каза заслухалася дый забылася, што трэба ісці ёй. Зусім загаварыў Пятро госцейку. Сядзіць Каза, Пятра слухае ды куццю есць. А як толькі даядае, жонка новай куцці лыжку падкладае.
Так і засталася Каза ў Пятра ў хаце.
Сонца бачыць няма Казы, дый пайшло да сябе спаць.
He стала каму сонца падганяць, таму дні сталі кароткія, а ночкі доўгія.
3 таго, што Каза не хадзіла, не скакала па лясох і гародах, трава пачала жоўкнуць, лісце ападаць. I
прыйшла на зямлю восень, а за ёй і зіма. Халодна стала, і замест дажджу снег пайшоў.
Дзіўна ўсё гэта было людзям бачыць, бо ніколі яшчэ на Зямлі зімы не было. Раней толькі лета і ведалі людзі.
Пачалі людзі збірацца ды раду радзіць, што ім рабіць далей і як ім Казу шукаць, каб яна лета вярнула.
Апрануліся людзі ў кажухі, як тая Каза, зрабілі зорку нашу беларускую васьміканцовую замест сонца і пайшлі па хатах шукаць, дзе Каза спынілася, каб хоць пацешыць яе, калі яна стамілася.
3 хаты ў хату ходзяць, Калflfly водзяць, Казу шукаюць, у людзей пытаюць. Да кожнага, як зойдуць, то людзі дзякуюць, што яны Казу шукаюць, падарункі розныя даюць.
I прыйшлі калядоўнікі да Пятра, а ён з Казой пры стале сядзіць, байкі ёй бае, а жонка Казе куццю падкладае. У хаце Дастатак і Шчасце разам з імі пры стале сядзяць, куццю ядуць, Пятра слухаюць.
Зайшлі людзі, толькі пачалі казаць, а Пятро ім:
Добры дзень вам, госцейкі! A што вы так прыйшлі ці Казу нашую павесяліць? Бачыце, Каза стамілася. Можа, распацешыце як? Давайце песню Казе на славу разам запяем!
Го-го-го каза, го-го-го шэра...панеслася па хаце.
Бачыць Пятро, спадабалася Казе песня, зараз будзе выходзіць з хаты.
Тады Пятро кажа:
Дзякуй вам, людзі, што прыйшлі да нас у хату. Каза ў мяне гасцюе, таму дастатку і шчасця праз меру маю, то я з вамі і пажыткам, і шчасцем падзялюся. Даставайце свой мех!
I аддаў Пятро людзям траціну шчасця і дабра.
Усцешыліся калядоўнікі і пайшлі па хатах.
А Каза кажа:
He пашкадаваў ты шчасця людзям. Добры ты гаспадар, то яшчэ ў цябе пасяджу.
I яшчэ Каза засталася, пакуль дзеткі малыя не паз’яўляліся. A як нарадзіліся ў Пятра з жонкай дзеткі дзве дачкі і два малюпахісыночкі,развіталася Каза з Пятром і пайшла іншым людзям шчасце і дабрабыт несці.
Каб Каза прыходзіла, ставяць людзі на Каляды куццю, бо вельмі Каза куццю з мёдам любіць. А як завітае Каза да каго ў госці ды пабачыць, што не дзеліцца гаспадар сваім шчасцем з людзьмі, пакрыўдаваць і адысці можа. Таму і стараюцца ўсе, як могуць, дагадзіць
Казе і калядоўнікам, каб шчасце ў іх хаце затрымалася.
КУЗЬМІНІЧ Ігар Расціслававіч
КАЗАЧКА ПРА ГАНДЛЯРА ПЯТРА, КАЗУ IКАЛЯДЫ Для чытання дарослымі дзецям Рэдактар A. В. Спрынчан Мастацкі рэдактар В. А. Макаранка Тэхнічны рэдактар Л. I. Астрэйка Стылістычны рэдактар А. Я. Чарняк
Падпісана да друку 06.05.2014. Фармат 60><90 1/32. Папера мелаваная.
Гарнітура SchoolBookC. Афсетны друк. Умоўн. друк. арк. 0,5.
Улік.-выд. арк. 0,45. Тыраж 2500 экз. Заказ 21892
УП «Мастацкая літаратура». ПДРВВРДВ № 1/5 ад 09.07.2013.
Пр. Пераможцаў, 11, 220004, Мінск.
UAB «Grafija». Рг. Savanoriq 219 a, LT-02300 Vilnius, Lietuva.
Мінск «Мастацкая літа^атура»
EHE