Жабка і чужынец  Макс Фэльтаўйс

Жабка і чужынец

Макс Фэльтаўйс

Выдавец: Каўчэг
Памер: 28с.
Мінск 2005
8.93 МБ
Жабка і чужынец
Менск
Усім жывёлам на гэтай зямлі — чорным ці белым, блакітным ці жоўтым, чырвоным ці зялёным, паласатым ці плямістым...
Дарагія дзеці зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы!
Мой урад з дапамогаю праграмы “Матра” (Matra-programma) падтрымлівае перамены да лепшага ў краінах, дзе вы жывяцё. Пры гэтым мы імкнемся ўмацоўваць дэмакратыю, сяброўскія ўзаемадачыненьні й супрацоўніцтва паміж вашымі й маёй краінамі.
Праграма “Матра” існуе ўжо дзесяць гадоў. Дзесяць гадоў — гэта вялікі TapMin, і таму мы вырашылі зрабіць вам падарунак на дзень нашага нараджэньня. Мы прапануем вам кніжку, у якой якраз і гаворыцца пра тыя перамены, што падтрымлівае “Матра”. У гэтай казцы распавядаецца пра тое, што аднойчы ў лесе, дзе жылі зьвяркі, пасяліўся чужынец. Зьвяркам гэта не спадабалася, і яны пачалі дрэнна казаць пра яго. Але сваімі добрымі справамі чужынец зьмяніў стаўленьне да сябе. Добра тое, што добра сканчаецца! Зразумела, гэта проста казка, але з дапамогай казак мы часам лепш разумеем, што адбываецца ў нашым жыцьці. I гэтая казка вучыць нас быць больш прыязнымі да чужынцаў.
Я жадаю вам ад імя “Матры” прыемнага чытаньня.
Атзо Нікалаі (Atza Nicolai) Міністар па эўрапейскіх справах, Нідэрлянды
This book is published with the support of the Matra programme of The Netherlands Ministry of Foreign Affairs.
© Max Velthuijs, тэкст, ілюстрацыі. 1993
Published by permission of Andersen Press Ltd., London WC2.
Выданьне кнігі сталася магчымым дзякуючы падтрымцы СЕЕВР.
Назва арыгіналу: Kikker en de vreemdeling (Frog and the Stranger).
ISBN 985-6056-35-1
Пераклад з галяндзкай Юрася Жалезкі.
Каўчэг, 2005
Друк:
Grafiche AZ, Verona
Макс Фэльтаўйс
Жабка і чужынец
Менск 2005
Аднойчы на ўскраек лесу прыйшоў чужынец. Першым яго ўбачыў Парсючок.
— Вы яго бачылі? — усхвалявана спытаўся ён. — Што ж зараз рабіць?
— Што гэта за зьвер такі? — спыталася Качаня.
— Я мяркую, што гэта брыдкі, нямыты пацук, — сказаў Парсючок.
— Сьцеражыцеся яго, — папярэдзіла Качаня, — пацукі — злодзеі.
— Адкуль ты ведаеш? — спыталася Жабка.
— Гэта ведае кожны, — адказала Качаня з пагардай.
Жабка гэтага ня ведала й вырашыла сама пайсьці паглядзець. Калі надыйшоў вечар, яна ўбачыла здалёк чырвонае сьвятло. Жабка асьцярожна падпаўзла бліжэй.
На ўскрайку лесу тырчалі некалькі жэрдак, да якіх была прымацаваная нейкая тканіна.
Чужынец гатаваў на вогнішчы ежу ў гаршчочку.
Пахла вельмі смачна.
Жабка адчула, як ля вогнішча ўтульна.
— Я яго бачыла, — распавядала Жабка на наступны дзень.
— Ну і як? — спытаўся Парсючок.
— Ен падаўся мне добрым зьвярком, — сказала Жабка.
— Будзь асьцярожная, бо гэта ўсё ж такі брудны пацук, — сказаў Парсючок.
— Ен прыйшоў сюды зьесьці нашую ежу і не працаваць.
Пацукі брыдкія й лянівыя, — сказала Качаня.
Але гэта была няпраўда.
Пацучок увесь час быў заняты працай.
Ён назьбіраў жардзінаў у лесе і змайстраваў зь іх стол, а побач са сталом — лаву.
I ён зусім ня быў брудны.
Кожны дзень ён мыўся ў рацэ.
Аднойчы вырашыла Жабка наведаць Пацучка.
— Прывітаньне! — сказала яна. — Я — Жабка.
— Так, я добра гэта бачу, — сказаў Пацучок. — Я не дурны, я магу чытаць і пісаць. Таксама я размаўляю на трох мовах: па-француску, па-ангельску й па-нямецку.
Жабка была вельмі ўражаная.
Бо нават Заяц гэтага ня мог.
У гэты момант падыйшоў Парсючок.
— Адкуль ты прыйшоў? — злосна спытаўся ён.
— Адусюль і ніадкуль, — спакойна адказаў Пацучок.
— Чаму ты не вяртаесься туды, адкуль прыйшоў? Ты нетутэйшы! — закрычаў Парсючок.
— Я шмат пабачыў на гэтым сьвеце, — адказаў яму Пацучок. — Тут спакойна. Цудоўная рэчка. Мне тут падабаецца.
— А жардзіны ты ж, напэўна, скраў? — спытаўся Парсючок. — Знайшоў, — адказаў Пацучок. — А знайсьці — гэта ня скрасьці.
— Брудны пацук, — прамармытаў Парсючок.
— Ну, вядома, вядома. I зноўку, як заўсёды,
ува ўсім вінаватыя пацукі, — сказаў Пацучок з гаркотай.
Тады зьвяркі вырашылі пайсьці да Зайца.
— Гэты брудны пацук мусіць пайсьці адсюль, — сказаў Парсючок. — Яму тут няма чаго рабіць.
—	Ён крадзе ў лесе дровы, і да таго ж ён вельмі брыдкі, — закрычала Качаня.
—	Супакойцеся, — сказаў Заяц. — Ён непадобны да нас, але ж ён ня робіць ніякай шкоды. А лес належыць усім.
Пачынаючы з гэтага дня Жабку можна было часта ўбачыць у Пацучка.
Яны сядзелі на лаўцы й любаваліся краявідам.
Пацучок распавядаў пра свае прыгоды падчас доўгіх падарожжаў.
Ен шмат чаго зьведаў у сваім жыцьці.
Парсючку гэта вельмі не падабалася.
— Ты ня мусіш сябраваць з гэтым брудным пацуком, — злосна сказаў ён.
— Але чаму? — спыталася Жабка.
— Ён непадобны да нас, — сказала Качаня.
— Непадобны? — перапытала Жабка. — Але ж мы й самі непадобныя адно да аднаго.
— He. Мы ўсе з гэтага лесу.
Аднойчы Парсючок гатаваў ежу.
Ен быў неасьцярожны, і полымя ахапіла патэльню.
Агонь хутка распаўсюджваўся, і хатка Парсючка загарэлася
як сьвечка.
Перапалоханы Парсючок кінуўся з хаткі.
— Пажар! Пажар! — крычаў ён.
Пацучок, пачуўшы крык, першы прыбег да ахопленай полымем хаткі.
Ен заліваў агонь вадой, бегаючы зь вядром паміж рэчкай і хаткай, пакуль нарэшце не патушыў пажар.
Ад хаткі амаль нічога не засталося.
Зьвяркі ў разгубленасьці стаялі побач.
Цяпер у Парсючка не было даху над галавой.
Аднак ня ўсё было страчана.
Бо Пацучок прынёс малаток і цьвікі й вельмі хутка адбудаваў хатку.
Аднойчы Заяц пайшоў на рэчку мыцца.
Ен пасьлізнуўся й зваліўся ў глыбокую ваду.
Заяц ня ўмеў плаваць.
— Ратуйце! — гучна закрычаў ён.
Пацучок пачуў ягоны крык.
Ен вокамгненна скочыў у ваду і выцягнуў Зайца на бераг жывога й здаровага.
Цяпер усе пагадзіліся: Пацучок можа застацца ў лесе.
Ён вельмі ўзрадаваўся гэтаму й заўжды быў гатовы прыйсьці на дапамогу.
Пацучок заўсёды прыдумляў нешта цікавае.
Напрыклад, пікнік на беразе рэчкі ці лясную вандроўку.
Па вечарах ён распавядаў цікавыя гісторыі пра драконаў Кітая, якіх ён перамог.
Гэта быў шчасьлівы для ўсіх час, бо Пацучок выдумляў заўсёды нешта новае.
Калі аднойчы прыгожым днём Жабка прыйшла наведаць свайго сябра Пацучка, яна не паверыла ўласным вачам. Намёт быў складзены, а Пацучок стаяў з рукзаком за плячыма.
— Ты сыходзіш? — зьдзіўлена спыталася Жабка.
— Мне трэба ісьці далей, — сказаў Пацучок. — Магчыма, у Амэрыку, бо я там яшчэ ніколі ня быў.
Жабка вельмі засмуцілася.
Са сьлязьмі ў вачох зьвяркі разьвітваліся са сваім сябрам.
— Магчыма, я яшчэ буду праходзіць праз гэтыя мясьціны, — сказаў Пацучок, — тады я пабудую мост цераз рэчку.
I ён пайшоў. Пайшоў гэты цудоўны, самаахвярны, добры й разумны Пацучок, які спачатку здаваўся ўсім брудным і брыдкім. Зьвяркі глядзелі яму ўсьлед, пакуль ён ня зьнік за ўзгоркам.
— Мы будзем сумаваць безь яго, — сказаў Заяц і цяжка ўздыхнуў.
Пацучок пакінуў пасьля сябе толькі лаўку, якая так
і засталася стаяць на беразе рэчкі.
I часта зьвяркі сядзелі на ёй ды ўзгадвалі Пацучка.

WW1
Яны лянівыя, брыдкія й брудныя. Гэта ведае кожны!
Парсючок сказаў, што пацукам у лесе ня месца. Аднак Жабка вырашыла сама пайсьці й паглядзець...