• Газеты, часопісы і г.д.
  • Як сябры будавалi човен Казка з заданнямі Анатоль Матвіенка, Алена Стэльмах

    Як сябры будавалi човен

    Казка з заданнямі
    Анатоль Матвіенка, Алена Стэльмах

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 26с.
    Мінск 2021
    12.6 МБ
    Цішка прыйшоў з бацькам — ратавальнікам Янушам. Той спрактыкаваным вокам агледзеў плыт і прамовіў:
    — Вы б, рабяты, не спяшаліся. Я раю вам лепш зладзіць човен — на ім плыць надзейней.
    Але сябрам не цярпелася хутчэй адправіцца ў плаванне. Бабёр Яшка ўжо па-капітанску аддаваў каманды. Янушу нічога не заставалася, як даць дабро на падарожжа. У адпаведнасці з правіламі паводзінаў на вадзе ён паклаў на плыт выратавальныя камізэлькі.
    Калі сябры ўладкаваліся на плыце, шчанюк і бабраня ўзялі шасты, каб адштурхнуцца ад берага. Ззаду падплылі Яшкавы браты, паднатужыліся, і ўсе разам яны далі «караблю» ход.
    Плыт павольна аддаляўся ад берага. Адплыўшы на некалькі соцень метраў, ён раптам замёр на месцы. Стаяла добрае надвор’е. Па воднай роўнядзі беглі ледзь прыкметныя хвалькі. Яшка з Цішкам паспрабавалі падштурхнуць плыт шастамі, але тыя не даставалі да дна.
    — Яша, а чаму мы не рухаемся? — седзячы на мачце, запыталася назіральніца Кася.
    — Вось, сябры, мы і пападарожнічалі... — адазваўся расчараваны Яшка. — На жаль, спраўдзілася маё падазрэнне: на плыце мы далёка не даплывем. Няма спадарожнага ветру — і «карабель» наш нерухомы.
    Сонца падымалася ўсё вышэй, пачынала прыкметна прыпякаць. Разгарачаная Кася спусцілася з мачты, бо сядзець там зараз не было аніякага сэнсу. Сябры і назагараліся, і торбачкі з ежай значна аблегчылі. А плыт тым часам стаяў практычна на адным месцы...
    — Эх, вуду б сюды, — уздыхаў Цішка, — налавіў бы рыбы. Хоць які быў бы толк.
    Як раптам па небе прабегла адна смуглявая хмурынка, за ёй — другая, трэцяя. Яны нібыта выйшлі на разведку, ці патрэбны ў гэтых мясцінах дождж. А як жа? Ужо колькі дзён стаяў сухмень, і дрэвы, травы ды кветкі праглі вільгаці. Хмурынкі вярнуліся назад, і ім наўзамен высунулася вялізная шэра-сіняя хмара. Пра яе з’яўленне паведаміў сам Пярун, грымнуўшы ў свой бубен і пусціўшы на ўсё неба некалькі вогненных стрэл.
    Сябры занепакоіліся. Яны зразумелі, што набліжаецца навальніца. Чаго ім чакаць ад яе?
    — Хутчэй апранайце выратавальныя камізэлькі! — не разгубіўся Яшка.
    Толькі яны паспелі іх зашпіліць на сабе, як наляцеў шквалісты вецер. Ён з усяго размаху кідануў плыт так, што той хутка ўрэзаўся ў густа аблеплены зараснікам чароту і хмызняку бераг. Дождж лінуў як з вядра, а па вадзе ён быццам лупцаваў пугай. Намоклы плыт увагнуўся пад пахіленай мачтай.
    Калі падарожнікі ачомаліся ад перапуду, зразумелі, што да свайго берага ім давядзецца дабірацца ўплаў. Прабіцца праз зараснік у іх аніяк бы не атрымалася.
    — Я вады баюся, — прызналася і без таго збянтэжаная Кася.
    
    
    — У такім разе трымайся за мяне, — прапанаваў Цішка. Ён скокнуў у ваду, наблізіўся да плыта, і Кася, павесіўшы бінокль на шыю, каб не намачыць, асцярожненька спусцілася на ягоныя плечы. Следам за імі паплыў Яшка.
    Здалёк былі бачныя ярка-аранжавыя камізэлькі, якія набліжаліся да берага, дзе бяроза-шаптуха махала сваімі галінамі — сігналіла сябрам, каб хутчэй вярталіся дадому.
    Сумаваць падарожнікам не даў бабёр Яшка. Назаўтра, ледзь пачало днець, ён, стоячы на беразе ля скрынкі са сваім інструментам, ужо даваў
    загады братам, як лепш раскласці бярвенцы, каб тыя як след прасохлі. Дарэчы, браты-бабры ноч не паспалі — вярнулі іх з месца катастрофы плыта. З’явіліся і Цішка з Касяй. Яны трымаліся бадзёра, перакананыя ў тым, што цяжкасці іх загартавалі. Разам з імі прыйшоў і Януш. Ён вырашыў узяць над сябрамі апеку. Як вядома, з бацькамі надзейней у любой справе.
    — Мы набраліся вопыту і зараз зробім судна такім, каб яно рухалася не толькі па плыні, але і супраць яе! — Яшка, здаецца, стаў яшчэ больш упэўненым і сур’ёзным капітанам.
    h ллы давайце падумаем: чаму на вёсельных чаўнах вясляр сядзіць спінай наперад?
    ggg
    Як вядома, на індзейскіх пірогах і каноэ, а таксама на байдарках вяслуюць, седзячы тварам наперад. Аднак калі човен з вялікімі вёсламі, і яны ўстаўлены ў адмысловыя адтуліны, то зручней сесці тварам да задняй часткі корпуса, так званай кармы. Тады вясляр робіць намаганне, падцягваючы вёслы да сябе, у чым яму дапамагаюць і мускулы ног. Калі ж сядзець тварам да носа чоўна, то ўся нагрузка будзе толькі на рукі.
    — Нам трэба прыняць рашэнне! — Яшка раскрыў тэчку з чарцяжамі, што дагэтуль ляжала на пяньку, і стаў тлумачыць, якім можа быць човен: шырокі, з гладкім і плоскім дном, або вузкі, падбіты жалезам.
    — Мяркую, у вашай сітуацыі лепш рабіць човен шырокім, каб усе маглі зручна размясціцца ў ім, — выказаў сваё меркаванне Януш, і ў знак згоды з ім усе дружна заківалі галовамі.
    Кася ўзяла дубчык і пачала на пяску вымалёўваць абрысы чоўна.
    — Я хачу, каб ён мог нават скакаць па хвалях, — прытанцоўвала вавёрачка вакол свайго малюнка.
    — А ён зможа гэта рабіць, калі мы прымацуем да яго бакоў вёслы, — падказаў Януш.
    — Так, вось зірніце, вёслы ёсць і на маім чарцяжы, — падаў голас капітан Яшка. Ён нават ссунуў капялюшык з патыліцы на лоб, каб сонца не перашкаджала яго інжынерным думкам.
    Януш, як старэйшы і як ратавальнік, добра знаёмы з водным транспартам, параіў у першую чаргу звярнуць увагу на матэрыял, з якога будзе будавацца човен. Для бартоў дошкі варта браць тонкія, каб гнуліся, а тоўстыя пойдуць на дно. Вельмі важна не забыцца пра сродкі абароны ад працечак, элементы для змацоўвання ўсіх дэталяў канструкцыі.
    Яшка хоць і лічыў сябе знаўцам, але слухаў парады дзядзькі Януша, натапырыўшы вушы.
    Давайце правядзём дослед.
    Возьмем тазік з вадой і апусцім у яго пустую металічную міску. Яна паплыве, нібыта човен.
    А зараз нальем у міску вады. Яна патоне. Гэта і не дзіўна матэрыял, з якога яна зроблена, цяжэйшы за ваду.
    Човен нібы тая ж міска. Унутры яго паветра, якое, у параўнанні з вадой, амаль нічога не важыць. Калі апусціць човен у ваду, ён часткова пагрузіцца ў яе за кошт сваёй вагі, але застанецца на плыву. А калі раптам з'явіцца прабоіна, і човен запоўніцца вадой? Металічны патоне. А драўляны застанецца на паверхні, бо шчыльнасць дрэва меншая за шчыльнасць жалеза. Дрэва менш шчыльнае і за ваду, таму яна яго і выштурхвае. Вось чаму драўляны човен трымаецца на вадзе.
    — Так, дошкі трэба шчыльна змацоўваць, каб вада не прасочвалася, — дадаў Яшка. — I вёслы павінны быць з гэтымі, як іх...
    — Уключынамі і падуключынамі, — падказала вавёрка, якая за гэты час адшукала патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце.
    — Але найперш, сябры, вам варта вызначыцца з памерамі чоўна, — аўтарытэтна заўважыў Януш. — Пакажы, Яшка, што там на тваім чарцяжы!
    Усе ўтаропіліся ў Яшкаў малюнак.
    — Ну, так і ёсць, вышыня борта складае паўметра. Даўжыня — амаль два метры, шырыня — амаль паўтара метра, — ухваліў чарцёж чоўна Януш.
    — Дзе ж нам цяпер дошкі на яго здабыць? — задумаўся Яшка.
    — Я дамоўлюся з быком Восіпам. Ён жа ў нас на пілараме працуе і напілуе дошак патрэбнага памеру, — сказаў Януш. — I іншыя неабходныя дэталі змайструе. Ты, Яшка, пойдзеш са мной, а вы будзьце напагатове, каб майстраваць човен!
    Давайце і мы зробілл мадэль чоўна!
    Прайшло ўсяго некалькі гадзін, і вось браты-бабры ўжо везлі перад сабой тачку, паўнюткую патрэбнага на збудаванне чоўна матэрыялу. Следам за імі шыбавалі Януш з Яшкам.
    Калі каштоўны груз быў раскладзены на беразе, адразу ж закіпела работа. Яшка яшчэ раз пераглядаў кожную дошку, бо для чоўна прынцыпова важна, каб у ёй не было аніякага сучка, які пазней можа вываліцца і даць цеч.
    Пачалі з насавой часткі. Кожную дошку сагнулі, а потым прыціснулі іх як мага шчыльней адна да адной, каб не было ні шчылінак, ні трэшчын. Прапіталі дошкі некалькімі слаямі антысептыку.
    Аснову для носа зладзілі з трохвугольнага бруска. Ён, па правілах, атрымаўся ў паўтара раза шырэй за барты чоўна. Яго таксама пакрылі антысептыкам, каб засцерагчы човен ад магчымых шкоднікаў і падоўжыць тэрмін яго службы.
    На задні борт пайшлі больш шырокія дошкі.
    Цяпер, калі аснова была падрыхтавана, Яшка даў каманду па канчатковай зборцы канструкцыі.
    Януш, бачачы, як спорна ідзе работа, адышоў убок і з захапленнем назіраў за ўвішнымі сябрамі.
    — Зараз надышоў вельмі адказны момант, — хваляваўся Яшка. — Для таго, каб наш човен атрымаўся правільнай формы, давайце паставім распорку і сагнём бакавыя барты.
    Літаратурна-мастацкае выданне
    Матвіенка Анатоль Яўгенавіч Стэльмах Алена Анатольеўна
    ЯК СЯБРЫ
    БУДАВАЛІ ЧОВЕН
    Казка з заданнямі
    Рэдактар Ю. А. Аверчанка
    Мастацкі рэдактар Н. Р. Агародная Тэхнічны рэдактар С. Л. Печанёва Карэктар В. Г. Багуцкі
    0+
    Падпісана да друку 27.12.2021. Фармат 84x100 1/16. Папера мелаваная. Друк афсетны.
    Ум. друк. арк. 4,68. Ул.-выд. арк. 5,38. Тыраж 1000 экз. Заказ 540.
    Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва «Беларусь». Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 1/4 ад 09.07.2013. Пр. Пераможцаў, 11, 220004, Мінск, Рэспубліка Беларусь.
    Адкрытае акцыянернае таварыства «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа». Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 2/3 ад 10.09.2018.
    Вул. Каржанеўскага, 20, 220024, Мінск, Рэспубліка Беларусь.
    978-985-01-1494-5	■	-1
    ■Il null ERI