Чарадзейныя казкі  Шарль Пэро

Чарадзейныя казкі

Шарль Пэро
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 108с.
Мінск 1993
31.81 МБ
Мінск
Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр 1993
ББК 84.4Фр П97
Пераклад з французскай Зм. Коласа
Мастак Дз. Дзівін
Для дзяцей і юнацтва
Пераклад зроблены з выдання: Perrault Charles. Contes.
Paris: Hazan,
1928.—233p., il.
n4804Q10100-Q0303 92
ISBN 5-86952-003-7
© Пераклад.Зм.Колас, 1992
© Ілюстрацыі.Дз.Дзівін, 1992
ылі сабе кароль з каралевай, і не было ў іх дзяцей. Так яны сумавалі праз гэта, так сумавалі, што і сказаць няможна. Ужо і ўсе святыя крыніцы на свеце пааб’ездзілі, і маліліся, і бажыліся, і пацеры ўвесь час казалі — чаго толькі не рабілі, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такі зацяжарыла і нарадзіла дачку. Хрэсьбіны справілі пышныя. За хросных маці да маленькай прынцэсы паклікалі ўсіх чараўніц, якіх толькі ўдалося знайсці ў каралеўстве (а іх аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, які тады быў у чараў-
ніц, надзяліла іх дачку якім-небудзь дарам і каб прынцэса, такім чынам, мела ўсе найлепшыя якасці, якія сабе можна ўявіць.
Пасля хрэсьбінаў госці ўсёй кампаніяй вярнуліся ў каралеўскі палац, і там чараўніцам зладзілі вялікі банкет. Перад кожнай паклалі раскошны футарал з чыстага золата, а ў ім ляжалі залатыя лыжка, відэлец і нож, аздобленыя дыяментамі і рубінамі. Калі ўсе сядалі за стол, у залу раптам увайшла старая варажбітка, якую ніхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не выходзіла са сваёй вежы і ўсе лічылі, што яна памерла ці ляжыць там зачараваная.
Кароль загадаў прынесці кувэрт і ёй, але залатога футарала больш не знайшлося: іх зрабілі толькі сем — столькі, колькі было запрошана чараўніц. Варажбітка палічыла, што яе зняважылі, і пачала бурчаць скрозь зубы розныя праклёны. Маладая чараўніца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне і зразумела, што старая можа наклікаць на прынцэсу якоенебудзь ліха. I таму, калі ўсе ўсталі ад стала, яна адразу адышла ўбок і схавалася за фіранкай, каб гаварыць апошняй і мець такім чынам магчымасць крыху ўхіліць ліха, якое зробіць старая.
Тым часам чараўніцы пачалі надзяляць прынцэсу дарамі. Самая маладая паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшая дзяўчына ў свеце; другая — што розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя — што яна будзе майстрыха на ўсе рукі; чацвёр-
тая — што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая — што голас у яе будзе, як у салавейкі; а шостая — што яна будзе дзівосна граць на самых розных інструментах. Калі ж настала чарга старой варажбіткі, яна, трасучы галавой — не так ад старасці, як ад злосці,— сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном і памрэ.
Ад такога страшнага выраку госці аж скалануліся, і ніхто не здолеў стрымаць горкіх слёз. У гэтую хвіліну з-за фіранкі выйшла маладая чараўніца і гучна прамовіла:
— Супакойцеся, кароль з каралеваю! Вашая дачка не памрэ. Праўда, я не маю такой улады, каб зусім зняць чары старой варажбіткі, і прынцэса ўсё ж уколе руку верацяном. Але яна не памрэ, а толькі засне глыбокім сном, які будзе доўжыцца сто гадоў. А потым прыйдзе малады каралевіч і разбудзіць яе.
I ўсё ж, нягледзячы на гэтае абяцанне, кароль вырашыў зрабіць усё, каб запабегчы бяды, наканаванай старой варажбіткай. Ён выдаў загад, які пад пагрозаю смерці забараняў усім і кожнаму прасці верацяном ці нават проста трымаць верацёны дома.
Гадоў праз пятнаццаць ці можа шаснаццаць кароль з каралевай паехалі ў адзін свой летні маёнтак; і аднойчы прынцэса, бегаючы там па палацы — з пакоя ў пакой, з паверха на паверх,— залезла аж пад самы дах адной вежкі, дзе ў невялічкай каморцы ўбачыла старую бабульку, якая прала на верацяно. Гэ-
тая бабулька і чуць не чула, што кароль наклаў на верацёны строгую забарону.
— Бабуля, што вы тут робіце? — спытала прынцэса.
— Праду, маё дзіцятка,— адказала бабуля, якая, не ведала, што перад ёю прынцэса.
— Ах, як гэта цудоўна! — сказала прынцэса.— А як гэта вы робіце? Дайце, я паспрабую, можа і ў мяне выйдзе.
Узяла прынцэса ручайку — а дзяўчына яна была няўрымслівая, дый гарэзніца добрая, а тут яшчэ над ёй панавала воля чараўніц, і таму — ледзь толькі яна гэта зрабіла, як адразу ўкалола руку верацяном і ў той самы момант самлела.
Бабуля вельмі спалохалася, пачала крычаць, клікаць на паратунак. На крык з усіх бакоў збегліся людзі — і ў твар вадой прынцэсе пырскаюць, і гарсэт распускаюць, і па далонях пляскаюць, і скроні вугорскім воцатам труць, ды ніяк да памяці яна не прыходзіць.
Тады кароль, які таксама прыйшоў у вежу на крык, успомніў пра наканаванае чараўніцамі ды падумаў, што, калі ўжо яны так сказалі, дык усё роўна ад лёсу нікуды не дзенешся. I загадаў ён, каб прынцэсу паклалі ў найлепшым пакоі ў палацы на ложку, вышываным золатам і серабром.
Прынцэса ляжала, чыста анёльчык, такая яна была прыгожая; непрытомнасць зусім не змяніла яе све-
жага тварыка: шчочкі ў яе былі пунсовыя, вусны — нібыта з каралаў, і толькі вочкі былі заплюшчаныя. Але па яе роўным, ціхім дыханні можна было зразумець, што яна не памерла. Кароль загадаў, каб нішто не турбавала прынцэсінага сну, пакуль ёй не прыйдзе час прачнуцца.
Калі здарылася гэтая бяда, добрая чараўніца, якая ўратавала прынцэсе жыццё, замяніўшы смерць стогадовым сном, была ў некаторым царстве, у далёкім гаспадарстве, за цэлы тузін тысяч вёрст. Але вестка пра няшчасце была ёй перададзеная ў адно імгненне, і зрабіў гэта карлік, у якога былі сямімільныя боты (а гэта былі такія боты, у якіх адным крокам можна было прайсці ажно сем міль). Чараўніца адразу рушыла ў дарогу і ўжо праз гадзіну пад’язджала да палаца на вогненнай калясніцы, запрэжанай цмокамі.
Кароль выйшаў яе сустракаць, падаў руку і дапамог сысці з калясніцы. Чараўніца ўхваліла каралёвыя загады, але як бо была вельмі прадбачлівая, падумала, што прынцэса засмуціцца, калі прачнецца ў старым палацы зусім адна. I вось што яна зрабіла.
Яна дакранулася сваёй чарадзейнаю палачкай да ўсяго, што было ў палацы (апроч караля з каралевай): да гувернантак, фрэйлін, пакаёвак, кавалераў, служак, дварэцкіх, кухараў, кухарчукоў, брамнікаў, пажоў, лёкаяў. Яна дакранулася таксама да коней у стайнях і да канюшнікаў, да вартавых сабак на птушыным двары і да маленькага Пуфіка, прынцэсінага



сабачкі, які ляжаў каля ложка. I ледзь яна да іх дакранулася, як усе адразу пазасыналі, каб прачнуцца разам са сваёй гаспадыняй і быць гатовымі ёй служыць, калі ў тым будзе патрэба.
Нават ражны ў печы разам з нанізанымі на іх курапаткамі ды фазанамі — і тыя заснулі, і агонь — таксама. Усё гэта адбылося ў адну хвіліну, бо чараўніцам не трэба шмат часу, каб зрабіць сваю справу.
Тады кароль з каралевай пацалавалі сваю дарагую дачушку, што спала нязбудным сном, і, пакідаючы палац, загадалі, каб ніхто да яго блізка не падыходзіў. Ды гэтага й не трэба было загадваць, бо ўжо праз чвэртку гадзіны парк вакол палаца зарос такім густым хмызняком, калючымі цернямі, ды вялікімі і маленькімі дрэвамі, што праз іх не змаглі б прадзерціся ні звер, ні чалавек. Палац зусім схаваўся за гэтым зараснікам, і цяпер можна было ўбачыць адны яго вежы, дый тое здалёк. Ніхто не сумняваўся, што і тут чараўніца паклапацілася, каб прынцэса спала спакойна і каб яе не турбавалі ніякія цікуны.
Праз сто гадоў давялося паляваць у тых краях сыну караля, што кіраваў тады каралеўствам (а паходзіў ён ужо не з таго роду, з якога была прынцэса). I вось, калі прынц убачыў па-над лясною гушчэчай нейкія незнаёмыя вежы, ён пачаў пытацца ў людзей: што гэта такое? Кожны адказваў па-рознаму: адны казалі, што гэта замак, у якім жывуць здані, другія — што сюды на шабас з усяго наваколля збі-
раюцца ведзьмары і вядзьмаркі. Але большасць былі ўпэўненыя, што ў замку жыве людаед, які хапае маленькіх дзетак і зацягвае іх у сваё логвішча, каб спакойна есці, не баючыся пагоні, бо ніхто апроч яго не можа пралезці скрозь такую непралазную нетру.
Прынц не ведаў, каму даваць веры, і тут да яго падышоў адзін стары селянін і сказаў:
— Мой гаспадару, гадоў таму пяцьдзесят, а мо й болей, чуў я ад свайго бацькі, што ў гэтым палацы ляжыць найпрыгажэйшая ва ўсім свеце прынцэса і што яна павінна праспаць сто гадоў. А потым яе, нібыта, разбудзіць малады каралевіч, якому яна і будзе суджаная.
Пры гэтых словах прынца як агнём апаліла. Ён зразумеў, што пакласці крэс гэтым чарам, без сумнення, выпадае яму. I, прагнучы кахання і славы, ён пастанавіў, што зараз жа пойдзе і ўбачыць прынцэсу. Ледзь толькі ён рушыў да зарасніка, як усе дрэвы, і хмызняк, і калючае церне самі сабой расступіліся і далі яму дарогу. Ён пабег да замка, які віднеўся ў канцы гэтага вялікага праходу, і яго толькі трошкі здзівіла, што ніхто з яго світы не здолеў пайсці за ім, бо як толькі ён ступаў крок наперад, дрэвы за спінаю ў яго зноў спляталіся шчыльнай сцяной. Але ж таму, хто малады і закаханы, нічога не страшна, і прынц смела ішоў наперад.
Неўзабаве ён апынуўся на вялікім двары перад палацам. Тое, што адкрылася тут ягоным вачам, Mar-
ло б кожнага ўвагнаць у жах: тут стаяла страшная цішыня, паўсюль паўставалі выявы смерці, вакол ляжалі нерухомыя целы людзей і жывёл... Але зірнуўшы на прышчавыя насы і чырвоныя твары брамнікаў, прынц адразу здагадаўся, што яны зусім не памерлі, а ўсяго толькі спяць, і што, калі іх адолеў сон, яны проста мірна пілі віно, бо і цяпер яшчэ ў руках у іх былі недапітыя кубкі.
Прынц прайшоў праз другі двор, брукаваны мармурам, падняўся па лесвіцы і ўвайшоў у вартаўнічую залу. Там са стрэльбамі на плячах роўнымі шэрагамі стаяла варта і храпла сабе на ўсю моц. Прынц рушыў далей, адну за адной праходзячы залы, у якіх — хто стоячы, хто седзячы — спалі прыдворныя кавалеры і дамы. Нарэшце ён увайшоў у залачоны пакой, і тут яго вачам адкрылася такое хараство, якога яму яшчэ ніколі не даводзілася бачыць. На ложку з рассунутымі фіранкамі ляжала прынцэса. 3 выгляду ёй было гадоў пятнаццаць-шаснаццаць, і ўся яна нібыта свяцілася дзівосным, незямным бляскам.
Заміраючы ад зачаравання, прынц падышоў да ложка і ўкленчыў перад прынцэсай. У тое ж імгненне чарам настаў канец, прынцэса прачнулася і так пяшчотна зірнула на прынца, што на чалавека, якога бачыш упершыню, так паглядзець, бадай, і немагчыма.
— Гэта вы, мой прынц? — сказала яна.— Як жа доўга я вас чакала!