Птушкі  Сяргей Зуёнак

Птушкі

Сяргей Зуёнак
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 71с.
Мінск 2004
33.17 МБ

 

Сяргей Зуёнак

Птушкі

Крылатая песня Зямлі

Нарысы

мінск

«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 2004

УДК 087.5:59

ББК 28.6

3-91

Серыя заснавана ў 2004 г.

Распрацоўка С. У. Фядотавай

Мастак У. П. Свентахоўскі

Падбор фотаздымкаў — С. В. Зуёнак

ISBN 985-02-0727-2

© Зуёнак С. В., 2004

© Афармленне. ВРУП «Мастацкая

літаратура», 2004

3 усяго цудоўнага і разнастайнага свету прыроды — звяроў, паўзуноў, рыб, бесхрыбетных — словам, усяго, што складае жывы элемент навакольнага асяроддзя, самымі прыметнымі з’яўляюцца, вядома ж, птушкі. Іх можна сустрэць паўсюдна — у полі, на лузе, у лесе, у вёсцы, у горадзе, дзе яны часам жывуць нават у самых, на першы погляд, непрыгодных для гэтага мясцінах. Птушкі настолькі ўвайшлі ў наша жыццё, што мы нават не можам уявіць сабе сад без шпака, поле без жаўрука, вясковую вуліцу без вясёлых, гарэзлівых вераб’ёў. Наша знаёмства з птушкамі пачынаецца з самага ранняга дзяцінства з казак пра мудрага крумкача і хітрунню сароку, шэранькага верабейку і магутнага арла.

Для аматараў прыроды птушкі з’яўляюцца адным з самых цікавых аб’ектаў для назірання — можна ўвесь дзень правесці ў лесе сярод дрэў, матылёў, траў і кветак, захапляцца іх прыгажосцю, але не ўбачыць ніводнай птушкі. Згадзіцеся, такая экскурсія не будзе паўнацэннай. I, наадварот, менавіта сустрэчы з птушкамі застаюцца ў памяці на доўгія гады, з’яўляюцца самымі яскравымі эпізодамі, абуджаюць жаданне даведацца пра іх як мага болей. Нават самыя абыякавыя да прыроды людзі, трапіўшы ў лес, на луг альбо ў поле, заўважаюць там у першую чаргу птушак. Гэтыя цудоўныя істоты настолькі прыцягваюць да сябе людскую ўвагу, што ва ўсім свеце назіранне за птушкамі ператварылася ў своеасаблівы, на жаль, яшчэ не вельмі распаўсюджаны ў нашай краіне, спорт. Узброіўшыся падзорнымі трубамі, біноклямі і палявымі вызначальнікамі, прыхільнікі яго праводзяць увесь свой вольны час на прыродзе. He так ужо і важна, што гэта — непралазны трапічны лес альбо ваколіца беларускай вёскі,— птушак можна знайсці паўсюдна, і самыя звычайныя нашы берасцянкі альбо стрынаткі акажуцца не менш цікавымі аб’ектамі для назірання, чым, скажам, трапічныя папугаі альбо кардыналы. Назіральнікі за птушкамі вядуць спіскі «перамог», куды з падрабязнасцямі заносяць усю інфармацыю пра свае «трафеі»: дзе, калі і пры якіх акалічнасцях ім пашчасціла назіраць тую ці іншую птушку.

Цяжка пераацаніць і экалагічную ролю птушак. Увогуле, у прыродзе не бывае карысных, шкодных альбо нейтральных элементаў. Кожны жывы арганізм выконвае пэўную, толькі яму аднаму адведзеную ролю ў складаным механізме жыцця з яго шматлікімі і часам вельмі заблытанымі ўзаемасувязямі. Так, многія птушкі, якія харчуюцца пладамі дрэў і насеннем траў, садзейнічаюць распаўсюджанню гэтых раслін, вадаплаўныя пераносяць на сваіх лапках і на пер’і ікру рыб з вадаёма ў вадаём, насякомаедныя птушкі рэгулююць колькасць насякомых, а драпежнікі, палюючы на хворых і слабых жывёл і птушак, з’яўляюцца своеасаблівымі санітарамі.

Уражвае відавое багацце і разнастайнасць птушак. Рассяліўшыся па ўсіх кантынентах (птушкі жывуць нават у закаванай у лядовую браню Антарктыдзе), гэтыя прадстаўнікі жывёльнага свету асвоілі практычна ўсе экасістэмы: горы, лясы, пустыні, тундры, рэкі, азёры, моры, акіяны і, вядома ж, неабсяжныя паветраныя прасторы над імі. Некаторыя з птушак праніклі нават пад ваду, дзе яны палююць на рыбу і водных бесхрыбетных, і пад зямлю, дзе ў норах робяць свае гнёзды. Вузкая прыстасаванасць да жыцця ў такіх спецыфічных умовах у некаторых відаў птушак зайшла так далёка, што яны нават страцілі здольнасць да палёту.

У наш час на Зямлі налічваецца больш за 8600 відаў птушак. Самая дробная з іх — адзін з відаў амерыканскіх калібры — важыць крыху больш за два грамы, вага самай буйной сучаснай птушкі, афрыканскага страуса, перавышае паўтара цэнтнера. У Еўропе зараз налічваецца амаль 600 відаў птушак, крыху болыіі за палову гэтай колькасці — 311 відаў — адзначана ў ■нас, у Беларусі.

Усё птушынае насельніцтва нашага рэгіёна (як, дарэчы, і любога іншага) можна падзяліць на некалькі асноўных груп. Пералётныя птушкі (г. зн. тыя, што сустракаюцца ў нас толькі падчас гнездавання, а зіму праводзяць на поўдні); аселыя (птушкі, якія жывуць у нас круглы год); віды, якія можна ўбачыць падчас міграцый (скажам, гняздуюцца яны далёка на поўначы, а на зімоўку ляцяць праз Беларусь) і выпадкова залётныя віды. Сярод іх ёсць і шматлікія, шырока распаўсюджаныя віды накшталт берасцянкі альбо вялікай сініцы; ёсць і рэдкія, якія сустракаюцца толькі ў пэўных біятопах1, як, скажам, вяртлявая чаротаўка альбо белая сініца, ці ўвогуле вядомыя толькі па адзіночных сустрэчах.

Зразумела, што на старонках гэтага выдання немагчыма пазнаёміць чытача з усімі беларускімі птушкамі, апісаць асаблівасці іх біялогіі, знешні выгляд, найбольш характэрныя рысы паводзін. Для такой работы спатрэбілася б некалькі тамоў значна большага аб’ёму. Ды і ўвогуле, такая задача не ставілася. Дэталёвае апісанне памераў, формы цела і тонкасцей афарбоўкі, цікавых толькі вузкім спецыялістам, можна знайсці ў адпаведных вызначальніках, а даведацца пра тэрміны носкі яек альбо пра працэнтны склад харчавання птушанят — са спецыяльных навуковых артыкулаў. Асноўная задача

1 Біятоп — тэрыторыя з аднолькавымі ўмовамі, заселеная пэўнымі згуртаваннямі арганізмаў.

нашай гаворкі — пазнаёміць чытачоў з некаторымі прадстаўнікамі птушынага насельніцтва Беларусі, паказаць найбольш характэрныя рысы паводзін і знешняга выгляду гэтых птушак, звярнуць увагу на тое, што адразу кідаецца ў вочы пры першай сустрэчы з той ці іншай птушкай у прыродзе, раскрыць некаторыя малавядомыя сакрэты з жыцця гэтых птушак.

Большасць людзей — як дарослых, так і юных — у наш імклівы век не мае асаблівай магчымасці праводзіць вольны час у лесе, на лузе альбо на беразе рэчкі ці возера, не кажучы ўжо пра сапраўдныя падарожжы. Для многіх з іх зносіны з прыродай абмяжоўваюцца рэдкімі прагулкамі па гарадскім парку альбо нават проста назіраннем праз заледзянелае акно за наведвальнікамі кармушкі, што вісіць на суседнім дрэве. Аднак, нягледзячы на адсутнасць вольнага часу ці іншых магчымасцей, жаданне пазнаёміцца бліжэй з нашымі меншымі братамі ў людзей ўсё ж застаецца. Менавіта ў гэты, самы блізкі «птушыны свет» — першая частка нашага падарожжа. Тут мы пазнаёмімся з птушкамі, якіх можна ўбачыць на вуліцах, у садах і парках, часам за імі можна назіраць нават не выходзячы з кватэры — праз акно. Назіранне за гэтымі птушкамі для многіх людзей — адзінае акенца ў таямнічы свет дзікай прыроды.

Апісанне пярнатых жыхароў лясоў альбо каляводных тэрыторый, адзін пералік якіх зойме добрыя паўстаронкі,— гэта задача для асобнай кнігі. На гэты раз акрамя птушак населеных пунктаў, якіх, пры жаданні, можа ўбачыць кожны, мы яшчэ пазнаёмімся з так званай беларускай экзотыкай — пярнатымі жыхарамі балот, экасістэм, якіх у Еўропе амаль не засталося. Лясы, вадаёмы, лугі і асабліва палі ёсць паўсюдна. Іх стан, багацце фауны і флоры — пытанне шматзначнае і не менш злабадзённае, але ж яны існуюць і знікаць у бліжэйшым будучым не збіраюцца. А вось што тычыцца балот, то тут Беларусь з’яўляецца «трымальнікам асноўнага пакета акцый» і пярнатыя балотныя жыхары ўяўляюць сабой асаблівы інтарэс. Некаторых з іх пабачыць даволі проста, за другімі трэба «паляваць» доўгі час, але ж менавіта гэта і надае асаблівую каштоўнасць назіранням за такімі відамі. Апісанню гэтых птушак, якія ўяўляюць сабой сапраўдны нацыянальны скарб, і прысвечана другая частка кнігі.

Лёс усіх іх — і самых звычайных шырокараспаўсюджаных з нашых меншых пярнатых братоў, і найбольш рэдкіх жыхароў балотных экасістэм, якія ўжо сталі ў многіх еўрапейскіх краінах сапраўднай экзотыкай, у рэшце рэшт залежыць ад нашай мудрасці і прадбачлівасці. Усе яны могуць у адначассе знікнуць ад аднаго неасцярожнага кроку «цара прыроды», ад аднаго яго непрадуманага дотыку.

Менавіта мы, людзі, павінны несці непамерны цяжар адказнасці за захаванне раслін, жывёл, вады, зямлі, паветра — прыроды, нашага агульнага дома і яго жыхароў. Пэўна, нездарма навука ўсіх прыродных навук, што вывучае найскладанейшыя сувязі паміж чалавекам, жывой і нежывой прыродай, завецца экалогія — навука аб доме, менавіта так перакладаецца з грэчаскай мовы гэта слова: Logos — вучэнне, Oikos — радзіма, дом.

Зняважлівыя адносіны да экалагічных законаў ужо неаднаразова прыводзілі чалавецтва да сумных, калі не катастрафічных, вынікаў. Дастаткова згадаць гісторыю пра перасяленне ў Аўстралію еўрапейскіх трусоў, знішчэнне вераб’ёў у Кітаі, эпапею па барацьбе з драпежнымі птушкамі ў Савецкім Саюзе... Спіс гэты можна працягваць бясконца. У адных сітуацыях вынікі былі непапраўнымі, у іншых — чалавеку хапала розуму, каб своечасова спыніцца, але і ў гэтых выпадках спатрэбіліся гады і дзесяцігоддзі для таго, каб парушаная экалагічная раўнавага больш-менш прыйшла ў норму.

У праблеме ўзаемаадносін чалавека з прыродай няма пытанняў больш альбо менш сур’ёзных. Любое праяўленне экалагічнай неадукаванасці, любая памылка прыводзіць да трагедыі, толькі ў адным выпадку гіне рыбка ў акварыуме, а ў іншым — цэлы від альбо нават экасістэма — шэраг відаў жывёл і раслін у лучнасці (разам) з элементамі нежывой прыроды — нетрамі, вадой, паветрам.

Вось і бачыцца тут адзін з найгалоўнейшых нашых абавязкаў перад будучымі пакаленнямі — абараніць і захаваць нашых суседзяў па планеце: звяроў і птушак, паўзуноў і рыб, матылёў і кузюрак, траву, дрэвы, мох, грыбы і водарасці... Абараніць і захаваць усё тое, што расце, дыхае, рухаецца, харчуецца і размнажаецца,— усё тое, што разам з намі, людзьмі, з’яўляецца часткай шматграннага і найскладанейшага працэсу Жыцця на Зямлі.

Толькі гэтак мы зможам абараніцца і самі. Абараніцца ад саміх сябе.

 

Запытайся ў любога гараджаніна: «А якія птушкі жывуць у вашым горадзе?» — мала хто налічыць больш за дзесятак: шпак, варона, голуб, верабей, сініца... На гэтым арніталагічныя1 веды болыласці людзей і заканчваюцца. Але ж гэта веды, так сказаць, агульнага, пачаткова-школьнага, характару. На практыцы высвятляецца, што сініцамі называюць усіх птушак падыходзячых памераў, у чыёй афарбоўцы прысутнічае жоўты колер; усе іншыя, афарбаваныя не так страката,— вераб’і; тыя, хто буйней за голуба,— вароны. Той факт, што вераб’ёў у нас жыве два, а сініц аж цэлых сем (праўда, не ўсе з іх сустракаюцца ў населеных пунктах) відаў, для многіх гучыць як навуковае адкрыццё. А ўжо тое, што на тэрыторыі буйнога сучаснага горада можна налічыць больш паловы ўсёй беларускай арнітафауны2, можа падацца нават неверагодным. Але факт застаецца фактам — па меры наступлення чалавека на прыро-

1 Арніталагічны — які мае адносіны да арніталогіі. Арніталогія — галіна заалагічнай навукі, якая займаецца вывучэннем птушак.

2 Арнітафауна — птушынае насельніцтва якойнебудзь пэўнай тэрыторыі.

ду многія звяры і птушкі прыстасоўваюцца да жыцця па суседству з намі. Тыя віды, якія раней можна было сустрэць толькі ў натуральных умовах пражывання, з кожным годам усё часцей сустракаюцца ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў, а некаторыя з іх грунтоўна ўладкоўваюцца ў саміх гарадах, пераўтвараючыся ў сапраўдныя віды-сінантропы (сінантропы — гэта жывёлы і расліны, якія жывуць побач з чалавекам).

Напрыклад, у сучасным Мінску зарэгістравана 189 відаў птушак з розным статусам: ад транзітных мігрантаў да тых, якія сустракаюцца ў горадзе асела альбо падчас гнездавання. Дарэчы, нават узімку ў нашай сталіцы можна сустрэць аж 72 віды птушак!

Такая значная колькасць пярнатых жыхароў Мінска, безумоўна, сведчыць аб багацці і разнастайнасці экалагічных умоў гэтага горада: мазаічнасць ландшафтаў; чаргаванне шматпавярховых каменных і аднадвухпавярховых пабудоў катэджнага тыпу; вялікая колькасць садоў, паркаў і сквераў; наяўнасць у гарадской рысе вадаёмаў з натуральнымі, неапранутымі ў бетон берагамі; шматлікія зялёныя насаджэнні, клумбы і газоны з разнатраўем.

Пералічаныя вышэй элементы гарадскога ландшафту даюць магчымасць пасяліцца там прадстаўнікам амаль усіх экалагічных груп птушак, за выключэннем, бадай, толькі тых, якія ўвогуле не пераносяць суседства з чалавекам альбо патрабуюць нейкіх спецыфічных умоў. Уявіце: у лесе індывідуальны ўчастак берасцянкі альбо лескі-чарнагалоўкі займае некалькі дзесяткаў квадратных метраў, за межы якіх птушкі амаль і не лётаюць, для пабудовы гнязда адной патрэбна дрэва, другой — густыя зараснікі хмызнякоў, а прысутнасць чалавека не вельмі турбуе іх... Дык чаму ж добра ўладкаваны парк не можа замяніць лес? А правільна, з улікам экалагічных правіл, абсталяваныя вадаёмы будуць прывабнымі для многіх відаў вадаплаўных, кулікоў, чаек, якіх мы спа-

конвеку прывыклі лічыць дзікімі, пазбягаючымі суседства з чалавекам, відамі.

Але самымі прывабнымі для птушак з’яўляюцца ўсё ж населеныя пункты сельскага тыпу, якія спалучаюць у сабе элементы мноства розных біятопаў. Тут і розныя тыпы пабудоў, і сады з паркамі, фрагменты лугоў і палёў, а калі яшчэ праз вёску працякае рака альбо ёсць сажалка з зарослымі берагамі... Зразумела, што па багацці арнітафауны такія населеныя пункты будуць мала чым адрознівацца ад натуральных біятопаў.

I наадварот, у новабудоўлях, так званых «спальных раёнах», нашых гарадоў, у якіх паміж бетоннымі гмахамі дамоў толькі дзе-нідзе марнеюць чэзлыя бярозкі і таполі, а на клумбах растуць невялічкія кусцікі спірэі і бэзу, можа знайсці сабе

прытулак толькі абмежаваная колькасць птушак.

Шызы голуб — бадай, самы звычайны з пярнатых жыхароў нашых населеных пунктаў. Сустрэць яго можна амаль усюды: ад самых ажыўленых вуліц і плошчаў буйных гарадоў да невялікіх вёсачак. У былыя часы шызы голуб, як і яго іншая шматлікая галубіная радня, вёў дзікі лад жыцця, гняздуючыся на скальных уступах, у пячорах, па схілах абрываў. Дарэчы, у шэрагу краін такія дзікія папуляцыі галубоў існуюць і цяпер. Але ўсё ж большая частка гэтых птушак ужо колькі стагоддзяў селіцца па суседству з чалавекам, пераўтварыўшыся месцамі нават у паўдамашнюю птушку, існаванне якой цалкам залежыць ад людзей. Харчуюцца такія галубы, у першую чаргу, ад «людскога стала»: спагадлівыя гараджане спецыяльна выносяць харчовыя рэшткі, каб падкарміць галубоў, ды і ў смеццевых кантэйнерах нешта смачнае для іх заўсёды адшукаецца. У скверах і на плошчах спажытку таксама хапае — рассыпанае насенне сланечніку, кавалачкі хлеба і здобы, ды і многія з людзей, якія перакусваюць на хаду, не прамінаюць падзяліцца сваім абедам з птушкамі.

Састаў харчавання такіх галубоў мала чым нагадвае рацыён дзікіх птушак, якія ў натуральных умовах збіраюць насенне траў, у тым ліку і збожжа. Галубы, што жывуць у сельскай мясцовасці (гэта, вядома, не тычыцца птушак, якія ўладкаваліся на зернясховішчах і элеватарах), накшталт сваіх дзікіх суродзічаў лятаюць карміцца на палі, часам за некалькі кіламетраў ад гнязда.

Ад іншых, падобных па афарбоўцы прадстаўнікоў роду — вялікіх галубоў і клінтухаў, разам з якімі шызы голуб у другой

палове лета корміцца на пожнях,— ён добра адрозніваецца белым надхвосцем.

Што тычыцца выбару месца для гнязда, то тут нават у паўдамашніх галубоў генетычная памяць працуе добра: гарышчы каменных будынкаў, нішы ў бетонных сценах, карнізы вежаў і званіц тым ці іншым чынам нагадваюць птушкам месцы, у якіх гняздзіліся іх продкі. Дарэчы, у адрозненне ад іншых галубоў, дый большасці астатніх птушак, шызыя галубы ў гнездавым пытанні з’яўляюцца своеасаблівымі рэкардсменамі — яны могуць рабіць да чатырох носак за сезон. Птушанят, якіх у кожным вывадку звычайна два, бацькі выкормліваюць напалову ператраўленым змесцівам страўніка, так званым «птушыным малаком».

Прыкладна ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў населеных пунктах на паўднёвым захадзе Беларусі пачалі з’яўляцца прыгожыя невялікія шаравата-ружовыя з чорным «каўняром» на шыі і шырокай белай паласой на хвасце галубы — кольчатыя туркаўкі. Гэтыя птушкі, шырока распаў-

Шызы голуб

сюджаныя ў краінах Паўднёвай і Заходняй Еўропы, з кожным годам прасоўваюцца ўсё далей на паўднёвы ўсход. У канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя яны ўпершыню былі адзначаны на гнездаванні ў Мінску, зараз гняздуюцца ўжо і на Віцебшчыне.

Што тычыцца поўдня Беларусі, то там кольчатая туркаўка зусім звычайная птушка, і без яе глухаватага манатоннага буркавання немагчыма ўявіць сабе ніводзін з нашых паўднёвых населеных пунктаў. Гэ-

бакавых галінках дрэў, што растуць уздоўж гарадскіх вуліц. Увогуле, гэтую пабудову і гняздом назваць цяжка — невялічкая платформа з сухіх галінак без аніякай высцілкі, уся прасвечваецца наскрозь — дзіву даешся, як толькі яйкі ўтрымліваюцца ў такім гняздзе.

Пасля галубоў самымі прыкметнымі жыхарамі нашых населеных пунктаў з’яўляюцца, безумоўна, вераб’і — жвавыя жыццярадасныя птушачкі, якія круцяцца ў нас літаральна пад нагамі і настолькі пры-

тыя тужлівыя і нават крыху жудасныя гукі ёсць не што іншае, як шлюбныя спевы самца туркаўкі, якія ён выконвае, седзячы на даху, антэне альбо дрэве. У адрозненне ад звычайных галубоў туркаўкі гняздуюцца выключна на дрэвах. Восенню, пасля лістападу, іх нязграбныя гнездавыя пабудовы становяцца добра прыметнымі на

мільгаліся, што людзі нават перасталі іх заўважаць.

3 пяці відаў вераб’ёў, якія насяляюць Еўропу, у Беларусі сустракаюцца два — дамовы і палявы. Вельмі падобныя на першы погляд, яны тым не менш адрозніваюцца — як па знешнім выглядзе, так і па ладу жыцця.

Дамовы верабей сустракаецца толькі ў населеных пунктах і за іх межы далей чым на пару соцень метраў вылятаць не адважваецца. Самка і самец гэтага віду добра адрозніваюцца адно ад другога. У самца шэры «капялюшык», шэрыя шчокі без адмецін і чорны «гальштук», які заходзіць аж да сярэдзіны грудкі. Самачка мае аднастайную буравата-карычневую афарбоўку, галава бурая, над вокам не вельмі выразнае палевае брыво. Жывучы пад бокам у людзей, дамовыя вераб’і, як і галубы, заўсёды маюць дастатковую колькасць ежы — можа, і не заўжды характэрнай, але затое даступнай — ад хлебных скарынак да «пачастункаў», якія гаспадыні прапануюць дамашняй жывёле і птушцы. Значнае месца ў рацыёне вераб’ёў займаюць насенне і плады раслін. Птушанят жа сваіх вераб’і выкормліваюць выключна бесхрыбетнымі (насякомымі, павукамі, чарвякамі і інш.), ды і самі дарослыя птушкі падчас гнездавання не грэбуюць бялковай ежай — што ні кажы, пры такой напружанай рабоце ніводная калорыя не будзе лішняй. Узімку вераб'і ахвотна наведваюць кармушкі, дзе з задавальненнем дзяўбуць насенне сланечніку, проса, кавалачкі несалёнага сала.

Нягледзячы на шырокую распаўсюджанасць, справы ў вераб’ёў не паўсюдна ідуць добра. У многіх краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы папуляцыі1 дамовага вераб’я катастрафічна паменшыліся. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, у адным з лонданскіх паркаў, вераб’інае насельніцтва за мінулае стагоддзе скарацілася з 2500 тысяч да 8 асобін. Гэтая праблема настолькі хвалюе англічан, што яе абмеркаванню

’ Папуляцыя — група асобін пэўнага віду, якая на працягу неабмежавана доўгага часу можа падтрымліваць сваю колькасць на пэўнай тэрыторыі.

Дамовы верабей

было прысвечана спецыяльнае пасяджэнне парламента. Справа ў тым, што вераб’і адносяцца да так званых біялагічных індыкатараў. Іншымі словамі, любое — станоўчае альбо адмоўнае — змяненне стану навакольнага асяроддзя адразу адлюстроўваецца на стане папуляцый такіх відаў. А паколькі вераб’і жывуць у тых жа ўмовах, што і людзі, высновы зрабіць няцяжка...

Што тычыцца нашых, беларускіх, вераб’ёў, то справы ў іх ідуць не так кепска, як у замежных братоў. Хаця колькасць беларускай папуляцыі дамовага вераб’я за апошнія дзесяць гадоў зменшылася амаль удвая (зараз на тэрыторыі нашай краіны налічваецца прыблізна каля мільёна пар гэтых птушак), іх стан пакуль што не дае падстаў для асаблівых хваляванняў.

Славуты верабей яшчэ і вось чым: гэта, бадай што, адзіная ў свеце птушка, якая ўвекавечана ў помніку, ды не адзін раз, a двойчы! Першы помнік вераб’ю — сціплай шэранькай птушачцы — быў узведзены ў дзевятнаццатым стагоддзі ў амерыканскім

горадзе Бостане. Аднойчы ў горад прыйшла бяда. З’явілася яна ў выглядзе незлічоных полчышчаў пражэрлівых насякомых, якія напалі на палеткі і паставілі жыхароў горада пад пагрозу галоднай смерці. Так бы яно, пэўна, і здарылася, калі б на падмогу гараджанам не прыйшлі вераб’і. У рэкордна кароткі тэрмін гэтыя птушкі справіліся з шасціногімі пачварамі, захаваўшы гараджанам рэшткі ўраджаю...

Другі помнік дамоваму вераб’ю быў збудаваны значна пазней, у 2003 годзе ў беларускіх Баранавічах у выніку кампаніі «Дамовы верабей — птушка 2003 года». (Нацыянальную кампанію «Птушка года» з мэтай бліжэй пазнаёміць беларусаў з іх пярнатымі суседзямі штогод праводзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Беларусі».)

Палявы верабей пры ўважлівым разгляданні адрозніваецца ад дамовага. «Капялюшык» на галаве ў яго не шэры, a карычневы, чорная плямінка пад дзюбай зусім невялікая і нагадвае не класічны гальштук, а бабачку, на шэрых шчоках — выразныя серпападобныя плямінкі. У дадатак да ўсяго, самцы і самкі палявых

Палявы верабей

Чорны

вераб’ёў выглядаюць зусім аднолькава, разабрацца, дзе тут «хлопчык», а дзе «дзяўчынка», можна толькі па паводзінах, ды і то не заўсёды.

У адрозненне ад свайго «хатняга» сабрата палявы верабей не так прывязаны да чалавечага жытла. Ён можа жыць як у населеных пунктах, размяшчаючы свае шарападобныя гнёзды ў нішах каменных будынкаў, у застрэшшах драўляных хат і гумнаў, шпакоўнях, так і ў лясах, аддаючы перавагу старым шыракалісцевым масівам з вялікай колькасцю дуплістых дрэў. Калі ёсць магчымасць, палявыя вераб’і з ахвотай пасяляюцца ў асновах буслянак, а па-за межамі населеных пунктаў — і ў гнёздах буйных пярнатых драпежнікаў (арол-маркут, арлан-белахвост і інш.). Згадзіцеся самі: пад апякунствам такога суседа ніякі вораг не страшны!

На прыкладзе галубоў мы ўжо бачылі, што, прыстасоўваючыся да жыцця побач з чалавекам, птушкі падпарадкоўваюцца генетычнай памяці і выбіраюць для пабудовы гнязда такія элементы гарадской архітэктуры, якія хоць чым-небудзь нагадвалі б ім тыя натуральныя месцы, у якіх гнездаваліся іх продкі.

Відаць, менавіта з гэтай нагоды так упадабалі «каменныя джунглі» нашых гарадскіх новабудоўляў чорныя свіргулі, альбо стрыжы, і гарадскія ластаўкі, або варанкі. Жыццё гэтых птушак, якія гняздуюцца па-за межамі населеных пунктаў (сустракаюцца свіргулі з ластаўкамі, вядома ж, не толькі ў Беларусі), непарыўна звязана з небам і скаламі. Выдатныя летуны, яны праводзяць у небе большую частку свайго жыцця: на ляту высвятляюць адносіны паміж сабой, на ляту харчу-

юцца, нават п’юць на ляту. Маленькія кіпцюрыстыя лапкі свіргулёў і ластавак, добра прыстасаваныя для замацавання на вертыкальнай апоры, амаль не ўтрымліваюць гэтых птушак на зямлі. Ластаўкі яшчэ могуць, апусціўшыся на зямлю (дарэчы, робяць яны гэта толькі для таго, каб назбіраць гразі, якую выкарыстоўваюць для пабудовы гнёздаў), зрабіць пару-другую няўпэўненых крокаў. Свіргулі ж на зямлю ўвогуле ніколі не апускаюцца, а калі і трапяць з якой-небудзь нагоды долу, то ўзляцець самастойна ўжо не могуць.

Свае гнёзды-кошыкі, зробленыя з гразі, змешанай са слінай накшталт бетоннага раствору, ластаўкі прыляпляюць да скал. Свіргулі ж звычайна селяцца ў скальных шчылінах. У гэтым плане сучасныя гарадскія шматпавярховікі з вялікай колькасцю карнізаў, нішаў і адтулін для размяшчэн-

Вясковая ластаўка

ня гнёздаў аказаліся ніколькі не горшымі за скалы. Ну а што тычыцца паветранай прасторы, у якой гэтыя птушкі праводзяць большую частку свайго жыцця, то гэта, бадай што, адзіны элемент натуральнага навакольнага асяроддзя (чыстае яно ці бруднае, гэта ўжо іншае пытанне), якога ў нашых гарадах хапае.

Ластавак і свіргулёў адрозніць даволі проста. Чорны свіргуль, як і паказвае сама назва, аднастайнага буравата-чорнага колеру, з невялікай брудна-белай плямінкай пад горлам. Па памерах ён амаль удвая буйней за ластаўку. Палёт вельмі манеўраны, імклівы. Сілуэты свіргулёў, якія з рэзкімі пранізлівымі крыкамі носяцца ў паднябессі, нечым нагадваюць самалётызнішчальнікі. Сілуэт ластаўкі больш караткакрылы, палёт павольнейшы, чым у свіргуля. Верхняя частка цела мае сінечорную, з металічным адлівам афарбоўку, ніз і надхвосце белыя.

Гняздуюцца гарадскія ластаўкі калоніямі па фасадах каменных будынкаў, пры-

ляпляючы гнёзды пад балконамі, карнізамі, на лоджыях. На жаль, перыяд гнездавання гэтых птушак супадае з часам, калі жыллёва-эксплуатацыйныя службы займаюцца рамонтам і афарбоўкай будынкаў. Часта гэта прыводзіць да разбурэння гнёздаў з носкамі і нават птушанятамі. Пазбегнуць такіх трагедый проста: трэба займацца афарбоўкай будынкаў ранняй вясной, да прылёту птушак, альбо у другой палове лета, пасля таго, як птушаняты пакінуць гнёзды. Бывае, часам узнікаюць канфлікты паміж птушкамі і гаспадарамі кватэр, на погляд якіх, ластаўкі вельмі ўжо забруджваюць балконы і падаконнікі. Пазбегнуць гэтага непаразумення прасцей простага — дастаткова ўмацаваць пад гняздом невялікую драўляную альбо пластыкавую палічку — на ёй і будзе збірацца птушыны памёт, які, дарэчы, можна выкарыстоўваць у якасці добрага ўгнаення для пакаёвых раслін.

Яшчэ адзін від ластавак, які жыве no634 з чалавекам,— вясковая ластаўка,

альбо касатка. Як ужо сведчыць сама назва, птушка гэта селіцца ў вёсках і невялікіх пасёлках, іншымі словамі — там, дзе ёсць драўляныя пабудовы. У адрозненне ад ластавак гарадскіх гэтыя птушкі размяшчаюць свае гнёзды звонку альбо знутры драўляных пабудоў, на сценках калодзежаў, пад мастамі. Вельмі часта касаткі селяцца ў будынках жывёлагадоўчых комплексаў: і гнёзды ёсць дзе прыляпіць, і ежы — камароў ды мошак — заўсёды хапае. Гнёзды касатак, таксама злепленыя з гразі, нагадваюць невялікія адкрытыя кошыкі. Вазьміце фрагмент разрэзанага на чатыры часткі невялікага мячыка, прымацуйце яго да сцяны — атрымаецца нешта накшталт ластаўчынага гнязда (гнёзды ж гарадскіх ластавак уяўляюць сабой той жа кошык, але толькі цалкам закрыты).

Вясковая жыхарка ў параўнанні са сваёй гарадской сястрыцай выглядае больш

элегантна, нават франтавата. Доўгія касіцы, утвораныя крайнімі пер’ямі хваста, і карычнявата-рудое горла з шырокай сінявата-чорнай паласой пад ім надаюць гэтай птушцы арыстакратычны выгляд. У перапынках паміж паляваннямі вясковыя ластаўкі любяць адпачываць, сабраўшыся невялікімі чародкамі на правадах альбо сухіх галінках дрэў і перагаворваючыся паміж сабой нягучным меладычным шчэбетам. У канцы лета, перад адлётам, такія чароды павялічваюцца, і часам, назіраючы за птушкамі, не-не дый падумаеш: як гэта правады вытрымліваюць такія «пацеркі»: сотні і нават тысячы птушак...

Вясковыя ластаўкі, якія гняздуюцца ў нас, адлятаюць на зімоўку ў Цэнтральную і нават Паўднёвую Афрыку, перасякаючы такім чынам амаль усю сухапутную частку планеты. Відаць, з гэтай нагоды нашы ластаўкі і не затрымліваюцца доўга на радзіме. З’яўляюцца яны ў пачатку траў-

ня, а ў сярэдзіне верасня, падгадаваўшы птушанят, зноў адлятаюць — трэба спяшацца, дарога ж няблізкая.

Калі запытаць жыхароў нашай краіны, з якой птушкай яны звязваюць надыход вясны, пэўна, большасць з іх адкажа: «Са шпаком». Так яно і ёсць: шпак, адвечны

спадарожнік чалавека, адзін з першых сярод пералётных птушак, якія вяртаюцца пасля зімы на радзіму. Яшчэ паўсюдна ляжыць снег, і толькі-толькі з’яўляюцца першыя праталіны, як аднойчы раніцай, зірнуўшы ў акно, вы заўважаеце чорную, з бліскучым металічным адлівам птушку, якая, уладкаваўшыся на суседнім дрэве, шырока адкрываючы дзюбу і старанна трапечучы крылцамі, выводзіць сваю песню, чутную нават праз двайную шыбу. Бывае гэта звычайна ў апошняй дэкадзе сакавіка, і потым ужо, услед за шпакамі, якія

адкрылі веснавую эстафету, пачынаюць з’яўляцца ўсё новыя і новыя птушкі.

Як і большасць нашых пярнатых суседзяў, шпакі акрамя гарадоў і вёсак могуць сяліцца і ў лясах, гняздуючыся там у старых дуплістых дрэвах. 3 усіх птушак яны найбольш ахвотна займаюць штучныя гнездавыя домікі, якія ў нашых вёсках і на дачных участках вісяць ледзь не каля кожнай хаты. На жаль, тэрмін, на працягу якога шпакі радуюць нас сваімі спевамі, даволі кароткі. Заняўшы шпакоўню, самец некалькі дзён актыўна спявае, у рэшце рэшт на ўчастку з’яўляецца самка (уласна кажучы, менавіта для яе і выконваліся ўсе гэтыя канцэрты). Пасля непрацяглага перыяду пабудовы гнязда самка пачынае наседжваць яйкі, самец жа ўвесь час на суседніх палях шукае корм для сябе і сваёй сяброўкі. Спявае ён у гэты час толькі з раніцы і ўвечары. Неўзабаве з’яўляюцца птушаняты, і дарослым птушкам становіцца ўвогуле не да спеваў. Цяпер ужо яны ўдваіх з вечара да раніцы здабываюць корм для сваіх пражэрлівых птушанят, a з’явіўшыся каля гнязда, стараюцца хуценька і незаўважна шмыгануць у шпакоўню, запіхнуць у адну з шырока разяўленых дзюбаў чарвяка і зноў ляцець за чарговай порцыяй шпачыных далікатэсаў. Усё гэта працягваецца крыху больш за месяц, пасля чаго дарослыя птушкі разам з падрослымі птушанятамі збіраюцца ў чароды і пакідаюць нашы сады з тым, каб зноў вярнуцца ў іх у канцы ліпеня і ўволю паласавацца чарэшнямі, трускаўкамі, вішнямі. Каб пазбегнуць гэтага, не трэба злоўжываць прывабліваннем шпакоў у нашы сады. Лепей зрабіць некалькі домікаў для дробных дуплагнёзднікаў (сініц, валасяніц, рудахвостак), якія ў адрозненне ад шпакоў будуць збіраць насякомых не дзесьці

на далёкім полі, а непасрэдна каля гнязда, радаваць нас сваімі спевамі і цікавымі паводзінамі амаль да канца лета і, нарэшце, не будуць «дапамагаць» садаводам збіраць ураджай.

Вясной і ў першай палове лета, ідучы па гарадскіх вуліцах, можна пачуць кароценькую звонкую песеньку, якую не заглушае нават грукат буйнога горада. Калі ўважліва агледзішся па баках, то заўважыш і самаго спевака — сядзіць ён звычайна дзе вышэй: на даху будынка, на тэлевізійнай антэне альбо пад’ёмным кране. Гэта яшчэ адзін характэрны насельнік каменных джунгляў — рудахвостка-чарнушка. Выглядае гэтая невялічкая, памерамі крыху меншая за вераб’я, птушачка вельмі імпазантна: усё цела самца попельна-шэрае, галава, горла і грудка вугальначорныя, ніз цела і хвост — рудыя, што асабліва прыметна ў палёце. Самка афарбаваная больш сціпла: яна ўся бураваташэрая, з рудым хвастом. Усё, што патрабуецца для жыцця гэтай прыемнай птушачцы,— гэта прысада, на якой самец мог бы выконваць сваю няхітрую песеньку, і

Рудахвостка-чарнушка ніша дзе-небудзь на самай верхатуры каменнага будынка, неабходная для пабудовы гнязда. Дарэчы, песенька, якую так старанна выконвае чарнушка, складаецца з дзвюх частак. Першую — ціхія траскучыя гукі, быццам нехта сыпануў на стол жменю гароху,— можна пачуць толькі ў непасрэднай блізкасці ад спевака. Другая частка — кароткая звонкая трэлька — даносіцца да слухачоў, якія знаходзяцца далёка ўнізе. Аб гучнасці гэтай часткі песні можна меркаваць па тым факце, што чуваць яе ў радыусе метраў ста ад, скажам, высачэзнага крана, на самым версе якога ўладкаваўся спявак. I гэта пры тым, што горад жыве сваім жыццём: гучыць музыка, крычаць дзеці, гудуць машыны!

Бліжэйшая сваячка чарнушкі — звычайная рудахвостка — афарбаваная значна ярчэй. Акрамя ярка-рудога хваста — своеасаблівай візітнай карткі ўсіх рудахвостак — звычайная рудахвостка франціць рудымі грудкай і нізам цела. Такую ж афарбоўку мае і ніжняя частка крылаў, што добра бачна пры палёце. Верх цела попельна-шэры, ніз галавы і горла чорныя,

лоб белы. Усё разам выглядае даволі экзатычна. Апярэнне самкі больш сціплае — афарбоўкай яна нагадвае самку рудахвосткі-чарнушкі.

Звычайная рудахвостка

Як і ў выпадку з ластаўкамі, два блізкія віды, каб пазбегнуць канкурэнцыі, займаюць розныя экалагічныя нішы: чарнушка сустракаецца ў асноўным у гарадах, а звычайная рудахвостка — у вёсках і дачных пасёлках, там, дзе растуць сады і паркі. Дарэчы, другая яе назва — садовая рудахвостка. Гняздуецца яна і ў лясах, пераважна сасновых, аддаючы перавагу ўзлескам і палянам. У натуральных біятопах садовая рудахвостка робіць свае гнёзды ў дуплах, у садах і парках ахвотна займае шпакоўні, сінічнікі і штучныя дуплянкі. Гэтая птушка з’яўляецца вельмі пажаданым жыхаром нашых садоў. Яна даволі даверлівая ў адносінах да чалавека, і назіраць такую казачную птушку за некалькі крокаў ад ганка — сапраўднае задавальненне. Але ж гэта толькі эстэтыч-

ная частка пытання. Што ж тычыцца практычнага боку, то рудахвостка, як, дарэчы, і іншыя жыхары штучных гнездавых домікаў, збірае насякомых у радыусе ўсяго некалькіх дзесяткаў метраў ад гнязда і таму, пасяліўшыся ў вашым садзе, надзейна абароніць яго ад розных шкоднікаў.

Расказваючы пра пярнатых суседзяў чалавека, нельга не прыгадаць яшчэ адну сваячку рудахвостак — палявую падкаменку. Самцы падкаменак маюць даволі прыкметную афарбоўку: вясной і летам верх цела ў іх попельна-шэры, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да вуха, крылы і хвост чорныя, ніз цела і палосы на хвасце белыя. Тэрытарыяльную песню, якая складаецца з цэлага шэрагу фрагментаў песень іншых відаў птушак і розных бытавых гукаў, самец выконвае, завісаючы ў паветры. Першае, што кідаецца ў вочы, калі заўважаеш падкаменку ў палёце,— гэта чорна-белы, быццам семафор,

хвост. Вельмі жвавая, эксцэнтрычная птушка, якая ні хвіліны не можа ўседзець на месцы, то бяжыць па зямлі, ды так, што і не дагоніш, то, мільгануўшы сваім чорнабелым хвастом, узлятае на плот, каб праз хвіліну зноў апынуцца на зямлі, але ўжо зусім у іншым месцы.

Палявая падкаменка

Падкаменка, як і рудахвостка-чарнушка, адносіцца да сямейства драздовых, таксама харчуецца насякомымі, таксама выказвае пэўны інтарэс да каменных пабудоў, але палюе і адпачывае звычайна не вышэй, чым за пару метраў ад зямлі. Гнёзды ж свае падкаменкі ўладкоўваюць

пераважна на зямлі амаль у любым большменш прыдатным укрыцці: у грудзе камення альбо будаўнічага смецця (а чаго ж яшчэ можна чакаць ад падкаменак?), у трубах, сярод дроў — карацей кажучы, усюды, дзе толькі можна схавацца ад цікаўнага вока.

3 пяці відаў драздоў, якія сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі, толькі аднаго — дразда-піскуна — можна назваць сапраўдным суседам чалавека. Дакладней кажучы, адносіцца дрозд-піскун, як і іншыя яго браты, да лясных птушак, але пры наяўнасці прыдатных для гнездавання мясцін з ахвотай селіцца ў гарадскіх парках і скверах. Гэты даволі буйны дрозд з шэрай галавой і надхвосцем добра адрозніваецца ад іншых прадстаўнікоў роду. Папершае, гэты дрозд не ўмее спяваць. Дакладней, ён, канечне, спявае, але ў параўнанні са спевамі іншых драздоў, прызна-

Дрозд-піскун

ных майстроў вакальнага жанру, набор ціхіх траскучых гукаў можна назваць спевамі толькі з вялікай нацяжкай. Па-другое, гэта самы шумны і самы адважны дрозд. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова наведаць гнездавую калонію піскуноў (каланіяльнае гнездаванне — яшчэ адна рыса, якая адрознівае піскуна ад іншых драздоў). Як толькі нязваны візіцёр, хай сабе кошка, варона альбо чалавек, парушае граніцу калоніі, адважныя птушкі з гучнымі, траскучымі крыкамі пікіруць на парушальніка, стараючыся балюча дзеўбануць яго. Каб узмацніць эфект атакі, птушкі дадаткова даволі трапна закідваюць праціўніка ўласным памётам. Працягваюцца такія масіраваныя атакі да таго часу, пакуль парушальнік не пакіне ўладанні драздоў. I нарэшце, дрозд-піскун — адзіны з нашых драздоў, які ў даволі значнай колькасці можа заставацца ў Беларусі на зімоўку (адзіночныя выпадкі зімоўкі чорных драздоў у разлік можна не браць). У гэты перыяд піскуны збіраюцца невялікімі чародкамі на рабінах. За параўнальна кароткі час некалькі драздоў могуць начыста абабраць ягады з рабінавага дрэўца, пацвярджаючы тым самым трапнасць рускай назвы гэтай птушкі — дрозд-рабіннік. Хаця з роўным поспехам яго можна было назваць і вішнёвым драздом — у другой палове лета чароды піскуноў вандруюць па садах, «дапамагаючы» не вельмі пільным дачнікам збіраць ураджай вішні і іншай садавіны.

Яшчэ адзін жыхар нашых гарадоў і вёсак — белая сітаўка. Пэўна, невялікая шэра-чорна-белая птушачка з доўгім хвастом, які ўвесь час, быццам нейкая дэталь рухавіка, ківаецца ўверх-уніз, вядома кожнаму. Сустракаецца яна паўсюдна, дзе толькі ёсць штучныя пабудовы: ад населеных

Белая сітаўка

пунктаў да насосных станцый на польдэрных сістэмах. Як і падкаменка, сітаўка большую частку часу праводзіць на зямлі, прычым складваецца ўражанне, што значна ахвотней яна бегае, чым лётае. У адрозненне ад падкаменак, несупынная мітусня якіх выглядае крыху істэрычнай і бесталковай, сітаўка ўражвае сваёй дзелавітасцю і рэспектабельнасцю. Хуткімі крокамі перабягае з аднаго месца ў другое, зазірне то пад лісцік, то пад каменьчык, знойдзе нешта, узляціць на дах, прабяжыць па каньку і знікне пад шыферам. Праз хвіліну з’яўляецца ўжо без корму, такая ж чысценькая, элегантная і падцягнутая, быццам і не поўзала толькі што ў вузкай шчыліне, махне пару разоў хвастом і зноў на зямлю — за чарговай порцыяй прысмакаў для птушанят. Ідэальна прыстасаваная для «пешаходнага» руху, у палёце сітаўка выглядае даволі нязграбна: траекторыя палёту хвалепадобная, з узлётамі і глыбокімі занырваннямі. Даволі часта можна назіраць, як сітаўка ў палёце палюе на насякомых — здаецца, што доўгі

хвост толькі перашкаджае птушцы. Трапятанне крыламі, завісанне на месцы, кароткія пагоні і рэзкія рыўкі ў розныя бакі — пры ўсім гэтым хвост матляецца туды-сюды. He вельмі элегантна, але эфектыўна — чарговы «далікатэс» злоўлены, прабежка па даху — і птушка зноў знікае пад шыферам.

У тых месцах, дзе не вельмі багата падыходзячых для гнездавання сітавак укрыццяў, можна рабіць для іх штучныя гнездавыя домікі ў выглядзе паложаных набок прадаўгаватых драўляных скрыняў з уваходам у ніжнім кутку.

Зімовай парой у новабудоўлях буйных гарадоў, якія мяжуюць з пустэчамі і палямі, у дварах і на прыпынках грамадскага транспарту можна сустрэць бураваташэрых чубатых птушак, крыху драбнейшых за шпака. Гэта жаўрукі-смецюхі. Ніколькі не асцерагаючыся людзей, яны круцяцца літаральна пад нагамі, збіраючы

розныя смачныя дробязі, якія заўсёды можна знайсці ў такіх месцах. 3 надыходам вясны забаўныя чубатыя птушкі знікаюць з двароў і прыпынкаў, але далёка не адлятаюць, а перасяляюцца на бліжэйшыя пустэчы альбо нават на ўзвалкі дарог на гарадскіх ускраінах, дзе і выводзяць птушанят. Яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад жаўрукі-смецюхі былі даволі звычайнымі птушкамі для нашых населеных пунктаў, зараз жа з кожным годам іх становіцца ўсё менш і менш. Прычынай гэтага лічыцца павелічэнне колькасці дамашніх сабак, месцы выгулу якіх супадаюць з гнездавымі ўладаннямі жаўрукоў.

3 самых характэрных зімовых суседзяў чалавека трэба адзначыць, у першую чаргу, вялікую сініцу. Гэта вясёлая, жыццярадасная, ярка афарбаваная птушка вядома кожнаму. Увогуле, сініцы адносяцца да аселых птушак і жывуць у населеных пунктах круглы год. Летам яны, як і боль-

шасць іншых птушак, жывуць парамі і ў час гнездавання становяцца даволі асцярожнымі. Пачынаючы з восені, сініцы збіраюцца ў невялікія чародкі і вандруюць па дварах, вышукваючы, чым і дзе можна пажывіцца. Акрамя таго, да сініц, якія і гняздуюцца і зімуюць побач з чалавекам, далучаюцца ў гэты час птушкі з навакольных лясоў — вядома ж, што no634 з чалавечым жытлом прасцей і сагрэцца і пракарміцца. Нават у самыя лютыя маразы сініцы не губляюць сваёй жыццярадаснасці і аптымізму. Усю светлую частку дня яны рухаюцца ў пошуках корму: скачуць па ствалах і галінках дрэў, даследуюць кожны квадратны сантыметр кары, выцягваючы з-пад яе закачанелых бесхрыбетных. Абследуючы свае ўладанні, сініцы дэманструюць літаральна акрабатычны спрыт: птушка, якая толькі што дзяўбла нешта, седзячы на тонкай галінцы, спрытна пераварочваецца, завісае пад гэтай жа

галінкай уніз галавой і працягвае абследаваць яе ўжо з ніжняга боку.

Першая веснавая песня, якую можна пачуць напрыканцы зімы, выконваецца менавіта вялікай сініцай. Вясёлыя гучныя перазвоны сініц чуваць ужо нават у канцы студзеня, падчас першых адліг,— птушкі быццам радуюцца часоваму перадыху ў сваім цяжкім зімовым марафоне. На жаль, далёка не ўсе з гэтых спевакоў дажывуць да сапраўднай вясны. Сумная статыстыка паказвае, што з сотні маладых птушак да наступнай вясны дажывуць толькі тры. Астатнія па розных прычынах загінуць у першыя месяцы жыцця. А прычын гэтых можа быць вельмі многа: драпежнікі, хваробы, зімовыя холад і голад. Як гэта ні трагічна, але так працуюць суровыя законы прыроды. Менавіта тыя тры, якія перанеслі ўсе цяжкасці зімы, прынясуць патомства, якое акажацца крыху больш трывалым і прыстасаваным да навакольных умоў.

А ўвогуле кожны з нас можа дапамагчы птушкам (дый не толькі сініцам) перажыць цяжкія зімовыя месяцы. Для гэтага дастаткова прыладзіць у сябе ў садзе альбо за акном кармушку (самы просты, даступны кожнаму варыянт — гэта пластыкавая бутэлька з-пад мінералкі з прарэзанай збоку адтулінай дыяметрам 5—7 см). Найбольш універсальны і вельмі каларыйны зімовы корм, які падыходзіць амаль для ўсіх птушак,— гэта кавалачкі несалёнага сала і сырое насенне сланечніку. Дапамагайце ўзімку сваім пярнатым суседзям, і колькасць птушак, якія дажывуць да наступнай вясны, дзякуючы вам значна павялічыцца.

Яшчэ адна з нашых сініц, якую можна ўбачыць у населеных пунктах,— сіняя сініца, альбо блакітніца. Па афарбоўцы яна даволі падобная на вялікую сініцу, аднак па памерах амаль у два разы драбнейшая за яе, а «капялюшык» на галаве, крылы і хвост маюць пяшчотна-блакітную афарбоўку. Увогуле, з’яўляючыся лясной птушкай, сіняя сініца ўсё ж даволі часта

гняздуецца ў гарадскіх парках і скверах альбо на вясковых вуліцах, пры наяўнасці там старых дуплістых дрэў. У гнездавы перыяд, як і вялікія сініцы, блакітніцы вядуць сябе даволі скрытна, а з надыходам восені яны аб’ядноўваюцца з чародкамі вялікіх сініц і ўсю зіму вандруюць у пошуках корму. Дарэчы, да іх у зімовы час далучаюцца і некаторыя іншыя птушкі: так, напрыклад, разам з вялікімі сініцамі і блакітніцамі ў рысе населеных пунктаў часта можна назіраць попаўзня і паўзунка.

Звычайны попаўзень — даўганосая, памерамі з вераб’я птушка, якая дзякуючы кароткаму хвасту выглядае крыху драбнейшай. Верх цела блакітнавата-шэры, ніз белы, ад дзюбы праз вока да вуха цягнецца чорная паласа. Тэрытарыяльная песня гэтай птушкі ўяўляе сабой серыю гучных працяжных посвістаў, якія мы можам пачуць ужо ў канцы студзеня. Як і сініцу,

попаўзня можна аднесці і да лясных, і да садова-паркавых птушак. Адзінае, што яму неабходна пры выбары месцажыхарства,— гэта наяўнасць старых лісцёвых дрэў, на ствалах якіх попаўзень збірае насякомых, а ў дуплах гняздуецца. У пошуках ежы попаўзень віртуозна бегае па ствале і галінках дрэў, прычым складваецца ўражанне, што паняццяў «верх» і «ніз» для яго не існуе. Дзякуючы гэтай уласцівасці по-

паўзень і атрымаў сваю назву. У адрозненне ад дуплаў іншых птушак-дуплагнёзднікаў уваход у «хату» попаўзня выглядае не зусім звычайна. Вострая кінжалападобная дзюба птушкі, добра прыстасаваная для здабычы з-пад кары насякомых і прыдатная нават для раздзёўбвання арэхаў, аказваецца ўсё ж недастаткова моцнай для таго, каб выдзеўбці ў ствале дрэва ўласную «кватэру». 3 гэтай нагоды попаўзню даводзіцца займаць альбо натуральныя дуплы, альбо старыя гнёзды дзятлаў. А каб дыяметр увахода дакладна адпавядаў памерам птушкі, вынаходца попаўзень

падганяе яго пад сябе, абмазваючы краі глінай так, каб толькі-толькі праціснуцца самому. Пры такім інжынерным вынаходстве ні сарокі, ні каты дабрацца да папаўзянят не маюць ніякіх шансаў. (Дарэчы, скалісты попаўзень, які гняздуецца ў гарах, выкарыстоўвае для асновы гнязда нішу ў скале, а ўсё астатняе вылеплівае з гліны. Поўнасцю пабудаванае гняздо нагадвае прымацаваны да скалы гарлачык.)

Звычайны паўзунок — яшчэ адзін спадарожнік сініц у іх зімовых вандроўках. Птушку гэтую заўважыць не вельмі проста — настолькі яе афарбоўка нагадвае кару дрэў, на якіх паўзунок і праводзіць амаль увесь свой час. Невялічкая, значна драбнейшая за блакітніцу птушачка мае адносна доўгую і тонкую, загнутую ўніз дзюбу, якая дае ёй магчымасць выцягваць насякомых нават з самых малых трэшчын у кары дрэў. Як і попаўзень, паўзунок здабывае сабе ежу, шпарка бегаючы па ствалах дрэў, вось толькі методыка ў яго іншая. Падляцеўшы да дрэва, якое мусіць быць абследаваным, паўзунок садзіцца ля асновы ствала амаль каля самай зямлі і пачынае рухацца па вінтападобнай траекторыі ўверх, правяраючы дзюбай найбольш цікавыя, на яго погляд, шчыліны ў кары. Дайшоўшы такім чынам прыблізна да сярэдзіны ствала, дзе галіны становяцца густымі і перашкаджаюць руху, птушка пералятае да суседняга дрэва і пачынае абследаваць яго па той жа схеме.

Гняздо паўзунка ўяўляе сабой неахайны шар з рознага расліннага рыззя. Цесна звязаўшы сваё жыццё з карой дрэў, паўзунок у пераважнай большасці выпадкаў і гняздо размяшчае за вялікім кавалкам адсталай кары.

Часам разам з сініцамі, a то і асобна, на вочы трапляецца даволі дзіўная птуш-

ка: здавалася б, што дзяцел, афарбоўка «дзятлавая» — белы ніз, чорны з белым малюнкам верх, на галаве чырвоны «капялюшык». Ды і паводзіны падобныя: абапіраючыся на хвост, бегае па дрэве, усё больш па бакавых галінках, дзяўбе сабе нешта. Вось толькі памеры... Крыху буйнейшы за вераб’я. Няўжо і такія бываюць? He здзіўляйцеся, гэта малы дзяцел. Ён — бліжэйшы сваяк усім вядомага вялікага стракатага дзятла і, як сведчыць назва, з’яўляецца самым дробным прадстаўніком роду. Як і ўсе іншыя дзятлы, гняздуецца ў дуплах, харчуецца насякомымі, якіх выдзёўбвае з-пад кары альбо з сухой драўніны, і адносіцца да лясных птушак, але, тым не менш, даволі часта сустракаецца ў нашых садах і парках як зімой, так

і ў гнездавы перыяд. Такой дробнай птушцы, для таго каб пракарміць птушанят і пракарміцца самой, дастаткова ўсяго некалькіх дрэў, таму малы дзяцел не рэдкасць і ў буйных гарадах. Вядомы выпадкі яго гнездавання нават у самым цэнтры Мінска.

Час ад часу ў сярэдзіне зімы ў нашых гарадах і вёсках у вялікай колькасці з’яўляюцца прыгожыя чубатыя птушкі памерам са шпака. Агульная афарбоўка іх цела карычнявата-палевая, пад дзюбай і каля вачэй чорныя плямы, на крылах узор з чорных, белых і чырвоных палосак, падхвосце цаглянага колеру, на канцы хваста — шырокі жоўты шлячок. Гэта амялушкі.

Яны гняздуюцца далёка на поўначы, у зоне лесатундры і па паўночнай граніцы тайгі. Харчуюцца амялушкі рознымі яга-

дамі, а ў гады, калі на іх радзіме здараецца неўраджай рабіны — менавіта яна дапамагае птушкам перажыць доўгую зіму,— збіраюцца ў вялікія чароды і ў пошуках ежы вандруюць на поўдзень. У нас амялушкі з’яўляюцца адпаведна ў гады з добрым ураджаем рабіны, часам у такой колькасці, што за імі, бывае, не бачна галін дрэў, антэн і правадоў, на якіх птушкі любяць адпачываць. Даволі марудлівыя і флегматычныя, амялушкі, наглытаўшыся ягад рабіны, сядзяць на гэтых прысадах, абзываючыся меладычнымі нягучнымі пераліўчатымі трэлькамі. Крыху адпачыўшы і засвоіўшы ежу — на марозе гэта адбываецца хутка,— птушкі зноў злятаюць да рабіны, і так цягнецца да таго часу, пакуль на дрэвах не застанецца ніводнай ягады. Абабраўшы ў наваколлі ўсе рабіны, амялушкі знікаюць так жа раптоўна, як і з’явіліся. Да будучай зімы, да будучага ўраджаю.

Цікавіцца ягадамі рабіны і звычайная зелянушка — дзябёлага целаскладу птушка памерамі крыху буйнейшая за вераб’я.

Звычайная зелянушка

Афарбаваная яна ў аднастайны шараватазялёны колер, на крылах і хвасце — яркія жоўтыя палоскі, асабліва прыметныя ў палёце. Сустракаюцца зелянушкі ў нашых населеных пунктах круглы год, узімку, збіраючыся ў невялікія чароды і вандруючы па садах і парках у пошуках корму, разам з сініцамі і вераб’ямі ахвотна наведваюць кармушкі. Гняздуюцца гэтыя птушкі звычайна ў прыдарожных пасадках, размяшчаючы гнёзды сярод густых галін елак і туй. Песня самца — меладычная пералівістая трэль, у якую ён час ад часу ўстаўляе гучны рэзкі гук «ж-ж-ж-ж-ж». Калі пакінуць гэта па-за ўвагай, то песня зелянушкі нагадвае песню канарэйкі і высока цэніцца знатакамі птушыных спеваў.

Блізкая сваячка зелянушкі (адносяцца яны да сямейства ўюрковых) канаплянка. У адрозненне ад зелянушкі, якая з роўнай ахвотай селіцца як у гарадах, так і ў вёсках, канаплянка аддае яўную перавагу сельскай мясцовасці. Найбольш характэрнае месца яе пражывання — гэта дачныя пасёлкі, якія акружаюць большасць нашых гарадоў. Дробная, значна меншая за вераб’я канаплянка ў гнездавы перыяд выглядае даволі прыгожа. Верх цела самца карычневы, галава шэрая, лоб і грудка малінавыя. Самка — шаравата-карычневая з цёмнымі стракацінкамі па ўсім целе. Сваю багатую пераліўчатую песню самец выконвае, звычайна седзячы на провадзе непадалёку ад гнязда. Характэрнай асаблівасцю гнязда канаплянкі з’яўляецца тое, што ў якасці будаўнічага матэрыялу ў ім абавязкова прысутнічаюць карэньчыкі пырніку, якія птушкі старанна выкладаюць па краі. Гнёзды звычайна размяшчаюцца ў туйках і ядлоўцах, якія зараз вырошчвае амаль кожны садавод у якасці дэкаратыўных дрэўцаў. Цікава, што самка, якая на-

Канаплянка

седжвае яйкі, ніколькі не баіцца людзей. Гняздо можа размяшчацца ў кусце ядлоўцу, які расце каля ганка, на працягу дня за метр ад яго дзесяткі разоў праходзяць людзі, да самкі, якая наседжвае носку, можна літаральна дакрануцца рукой, а ёй хоць бы што. Зімой канаплянкі адлятаюць крыху на поўдзень, але не ўсе і не далёка, так што першую веснавую песню гэтай птушкі можна пачуць ужо ў канцы лютага — пачатку сакавіка.

Чорнагаловы шчыгол, яшчэ адзін прадстаўнік сямейства ўюрковых, можа сустракацца ў самых розных месцах: ад ціхіх вясковых аколіц да цэнтральных вуліц буйных гарадоў з ажыўленым рухам. Шчыгла без перабольшвання можна назваць сапраўдным птушыным франтам: і ён сам, са стракатай чырвона-бела-чорнай галавой, і яго гняздо, аздобленае бяростай і тапаліным пухам, і яго гучная звонкая песня — усё выглядае адметным, элегантным. Шчыгол — адзіная з нашых птушак, якая ад-

важваецца гнездавацца ў каштанавых алеях, высаджаных уздоўж шумных вуліц і праспектаў у буйных гарадах. Дзіўна выглядае стракатая, экзатычна афарбаваная птушка, якая старанна выводзіць свае трэлі, седзячы на вершаліне маладога каштана літаральна за два крокі ад ажыўленай магістралі буйнога горада. Акуратненькія, быццам сувенірныя вырабы, гнёзды шчыглоў замацаваны між каштанавых галін.

3 надыходам восені шчыглы, як і многія іншыя птушкі, збіраюцца ў чароды, перамяшчаюцца на пустэчы па акраінах гарадоў, дзе і праводзяць усю зіму, кормячыся пераважна насеннем дзядоўніку.

Наша размова пра пярнатых суседзяў чалавека была б няпоўнай без знаёмства з прадстаўнікамі сямейства варонавых, вельмі цікавых, інтэлектуальна развітых птушак, якіх незаслужана ганьбіць чалавек. Найбольш вядомая і шматлікая з іх у нашых населеных пунктах, безумоўна, шэрая варона. Першае і асноўнае, што трэба пра яе ведаць, гэта тое, што варона

Чорнагаловы шчыгол

ніякая не «жонка» крумкача (вельмі распаўсюджаная памылка), а цалкам самастойны біялагічны від. Як сведчыць назва, апярэнне птушкі шэрага колеру, галава, крылы і хвост — чорныя. Усё гэта добра адрознівае варону ад іншых прадстаўнікоў сямейства.

Шэрая варона адносіцца да аднаго з самых пластычных у экалагічным сэнсе відаў. Эколагі лічаць, што ў гіпатэтычным выпадку, калі б у выніку якой-небудзь глабальнай катастрофы амаль усё жывое на Зямлі загінула, варона мела б шанцы выжыць у ліку ўсяго некалькіх відаў звяроў і птушак. Такая прыстасаванасць да жыцця ў розных умовах і дае людзям падставы недалюбліваць гэтую цікавейшую птушку. Жывучы побач з намі, вароны настолькі аператыўна прыстасоўваюцца да «льгот», якія людзі, самі таго не жадаючы, прапануюць птушкам, што проста дзіву

даешся. Няма падыходзячага матэрыялу для пабудовы гнязда? He бяда! Падыдзе і алюмініевы дрот, а старое рыззё — чым не высцілка?! Няма чым перакусіць? A смеццевы кантэйнер з харчовымі адыходамі? Прыціснулі маразы? Дык ёсць жа трубы цеплатрасаў і цёплыя каналізацыйныя люкі! Варона знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Яе пэўна можна назваць разумнай птушкай — тыя, хто ўважліва назіраў за дзікімі варонамі альбо за ручнымі птушкамі, якіх утрымліваюць у хатніх умовах, ахвотна з гэтым пагодзяцца.

А што тычыцца празмернай колькасці варон у нашых гарадах і праблем, звязаных з гэтым перанасяленнем, то тут вінаватыя ў першую чаргу людзі. Адносячыся да ўсёедных птушак, вароны канцэнтруюцца ў першую чаргу там, дзе ёсць у вялікай колькасці лёгкадаступная ежа. Тычыцца гэта, дарэчы, не толькі варон,

але і іншых птушак (чайкі-рыбачкі, шызыя галубы), колькасць якіх у апошні час у некаторых месцах значна перавышае аптымальную. Любая экалагічная праблема сучаснасці — ад празмернай колькасці варон да глабальнага пацяплення — тым альбо іншым чынам звязана з чалавечай дзейнасцю. Так што замест таго, каб вінаваціць варон, што яны забруджваюць помнікі альбо разбураюць гнёзды іншых птушак, трэба падтрымліваць нашы населеныя пункты ў адпаведным санітарным стане — колькасць «шэрых зладзеек» стабілізуецца літаральна на вачах.

Яшчэ адна цікавая асаблівасць вароны — гэта ўдзел у змешаных чародах, своеасаблівых птушыных «рйдах». У такіх чародах, якія збіраюцца ў паслягнездавы перыяд і налічваюць часам да некалькіх тысяч асобін, самым масавым відам з’яўляецца грак, потым шэрая варона і каўка. Дакладней кажучы, гэтыя чароды не існуюць пастаянна — днём птушкі разлятаюцца па сваіх справах, а штовечар, перад тым як адправіцца на начлег у парк альбо

на могілкі, словам, туды, дзе ёсць дастатковая колькасць старых дрэў, птушкі з усяе акругі збіраюцца ў пэўным месцы. Сядзяць, крычаць, пералятаюць з месца на месца. У такім рэжыме праходзіць

дзесьці з паўгадзіны, а потым уся чарада, быццам па камандзе, уздымаецца ў паветра і адпраўляецца да месца начлегу. Чаму так адбываецца, ніхто дакладна не ведае, хутчэй за ўсё, гэта вынік высокай сацыяльнай арганізацыі птушак, якія патрабуюць штодзённых зносін з сабе падобнымі.

Элегантную даўгахвостую сароку, апранутую ў чорна-белы фрак, не зблытаеш ні з кім іншым. Гэта, бадай што, адзіная з нашых птушак, якую пазнаюць усе. Як толькі не блытаюць людзі іншую сарочую радню: каўку называюць варонай, грака — крумкачом, а варону — крумкачовай жонкай... I толькі сарока для ўсіх і паўсюль застаецца сарокай. Даволі звычайная як у горадзе, так і ў вёсцы, сарока ў адрозненне ад сваёй шэрай сястрыцы — варо-

Сарока

ны — нідзе не бывае такой шматлікай, ды і трымаецца заўжды паасобку, ніколі не далучаючыся да змешаных варонавых чарод. Нягледзячы на тое, што сарока ўвесь час жыве каля людзей (хаця існуюць і дзікія папуляцыі сарокі), яна не давярае чалавеку ўвогуле. Птушка можа літаральна круціцца пад нагамі, быццам не звяртаючы аніякай увагі ні на людзей, ні на машыны, але варта толькі выказаць у адносінах да яе нейкую зацікаўленасць, скажам, проста зірнуць у яе бок, як яна адразу насцярожваецца. Дастаткова затрымаць на ёй сваю ўвагу яшчэ на некалькі секунд — і белабокую хітрунню толькі і бачылі. Ну а ўжо каля гнязда, якое ўяўляе сабой грунтоўную пабудову са сценамі і дахам і ў населеных пунктах размяшчаецца высока ў кронах дрэў, сарока і ўвогуле паводзіць сябе па прынцыпе «я не я, і хата не мая».

Як і яе шэрая сястрыца, сарока можа харчавацца амаль усім, што толькі ўвогуле можна праглынуць, але ўсё ж аддае яўную перавагу жывому «мясу»: розным бесхрыбетным, земнаводным, паўзунам, дробным птушкам і млекакормячым. Асабліва яе драпежныя схільнасці праяўляюцца ў час выкормлівання птушанят, які супадае з перыядам гнездавання многіх іншых вераб’епадобных птушак. Вось тут сарока і пераўтвараецца ў кваліфікаванага разбуральніка суседскіх гнёздаў: яйкі, птушаняты, дарослыя гаспадары — усё ідзе да сарочага стала. Але як бы там ні было, не нам яе судзіць — так загадала маціпрырода, і сарока, як, зрэшты, і ўсе іншыя віды жывёл і раслін, выконвае пэўную ролю і з’яўляецца не менш важным, чым хто-небудзь іншы, звяном у ланцугу складаных экалагічных узаемаадносін. Ну a калі дзе-небудзь сарок ці якіх іншых дра-

пежнікаў развялося звыш усялякай меры, тут ужо «цару прыроды» самы час падумаць: «А што ж гэта я такое ў чарговы раз утварыў, калі так парушыўся прыродны баланс?»

Яшчэ адзін прадстаўнік сямейства варонавых, якога неабходна адзначыць у якасці жыхара нашых населеных пунктаў, гэта каўка. Самая дробная з прадстаўнікоў сямейства, памерамі з голуба, каўка афарбаваная ў аднатонны цёмна-шэры колер са светла-шызымі патыліцай і шыяй і чорнай плямай на лбе. Вясёлкавая абалонка вока ў яе мае пяшчотна-блакітную афарбоўку, што ў птушыным свеце з’ява даволі рэдкая, калі не сказаць унікальная. У адрозненне ад іншых прадстаўнікоў сямейства, якія будуюць даволі грунтоўныя гнёзды на дрэвах, каўкі аддаюць перавагу розным укрыццям накшталт пустотаў пад шыферам, ніш у бетонных слупах, непрацуючых комінаў, дуплаў, куды нацягваюць вялікую колькасць рознага

рыззя. Часта здараецца, што ўся гэтая высцілка ўжо не змяшчаецца ў гняздзе, але старанная птушка ўсё роўна цягае дахаты ўсё мяккае, што толькі трапляецца ёй на вочы, так што часам уваход у каўчыныя апартаменты нагадвае ўскудлачаную бараду Санта Клауса.

I, нарэшце, апошняя з птушак, якую мы будзем разглядаць у якасці спадарожнікаў чалавека, гэта добра ўсім вядомы белы бусел, птушка, якая з’яўляецца сімвалам нашай краіны. Цяжка сказаць, чаму з вялікага мноства птушак беларусы адвялі гэтую ролю менавіта буслу. Хутчэй за ўсё гэта грунтуецца на эмоцыях: гняздо каля хаты, белыя птушкі на жніўі, шыракакрылыя сілуэты, якія паважна, без адзінага ўзмаху лунаюць у блакітнай вышыні... Усё гэта асацыіруецца са спакойным, мірным жыццём, аб якім марыць кожны чалавек.

Белага бусла трэба аднесці да стопрацэнтна вясковага жыхара. У буйных гарадах гэтую птушку можна заўважыць толькі падчас пралёту — вясенняга альбо асенняга, калі буслы транзітам перасякаюць нябесную прастору над горадам альбо, карыстаючыся ўзыходзячымі паветранымі патокамі, апісваюць у небе кругі, набіраючы вышыню. Такі спосаб палёту харак-

тэрны, у першую чаргу, для буйных пярнатых драпежнікаў і галянастых птушак, да якіх адносіцца і бусел. Паназірайце за буслом, які ўздымаецца з зямлі, і вы адразу заўважыце, як няпроста яму падняць у паветра сваё даволі вялікае і цяжкае цела. Што ўжо тады казаць пра далёкія транскантынентальныя пералёты, якія буслу даводзіцца ажыццяўляць двойчы ў год. Спосаб, які вынайшлі птушкі, каб зэканоміць свае сілы, заснаваны на простых фізічных законах. Паверхня зямлі на працягу дня праграецца, цяпло ад яе перадаецца ніжнім паветраным слаям, якія, нагрэўшыся, пачынаюць падымацца ўверх. Выкарыстоўваючы гэтыя патокі, буслы па спіральнай траекторыі падымаюцца, быццам увінчваюцца, высока ў неба. Набраўшы пэўную вышыню, птушкі пачынаюць планіраваць уперад-уніз да таго часу, пакуль зноў не спатрэбіцца набор вышыні. I так раз за разам, да самай Афрыкі.

Як мы ўжо высветлілі, бусел жыве толькі ў населеных пунктах вясковага тыпу, a калі быць больш дакладным, то ён мае там гняздо, дзе выводзіць птушанят і куды прылятае пераначаваць альбо адпачыць. Значная ж частка буслінага жыцця праходзіць на палях і лугах, дзе птушка збірае

Белы бусел

корм — розных бесхрыбетных, паўзуноў і земнаводных.

Большасць буслоў гняздуецца ў паўднёвай частцы нашай краіны, на Палессі, якое можна лічыць сапраўдным бусліным раем. Там птушкі часта селяцца калоніямі — у некаторых вёсках можна ўбачыць і дзесяць, і пятнаццаць, і нават больш гнёздаў. Менавіта на Палессі, пэўна, з тае нагоды, што ў населеных пунктах не хапае прыдатных для пабудовы гнёздаў мясцін, буслы часта селяцца проста ў пойме Прыпяці на дубах, часта за многа кіламетраў ад чалавечага жылля. Калі разабрацца, то яно і зручней: кватэра і сталоўка побач, нікуды далёка лётаць не трэба.

Прывабіць буслоў альбо павялічыць іх колькасць у любой з нашых вёсак не так ужо і складана. Для гэтага дастаткова прымацаваць на слупе, страсе альбо вершаліне адзіночнага дрэва гнездавую платформу (як гэта зрабіць, вы даведаецеся з

малюнка). Калі платформа зроблена і размешчана правільна, а побач ёсць прыдатныя для пошуку корму мясціны, буслы абавязкова зацікавяцца вашай пабудовай. Безумоўна, што такая работа па сілах толькі калектыву дарослых, але ж калі жыхары вашай вёскі ўсім мірам падрыхтуюць пляцоўку для будучай бусловай хаты, то яны будуць узнагароджаны апякунствам белай птушкі. Кажуць, буслы прыносяць шчасце, пэўна, так яно і ёсць.

Безумоўна, што ў гэтай частцы кнігі мы пазнаёміліся далёка не з ўсімі пярнатымі суседзямі чалавека, засяродзіўшы ўвагу толькі на тых, якія часцей за ўсё трапляюцца нам на вочы. Акрамя гэтага, значная колькасць лясных і палявых птушак часам можа сустракацца і ў населеных пунктах, але ўсё ж большая іх частка жыве ў натуральных біятопах. Пра такія віды мы яшчэ пагаворым.

«“ «і’*

73’' ■

Апошнія з магікан

 

 

 

еларусь заўжды славілася сваімі прыроднымі багаццямі: лясамі ды балотамі, рэкамі, азёрамі, звярамі ды птушкамі, шчодрымі нетрамі, ураджай-

нымі нівамі і сенажацямі.

Знаходзячыся ў самым сэрцы Еўропы, а дакладней, у яе геаграфічным цэнтры, наша краіна размяшчаецца на водападзеле Чорнага і Балтыйскага мораў — ужо адно толькі гэта дае нам падставы разглядаць яе не як адзіную прыродную зону, а падзяляць на Паўночную і Паўднёвую Беларусь. А калі згадаць, што тры з чатырох ледавікоў, якія ў розныя часы паволі напаўзалі са Скандынавіі, пакрываючы шматметровай лядовай бранёй значную частку Еўропы, спыняліся менавіта на поўначы Беларусі, то зрабіць гэта, як кажуць, і сам Бог наканаваў. Пэўна, страціўшы апошнія рэшткі сіл, магутныя ледавіковыя хвалі, дакаціўшыся да невялікай грады, вядомай нам як сучаснае Мінскае ўзвышша, спыняліся, а потым пачыналі павольнае адступленне на поўнач, пакідаючы на сваім шляху шматлікія катлавіны з талай вадой, утвараючы унікальны прыродны рэгіён Беларускага Паазер’я. Незлічоныя азёры і азяркі з празрыстай, як сляза,

вадой, вялізныя сфагнавыя балоты, парослыя чэзлымі сасоннікамі, дрымучыя ельнікі і залітыя вадой алешнікі складаюць яго прыродную спадчыну.

Паўднёвая частка Беларусі, зведаўшы за сваю гісторыю толькі адно аледзяненне, якое адступала больш-менш раўнамерна, фарміравалася зусім па-іншаму. На Палессі ледавік пакінуў пасля сябе вялізную нізінную раўніну, у цэнтры якой працякае прыгажуня Прыпяць, адна з буйнейшых рэк Цэнтральнай Еўропы. Спецыялісты-эколагі з розных краін свету, якія і шмат дзе пабывалі і пабачылі багата, называюць Прыпяць еўрапейскай Амазонкай. Дарэчы, з вышыні птушынага (альбо гелікаптэрнага1) палёту даліна Прыпяці дзіўным чынам нагадвае цудоўную краіну Амазонію — куды ні кінь вокам, усюды мора зелені, пранізанае незлічонымі рэчкамі і рачулкамі, старыцамі і пратокамі. Калі сур’ёзна, то гэта параўнанне не такое ўжо неверагоднае. Зразумела, што Прыпяці не выпадае цягацца з буйнейшай ракой свету, а вось па еўрапейскіх маштабах гэта аналогія напрошваецца сама са-

1 Гелікаптэр — верталёт.

бой. Неабсяжныя пойменныя алешнікі і дубровы, непраходныя лазнякі па берагах рэк, заліўныя лугі і шматлікія асаковыя балоты, пясчаныя дзюны і меднастволыя саснякі на ўзвышшах — вось яшчэ нядаўні воблік Беларускага Палесся. Так, на жаль, менавіта нядаўні. Шмат што змянілася за мінулае стагоддзе, калі ў шэрагу з найвялікшымі дасягненнямі чалавечага генію поплеч крочылі і найвялікшыя за ўсю гісторыю чалавецтва глупствы: расшыфроўка структуры генаў і выкарыстанне ядзернай энергіі для забойства людзей, палёты ў космас і знішчэнне цэлых экасістэм... Рэкі спрамілі, але не ўсе, лясы высеклі, але тое-сёе засталося, балоты асушылі, але не цалкам...

Так альбо інакш, толькі воляю лёсу балоты Беларусі з іх жывёльнымі і расліннымі комплексамі аказаліся тым, чаго амаль не засталося ў Еўропе.

Увогуле, нашы балоты, якія часта называюць лёгкімі Еўропы, з’яўляюцца вельмі каштоўнымі элементамі ландшафту. Пачнём з таго, што яны выступаюць у якасці магутных адсарбентаў вуглекіслаты. Вучоныя падлічылі, што на працягу года балоты агульнай плошчай 10 000 га адфільтроўваюць з атмасферы больш чым 100 тон двухвокісу вугляроду. Акрамя гэтага, балотныя масівы выконваюць ролю своеасаблівых гідралагічных буфераў. Назапашваючы ў сабе ваду, у перыяды засухі балоты паступова аддаюць яе наваколлю. Па-першае, у выглядзе дажджу — над вялікімі пераўвільготненымі тэрыторыямі праходзіць вельмі інтэнсіўнае выпарэнне, вільгаць кандэнсуецца ў хмарах і потым выпадае дажджамі там, дзе працэнтнае ўтрыманне вады ў паветры меншае, чым над балотам. Па-другое, за кошт капілярных з’яў: пры грубым параўнанні балота

ўяўляе сабой вялізную набрынялую вадой губку, якая паступова аддае сваю вільгаць навакольным тэрыторыям. I, нарэшце, балоты даюць прытулак вялікай колькасці жывёл і раслін, сярод якіх нямала рэдкіх і знікаючых відаў.

Нізінныя балоты

Асаковыя, альбо, дакладней, нізінныя, балоты з’яўляюцца адным з найбольш характэрных ландшафтаў Паўднёвай Беларусі і могуць служыць яе своеасаблівай «візітнай карткай». Нізінныя балоты ўяўляюць сабой вялікія, залітыя вадой і парослыя асакой і сітнікамі прасторы з рэдкімі купінамі чэзлых вербалозін. На некаторых балотах сустракаюцца мінеральныя астравы — рознай велічыні сухія грады, парослыя лесам.

Найбольш буйныя з нашых нізінных балот — Дзікое, Званец і Спорава — знаходзяцца ў паўднёва-заходняй частцы краіны і з’яўляюцца, па сутнасці, рэшткамі некалі вялізнага балотнага пояса, які ахопліваў значную частку Цэнтральнай Еўропы і займаў больш за 15 000 км2. Да нашага часу ў большасці еўрапейскіх краін гэтыя балоты амаль цалкам асушаны, толькі дзенідзе засталіся невялікія, парослыя асакой і сітнікамі вільготныя ўчасткі тэрыторый, якія і балотам цяжка назваць. Дзікое, Званец і Спораўскае, нягледзячы на некаторыя змяненні, што адбыліся ў іх гідралагічным рэжыме за апошнія дзесяцігоддзі, з’яўляюцца аднымі з найбольш натуральных нізінных балот ва ўсёй Еўропе. Вось і атрымліваецца, што тыя натуральныя забалочаныя тэрыторыі, якія цудам захава-

 

ліся ў нас на Беларусі, нібы апошнія з магікан, набываюць нават не агульнаеўрапейскую, а сусветную значнасць, а мы, беларусы, застаёмся ў адказе перад усім чалавецтвам за іх захаванне.

Асобнае месца ў арнітафауне нізінных балот займае вяртлявая чаротаўка — невялікая рудавата-бурая птушачка з трыма светлымі палосамі на галаве: дзве з іх праходзяць цераз бровы, адна пасярэдзіне галавы па цемені. Пра статус і біялогію вяртлявай чаротаўкі да сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя па шэрагу прычын (адносная рэдкасць, нестандартныя асаблівасці біялогіі, метадалагічная складанасць улікаў, строгая прывязанасць да пэўнага тыпу біятопаў, якія ў большасці выпадкаў з’яўляюцца цяжкадаступнымі для чалавека) беларускім арнітолагам не было амаль нічога вядома.

Вяртлявая чаротаўка — адзіны від з вераб’епадобных птушак кантынентальнай Еўропы, які знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення (гэта значыць, што існаваць самастойна, без дапамогі чалавека, яна ўжо не зможа). Сусветная папуляцыя гэтай птушкі налічвае не больш за 19 000 пар. Лічба, на першы погляд, не такая ўжо і малая, але, калі нагадаць законы класічнай экалогіі, якія сцвярджаюць, што для нармальнага, жыццястойкага існавання папуляцый дробных птушак альбо млекакормячых неабходна, каб гэтыя папуляцыі складаліся не з дзесяткаў, а, як мінімум, з соцень тысяч асобін, становіцца яснай уся ўразлівасць далейшага лёсу гэтай птушкі. Гняздуецца вяртлявая чаротаўка толькі на асаковых балотах, і, як няцяжка зразумець, са знікненнем балот у Еўропе гэты від таксама аказаўся на мяжы знікнення.

Каля 10 гадоў назад у беларускіх вучоных упершыню з’явілася магчымасць сур’ёзна заняцца вывучэннем біялогіі вяртлявай чаротаўкі. У выніку некалькіх міжнародных экспедыцый, якія былі наладжаны грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Беларусі» (АПБ) і ахапілі ўсе патэнцыяльна магчымыя месцы гнездавання вяртлявай чаротаўкі, высветлілася, што ў нашай краіне гняздуецца больш за 60% (!) яе сусветнай папуляцыі. У абсалютных лічбах гэта складае ў сярэднім каля 10 000 пар.

Дарэчы, тэрмін «пара» для вяртлявай чаротаўкі не зусім прыдатны. Справа ў тым, што рэальных пар у адрозненне ад большасці вераб’епадобных птушак у перыяд гнездавання вяртлявая чаротаўка не ўтварае. Самец уступае ў «сямейныя адносіны» адразу з некалькімі самкамі, аднак ні ў пабудове гнязда, ні ўснаседжванні яек, ні ў выкормліванні-выхаванні

птушанят ніякага ўдзелу не прымае — нават трымаецца часта зусім не там, дзе размешчаны «яго» гнёзды. Зразумела, што ні паспяховаму выкормліванню птушанят (для самкі), ні вывучэнню гнездавой біялогіі (для арнітолагаў) гэтая ўласцівасць не спрыяе.

Большая частка беларускіх чаротавак гняздуецца на палескіх нізінных балотах, у першую чаргу на Званцы, папуляцыя якога з’яўляецца буйнейшай у свеце. Гэтая акалічнасць дала магчымасць прысвоіць балоту статусы ТВП і Рамсарскай тэрыторыі. (ТВП — Тэрыторыя, Важная для Птушак,— гэты статус атрымлівае тэрыторыя, якая з’яўляецца месцам канцэнтрацыі птушак у перыяд гнездавання, зімовак альбо міграцый у колькасці, якая адпавядае нацыянальным альбо міжнародным крытэрыям. Беларусь далучылася да гэтай праграмы ў 1998 годзе. Рамсарская тэрыторыя — гэта тэрыторыя, якая адпавядае крытэрыям канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, галоўным чынам у якасці месцаў жыхарства вадаплаўных і каляводных птушак. Беларусь далучылася да гэтай канвенцыі ў 1999 годзе.)

Дзякуючы сумесным намаганням спецыялістаў з Інстытута заалогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук і АПБ, якія пільна сочаць за станам усёй беларускай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, будучае гэтай птушкі ўжо не выглядае такім трывожным, як некалькі гадоў назад. На падставе навуковага праекта, накіраванага на аднаўленне асушаных раней буйнейшых нізінных балот Палесся, былі распрацаваны рэкамендацыі па паляпшэнні іх гідралагічнага рэжыму. Зараз гэтыя рэкамендацыі рэалізуюцца: на балотах Званец і Спорава ўжо пабудаваны дамбы на мелія-

ратыўных каналах, якія прадухіляюць адток вады з балот. У хуткім часе такія дамбы будуць зроблены і на Дзіком. У выніку гэтых мерапрыемстваў узровень вады на балотах прыблізіцца да натуральнага, звыклага для большасці балотных жыхароў, а вяртлявая чаротаўка атрымае дадатковы шанц на выжыванне.

Птушак накшталт вяртлявай чаротаўкі, якія жорстка прывязаны да пэўных біятопаў (па-навуковаму яны называюцца стэнабіёнты), не так ужо і багата. Большасць пярнатых насельнікаў нізінных балот сустракаецца і ў іншых экасістэмах з падобнымі ўмовамі, скажам, на заліўных поймавых лугах. Што тычыцца звычайных, шырока распаўсюджаных птушак, то для іх выжывання балоты не з’яўляюцца такімі ўжо жыццёва важнымі экасістэмамі. Але для відаў, якія сустракаюцца толькі на балотах, менавіта балоты — і толькі яны! —

могуць стаць своеасаблівымі рэзерватамі, дзе пры правільным падыходзе і пэўнай увазе з боку людзей гэтыя віды змогуць захавацца.

Свайго роду вартаўнікамі балот, якія першымі заўважаюць наведвальнікаў, seepa ці чалавека, і апавяшчаюць аб гэтым усіх іншых балотных жыхароў, з’яўляюцца вялікія кулёны — самыя буйныя з нашых кулікоў. Рудавата-карычневыя з цёмнымі стракацінамі птушкі выглядаюць буйней за варону дзякуючы высокім нагам і доўгай, большай за палову цела, загнутай уніз дзюбай. Кулёны настолькі асцярожныя, што заўважыць іх у той час, як яны сядзяць на зямлі, а тым больш разгледзець дэталёва іх знешні выгляд амаль немагчыма. Займаючы даволі вялікі гнездавы ўчастак — да некалькіх соцень квадратных метраў,— кулёны пільна аберагаюць яго межы. У той час як самка сядзіць

на гняздзе (а наседжванне ў кулёнаў, як і ва ўсіх кулікоў, працягваецца амаль чатыры тыдні), самец займае адзін з некалькіх «назіральных пунктаў» — звычайна гэта купіна альбо нейкае іншае ўзвышша — і пільна сочыць за ўсім, што адбываецца на балоце. Як толькі патэнцыяльны парушальнік набліжаецца да мяжы кулёнавых уладанняў, птушка ўздымаецца ў паветра і з гучнымі пералівістымі трэлямі пачынае апісваць вакол яго кругі. Цікава, што кулёны (як, дарэчы, і многія іншыя птушкі) добра ведаюць, чаго можна чакаць ад кожнага з няпрошаных візіцёраў. Калі мяжу ўладанняў парушыць лось, кулік увогуле не адрэагуе. Калі ліса альбо сабака — птушка будзе лётаць у іх амаль над самымі галовамі, а вось што тычыцца чалавека, то тут добра знаёмы са стрэльбамі паляўнічых кулён будзе вытрымліваць дыстанцыю не менш чым сотню метраў. Пакуль парушальнік знаходзіцца непадалёку ад мяжы ўчастка, за парадкам сочыць адзін самец, як толькі небяспека набліжаецца да гнязда, тут ужо і самка ўзнімаецца ў паветра і разам з самцом кружыць над нязваным госцем да таго часу, пакуль ён не перасячэ гнездавы ўчастак і не пакіне ўладанні кулікоў. Калі на балоце жыве некалькі пар кулёнаў, эстафету на краі свайго ўчастка падхоплівае чарговая пара кулікоў і гэтак далей. Згадзіцеся, што арнітолагам, якія займаюцца вывучэннем кулікоў, вельмі зручна такім чынам вызначаць колькасць гэтых рэдкіх, занесеных у Чырвоную кнігу птушак.

А гэтага жыхара нізінных балот павінны ведаць, а найперш чуць тыя, хто бывае вясной альбо ў пачатку лета на лузе, на беразе рэчкі, якая працякае па адкрытай мясцовасці, альбо нават на краі забалочанага лесу. Гукі гэтыя вельмі нагад-

ваюць бляянне баранчыка. Быццам нічога дзіўнага і няма: ці мала адкуль тут мог узяцца баранчык! Але хутка высвятляецца, што бляянне даносіцца не адкульнебудзь, а з неба, і тут ужо нават самы абыякавы да прыроды чалавек пачынае паглядаць уверх, каб высветліць, а што ж гэта за такі лятучы баранчык у нашых краях аб’явіўся?

Як вы ўжо, пэўна, здагадаліся, голас гэты (які, як мы хутка высветлім, увогуле і голасам не з’яўляецца) належыць ніякаму не баранчыку, а птушцы. Называецца яна бакас. Углядзіцеся ўважліва ў неба, і хутка вы заўважыце невялікую, памерам са шпака, даўгадзюбую птушку, якая з рэзкімі крыкамі «та-кэ... та-кэ...» носіцца ў павет-

ры. Палёт бакаса вельмі імклівы, манеўраны, з рэзкімі зменамі кірункаў. Вось, зрабіўшы некалькі кругоў над балотам, птушка пачынае набор вышыні, потым на імгненне прыпыняецца, крыху складае крылы і пачынае пікіраваць уніз. Менавіта ў гэты момант і гучыць голас «нябеснага баранчыка». У хуткім часе птушка выходзіць з піке, зноў набірае вышыню і пачынае з «тэканнем» аблётваць свае ўладанні.

А чаму ўсё ж голас баранчыка не з’яўляецца голасам? Уся справа ў тым, што «спявае» бакас (бляянне гэта з’яўляецца не чым іншым, як аналагам песень, пры дапамозе якіх птушкі заяўляюць свае правы на тэрыторыю) не галасавымі звязкамі, як іншыя птушкі, а... хвастом. Жорсткія крайнія рулявыя пёркі бакаса пры пікіруючым палёце дробна вібрыруюць і ўтвараюць гэтыя гукі. Ранняй вясной на балотах з вялікай шчыльнасцю бакасаў можна адначасова назіраць некалькіх нябесных баранчыкаў, якія, то «тэкаючы», то блеючы, лётаюць у блакітнай вышыні. Крыху пазней, калі гнездавыя тэрыторыі падзелены, а самкі наседжваюць яйкі, актыўнасць самцоў бакаса зніжаецца, але ўсё роўна час ад часу яны ўзнімаюцца ў паветра для таго, каб абляцець свае ўладанні і, зрабіўшы напаследак заліхвацкае піке з бляяннем, зноў схавацца ў густой траве.

Бліжэйшы сваяк бакаса дубальт таксама гняздуецца на нізінных балотах, хаця сустрэць яго (як і бакаса) можна і ў іншых мясцінах. Знешне падобны на бакаса, але крыху буйнейшы за яго, дубальт адрозніваецца, у першую чаргу, характарам палёту. Бакас, якога паднялі з зямлі, амаль заўсёды ўзнімаецца з крыкам, палёт яго імклівы, зігзагападобны. Дубальт

Дубальт

узлятае моўчкі, ляціць па прамой і больш павольна.

Вельмі цікавае відовішча ўяўляе сабой такаванне дубальтаў, якое адбываецца з года ў год на адным і тым жа месцы. Такуючы, самцы прыўзнімаюцца на выцягнутых лапах, надзьмуваюць грудзі, выцягваюць высока ўверх шыю, распасціраюць хвост, каб было заўважна белае падхвосце, і час ад часу падскокваюць са своеасаблівымі булькаючымі гукамі. Дарэчы, многія замежныя аматары прыроды, якія прыязджаюць у нашу краіну паназіраць за птушкамі, у спіску таго, што ім хацелася б пабачыць, на адно з першых месцаў ставяць такаванне дубальтаў.

Жыццё дубальта цесна звязана з вільготнымі тэрыторыямі і ў першую чаргу з нізіннымі балотамі. У выніку меліярацыі плошчы такіх тэрыторый значна скараціліся, а разам з імі пачала скарачацца і

колькасць дубальтаў. Зараз гэтая птушка адносіцца да знікаючых відаў Еўропы і падлягае паўсюднай ахове.

У другой палове лета, пасля заканчэння перыяду гнездавання, абодва гэтыя віды збіраюцца на вільготных лугах, глеістых водмелях і іншых месцах з мяккай глебай, дзе харчуюцца бесхрыбетнымі, якіх здабываюць з глебы пры дапамозе сваіх доўгіх, падобных на пінцэты дзюбаў. Такія зборышчы бакасаў альбо дубальтаў носяць назву «высыпкі».

Бадай што самы таямнічы з балотных жыхароў — гэта пагоніч. Нягледзячы на тое, што птушка гэта на нашых балотах даволі звычайная, а месцамі нават і шматлікая, убачыць яе ўдаецца вельмі рэдка. Прычына таму даволі дзіўная — яна вельмі не любіць лётаць. Увесь свой час пагоніч праводзіць сярод густой травы, падымаючыся на крыло толькі ў выключных вы-

падках: скажам, калі вы ледзь не наступіце яму на хвост. Тады ўжо яму нічога не застаецца рабіць, як прадэманстраваць парушальніку спакою, што ён — таксама птушка і таксама можа лётаць. Хоць і вельмі не любіць. Сілуэт узляцеўшага пагоніча (а памерамі ён крыху большы за шпака) выглядае вельмі нязграбным, караткакрылым, з доўгімі нагамі, якія матляюцца ў паветры самі па сабе, быццам і не належаць гэтай птушцы. 3 цяжкасцю праляцеўшы некалькі дзесяткаў метраў, ён зноў плюхаецца ў траву. Ну што з ім зробіш — не любіць ён лётаць. А вось пакрычаць пагоніч вялікі аматар. Яго гучныя рэзкія посвісты «віць-віць-віць» пачынаюць гучаць з надвячорка, і канцэрт працягваецца амаль да раніцы. Так што пагоніча можна аднесці да сапраўдных птушак-невідзімак, якіх толькі чуеш, але амаль ніколі не бачыш.

3 дзесяці відаў соў, якія сустракаюцца ў Беларусі і жывуць, як і належыць совам — хто ў дуплах, хто ў гнёздах іншых птушак, хто на гарышчах, ёсць адна сава, якая гняздуецца выключна на зямлі, і не дзе-небудзь, а менавіта на балоце. Як можна здагадацца, называецца яна балотная сава. Ужо адно тое, што жыве яна на балоце, выдзяляе яе з шэрагу астатняй савінай радні. А пры больш блізкім знаёмстве аказваецца, што балотная сава і па іншых параметрах не вельмі падобная на астатніх соў. Ці чулі вы, скажам, каб совы, гэтыя выключна начныя птушкі, днём займаліся паляваннем і спраўлялі свае іншыя савіныя патрэбы, а ноччу спалі? Спецыялісты-арнітолагі адказалі б, што так, такое здараецца: барадатая кугакаўка і сава-бярозаўка могуць паляваць надвячоркам альбо нават і ўдзень. Але ж гэта толькі «могуць». А вось балотная сава па нейкіх, толькі ёй вядомых меркаваннях вырашыла цалкам перайсці на дзённы лад жыцця. Так што, заўважыўшы характэрны шыракакрылы савіны сілуэт, які сярод дня лунае над балотнай прасторай, не трэба асабліва здзіўляцца: гэта палюе наша знаёмая — балотная сава. Дарэчы, афарбаваная ў карычнявата-бежавы колер са стракацінамі зверху і са светлым, амаль белым нізам, у палёце яна выглядае вельмі светлай, значна святлейшай, чым падобная да яе вушастая сава. У пазагнездавы перыяд, падчас міграцый і тую і другую можна сустрэць амаль паўсюль, часам у самых непадыходзячых для соў месцах. A вось вясной і ў першай палове лета шляхі гэтых «сястрычак» не перасякаюцца — балотная сава, апраўдваючы сваю назву, жыве на балоце, а вушастая прытрымліваецца палёў і пералескаў. Увогуле гэтыя даволі падобныя совы з’яўляюцца вельмі блізкай

Балотная сава

раднёй і адносяцца да роду вушастых соў. (У перакладзе з англійскай мовы іх назвы гучаць як «сава з доўгімі вушамі» і «сава з кароткімі вушамі».)

А вось яшчэ адна «несавіная» рыса балотнай савы. Усе нашы совы адносяцца да аселых птушак, і іхнія міграцыі — не больш чым недалёкія пералёты ў пошуках корму ў асенне-зімовы час. Балотныя ж совы (амаль усе) на зімоўку ляцяць на поўдзень. Праўда, не вельмі далёка, большая іх частка асядае ў Паўднёвай Еўропе, хаця некаторыя падарожніцы дабіраюцца нават на поўнач Афрыкі.

I, нарэшце, тое, што аб’ядноўвае ўсіх нашых соў: усе яны з’яўляюцца вельмі важнымі элементамі экасістэм, колькасць іх паўсюдна змяншаецца, і ўсе яны падлягаюць безумоўнай ахове. He з’яўляецца выключэннем і балотная сава. Як і большасць іншых прадстаўнікоў атрада совападобных, яна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

3 дробных вераб’епадобных птушак, якіх можна сустрэць на нізінным балоце,

акрамя вяртлявай чаротаўкі, у першую чаргу трэба назваць лугавога свірстуна. Гняздуецца ён не толькі на балотах, а і на лузе, у полі, словам, паўсюдна, дзе ёсць прастора і амаль адсутнічаюць дрэвы. Што тычыцца вільготнасці, то тут свірстуны дэманструюць дзіўную абыякавасць: аднолькава прывабнымі для іх з’яўляюцца як абсалютна сухія ўзвышшы, так і залітыя вадой балотныя прасторы, дзе паміж купін можна ўваліцца амаль па пояс. Невялічкі, зграбны, постаццю сваёй нагадвае пліску, якая, дарэчы, даводзіцца яму блізкай сваячкай, лугавы свірстун афарбаваны сціпла, але вельмі прыемна: буравата-карычневы верх і светла-бежавы ніз з вялікімі цёмнымі стракацінамі. Часта гэтыя падрабязнасці афарбоўкі не разгледзіш — свірстун даволі асцярожны, і на той адлегласці, з якой удаецца назіраць за ім, ён выглядае аднастайна бурым. Песеньку, якая гучыць

як доўгае «ціп-ціп-ціп-сі-сі-сі», самец часам выконвае, седзячы на вершаліне лазовага куста, але часцей за ўсё падчас хвалепадобнага палёту над сваёй гнездавой тэрыторыяй.

Яшчэ адзін з прадстаўнікоў атрада вераб’епадобных, вельмі характэрны для нізінных балот, стрынатка-чаротаўка. Птушка гэта вельмі своеасаблівая. З’яўляецца яна сваячкай добра вядомай звычайнай стрынаткі, жоўтай даўгахвостай птушкі, якая гняздуецца па ўзлесках, а ўзімку, сабраўшыся ў чародкі, корміцца па вясковых задворках і гумнах. Але толькі што з’яўляецца, таму што ўвогуле на яе не падобная. Па-першае, гэта бадай што адзіная са стрынатак (а іх толькі ў Беларусі налічваецца чатыры віды), якая любіць вільгаць. 3 гэтае нагоды сустракаецца яна амаль усюды, дзе ёсць хмызнякі і вада: па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў, на

вільготных лугах і, вядома ж, на нізінных балотах. Па-другое, у адрозненне ад стрынаткі звычайнай чаротаўка з’яўляецца птушкай пералётнай — зіму праводзіць у Паўднёвай Еўропе, а часам, пералятаючы Міжземнае мора, дабіраецца нават да ErinTa. Самка гэтага віду выглядае, як і самкі большасці стрынатак, даволі сціпла — агульная буравата-карычневая афарбоўка з больш цёмнымі стракацінамі па ўсім целе. У самца ж галава, горла і частка грудкі чорныя, шыя, ніз цела і «вусы» па абодва бакі ад дзюбы — белыя. Там, дзе жыве стрынатка-чаротаўка, не заўважыць яе проста немагчыма. To яна выконвае сваю просценькую песеньку, седзячы дзенебудзь на лазовым кусце, то пералятае з месца на месца ў пошуках корму для птушанят, то з поўнай дзюбай насякомых, трывожна цэкаючы, круціцца каля вас, калі вы апынуліся ў непасрэднай блізкасці ад

яе гнязда. Даверлівая, людзей амаль не баіцца, падпускае іх на адлегласць, з якой добра бачныя і «вусы», і «каўнер», і ўсё іншае, што павінна мець кожная стрынатка-чаротаўка. Дый на значнай адлегласці пераблытаць яе з кім іншым немагчыма: другіх птушак з такой кантраснай чорнабелай галавой у нас проста няма.

Увогуле па парослым хмызнякамі краі балота, там, дзе яно мяжуе з лесам, лугам альбо берагам вадаёма, можна налічыць не менш за дзесятак розных відаў дробных вераб’епадобных птушак: іншыя віды чаротавак, звычайнага чаромашніка, лугавога ерчыка, некалькі відаў лесак... Гэта з’яўляецца вынікам так званага краявога, альбо экатоннага, эфекту (экатонам панавуковаму называецца мяжа дзвюх розных экасістэм). 3 тае нагоды, што ў месцы, дзе адна экасістэма пераходзіць у іншую, разнастайнасць экалагічных умоў значна боль-

шая, чым у якім-небудзь аднастайным біятопе, зона пераходу з’яўляецца прывабнай для жыхароў як адной, так і іншай экасістэмы. Так што гэтыя віды птушак хаця і сустракаюцца па краях балот, да сапраўдных балотных жыхароў не адносяцца.

аўночная частка нашай краіны, альбо, як яе яшчэ часта называюць, Паазер’е, як мы ўжо ведаем, значна адрозніваецца ад Палесся. Акрамя таго, што ў гістарычным плане прырода гэтага рэгіёна фарміравалася зусім па-іншаму, на яе аказвае ўплыў і геаграфічнае размяшчэнне — адлегласць паміж

Палессем і Паазер’ем складае амаль чатыры сотні кіламетраў, а гэта не так ужо і мала — вясна на берагах Дзвіны наступае на два тыдні пазней, чым на Прыпяці. Значна адрозніваецца таксама жывёльны і раслінны свет гэтых рэгіёнаў: на Палессі, на поўдні Брагінскага раёна, сустракаюцца фрагменты лесастэпу з характэрнымі элементамі флоры і фауны, лясы ж Віцебшчыны ёсць не што іншае, як паўднёвая мяжа таёжнай зоны са значнай колькасцю тыповых для тайгі жыхароў.

Сфагнавыя, альбо верхавыя, балоты, якія пакрываюць большую частку поўначы Беларусі, уяўляюць сабой імправізаваныя аналагі тундравага ландшафту за тым выключэннем, што далей на поўнач чэзлы сасоннік, што расце на нашых балотах, паступова замяняецца лістоўніцай. Іншыя ж характэрныя прадстаўнікі тундравай

зоны — карлікавая бярозка і марошка з расліннасці, чорнаваллёвы гагач, залацістая сеўка і пардва з птушак — сустракаюцца ўжо і ў нас, у Беларусі.

Самым буйным верхавым балотам Беларусі, вядомым далёка за яе межамі, з’яўляецца балота Ельня — Тэрыторыя, Важная для Птушак, і патэнцыяльная Рамсарская тэрыторыя. Дакладней, гэта HaBar не балота, а, як яго часта называюць, азёрна-балотны комплекс, які займае плошчу больш за 20 000 га. У свой час гэта тэрыторыя, як і многія іншыя балоты Беларусі, была бязлітасна асушана, і ўслед за вадой адтуль пачалі знікаць характэрныя для верхавых балот унікальныя віды жывёл і раслін.

Спрадвеку шматлікія азёры і азяркі, шчодра раскіданыя па тэрыторыі балота, з’яўляліся месцамі адпачынку тысячных

чарод гусей і жураўлёў падчас іх асенняга пералёту да месцаў зімовак. Гэта тэрыторыя з’яўляецца для іх жыццёва важнай — без добрага адпачынку і нагульвання жыравога запасу птушкі проста не змогуць справіцца з усімі цяжкасцямі доўгага пералёту. Пасля асушэння ўсе гэтыя азёры сталі лёгкадаступнымі для шматлікіх паляўнічых і рыбакоў і птушкам стала недзе прыпыняцца. Затым балота перасохла настолькі, што на ім сталі здарацца штогадовыя пажары: сухі мох успыхвае як no­pax, а пад ім знаходзіцца торф — паліва таксама някепскае. Над унікальным балотам навісла смяротная пагроза.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б лёсам Ельні не зацікавіліся беларускія прыродаахоўныя арганізацыі. У 2002 годзе Міністэрства экалогіі і аховы прыродных рэсурсаў Беларусі і грамад-

ская арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» распрацавалі і ажыццявілі праект па аднаўленні гідралагічнага рэжыму заказніка «Ельня». На 20 меліяратыўных каналах, па якіх вада пакідала балота, былі пабудаваны дамбы. Ужо праз два месяцы ўзровень вады ў балоце падняўся амаль на метр і верхні слой торфу насыціўся вільгаццю. Зразумела, што верагоднасць пажараў на гэтай тэрыторыі рэзка зменшылася. Паступова там адбудзецца аднаўленне балотнай расліннасці, а ўслед за гэтым вернуцца звяры і птушкі.

Арол-маркут — адна з самых буйных нашых драпежных птушак. Для большасці беларусаў, чыё знаёмства з драпежнымі птушкамі абмяжоўваецца канюхамі-мышаловамі, лунямі і шулякамі, сустрэча з маркутом, асабліва калі атрымаецца ўбачыць яго зблізу, можа падацца нават невера-

годнай, настолькі ўражвае веліч і моц гэтай птушкі (у размаху крылаў арол-маркут дасягае двух з паловай метраў). Калі назіраеш за маркутом, які велічна, без адзінага ўзмаху крылаў, лунае высока ў небе, адчуваеш, што гэта сапраўды арол — шырокія доўгія крылы з «пальцамі», невялікі параўнальна з імі хвост — памеры, якія ўражваюць нават на адлегласці. Ад падобнага па памерах арлана-белахвоста маркут адрозніваецца роўным, неклінавідньім зрэзам хваста і залацістымі патыліцай і зашыйкам. Дарэчы, у перакладзе з англійскай мовы яго назва гучыць як «залаты арол». Часам здараецца, што дзесьці непадалёку ад маркута, за якім вы назіраеце, лунае хто-небудзь з невялікіх драпежнікаў накшталт канюха-мышалова. Вось тут назіральнік атрымлівае унікальную магчымасць ацаніць памеры арла!

На жаль, сустрэча з арлом-маркутом справа выключная. У апошнія дзесяцігоддзі колькасць гэтых птушак, як і многіх іншых крылатых драпежнікаў, вельмі скарацілася. Зараз у Беларусі налічваецца не больш за 50 пар арлоў-маркутоў. Прычыны гэтага наступныя.

Па-першае, з нагоды змяншэння колькасці прыдатных для жыцця мясцін. Такім буйным птушкам са спецыфічнай біялогіяй, як арол-маркут, проста не засталося дзе «прытуліцца». Вельмі асцярожны маркут гняздуецца толькі ў дзікіх, цяжкадаступных для чалавека мясцінах, для палявання ж яму патрэбна да дзесятка квадратных кіламетраў таксама малалюднай прасторы, ды каб яшчэ на ёй было што ўпаляваць! Уявіце сабе самі, колькі такіх месцаў засталося ва ўздоўж і поперак «асвоенай» Еўропе.

Па-другое, з нагоды аднае са шматлікіх экалагічных памылак (калі не сказаць злачынстваў) чалавека. У сярэдзіне мінулага стагоддзя «цар прыроды» вырашыў, што крылатыя драпежнікі «прыносяць шкоду», палюючы на тых жывёл і птушак, паляваць на якіх дазволена толькі чалавеку. Вырашыў і аб’явіў пярнатым паляўнічым вайну. Цудоўныя птушкі бязлітасна знішчаліся, за кожнага забітага драпежніка назначалася прэмія. За параўнальна кароткі тэрмін колькасць дзённых драпежнікаў значна скарацілася. Вось тут і высветлілася іх экалагічная роля. Здавалася б, колькасць зайцоў, на якіх палююць арлы і шулякі-галубятнікі, павінна была павялічыцца — ні ў якім разе! Без «санітарнай сарціроўкі», якую праводзяць драпежныя птушкі, палюючы на аслабленых ад хвароб жывёл і птушак, колькасць дзічыны пачала змяншацца. Далей — болей. Рэзка ўпалі ўраджаі збожжавых. Справа ў тым,

што аснову харчавання многіх пярнатых драпежнікаў складаюць грызуны, якія, у сваю чаргу, харчуюцца зернем і размнажаюцца проста з фантастычнай хуткасцю. А калі ў іх яшчэ няма натуральных ворагаў! На самай жа справе, як мы ўжо высветлілі на прыкладзе варонавых птушак, «шкодных» і «карысных» жывёл у прыродзе няма. Шкоднікам, пры пэўных умовах, можа з’яўляцца толькі сам чалавек са сваімі жудаснымі экалагічнымі эксперыментамі.

I, нарэшце, апошняе — паталагічная цяга людзей да забойства. Рэдкі паляўнічы, аказаўшыся на адлегласці стрэлу ад птушкі з кручкаватай дзюбай і кіпцюрамі, не націсне курок. Проста так, для таго каб стрэліць. А калі яшчэ з забітай птушкі ёсць магчымасць зрабіць чучала, якім можна «ўпрыгожыць» гасцёўню альбо кабінет, стрэл прагучыць абавязкова. На самай справе бяздарна зробленае чучала праз некалькі месяцаў пасячэ моль, яно пакрыецца тоўстым слоем пылу і ў рэшце рэшт будзе проста выкінута. А прырода страціць яшчэ адну каштоўнасць...

Як і многія іншыя арлы, маркуты селяцца пераважна ў гарах, робячы гнёзды на недаступных скалах. У Беларусі, як вядома, горы адсутнічаюць, і нашы арлы праяўляюць пэўную экалагічную пластычнасць, селячыся на верхавых балотах. Свае магутныя гнёзды яны ўладкоўваюць на вершалінах старых дрэў, пераважна на сухіх мінеральных астравах сярод балот, у месцах, якія амаль не наведваюць людзі. Носка ўтрымлівае два яйкі, але звычайна выжывае толькі адно птушаня, ды і тое не кожны год. А калі ўлічыць, што ў гады з кепскай кармавой базай арлы так і не прыступаюць да размнажэння, а маладыя птушкі здольныя гнездавацца не раней

чым на чацвёрты год жыцця, можна ўявіць сабе ўсю ўразлівасць арла-маркута, цара птушак.

Дзіўна, але факт, што шэрая варона, з якой мы ўжо знаёміліся ў папярэднім раздзеле, можа не толькі разбураць гнёзды іншых птушак, але і ствараць умовы для іх гнездавання. Больш таго, часта здараецца так, што менавіта наяўнасць вароны на верхавых балотах — і толькі гэта — дае магчымасць гнездавацца там рэдкай цікавай птушцы — сокалу-дрымлюку. Справа ў тым, што з чатырох відаў дробных сокалаў, якія сустракаюцца ў Беларусі, ніводзін не ўмее (а можа, і не хоча) самастойна будаваць гнёзды. Шэрая будаўніца са сваімі грунтоўнымі, надзейнымі гнездавымі пабудовамі з’яўляецца сапраўднай знаходкай для гэтых крылатых арыстакратаў. На паўночных верхавых бало-

тах (сустракаецца сокал-дрымлюк пераважна на поўначы Беларусі) назіраецца такая заканамернасць: ёсць на балоце вароны — сустрэнеш і дрымлкжа, адсутнічаюць вароны — сокалу тут рабіць няма чаго. На буйных балотах, дзе хапае старых вароніных гнёздаў, можа жыць нават дзве-тры пары сокалаў. Невялікі, памерамі драбнейшы за сваю кватэрную гаспадыню — варону, дрымлюк, як, дарэчы, і ўсе сокалы, сваім вастракрылым сілуэтам і характарам імклівага манеўранага палёту нагадвае самалёт-знішчальнік. Гэтае падабенства ўзмацняе шэра-стальная афарбоўка спіны самца, хаця, калі быць дакладным, птушку часцей за ўсё ўдаецца назіраць знізу.

Смелы дрымлюк абараняе свае гнездавыя ўладанні ад любога парушальніка незалежна ад яго памераў. Нават чалавек не мае права знаходзіцца на тэрыторыі сокалаў — як толькі нябачная мяжа аказваецца парушанай, птушкі з гучнымі пранізлівымі крыкамі вылятаюць насустрач нахабніку і кружаць над ім да таго часу, пакуль той не пакіне іх уладанні. Ну, чалавек чалавекам, а вось што тычыцца чатырохногіх альбо крылатых аматараў паласавацца яйкамі альбо птушанятамі, то ў гэтых шанцаў няма аніякіх. Адважныя птушкі проста выб’юць іх са сваёй гнездавой тэрыторыі. Гэтай асаблівасцю дрымлюкоў паспяхова карыстаюцца іншыя балотныя жыхары. Так, кулікі — кулёны, сеўкі, цякуны — часта ўтвараюць свае гнездавыя калоніі побач з гнёздамі дрымлюкоў: пад такой надзейнай аховай шанцы на паспяховасць гнездавання ў іх (самі кулікі пастаяць за сябе і свае гнёзды амаль не ў стане) значна павялічваюцца.

Як нядаўна высветлілася, дрымлкжі (як, дарэчы, і некаторыя іншыя драпежныя птушкі) ахвотна займаюць штучныя гнёз-

ды. «Адкуль жа ім на балоце ўзяцца?» — запытаеце вы. Аказваецца, ёсць адкуль. Віцебскі арнітолаг, спецыяліст па драпежных птушках, Уладзімір Іваноўскі ледзь не адзіны ў свеце чалавек, які будуе дамы для арлоў, сокалаў, скопаў і соў, прапануе дрымлкжам «кватэры», спланаваныя і зробленыя па арыгінальнай методыцы. Усё жыццё займаючыся вывучэннем крылатых драпежнікаў, арнітолаг высветліў, што ў шэрагу выпадкаў колькасць дробных сокалаў залежыць ад наяўнасці прыдатных для іх пустых гнёздаў варон і крумкачоў. Для таго каб павялічыць колькасць гэтых рэдкіх птушак, вучоны распрацаваў спецыяльную канструкцыю: на вершаліне сасны дротам ён замацоўвае платформу з тоўстых галін, на ёй размяшчае асаковую купіну. Дрымлюкі ўпадабалі гэтыя гнёзды і ўжо каторы год на дзесятках такіх платформаў, пабудаваных нястомным арнітолагам-энтузіястам на розных балотах Віцебшчыны, паспяхова выводзяць птушанят.

Наступная птушка, без якой нельга ўявіць сабе экасістэму верхавых балот, адносіцца ўжо да сапраўдных паўночных жыхароў і шырока распаўсюджана ў зоне тундраў. Калі быць больш дакладным, то жыццё яе непарыўна звязана не столькі з тундрамі і верхавымі балотамі, як з азёрамі, што ў вялікай колькасці сустракаюцца ў названых ландшафтах. Завецца гэты аматар вадаёмаў чорнаваллёвы гагач. Праз нашу краіну праходзіць паўднёвая мяжа гнездавання гэтага віду, таму даволі звычайная амаль на кожным верхавым балоце, а дакладней, на азёрах сярод балот Віцебшчыны, у цэнтральных раёнах Беларусі гэтая птушка ўжо амаль не сустракаецца.

Чорнаваллёвы гагач — птушка, якая ідэальна прыстасавалася да жыцця ў воднай

Чорнаваллёвы гагач

стыхіі. Выдатны плывец, заўзяты падводны паляўнічы, яна праводзіць у вадзе амаль усё сваё жыццё, за выключэннем таго часу, калі вымушана наседжваць яйкі альбо пералятаць да месцаў зімовак, якія знаходзяцца ў ГІаўднёвай Еўропе. Калі назіраеш за гагачом у палёце (а такое ўдаецца бачыць вельмі рэдка), то толькі дзіву даешся, як гэтая птушка ўвогуле здольная лётаць, не кажучы ўжо пра тое, каб штогод дабірацца да ўзбярэжжаў Чорнага і Каспійскага мораў, а потым зноў вяртацца на свае ўлюбёныя паўночныя азёры. Яно і сапраўды так — абцякальны сілуэт гагача з аднесенымі далёка назад нагамі, якія выконваюць на вадзе ролю грабнога вінта і не здольныя ўтрымліваць птушку на зямлі, нагадвае тарпеду: вострая дзюба незаўважна пераходзіць у галаву, галава таксама незаўважна — у шыю, шыя — у цыліндрычнае тулава, на канцы — лапкі-вінты. Вось толькі крылы... Кароткія, вузкія, вострыя, яны выглядаюць неяк ненатураль-

на, быццам нехта памылкова прычапіў іх да гэтага даволі грузнага тулава. Нават на вялікай адлегласці бачна, якіх намаганняў каштуе гагачу палёт — кароткія частыя ўзмахі крылаў, здаецца, адбіраюць у горалетуна рэшткі сіл, увесь час чакаеш, што птушка не вытрымае гэткага марафона і рухне назад у ваду.

Затое як грацыёзна выглядае гагач у роднай стыхіі! Вось ён плаўна пагойдваецца на хвалях — над вадой бачныя толькі галава з шыяй і верхняя частка спіны, быццам рубка і перыскоп субмарыны. Прадрэйфаваўшы па хвалях пэўную адлегласць, гагач нечакана дае нырца — нават заўважыць не паспееш! — і праз пару хвілін (гэта своеасаблівы рэкорд у свеце птушак) з’яўляецца на паверхні вады за добрую сотню метраў ад месца «пагружэння». Сучасныя метады відэаздымкі далі вучоным магчымасць паназіраць за пад-

Шэры журавель

воднымі паводзінамі гагачоў — там, углыбіні, палюючы на дробных рыбак, гагачы дэманструюць вышэйшы падводны пілатаж, не горш за свіргулёў у паднябессі, толькі хуткасць, зразумела, не тая.

Вось так і жыве птушка-гагач: рухаецца пад вадой, харчуецца пад вадой, ад небяспекі хаваецца таксама пад вадой. Гняздо, праўда, на топкім беразе альбо сплавіне, ды і тое амаль вадзяное — ва ўсялякім выпадку яно злучана з вадой нахіленай пляцоўкай, па якой гагач-самка выбіраецца з вады на гняздо і, быццам лодка са стапеляў, саслізгвае пры патрэбе назад у ваду.

Апісваць, як выглядае наступны прадстаўнік балотнай арнітафауны — шэры журавель, пэўна, няма асаблівай патрэбы — герой народных казак і паданняў, песень і вершаў, журавель вядомы бадай што кожнаму, калі і не па асабістых сустрэчах, то па малюнках і тэлеперадачах дакладна. Калі быць аб’ектыўным, то разглядаць жураўля можна было і ў якасці жыхара нізінных балот, а таксама сырых заліўных лугоў і нават палёў, дзе ў забалочаных нізінах жураўлі часам гняздуюцца і выводзяць птушанят. Так яно ўвогуле і ёсць — шэрыя жураўлі з’яўляюцца насельнікамі разнастайных адкрытых забалочаных абшараў, але з адзінай умовай — прысутнасць людзей на гэтых тэрыторыях павінна быць вельмі абмежаванай. А верхавыя балоты Беларусі, па краях якіх гэтыя птушкі, дарэчы, таксама гняздуюцца, з’яўляюцца для жураўлёў яшчэ і вельмі важнымі ў якасці месцаў адпачынку падчас асенняга пералёту.

У перыяд гнездавання і выхоўвання птушанят жураўлі трымаюцца парамі, гнёзды, якія ўяўляюць сабой грунтоўныя платформы з расліннага ашмоцця і хлузу, бу-

дуюць альбо сярод вялікіх забалочаных прастораў, альбо нават сярод залітага вадой лесу на краі балота, прычым адна і тая ж пара птушак кожны год можа весці сябе па-рознаму. У адным толькі жураўлі захоўваюць зайздроснае пастаянства — гэта надзвычайная асцярожнасць. Падысці да птушак, якія кормяцца альбо адпачываюць, не кажучы ўжо пра тых, якія знаходзяцца на гнездавым участку, амаль немагчыма. Увесь час адна з птушак пільна назірае за наваколлем і пры любой небяспецы падае свайму партнёру трывожны сігнал. Вельмі ўражваюць шлюбныя «спевы» жураўлёў (калі толькі моцныя трубныя крыкі можна назваць спевамі), якія выконваюцца дуэтам і чуваць часам за некалькі кіламетраў. А той, каму пашчасціла назіраць жураўліныя танцы, якія выконваюцца падчас гэтых спеваў і якім бы пазайздросціў любы балетмайстар, запомніць гэткае відовішча на ўсё жыццё.

У другой палове лета, пасля таго як маладыя стануць на крыло, жураўлі збіраюцца ў вялікія чароды, начуюць дзе-небудзь у забалочаным, маладаступным для людзей месцы, а карміцца вылятаюць на палі і сенажаці. Заўсёды, чым бы ні займаліся птушкі, па краях участка, на якім яны знаходзяцца, стаяць некалькі пільных вартавых, якія папярэджваюць чараду аб любой небяспецы. А яшчэ праз паўтарадва месяцы жураўліныя кліны пачынаюць адлятаць на поўдзень, абвяшчаючы сваімі тужлівымі, так непадобнымі на вясеннія, крыкамі аб надыходзе восені.

Шэрая курапатка, якая шырока распаўсюджана ў Беларусі і сустракаецца нават на тэрыторыі буйных гарадоў, вядома ўсім. Пра яе паўночную сваячку белую курапатку, альбо пардву, многія таксама чулі. A вось тое, што гэтая птушка жыве і ў нас, у

Беларусі, вядома далёка не ўсім. Як няцяжка здагадацца, сустрэць яе можна толькі на поўначы нашай краіны, а дакладней, на верхавых балотах Віцебшчыны. Мы з вамі ўжо ведаем, што сфагнавыя балоты, парослыя рэдкім чэзлым сасоннікам, можна разглядаць як імправізаваныя часцінкі тундры, якія там-сям укліньваюцца ў зону лясоў. Менавіта верхавыя балоты і даюць цэламу шэрагу паўночных відаў жывёл і раслін магчымасць пранікаць на поўдзень далёка ад зоны свайго асноўнага распаўсюджвання. Пардва — адна з такіх «каланізатараў».

Увогуле гэтая птушка з’яўляецца прыкладам ідэальнай прыстасаванасці да жыцця ў суровых умовах поўначы. Пардва, накшталт зайца-беляка, мае два варыянты апярэння — летняе і зімовае, якія адрозніваюцца адно ад другога. Калі не ведаць гэтай асаблівасці, можна нават падумаць, што маеш справу з двума рознымі відамі птушак. Узімку пардва носіць белае апярэнне з чорнымі палоскамі це-

раз вока і крайнімі пер’ямі хваста і з пунцова-чырвоным брывом. Да зімовага ўбранства пардвы дадаецца яшчэ адна цікавая асаблівасць — моцна адрослыя кароткія шчыльныя перынкі на пальцах лап, якія ўтвараюць нейкае падабенства лыжаў. Гэта дае птушцы магчымасць, не правальваючыся, бегаць па глыбокім, нават самым рыхлым снезе. Цяжка сказаць, якое з убранняў пардвы — летняе альбо зімовае — з’яўляецца лепшай маскіроўкай. Буравата-карычневае, са шматлікімі чорнымі рысачкамі — пад колер тундры альбо, калі пажадаеце, верхавога балота — пер’е настолькі злівае птушку з навакольным ландшафтам, што можна знаходзіцца літаральна за два крокі і не заўважыць яе. Вось толькі з «дэмісезоннай вопраткай» пардва мае пэўныя праблемы. Справа ў тым, што снег сходзіць і тым больш выпадае значна хутчэй, чым мяняецца апярэнне ў птушкі.

Сярэдні кулён

k вось яшчэ адзін паўночны жыхар, прычым вельмі падобны на нашага старога знаёмага — вялікага кулёна. Называецца ён сярэдні кулён і выглядае амаль так, як і вялікі сваяк. Тыя ж цыбатыя ногі, тая ж доўгая, загнутая ўніз дзюба, тая ж афарбоўка. Вось хіба што памерамі крыху меншы ды на галаве тры светлыя палоскі (зусім як у вяртлявай чаротаўкі) — адна праз цемя і патыліцу, дзве — праз бровы. У адрозненне ад вялікага кулёна, які можа гнездавацца на больш-менш разнастайных адкрытых тэрыторыях, сярэдні ва ўмовах Беларусі сустракаецца выключна на верхавых балотах.

Увогуле, і паводзіны братоў-кулёнаў вельмі падобныя: абодва гняздуюцца разрэджанымі калоніямі (некалькі пар птушак займаюць пэўную абмежаваную тэрыторыю, але адлегласць паміж гнёздамі складае часам некалькі соцень метраў), абодва вельмі асцярожныя, нават галасытрэлі даволі сходныя. Сярэдні кулён, таксама як і вялікі, сустракае нязваных гасцей на мяжы свайго гнездавога ўчастка, суправаджае яго да супрацьлеглай мяжы, дзе перадае па эстафеце суседу.

Абодва віды кулёнаў даволі рэдкія не толькі ў нас, у Беларусі, але і ў межах усяго арэала. Змяншэнне іх колькасці, як і многіх іншых відаў, звязана, у першую чаргу, са скарачэннем плошчаў, прыгодных для гнездавання. Дарэчы, у гэтай «сям’і» ёсць яшчэ і трэці брат — танкадзюбы кулён, які лакальна сустракаецца на некаторых балотах Заходняй Сібіры і ўвогуле знаходзіцца на мяжы знікнення.

I, нарэшце, яшчэ адзін прадстаўнік запалярнай фауны, які абаснаваўся на беларускіх верхавых балотах, гэта залацістая сеўка. Вельмі прыемны на від акуратненькі кулічок, памерамі крыху меншы за голуба.

Верх цела афарбаваны ў колер спелага жыта са шматлікімі чорнымі плямінкамі. Ніз — белы з вялікай чорнай плямінай, якая ахоплівае горла, грудку і падпуззе. Hori і дзюба параўнальна кароткія, у сувязі з чым сеўка ў палёце моцна нагадвае голуба як сілуэтам, так і характарам самога палёту.

Залацістая сеўка

Падчас асенняй міграцыі ў асобных раёнах Беларусі залацістыя сеўкі бываюць даволі шматлікія — чароды ў некалькі дзесяткаў, a то і соцень гэтых кулікоў затрымліваюцца на нашых пожнях, каб падсілкавацца і набрацца сіл на паўдарозе з далёкіх арктычных тундраў на поўдзень Еўропы і поўнач Афрыкі, дзе яны праводзяць зімовыя месяцы. Увогуле, большасць паўночных жыхароў трывала бываюць на радзіме не больш чым два з паловай-тры месяцы — толькі-толькі каб стварыць сям’ю, вывесці і падняць на крыло птушанят. Увесь астатні час займае дарога да месцаў зімовак і назад, ну і, вядома ж, сама зімоўка.

Нашым, беларускім, сеўкам у гэтым сэнсе пашанцавала значна больш — як ні круці, нават з папраўкай на дрэннае надвор’е, месяц форы ў параўнанні з паўноч-

нымі братамі ў іх ёсць — так што спяшацца з гнездаваннем, так як на поўначы, ім не трэба. Вось толькі, на жаль, пакуль што далёка не ўсе сеўкі ацанілі такую перавагу беларускіх балот супраць арктычных тундраў — хаця сустракаюцца гэтыя цікавыя кулічкі амаль на кожным буйным верхавым балоце Віцебшчыны, колькасць іх складае ўсяго некалькі, a то нават і адну пару на балота.

Вядома, гэта далёка не поўны пералік усіх тых птушак, якіх можна сустрэць у нашых населеных пунктах альбо на унікальных беларускіх балотах. На старонках гэтай кнігі аўтар паспрабаваў расказаць толькі пра самых характэрных альбо найбольш цікавых прадстаўнікоў птушынага насельніцтва гэтых экасістэм. Значная частка той інфармацыі, якая прыведзена тут, ёсць не што іншае, як асабістыя ўражанні, атрыманыя падчас назіранняў за птушкамі ў прыродзе. За гэтымі ўражаннямі не трэба ехаць далёка, яны даступныя любому з вас. Дастаткова толькі зацікавіцца, адчыніць дзверы і крочыць у цудоўны свет, імя якому — родная прырода.

Зразумела, што далёка не кожны з тых, хто зараз трымае ў руках гэтую кнігу, з цягам часу стане прафесійным заолагам альбо ахоўцам дзікай прыроды. He кожны зацікавіцца жыццём птушак настолькі, што, узяўшы ў рукі бінокль і закінуўшы за плечы рукзак, прымецца вандраваць па родных лясах і балотах у пошуках сустрэч з новымі, дагэтуль невядомымі яму птушкамі. Вядома, не. Але нават калі хто з чытачоў, сустрэўшы якую-небудзь з апісаных тут птушак, пазнае яе і, успомніўшы прачытаныя радкі, прывітае старую знаёмую, можна будзе лічыць, што мэта нашай гаворкі аказалася дасягнутай.

Агульныя нравілы пабудовы і развешвання штучных гнёздаў

• Унутраныя сцены доміка павінны быць негабляванымі.

• Папярэчныя (супраць валакна дошкі) зрэзы павінны кантактаваць не з лабавымі, а з бакавымі (вузкімі) сценкамі. У адваротным выпадку пры намаканні і наступным высыханні скрыні ў яе днішчы ўтвараюцца шчыліны.

• Дах у домікаў павінен быць здымным.

• Пажадана, каб домікі для сініц знутры былі цёмнымі, а для валасяніц і рудахвостак — светлымі.

• Звонку домікі пажадана афарбаваць у зялёны колер.

• Сінічнікі трэба развешваць парамі, што дае птушкам магчымасць першы і другі вывадкі рабіць у розных гнёздах.

• Ляток доміка павінен быць арыентаваны на ўсход, паўночны ўсход альбо паўднёвы ўсход.

• Для абароны лятка ад раздзёўбвання дзятламі можна аббіць яго бляшанкай, абойнымі цвікамі альбо прыбіць папярэчную планку з адтулінай для лятка (дзяцел не дзяўбе драўніну з папярэчнымі валокнамі).

• Каб абараніць птушанят ад катоў, знутры доміка пад лятком прымацоўваюць брусок, а ствол дрэва пад гняздом аббіваюць бляшанкай альбо калючымі галінкамі.

Абсталяванне гнездавых пляцовак для белага бусла

Сінічнік для дробных сініц і пярэстых валасяніц

Сінічнік для вялікіх сініц

Дуплянка для большасці дробных дуплагнёзднікаў

Домікі для рудахвостак

Варыянты развешвання домікаў

Алфавітны паказальнік

Балотная

Белая сітаўка

Белы бусел 35

Вялікі кулён 43

Амялушка 29

Арол-маркут 52

сава 47

24

Вялікая сініца 25

Вяртлявая чаротаўка

41

Вясковая ластаўка 18

Барадская ластаўка 17

Дамовы верабей 15

Дрозд-піскун 23

Дубальт 45

t Жаўрук-смяцюх 25

/ Залацістая сеўка 58

Звычайная зелянушка 30

Звычсшная рудахвостка 21

Звычсшны паўзунок 28

Звычайны попаўзень 27

Канаплянка 30

Каўка 34

Кольчатая туркаўка 13

Лугавы свірстун

Малы Озяцел 29

Пагоніч 46

Палявая падкаменка

Палявы верабей 16

Пардва 57 ^Рудахвостка-чарнушка 21

Сарока 33

Сіняя сініца 27

Сокал-дрымлюк 54

48

Стрынатка-чаротаўка

Сярэдні кулён 58

Чорнагаловы шчыгол 31

Чорнавбіллёвы гагач 55

Чорны свіргуль 17

Шгшк 20

Шэрая варона 31

48

Шызы голуб 13

Шэры журавель

56

Навукова-папулярнае выданне

ЗЯМЛЯ МАЯ

ЗУЁНАК Сяргей Васільевіч

ПТУШКІ

Крылатая песня Зямлі

Нарысы

Рэдактар С. У. Фядотава

Мастацкі рэдактар В. А. Макаранка

Тэхнічны рэдактар Т. С. Звярковіч

Стылістычны рэдактар М. Ч. Пермякова

Падпісана да друку з дыяпазітываў 10.09.04. Фармат 84х1081/,6Папера афсетная № 1. Гарнітура TextBookC. Афсетны друк. Умоўн. друк. арк. 6,72. Улік.-выд. арк. 4,85. Тыраж 3000 экз. 3аказ293.

Выдавецкае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. ЛРІ № 02330/0056778 ад 17.02.2004. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінская фабрыка каляровага друку». 220024, Мінск, вул. Каржанеўскага, 20. 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.