Чарадзейныя казкі  Шарль Пэро

Чарадзейныя казкі

Шарль Пэро
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 132с.
Мінск 2018
28.62 МБ
Што гэта вы надумаліся на ноч гледзячы? Ці ж заўтра часу не будзе?
Сціхні! адказаў людаед. Калі я іх сёння запраўлю, дык заўтра яны будуць толькі смачнейшыя.
Але ж у вас яшчэ столькі мяса, сказала жонка, і цяля, і два бараны, і палавіна парсючка!
Ну, добра, пагадзіўся людаед, дай ім
уволю паесці, каб не схуднелі, ды вядзі хутчэй спаць.
Добрая жанчына вельмі ўзрадавалася. Яна падала хлопчыкам смачную вячэру, але яны былі такія напалоханыя, што зусім не маглі есці. А людаед пачаў піць віно ды ўсё цешыўся, што яму цяпер ёсць чым пачаставаць сваіх сяброў.
Было ў людаеда сем маленькіх дачок. Усе яны былі таўсмаценькія ды чырванашчокія, бо, як і бацька, заўсёды елі свежае мяса. Але вочкі ў іх былі шэрыя, круглыя, насы кручкаватыя, а раты вялікія, з доўгімі, рэдкімі і вельмі вострымі зубамі. Нораў яны мелі яшчэ не надта злы, але часам ужо, здаралася, кусалі дзяцей, каб пасмактаць з іх кроў.
Дачок рана паклалі спаць, і ўсе яны ляжалі ў адным вялікім ложку, а на галаве ў кожнай была залатая карона. У пакоі быў яшчэ адзін такі самы ложак, і на ім людаедава жонка паклала спаць семярых хлопчыкаў, а сама пайшла ў спальню да мужа.
Малое Пальчанё ўбачыў, што на людаедавых дочках залатыя кароны, і, баючыся, каб
людаед не перадумаў ды не прыйшоў зарэзаць яго з братамі пасярод ночы, ціхенька ўстаў, зняў з братоў начныя чапцы і надзеў іх на галовы людаедавым дочкам. А залатыя кароны надзеў на сябе і братоў, каб людаед у цемры ўсё пераблытаў і палічыў іх за сваіх дачок, а сваіх дачок за хлопцаў, якіх збіраўся зарэзаць.
Усё ўрэшце так і выйшла: апоўначы людаед прачнуўся і пашкадаваў, што адклаў на заўтра тое, што мог бы зрабіць адразу. Ён жвава саскочыў з ложка і, схапіўшы вялізны нож, сказаў:
-	Ану, паглядзім, што там робяць нашыя галубочкі. I не будзем болей адцягваць справы.
Навобмацак ён падняўся ў пакой да сваіх дачок і падышоў да ложка, на якім ляжалі хлопчыкі. 3 усіх братоў не спаў толькі Малое Пальчанё. Ён вельмі спалохаўся, калі людаед пачаў абмацваць яго галаву рукой. Але намацаўшы на хлопцах залатыя кароны, людаед падумаў, што гэта ягоныя дочкі, і сказаў:
-	Ну і ну! Вось дык штуку я ледзь не ўпароў! Відаць, сапраўды я выпіў учора лішку.
Потым ён падышоў да ложка, на якім ляжалі ягоныя дочкі, і, адчуўшы пад рукой начныя чапцы, крыкнуў:
-	Ага! Вось вы дзе, шалапуты! Дык папрацуем жа ў ахвотку!
I з гэтымі словамі ён, не вагаючыся, парэзаў усіх дачок. Вельмі задаволены тым, што зрабіў, ён вярнуўся ў спальню і спакойна лёг спаць побач з жонкай.
Як толькі Малое Пальчанё пачуў, што людаед захроп, ён разбудзіў братоў і загадаў ім хутчэй апранацца і йсці за ім. Яны ціха спусціліся ў сад, пераскочылі цераз мураваную агароджу і кінуліся наўцёкі. Ад страху яны беглі ўсю ноч, самі не ведаючы куды.
А людаед прачнуўся раніцай і сказаў жонцы:
-	Ідзі наверх ды прыбяры галубочкаў, што заляцелі да нас учора.
Людаедзіху вельмі здзівіла мужава дабрыня. Яна не здагадвалася, што ён меў на ўвазе, кажучы прыбраць гэтых хлопцаў. Яна думала, што ён загадвае добра ды чыста іх апрануць. Добрая кабета паднялася наверх і...
аслупянела ад здзіўлення, убачыўшы, што сем яе дачушак ляжаць зарэзаныя ў крыві.
Канечне, яна адразу самлела, бо гэта першае, што робяць амаль усе жанчыны ў такіх выпадках. Тым часам людаед пачаў непакоіцца, чаму жонка, якой ён даручыў справу, так доўга корпаецца. I ён сам падняўся дапамагчы. Але як жа ён быў здзіўлены, калі ўбачыў такую жахлівую карціну!
-	А што ж я нарабіў! залямантаваў ён. А гора мне, гора! Ну, паганцы! Вы мне заплаціце за гэта!
Ён плюхнуў жонцы ў твар цэлы збан халоднай вады і, калі яна ачулася, крыкнуў:
-	Ану, цягні хутчэй мае сямімільныя боты, я павінен дагнаць гэтых шалахвостаў!
Ён кінуўся ў пагоню, але яшчэ доўга папабегаў ва ўсе бакі, пакуль натрапіў на сцяжыну, па якой ішлі бедныя хлопцы. Яны былі ўсяго за сто крокаў ад сваёй хаты, калі ўбачылі, як людаед бяжыць за імі, пераскокваючы з гары на гару і пераступаючы цераз рэчкі так лёгка, быццам гэта маленькія ручаінкі. На шчасце, зусім побач Малое Пальчанё заўважыўу скале
пячору і загадаў братам схавацца. Потым ён залез туды сам і пачаў цікаваць, што будзе рабіць людаед. А людаед, дужа стаміўшыся ад доўгае беганіны (бо той, хто носіць сямімільныя боты, вельмі ад іх стамляецца), захацеў адпачыць. Выпадкова ён сеў якраз на тую самую скалу, пад якой схаваліся хлопчыкі.
Людаед вельмі знямогся і, як толькі сеў, амаль адразу заснуў. Ён так страшэнна захроп, што бедныя хлопцы спалохаліся не менш, чым учора, калі ён узяў нож і хацеў іх зарэзаць. Меней за ўсіх напалохаўся Малое Пальчанё. Ён сказаў братам, каб яны, пакуль людаед моцна спіць, хуценька беглі дадому, а пра яго не турбаваліся. Яны паслухаліся яго і неўзабаве былі ўжо дома.
А Малое Пальчанё падкраўся да людаеда, ціхутка сцягнуў з яго боты і хуценька іх надзеў. Боты былі вельмі вялікія, з вельмі шырокімі халявамі. Але ж яны былі чарадзейныя, і таму маглі павялічвацца ці памяншацца залежна ад таго, хто іх надзяваў. I калі Малое Пальчанё нацягнуў іх сабе на ногі, яны зрабіліся яму ў самы раз, быццам былі на яго
пашытыя. Тады ён пабег да людаедавай хаты і, убачыўшы людаедаву жонку, якая плакала над зарэзанымі дочкамі, сказаў:
Ваш муж у страшнай небяспецы. Яго схапілі зладзеі, якія пакляліся, што заб’юць яго, калі ён не аддасць усё сваё срэбра і золата. Якраз калі яны падсунулі яму да горла нож, ён заўважыў мяне і папрасіў, каб я хутчэй бег да вас і расказаў пра ўсё, што з ім здарылася. Ён сказаў, каб вы аддалі мне ўсе каштоўнасці і каб нічога сабе не пакідалі, бо іначай яго заб’юць. Гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Таму ён і даў мне свае сямімільныя боты каб я паспяшаўся і каб вы не падумалі, што я выдумляю.
Кабета вельмі напалохалася і адразу аддала Малому Пальчаню ўсё, што ў яе было. Яна шкадавала людаеда, бо хоць ён і еў маленькіх дзетак, але муж быў вельмі добры. Так Малое Пальчанё завалодаў усімі людаедавымі багаццямі і вярнуўся дадому, дзе яго ўсе чакалі і сустрэлі з вялікай радасцю.
Зрэшты, шмат хто не пагаджаецца з такім канцом гэтай гісторыі. Кажуць, што Малое Пальчанё ніколі не абкрадаў людаеда і што
напраўду ён толькі і зрабіў, што зняў з яго сямімільныя боты, якія абуваў потым, толькі каб паганяцца за малымі дзецьмі. Людзі запэўніваюць, што гэта вядома ім з надзейных крыніц і нават ад самога дрывасека, бо яны бывалі ў яго ў хаце, дзе іх частавалі пітвом ды рознымі стравамі. Яны пераконваюць, што, абуўшы людаедавы боты, Малое Пальчанё пайшоў да караля, бо той вельмі непакоіўся за лёс свайго войска, якое паслаў на бітву за дзвесце міль. Кажуць, нібыта ён паабяцаў каралю, што яшчэ завідна прынясе звесткі пра войска, калі на тое будзе каралеўская воля. Кароль вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што, калі Малое Пальчанё зробіць гэта, яму заплацяць вялікія грошы. Таго ж вечара Малое Пальчанё прынёс каралю навіны з фронту, і гэты ўчынак прынёс яму такую вядомасць, што цяпер ён мог зарабляць, колькі хацеў: кароль шчодра плаціў яму за тое, што ён насіў загады ягоным войскам, а незлічоныя паненкі не скупіліся на падарункі, каб хутчэй атрымаць вестку ад сваіх каханкаў. I трэба сказаць, што ад жанчын яму даставалася асабліва багата.
Часам, бывала, і некаторыя жонкі прасілі яго занесці ліст мужу. Але плацілі яны за гэта такую дробязь, што за яе і купіць нічога людскага не купіш. I таму Малое Пальчанё ўвогуле нават не лічыў гэта за заробак.
Працуючы пасланцам, Малое Пальчанё добра разбагацеў і, калі вяртаўся ў бацькаву хату, усе яму так радаваліся, што і сказаць немагчыма. Дзякуючы меншаму сыну ў сям’і нарэшце з’явіўся дастатак. Бацьку і братам Малое Пальчанё купіў неўзабаве тытулы ды чыны і добра ўладкаваў іх у жыцці. Дый на сябе Малое Пальчанё таксама не забыўся: ён знайшоў нявесту і, ажаніўшыся з ёю, пачаў жыць-пажываць дый гора не ведаў.
Мараль
Бадай, няма вялікага няшчасця, Калі сыноў прыносіць жонка ў хату часта. Каб толькі кожны быў прыгожы ды руплівы!
Але бяда, калі адзін цяльпук:
Усе ўжо кпяць ды пазіраюць крыва...
А часам гэткі вось хлапчук
I робіць ўсю сям’ю шчаслівай.
Пэро, ПІарль
П97 Чарадзейныя казкі / Шарль Пэро; пераклад з франц. Зміцера Коласа; маст. Яўгенія Цыбульская. — Мінск : Зміцер Колас, 2018. — 132 с.: іл.
ISBN 978-985-7164-89-9.
Славутыя на ўвесь свет чарадзейныя казкі Шарля Пэро (1628-1703), часцей вядомыя па спрошчаных пераказах, у гэтай кнізе прапануюцца ў поўным перакладзе арыгінальнага тэксту.
Адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту, а вершаваныя маралі ў канцы кожнай казкі могуць быць цікавыя і дарослым.
ББК 84(4Бек)-44
УДК 821.161.3-4
Літаратурна-мастацкае выданне
Пэро Шарль ЧАРАДЗЕЙНЫЯ КАЗКІ
Дызайн і ілюстрацыі Я. I. Цыбульскай Мастацкі рэдакатар A. I. Ясінскі Адказны за выпуск Зм. Колас
Падпісана да друку 31.01.2018. Фармат 60 х 84 */16. Папера афсетная. Друк лічбавы.
Ул.-выд. арк. 4,45. Ум. друк. арк. 7,67. Наклад 1000 асобнікаў. Заказ № 9 от 16.02.2018.
Выдавец і паліграфічнае выкананне: індывідуальны прадпрымальнік Зміцер Колас. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў№ 1/291 ад 17.04.2014. Пр. Незалежнасці, 105-14, 220023, Мінск.
ISBN 978-985-7164-89-9
9 789857 164899