Запісы 32

Запісы 32

157.77 МБ
„а) Даручыць С[акратарыя]ту тэрмінова азнаёміцца з [кандыдатурай] Кр[ынчыка] і канчаткова вырашыць пытаньне пра яго.
б)	У выпадку станоўчага вырашэньня пытаньня аб ягонай кандыдатуры, лічыць неабходным ягонае ўваходжаньне ў склад кл[юбу].
в)	С[акратарыя]т прыме ўсе захады для паскарэньня складаньня паўнамоцтваў С[таганові]чам“43.
Усе пункты гэтай пастановы былі апэратыўна выкананыя. Кандыдатура Паўла Крынчыка, як адзначалася вышэй, выклікала ў той час у заходнебеларускіх камуністаў толькі станоўчыя эмоцыі, і таму Аляксандар Стагановіч неўзабаве падаў маршалку Сойму заяву аб сваёй адмове ад пасольскага мандату. У Сойме пра гэта афіцыйна аб’явілі на паседжаньні 13 сакавіка 1929 г. і якраз з гэтага часу Стагановіч пераставаў быць паслом. Праз адно паседжаньне, 20 сакавіка 1929 г., прысягу прыняў ягоны наступнік Павал Крынчык95.
Са зьяўленьнем у складзе клюбу „Змаганьне" Крынчыка й без таго няпростыя адносіны тут яшчэ больш абвастрыліся. Камуністы зрабілі на яго галоўную стаўку пры рэалізацыі сваёй палітыкі поўнага кіраваньня клюбам, а сам ён імкнуўся чаканьні, якія на яго ўскладаліся, апраўдваць. Таму Крынчык у сваёй дзейнасьці часта дазваляў сабе дэманстратыўна ігнараваць думку кіраўніцтва клюбу, пра што сам згадваў у сваіх пазьнейшых успамінах96. Такія ягоныя паводзіны выклікалі ўсё больш актыўнае непрыманьне й нават абурэньне астатніх чальцоў клюбу, што правакавала сталыя канфлікты як на асабістай, так і на палітычнай глебе, якія працягваліся фактычна да самага заканчэньня існаваньня клюбу ў жніўні 1930 г. пасьля датэрміновага роспуску Юзэфам Пілсудзскім парлямэнту. Аднак падрабязна спыняцца на разглядзе гэтай цікавай праблемы ў межах нашага дасьледаваньня немэта-
93 НАРБ. Ф. 4-п. Воп. і. Адз. зах. 4292. Арк. 38—39.
94 Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okres II. Sprawozdanie stenograficzne z 57 posiedzenia z dnia 13 marca 1929 r. t. 4.
95 Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Okies II. Sprawozdanie stenograficzne z 59 posiedzenia z dnia 20 marca 1929 r. L. 3—4.
96 Крннчнк П. „Непрнкосновенность“ послов // Годы нспытаннй н мужества / Сост. Н. С. Орехво, Н. С. Сташкевнч. Мннск, 1973. С. 75.
згодна, бо асноўны герой артыкулу, Аляксандар Стагановіч, да дадзеных канфліктаў аніякага дачыненьня ўжо ня меў97.
Што ж тычыцца лёсу гэтага дзеяча пасьля ягонага сыходу з Сойму, то даўно плянаваная заходнебеларускімі камуністамі, але даволі нечаканая для шырокай грамадзкасьці адмова Стагановіча ад мандату не магла абысьціся бяз розных чутак і прыпушчэньняў на гэты конт. Польскія чыноўнікі зь Міністэрства ўнутраных справаў здагадваліся пра тое, што тут не абышлося без уплыву КПЗБ, і нават мелі зьвесткі (невядома, з наколькі верагоднай крыніцы), што „пасол Стпагановіч перад атрыманьнем мандату падаўАнтону Мальцу (дзеяч КПЗБ, які цяпер знаходзіцца ў турме) дэклярацыю, у якой абавязаўся адмовіцца ад пасольскага мандату на патрабаваньне КПЗБ'^. У бачаньні ж супрацоўнікаў II аддзелу Генэральнага штабу сытуацыя выглядала так:
„У апошні час у асабовым складзе БСРПКадбылася пэрсанальная зьмена: пакінуў клюб пасол Стагановіч, які адрокся ад мандату на пажаданьне КПЗБ. Матывы адмовы павінны быць наступныя: Стагановіч абвінавачваўся ў камунізьме, алеАкруговы судяго апраўдаў. КПЗБ, відавочна баючыся, каб ён не пайшоў па сьлядахАстроўскага, запатрабавала, у асобах Гаўрыліка й Дварчаніна, каб ён праводзіў камуністычную акцыю. Стагановіч нібыта супраціўляўся гэтаму, і таму мусіў адмовіцца ад мандату, бо КПЗБ пагражала яму далёка ідучымі наступствамі“^.
Каб хоць неяк апраўдаць свой крок і адвесьці ад сябе падозраньні ў прыналежнасьці да камуністычнай партыі й дзеяньняў у адпаведнасьці зь яе дырэктывамі, сам Стагановіч заяўляў, што падставай для адмовы ім ад мандату былі сямейныя прычыны й жаданьне падняць занядбаную апошнім часам гаспадарку, аднак такое тлумачэньне нікога асабліва не пераконвала й падавалася малаверагодным (асабліва ўлічваючы надзвычай высокія пасольскія заробкі, якія разьвіцьцю гас-
97 Часткова праблема ўзаемаадносінаўу клюбе „Змаганьне" пасьля адмовы ад мандату Аляксандра Стагановіча знайшла адлюстраваньне ў артыкуле: Пашкевіч А КПЗБ і Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб „Змаганне“ ў 1928—1930 гг.: некаторыя аспекты супрацоўніцтва // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: Зборнік навук. артыкулаў / Рэдкал.: I. Крэнь, У. Навіцкі, В. Белазаровіч (адк. рэд.) і інш. Гродна, 2006. С. 168—174.
98 AAN. MSW 1918—1939. Sygn. 1032-doplywy. К. 52.
99 CAW. Oddzial II Sztabu Generainego. Sygn. I.303.4.2706. K. 12.
падаркі маглі толькі спрыяць). Праз паўгоду пытаньне „Што прымусіла Стагановіча адмовіцца ад выкананьня пасольскіх абавязкаў" узьнікла ўжо на апэляцыйным судзе ў Вільні, і гэтым разам ён паспрабаваў патлумачыць матывы сваіх дзеяньняў праблемамі з здароўем і недастатковым узроўнем адукацыі. Праўда, на судзьдзяў і гэтыя аргумэнты не аказалі вялікага ўражаньня, бо, паводле іх, „абвінавачаны ня робіць уражаньня цяжкахворага чалавека, [...] і пры гэтым агульнавядома, што й многія іншыя паслы маюць вельмі малую адукацыю, што ім не замінае мець мандаты“юо. Натуральна, сам па сабе факт адмовы ад выкананьня пасольскіх абавязкаў зь якой бы то ні было прычыны не зьяўляўся паводле польскага заканадаўства злачынствам, аднак для абвінаваўцаў Стагановіча гэтая цьмяная справа стала лішнім доказам цесных сувязяў былога пасла з Камуністычнай партыяй, і нават асабістага ў ёй сяброўства. Урэшце, як вядома, суд афіцыйна прызнаў Стагановіча ўдзельнікам „камуністычнай змовы“ й прысудзіў за гэта да вялікага тэрміну зьняволеньня.
Думаецца, якраз у гэтым месцы самы час паразважаць: наколькі суд меў рацыю й наколькі Стагановіч быў асабіста зьвязаны з камуністамі? Тое, што пэўныя сувязі, і нават даволі шчыльныя, ён зь імі меў (як і любы дзеяч тагачаснага леварадыкальнага беларускага руху), сумненьняў, натуральна, не выклікае — але ці быў ён хоць бы на нейкім этапе сваёй біяграфіі сябрам камуністычнай партыі? Сярод нешматлікіх сучасных біёграфаў Стагановіча адзінства ў гэтым пытаньні няма. Так, Вячаслаў Даніловіч у біяграме гэтага дзеяча, прыкладзенай у дадатку да сваёй манаграфіі, наўпрост сьцьвярджае, што Стагановіч быў сябрам ня толькі БСРГ і ТБШ (у чым аніякіх сумневаў у нікога, у тым ліку і ў аўтара гэтай працы, не ўзьнікае), але й КПЗБ101. Аднак жа ў асноўным тэксьце гэтай жа самай манаграфіі аўтар сам гэтаму адназначнаму сьцьверджаньню й супярэчыць, пішучы пры характарыстыцы пэрсанальнага складу пасольскага клюбу „Змаганьня", што„ўсе паслы былі членаміБСРГ, аЯ.Грэцкі — яшчэ й камуністам“Ю2. Адмысловае падкрэсьліваньне камуністычнасьці Грэцкага (а што якраз гэты дзеяч камуністам быў — факт даказаны) лягічна мусіць прыводзіць да
юо ндрБ ф 4-п воп. 1. Адз. зах. 18474. Арк. 27.
101 Даніловіч В. Дзейнасць арганізацыі „Змаганне" ў Заходняй Беларусі...
С. 152.
102 Тамсама. С. 35.
высновы, што тады ўсе астатнія паслы „Змаганьня", у тым ліку й Стагановіч, камуністамі не зьяўляліся. Згаданая супярэчнасьць у зьвестках у першую чаргу сьведчыць пра тое, што Даніловічу не ўдалося выявіць нейкіх дакладных і неаспрэчных зьвестак пра сапраўдную партыйную прыналежнасьць Стагановіча, і дзеля гэтага ён ня змогзаняць па гэтай праблеме нейкай выразна акрэсьленай і пасьлядоўнай пазыцыі, ды, хутчэй за ўсё, і не лічыў яе асабліва важнай для дасягненьня мэтаў і задачаў свайго дасьледаваньня.
У адрозьненьне ад В. Даніловіча, польскі дасьледнік зь Любліну Зьбігнеў Запароўскі ў тым, што Стагановіч несумненна зьяўляўся сябрам КПЗБ, перакананы цьвёрда. Ён пасьлядоўна праводзіць гэтую думку ва ўсіх сваіх працах, датычных тэмы‘°3, аж да таго, што ў адмысловай біяграме для „Польскага біяграфічнага слоўніка" Стагановіч з самага пачатку пададзены як„селянін, беларускі камуністычны дзеяч“.
Аднак жа да высноваў гэтага дасьледніка ў дадзеным пытаньні трэба ставіцца вельмі асьцярожна, бо праведзены намі крытычны аналіз біяграмы Стагановіча, падрыхтаваны 3. Запароўскім для „Польскага біяграфічнага слоўніка", паказаў, што яна ўтрымлівае надзвычай шмат як дробных недакладнасьцяў, так і сур’ёзных фактаграфічных памылак. Так, паводле Запароўскага, Стагановіч вярнуўся ў Заходнюю Беларусь з Францыі толькі ў 1925 г., у той час як гэта адбылося яшчэ ў 1921 г., а пасьля вяртаньня дзеяў, нібыта, ня толькі ў КПЗБ, але і ў Камуністычным саюзе моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Апошняе сьцьверджаньне выглядае зусім непраўдападобным, калі ўлічыць далёка ўжо не камсамольскі ў той час узрост Стагановіча. Нічога ня ведаў 3. Запароўскі пра факт арышту Стагановіча перад выбарамі ў сойм у сакавіку 1928 г. і вымушанае вызваленьне яго ўладамі толькі пасьля набыцьця ім пасольскага мандату. Польскі дасьледнік адзначьгў толькі, што „ў сакавіку 1928 г. паліцыя ліквідавала структуры Акруговага камітэту КПЗБ у Баранавічах, ажыцьцяўляючы шматлікія арышты, канфіскуючы зброю, камуністычныя ўлёткі й брашуры. Усьледзтве зьявілася прозьвішча Стагановіча, але пасольскі імунітэт ахоўваў яго
103 Zaporowski Z. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej 1919—1939. Dzialalnosc poslow, parlamentame koncepcje Jozefa Pilsudskiego, mniejszosci narodowe. Lublin, 1992. S. 35,204; Zaporowski Z. Bialorusini w Sejniie RPII kadencji 1928—1930 // Annales Universitatis Mariae Curie-Skladowska. Lublin — Polonia. 1999/2000. Sectio F. Vol. LIV—LV. S. 254; Zaporowski Z. Staganowicz Aleksander // Polski Slownik Biograficzny. T. 41. Z. 170. Krakow, 2002. S. 461.
перад арыштам“. Зьдзіўляе інтэрпрэтацыя Запароўскім факту падаваньня калегамі Стагановіча па пасольскім клюбе прапановы Сойму адтэрмінаваць разгляд крымінальнай справы супраць дзеяча на час выкананьня ім пасольскіх абавязкаў. Дасьледнік гаворыць пра „непрадуманы" (nieopatrzny) крок, хоць у тых умовах захады якраз былі абсалютна натуральнымі й лягічнымі, бо рабіліся адначасова з чальцамі іншых пасольскіх клюбаў, якія сутыкнуліся з аналягічнымі праблемамі. Урэшце, згадаўшы пра новы арышт Стагановіча (ужо як пасла) 3 чэрвеня 1928 г. і пра наступны суд над ім, Запароўскі ані словам ня згадвае, што гэтым самым судом пасол быў першапачаткова апраўданы й яшчэ нават вярнуўся ў Сойм у якасьці пасла, а асуджаны быў на 6 гадоў турмы (а не на 5, як сьцьвярджае Запароўскі) толькі праз год, ужо пасьля сваёй адмовы ад соймавага мандату (якая, зноў такі, адбылася не 20 лютага, a 13 сакавіка 1929 г.)104. Усё вышэйадзначанае дазваляе зрабіць выснову, што аўтар вьівучыў як біяграфію Аляксандра Стагановіча, так і спэцыфіку агульнай сытуацыі ў тагачаснай Заходняй Беларусі ўсё ж ня так грунтоўна, як бы гэта належала, і дзеля таго да ягоных высноваў трэба ставіцца вельмі крытычна. Падобна, што надзвычай вялікае ўзьдзеяньне на фармаваньне думкі 3. Запароўскага пра заходнебеларускі радыкальны рух левай арыентацыі й ягоных актыўных дзеячаў зрабіла выкарыстаньне ў якасьці крыніцаў для сваіх дасьледаваньняў перадусім матэрыялаў тагачасных польскіх адміністрацыйных і паліцэйскіх установаў, супрацоўнікі якіх часта былі схільныя трактаваць любую праяву беларускага руху як камуністычную дзейнасьць і ня надта жадалі глыбей разьбірацца ў гэтай праблеме. Між тым праблема гэтая зусім не такая простая й мае шмат нюансаў, што выразна высьвятляецца пры спробе супаставіць афіцыйныя польскія матэрыялы з тымі, якія выйшлі зь беларускіх нацыянальных ці з камуністычных асяродкаў.