• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як сябры будавалi човен Казка з заданнямі Анатоль Матвіенка, Алена Стэльмах

    Як сябры будавалi човен

    Казка з заданнямі
    Анатоль Матвіенка, Алена Стэльмах

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 26с.
    Мінск 2021
    12.6 МБ
    УДК 821.161.3-93
    ББК 84(4Бем)-44
    МЗЗ
    Мастак Ян Мяльніцкі
    Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту
    Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
    Стаяў пагодлівы летні дзянёк. Яркае сонейка з высокага неба пасылала на зямлю свае зіхоткія праменьчыкі. I тыя навыперадкі спяшаліся шчодра падзяліцца сваім цяплом з травой, кветкамі, дрэвамі. Нагрэўся нават пясочак, не кажучы ўжо пра водную роўнядзь возера Белага. Блакітна-празрыстая вада ў ім стала гэткай жа цёплай, як сырадой — пачастунак ад малочніцы-каровы. Дарэчы, рагатыя красулі пасвіліся непадалёку, на стракатым лузе. Час ад
    ISBN 978-985-01-1494-5
    © Матвіенка А. Я., Стэльмах A. А., 2021
    © Мяльніцкі Я. Л., ілюстрацыі, 2021
    © Афармленне. УП «Выдавецтва
    «Беларусь», 2021
    часу па ўсім наваколлі разносілася іх мілагучнае «му-у-у!». Здавалася, кампанейскія кароўкі таксама хацелі далучыцца да весялосці, якая панавала на беразе Белага.
    Ля возера адпачывалі сябры, якія даўно не бачыліся. I вось зараз, сабраўшыся разам, яны вельмі цікава бавілі час: бегалі навыперадкі, валтузіліся, ганялі ў футбол. Стаміўшыся, селі кружком, каб паадгадваць займальныя загадкі.
    У вадзе адпачывальнікі звычайна паводзілі сябе вельмі асцярожна. Хоць і хацелася зайсці глыбей, і сёй-той нават адважваўся зрабіць невялічкі заплыў, усё ж кожны памятаў пра небяспеку, якую таіла ў сабе прахалоднае возера.
    I раптам агульны прыўзняты настрой парушыў трывожны крык. Ён даносіўся з сярэдзіны возера, куды нядаўна на гумавым надзіманым чоўніку ўпотай паплыў Цішка, аблавухі сабачка пароды ньюфаўндленд. Дарэчы, ягоны бацька, здаровы чорны сабака Януш, працаваў на тутэйшай ратавальнай станцыі.
    — Авой, мабыць, перавярнуўся човен?! — першым ацаніў сур’ёзнасць сітуацыі мудры бык Восіп. — Хутчэй бяжыце за ратавалынікамі! — скамандаваў ён.
    Да будкі, у якой месцілася станцыя, імгненна кінулася маладзенькая козачка Марта. На яе шыі вісеў званочак, які гучна абвяшчаў пра здарэнне.
    У той адчайны момант вяртлявая вавёрачка Кася маланкай скокнула на самую высокую сасну, каб высветліць дакладна, хто кіраваў перавернутым чоўнам. У пырсках, якія ляцелі ва ўсе бакі, яна ўбачыла знаёмую галоўку з закругленымі вушкамі. He было і сумневу: на самым глыбокім месцы, на вялікай адлегласці ад берага боўтаўся Цішка.
    Кася ў вокамгненне спусцілася з дрэва. Яна тут жа паведаміла дружбакам: як яны і думалі, бяда здарылася са шчанюком. Занепакоеныя сябры не зводзілі вачэй з той кропкі, якая, пускаючы вялікія кругі па вадзе, марудна набліжалася да берага. Фыркаючы і малоцячы лапамі, Цішка ўпарта плыў наперад. У сабак гэтай пароды, у адрозненне ад іншых, тоўсты хвост у вадзе можа служыць замест
    руля. Таму і Цішку ў гэты катастрафічны момант ён выручаў.
    — Хоць бы хапіла ў яго сілы! Ён жа яшчэ зусім малы... — з затоеным дыханнем сачылі за небаракам усхваляваныя сябры.
    — Цішка, грабі хутчэй! — мітусілася туды-сюды па залатым пясочку Кася. — Вось ужо бацька табе ўсыпле! — прыгаворвала яна, упэўненая, што гэта будзе вельмі справядліва.
    Вавёрачка асабліва хвалявалася за Цішку. Яны часта бавілі час разам. Добразычлівы і спагадлівы Цішка, калі яму перападала якая смаката, абавязкова дзяліўся ёю з Касяй. А тая па-свойму дзячыла шчаняці: насіла яму з дупла назапашаныя арэшкі.
    
    Ратавальнік дзядзька Януш убачыў здалёк козачку Марту, на шыі якой усё больш трывожна заліваўся званочак. Янушу хапіла гэтага сігналу, каб зрабіць некалькі шырокіх скачкоў і імгненна апынуцца ля дзяжурнага катара. Паветра ўскалыхнулася ад гуку заведзенага матора. Усе ўбачылі, як выратавальны катар ірвануў ад прыстані і скіраваўся насустрач бядотнаму плыўцу.
    Літаральна праз некалькі хвілін Януш дастаў з вады на борт мокрага, знясіленага Цішку. Сам па сабе ратавальнік быў вельмі добрым сабакам і лагодным бацькам. Але гэты ўчынак сына яго дужа раззлаваў. Ён столькі разоў папярэджваў малога не шуткаваць з вадой, забараняў яму аднаму плаваць у возеры, і на табе — такое свавольства! Бяздумнасць Цішкі ледзьве не давяла да сур’ёзнай бяды.
    Калі катар прычаліў да берага, Януш перанёс сына ў станцыйную будку. Цішка, разумеючы сваю віну, забіўся ў кут і пазіраў на бацьку жаласлівымі вачыма. Ад бездапаможнасці сына, уявіўшы, колькі страху той нацярпеўся, бацька памякчэў. He паказваючы выгляду, што ён адпусціўся на малога (хаця без увагі гэты выпадак, канешне, не застанецца), Януш лагодна абхінуў сына мяккай коўдрачкай, даў папіць цёпленькага малачка і строга загадаў не рушыцца з месца. Яму самому неабходна было вярнуцца туды, дзе застаўся перавернуты човен, каб прыгнаць яго да берага.
    PS
    А мы разбяромся, чаму перакулены човен не патануў.
    Можна ўзяць звычайны шарык і надзьмуць яго. Апусціце яго ў ваду і ўбачыце: ён не тоне, толькі апускаецца ледзь-ледзь.
    Чаму?
    У шарыку знаходзіцца паветра. Яно, у параўнанні з вадой, амаль нічога не важыць. Вада больш шчыльная, яна выштурхвае шарык наверх. Але калі паветра выпусціць, абалонка апусціцца на дно.
    Так і надзіманы човен. У яго ў бартах паветра. Цішка мог проста трымацца за борт і чакаць выратавання. Але калі надзіманы човен праб'е борт аб якоенебудзь смецце, будзе бяда. Паветра спусціцца, лодка патоне. Таму значна надзейней човены з цвёрдых матэрыялаў. Напрыклад з дрэва.
    Сябры не бачылі Цішку цэлы дзень. Яны думалі, што гэта раззлаваны бацька забараніў яму выходзіць з двара. Але, як высветлілася, Януш паўшчуваў неразумнага шчанюка, аднак, паверыўшы яго абяцанню больш не рызыкаваць, адступіўся. Насамрэч сядзець дома Цішку вымусіла горла, якое балела пасля пераахалоджвання ў возеры. Неабходна было падлячыцца.
    Па праўдзе кажучы, Цішка не надта мкнуўся на вуліцу і таму, што адчуваў няёмкасць перад сябрамі. Здураваў ён: махануў на самую сярэдзіну возера, хаця ведаў, што не варта гэтага рабіць. Гумавы човен не вытрымаў набегу шпаркай хвалі ды і перакуліўся. Але што паробіш, калі ёсць у Цішкі запаветная мара: убачыць незвычайную казачную краіну, пра якую яму так шмат распавядала ўсё тая ж рудахвостая вавёрачка Кася.
    Дарэчы, вавёрчына хатка-дупло была якраз у ствале згаданай раней стромкай сасны. Кася любіла ўзбірацца на самую яе вершаліну, якая амаль падпірала аблокі, і зоркімі вочкамі аглядаць далёка распасцёртае наваколле. Яна даўно заўважыла, што на тым беразе возера Белага ёсць высозныя вежы з сінімі, ружовымі, блакітнымі стрэхамі. Над імі гойдаюцца рознакаляровыя паветраныя шарыкі. На галоўнай вастракутнай вежы вісіць гадзіннік, стрэлкі якога кожную гадзіну пераводзяць вясёлыя
    гномы.
    
    Жыхары той краіны ведаюць, што шарыкі будуць трымацца цалюткімі толькі тады, калі іх дзеці здзяйсняюць добрыя ўчынкі. Варта каму-небудзь нашкодзіць, як шарык адразачку здзімаецца. Кожны раз, калі Кася вяла свой пільны дазор, Цішка, задзіраючы голаў уверх, з хваляваннем у яе пытаўся: «Ну, як там шарыкі? Ці ўсе на месцы?» I скакаў ад задавальнення, калі Кася ў адказ кідала яму шышку, што азначала: «Не хвалюйся, у казачнай краіне поўны парадак».
    Як жа хацелася Цішку патрапіць туды самому, на свае вочы пабачыць самых паслухмяных дзяцей! Часта, лежачы ў сваёй утульнай будачцы, ён уяўляў, як знаходзіць у казачнай краіне новых сяброў. А яшчэ марыў, што ў небе з’явіцца і ягоны шарык: ён жа паслухмянае шчаня!
    Вось таму, калі Цішка ўбачыў ля берага некім пакінуты без нагляду гумавы чоўнік, ён вырашыў рызыкнуць — паплыць у чароўную краіну. Малы нават не мог уявіць, як моцна за яго стануць перажываць сябры. Асабліва няёмка было перад Касяй. Што яна пра яго падумае? Што ён слабак? Недарэка? I таму калі ўбачыў мільгануўшы за плотам знаёмы пухнаты хвост, вельмі ўзрадаваўся.
    Кася ціхенька пастукала ў брамку. Цішка паспрабаваў прыўзняць клямку, але тая не паддалася. Ад адчаю ён ледзь не заплакаў Ну чаму так не шанцуе? Зноў перад Касяй асечка... Але ў рэшце рэшт
    ён падцягнуўся на дыбачках, сабраўся з усімі сіламі — і клямка падскочыла ўверх, а брамка гасцінна расчынілася.
    Кася, трымаючы ў лапках бочачку мёду, усміхалася аксамітнымі бусінкамі-вочкамі. Цішка, убачыўшы мілую сяброўку, адчуў радасць і асалоду, магчыма, прыемнейшую, чым ад мёду.
    — Мне твой бацька сказаў, што у цябе баліць горла. Дзядзька Міша прасіў перадаць табе лекі... —
    Кася працягнула Цішку пузаценькую бочачку і знікла так хутка і амаль незаўважна, як гэта ўмела рабіць толькі яна.
    На наступны дзень Цішка адважыўся прайсціся па вуліцы. Першым ён убачыў бабраня Яшку. На той момант шчанюк лепш бы абышоў яго бокам, але той сам зачапіў яго:
    — Прывітанне, марскі воўк! Ну як? Добра паплаваў?
    Хіба ж Цішку надта хацелася адказваць на гэта кплівае пытанне? Ён нешта прабубнеў сабе пад нос і, магчыма, пайшоў бы далей, але тут згадаў пра човен, які, як казаў калісьці Яшка, яны маглі б пабудаваць разам.
    Бабёр ведаў, як сябру карцела адправіцца ў падарожжа. I хто, як не ён, Якаў-малодшы, мог дапамагчы шчанюку ў гэтым! На ўвесь свет вядома, якія бабры заўзятыя майстры розных вырабаў з дрэва. Іх нездарма называюць рачнымі інжынерамі.
    Цішка, зразумела, абняславіўся сваім няўдалым плаваннем, але жаданне дабрацца да вабнай краіны яшчэ больш яго захапіла. I таму ён вырашыў усё ж прыпыніцца ля сябра.
    — Ды ўжо ж. Паспяшаўся, — схіліўшы галаву, прызнаўся Цішка. — Дужа хочацца пабываць у той загадкавай краіне... — Ён зморшчыўся і пачасаў лапай за сваім абвіслым вухам.
    — Хто ж адпраўляецца ў падарожжа такім непадрыхтаваным? — пасарамаціў сябра Яшка. — Ты хіба не ведаеш, што для мараплаўцы надзвычай важны надзейны плавальны сродак? Колькі чаўноў і нават вялікіх караблёў цярпела крушэнне, бо іх кіроўцы, як і ты, абыякава ставіліся да свайго судна! Водная стыхія часам паводзіць сябе вельмі непрадказальна. Мараход да ўсяго ж павінен быць моцны духам!
    Яшка, паставіўшы лапы ў бокі, як выбітны знаўца водных спраў, павучаў сябра. А той уважліва ўслухоўваўся ў сур’ёзную прамову бабра, бо неаднойчы дзівіўся ягонаму майстэрству ныраць і рабіць у вадзе розныя выкрутасы: той возера пераплыве і не патоне. He, ім, сабакам, у гэтай справе з бабрамі не раўняцца...
    Ведае Цішка, і дзе месціцца хатка, у якой жыве Яшкава дружная сямейка. Гэта ж колькі трэба было рэзаць і цягаць дрэў ды галля, умела іх змацоўваць, каб атрымалася такая ўтульная хаціна! Дома ў Яшкі ўсе рэчы з дрэва, і нават тэлевізар, толькі экран шкляны. I браты ў яго таксама вельмі добрыя сябрукі. Увогуле, Яшка быў для шчанюка вялікім аўтарытэтам. I зараз ён адвадзіў Цішку ад сумных думак.