Дэмакратыя i этычнае жыццё
Клаэс Г. Рын
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, Беларускі Фонд Сораса
Памер: 256с.
Мінск 1996
Цікава адзначыць, што, нягледзячы на ўсе аргументы, закліканыя зацвердзіць абсалютную ўладу агульнай волі, Русо ніколі не прадстаўляе яе як наднацыянальную. Наадварот, хоць ён і бавіцца з ідэяй федэрацыі дзяржаў, агуль-
ную волю на міжнароднай арэне ён разглядае як групавую, партыкулярысцкую волю, якую адхіляе на ўзроўні асобнай дзяржавы. «Агульная для яе членаў воля дзяржавы губляе свой агульны характар у дачыненні да іншых дзяржаў і іх членаў і з’яўляецца для іх воляй канкрэтнай і індывідуальнай, справядлівасць якой вынікае з закона прыроды»44. У гэтым сцвярджэнні нас павінна зацікавіць не незвычайная для Русо відавочнасць таго, што агульная воля ёсць універсальны, трансцэдэнтны маральны крытэрый, а тое, якім чынам Русо пераносіць свабоду чалавека ў наТуральных умовах жыцця на асобных грамадскіх дзеячаў. Грамадскія дзеячы атрымліваюць натуральную свабоду, якую назаўсёды згубіў індывідуум. Трэба, аднак, уважліва адзначыць той факт, што ў гэтым новым прыродным стане, які дараваны цэлым дзяржавам, умовы ў значна большай ступені набліжаюцца да канцэпцыі Хобса, чым да поглядаў Русо, выражаных ім у «Разважаннях». Агульныя волі дзяржаў будуць канфліктаваць паміж сабою. Нават паміж дзяржавамі, заснаванымі на сацыяльным пагадненні, «слабым заўсёды пагражае паглынанне» моцнымі. Прычына ў тым, што «ўсе народы нараджаюць адцэнтрабежныя сілы, якія ўводзяць іх у сутыкненне адзін з другім, і спрабуюць пашырацца за кошт сваіх суседзяў»45. Напрошваецца выснова, што агульная воля ўтрымлівае элемент нацыяналісцкага экспансіянізму. Больш за тое, яна мае і мілітарысцкую афарбоўку. «Грамадскае пагадненне» змяшчае шмат ухваляючых спасылак на спартанскія, ваенныя якасці. Адным з найбольшых расчараванняў Русо ў традыцыйным хрысціянстве з’яўляецца тое, што яно робіць з грамадзян дрэнных салдатаў. Мілітарысцкая скіраванасць відавочная і ў іншых працах Русо, такіх як «Першы трактат» і «Урад Польшчы». Яна цесна звязана з тою перавагай, якую Русо аддае нацыяналізму. «Не выклікае ніякага сумнення,— піша Русо,— іпто цуды дабрадзейнасці вынікаюць з патрыятызму»46.
Нацыяналісцкая і мілітарысцкая схільнасць у палітычнай філасофіі Русо адлюстравана ў некаторых ягоных мер-
каваннях адносна мэты дзяржавы. У «Грамадскім пагадненні», напрыклад, ён адзначае, што «для людзей адзіны спосаб захаваць сябе — гэта аб’яднаць свае індывідуальныя сілы ў адзіную сілу, якая можа пераадолець любое супраціўленне»47. Сустракаюцца і такія месцы, дзе Русо мэтай дзяржавы лічыць самазахаванне і абарону яе членаў48. Напрыканцы «Эміля» Русо прапануе два крытэрыі ацэнкі «дабрадзейнасці» дзяржавы: рост насельніцтва і яго размеркаванне. Што тычыцца апошняга крытэрыя, то Русо піша, што дзве дзяржавы, аднолькавыя паводле тэрыторыі і насельніцтва, могуць вельмі адрознівацца па сваёй сіле. «Мацнейшай заўсёды будзе тая, насельніцтва якой больш раўнамерна размеркавана па тэрыторыі краіны». Дабрадзейнасць дзяржавы ацэньваецца тут, у першую чаргу, па ваенных параметрах49.
I хоць мэтай дзяржавы Русо лічыць таксама «свабоду і роўнасуь», шматлікія праявы яго нацыяналістычнага і мілітарысцкага настрою дэманструюць тое, што роўнасць для яго, здаецца, з’яўляецца перш за ўсё ўнутранай мэтай канкрэтнай дзяржавы. Яго разважанні відавочна захоўваюць тую магчымасць, што на міжнародным узроўні свабода грамадскага дзеяча можа азначаць дапушчальнасць імперскага распаўзання мацнейшых дзяржаў за кошт слабейшых. Зноў агульная воля паўстае перад намі ў вельмі цікавым выглядзе.
Толькі пранікненне ў самую сутнасць маральнай тэорыі Русо і яе тлумачэнне адносна галоўнага матыву дазволіць вырашыць непрымірымы, здавалася б, канфлікт паміж ваеннай і сацыяльнай дысцыплінай, з аднаго боку, і вызваленнем спантаннасці людской прыроды — з другога. Канфлікт знікае, як толькі прыходзіць усведамленне таго, што Русо сацыяльную спалучанасць і іншыя пажаданыя характарыстыкі звязвае са спантаннасцю імпульсаў грамадзян. 3 індывідуумаў, чые ўчынкі спантанныя і вынікаюць з сапраўднай прыроды чалавека, складваецца аб’яднаная і прасякнутая грамадскім духам супольнасць. У добрай дзяржаве сацы-
яльная гармонія не вымагае высілкаў індывідуальнай самадысцыпліны ў тым сэнсе, у якім гэты тэрмін ужываецца ў класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцыях, а забяспечваецца натуральнымі імкненнямі грамадзян. Адпаведным чынам трэба трактаваць і той погляд Русо, што агульная воля можа прымусам набліжаць некаторых грамадзян да свабоды. Гэты прымус будзе ўспрымацца ўплывам звонку толькі тымі, чые ўчынкі вызначаюцца яшчэ не духам іх сапраўднай прыроды, а дэспатычнымі схемамі традыцыйнай цывілізацыі. Сіла ў адносінах да такіх асоб будзе ўжывацца людзьмі, якія ў сваіх дзеяннях кіруюцца сваім сапраўдным «я» і з мэтай вызвалення дабрадзейнасці сваіх менш шчаслівых суайчыннікаў. Разумець Русо можна такім чынам, што ўся прымусовая дзейнасць і прапаганда ва ўмовах новага грамадства застаюцца неабходнымі толькі з той прычыны, што па меншай меры на працягу пэўнага часу людзі будуць знаходзіцца пад уплывам чужых і скажоных схем паводзін, якія засталіся ў спадчыну ад ранейшага грамадства. Такіх людзей трэба весці да адкрыцця іх сапраўднай прыроды.
У сваім прыхільным стаўленні да нацыяналізму і мілітарызму, кульмінацыя якога прыпадае на працу аб урадзе Польшчы, Русо надае агульнай волі змест, які вельмі разыходзіцца з некаторымі іншымі яе вызначэннямі. Няварта пытацца ў сябе, ці трэба ставіцца да такіх спроб як да адыходу ад яго філасофіі ў цэлым ці як да неад’емнай яе часткі. У аснове мыслення Русо ляжыць не столькі вера ў нейкі вечны прынцып жыцця, колькі гарачае імкненне да неабмежаванай свабоды, якое, апроч таго, носіць надта ж суб’ектыўны характар. Мы можам дазволіць сабе трактаваць канцэпцыю агульнай волі Русо як густа афарбаваную, калі не цалкам вызначаную яго ўласнымі эмоцыямі, якія спушчаны з тармазоў. Яго нацыяналістычныя і мілітарысцкія схільнасці можна разглядаць як адзін з прыкладаў надзялення агульнай волі тым, чаго жадае яго «сэрца». У пэўных творах (такіх, як «Эміль»), дзе ўвага ў асноўным
скіравана на індывідуальнае жыццё, пераважвае анархісцкі настрой. У творах кшталту «Грамадскага пагаднення», дзе прадметам аналізу Русо з’яўляецца супольнае, палітычнае жыццё, перавага, якую ён надае неабмежаванай свабодзе, набывае спартанскае адценне. У «Грамадскім пагадненні» спалучаецца ўсёпранікальная варожасць да абмежаванняў з імкненнем да дысцыпліны, як у выпадку некіруемага бунтаўшчыка, у якога сумленне выклікае пачуццё раскаяння. Русо прадбачыць падпарадкаванне індывідуума вышэйшай уладзе, але ў надта ж своеасаблівым святле: чалавек у яго не абавязаны прыкладаць маральныя намаганні. Дабрадзейнасць людзей дасягаецца праз іх удзел у агульнай волі народа, якая ёсць не што-небудзь іншае, як іх жа спантаннае волевыяўленне. I хоць рэалізацыя гэтага першага імпульсу можа суправаджацца пэўным прымусам з боку тых, хто ўжо спазнаў свабоду, сама маральнасць патрабуе ад чалавека, каб ён прыслухоўваўся выключна да свайго сэрца і без супраціўлення саступаў яго прыемным загадам.
Заўвагі
1 Jean-Jacques Rousseau. The Social Contract. Пераклад Maurice Cranston (Harmondsworth: Penguin Books, 1968), Bk. II, Chap. I, 69.
2 Ibid., Bk. II, Chap. Ill, 72-73; Bk. II, Chap. II, 70n; Bk. II, Chap. VII, 86; Bk. Ill, Chap. XV, 141; Bk. Ill, Chap. I, 103.
3 Ibid., Bk. II, Chap. IV, 76; Bk. II, Chap. Ill, 72.
4 Ibid., Bk. II, Chap. VII, 84; Bk. Ill, Chap. XI, 135.
5 Jean-Jacques Rousseau. A Discourse on Political Economy. Гл. y: «The Social Contract and Discourses». Пераклад G. D. H. Cole (New York: E. P. Dutton & Co., 1950), 297-298.
6 Rousseau. Social Contract. Bk. II, Chap. IV, 75; Bk. II, Chap. VI, 81.
7 Ibid., Bk. Ill, Chap. XV, 141, 142, 141.
8 Ibid., Bk. Il, Chap. IV, 75.
9 Ibid., Bk. Ill, Chap. XV, 142.
10 Ibid., Bk. II, Chap. VI, 81; Bk. II, Chap. IV, 76; Bk. II, Chap. VI, 82; Bk. II, Chap. IV, 75.
11 Ibid., Bk. II, Chap. IV, 77.
12 Rousseau. Political Economy. 320. У «Грамадскім пагадненні» Русо выказвае пэўныя сумненні адносна падаткаабкладання і аддае перавагу «ўсеагульнаму воінскаму абавязку». Bk. Ill, Chap. XV, 140.
13 Rousseau. Political Economy. 328.
14 Rousseau. Social Contract. Bk. Ill, Chap. I, 101.
15 Ibid., Bk. Ill, Chap. XVI, 144; Bk. II, Chap. I, 70; Bk. I, Chap. VII, 62; Bk. Ill, Chap. XI, 135; Bk. II, Chap. XII, 99.
16 Ibid., Bk. Ill, Chap. XVIII, 148.
17 Rousseau. Confessions. Bk. I, 46.
18 Rousseau. Social Contract. Bk. II, Chap. II, 70.
19 Ibid., Bk. I, Chap. V, 59.
20 Ibid., Bk. II, Chap. VI, 83; Bk. Ill, Chap. XIII, 137; Bk. Ill, Chap. XVIII, 147.
21 Гл. аналіз Pyco чацвёртага тыпу закона ў «Social Contract», Bk. II, Chap. XII i Bk. IV, Chap. VIII. Патрэба ў прапагандзе i ўважлівым маніторынгу грамадскай думкі таксама разглядаецца ў «Politics and the Arts: Letter to DAlembert on the Theatre», пераклад Allan Bloom (Ithaca: Cornell University Press, 1968), a таксама ў «The Government of Poland», пераклад Willmoore Kendall (New York: Bobbs-Merrill Co., 1972).
22 Rousseau. Social Contract. Bk. I, Chap. VII, 64.
23 Ibid., Bk. II, Chap. Ill, 73.
24 Ernst Cassirer. The Question of Jean-Jacques Rousseau (Bloomington: Indiana University Press, 1963), 109.
25 Jean-Jacques Rousseau. Emile. Пераклад Barbara Foxley (London: Everyman’s Library, 1969), Bk. IV, 196.
26 Jean-Jacques Rousseau. Correspondence Generale. XVII, 2-3. Пераклад y Cassirer, «The Question of Jean-Jacques Rousseau», 127.
27 Rousseau. Social Contract. Bk. I, Chap. VIII, 62; Bk. II, Chap. I, 70.
28 Rousseau. Emile. Bk. IV, 197n.
29 Jean-Jacques Rousseau. The Reveries of a Solitary. ПepaклaдJohn Gould Fletcher (New York: Lennox Hill, 1971), Bk. VI, 124.
30 Rousseau. Emile. Bk. IV, 255.
31 Aristotle. The Nicomachean Ethics. Пераклад David Ross (London: Oxford University Press, 1954), 32 (1104b).
32 Rousseau. Reveries. Bk. V, 112.
33 Rousseau. Social Contract. Bk. IV, Chap. VIII, 181.
34 Ibid., Bk. II, Chap. VII, 84.
35 Rousseau. Political Economy. 307.
36 Rousseau. Social Contract. Bk. II. Chap. Ill, 73.
37 Гл. Robert Nisbet. Community and Power (New York: Oxford University Press, 1962).