Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
Замусоленая, пакамечаная паперка валялася на стале. Наконт яе выказаліся, праўда, усе. Бралі запіску, пасміхаючыся, паціскаючы плячыма, круцілі ў руках і кідалі назад на стол. Ну, на самай справе, не поўныя ж яны дурні, каб «кляваць» на такія прымітыўныя бальшавіцкія штучкі!.. He падазраваць жа ім уласнага камандзіра палка!.. Што да аблавы, дык усё можа быць, і раней, і заўсёды было зразумела, што палякі здрадзяць рана ці позна; але пакуль не да гэтага — не такой страшнай здавалася небяспека будучая, аддаленая, як свая, што пад бокам.
Усе выступілі, выказаліся, усе адзін аднаму давялі, што маюць справу з фальшыўкай, на якую трэба хутчэй забыць і заняцца больш важным... А вось жа не забывалася! I мала-
памалу штосьці на гэтай запісцы пачынала зацыкліваць! Прымушаючы альбо ўголас, альбо ў думках ужо дакладна да яе вяртацца, у рукі яе браць, перачытваць...
I сапраўды. Чаму ўвогуле сталася магчымай гэтая перапіска? Чаму ўсплыло само імя — Чайка? Дыму без агню... не, не — яшчэ рана! Канечне ж, Чайка невінаваты, тут не можа быць сумнення, ніхто пакуль нічога не кажа... Але чаму такія супадзенні, і з бунтам, і з гэтай запіскай, і з адсутнасцю яго?.. Выпадковасць? Але што гэта за камандзір палка, які дапускае да такіх крайніх, небяспечных выпадковасцяў? Тады, можа, і праўда, што на такой пасадзе варта мець дар прадбачання — інтуіцыю? На тое ж прызначаны. Стратэг, франтавы вопыт... Прадугледжваць, чым усё можа скончыцца, і, па магчымасці, прадухіляць — хто ж за цябе гэта рабіць будзе? Можа быць, варта было папярэдне «выпусціць пару» (ці «дурную кроў»), арганізаваць, каб астудзіліся галовы, пару вылазак — такіх, як Чуб з атрадам зрабіў, адцягнуўшы тым самым, дарэчы, як мінімум арышт іх... Чаму іхні камандзір палка не змог ці не хацеў, пакуль такія магчымасці, стварыць сабе аўтарытэт — як, прыкладам, той жа Балаховіч? Шмат, шмат пытанняў!.. I галоўнае, зноў-такі, што вось няма яго. Так, у Баранавічах, так, афіцэраў сустракае. Але ж як знарок, як падгадана — няма ў самы такі адчайны час! Калі толькі і трэба дзейнічаць рашуча. Выйсці на сярэдзіну плошчы, гаркнуць камандным голасам, расстраляць публічна, уласнай рукою парачку найбольш шустрых, каб іншыя раз-назаўсёды забыліся на «свабоду»!..
— Ну што, Мірановіч,— прамовіў і зусім не «медзяным», а разгубленым голаса.м Жаўрыд.— Ты ж контрразведка -— думай!
— А што тут думаць? Нам трэба іншы камандзір палка,— сказаў контрразведчык. I дзіва: настолькі супала гэтае рэзкае выказванне з крамольнымі думкамі іншых, настолькі падпала ім у такт, што хоць бы хто запярэчыў.— Трэба мяняць камандзіра,— паўтарыў Мірановіч, падымаючыся з лавы,— шукаць чалавека, папулярнага, як Балаховіч, але свайго, нацыянальна свядомага.
— Дзе знайсці такога...
— Ну, святое месца пустым не будзе!
— Кутылоўскі некалі Чайку ўгаворваў,— адазваўся з кутка Пракулевіч,— а цяпер Кутылоўскага давядзецца...
I зноў тое ж самае! — ніякага здзіўлення ні ў кога не выклікала гэтая, па сутнасці, нечаканая прапанова, настолькі
аднолькавыя былі ва ўсіх думкі. Усё прамежкавае выпускалася за непатрэбнасцю. Па ідэі для пачатку павінна было прагучаць хоць бы пытанне: а каго заместа Чайкі? Затым прапанова — Кутылоўскага, і тады ўжо заканамерным звяном у гэтым ланцугу занялі б сваё месца Пракулевічавы словы.
А далей проста пайшлі гудзець растрывожаным вулеем:
— Добра рабіць такія ракіроўкі ў спакойных абставінах, а тут, калі сам на валасінцы вісіш...
— Ды давайце сядзець і чакаць, пакуль саміх перавешаюць!
— Чакаць трэба Чайку! Як ні круці, а войска яго паважае! Прыедзе, скамандуе — і ўсё абыдзецца... можа быць...
— А хто з вас ведае, як скамандуе Чайка? — без усмешкі перабіў Мірановіч.— Я дык не.— I нібы машынальна, проста каб рукі заняць, узяў са стала Кецкаву запіску.
— Хто яго ведае, наш ён ці не наш... Але факт фактам — яго любяць!
— Ды нейтральны ён! Нічый! Проста апалітычны...
— Толку нам з яго франтавых заслуг?!
— Шаноўныя, вы думаеце, што вы гаворыце? Якое можа быць гаданне: чый у нас камандзір палка?! Ды такі чалавек павінен быць святым, каб нават думкі не ўзнікала яго падазраваць! I мы, улада цывільная, як за каменнай сцяной павінны за такім чалавекам пачувацца, а не гадаць, наш ён ці не наш! Такі чалавек адно рот раскрыць павінен — і каб у тысяч правая нага паднялася, а левая рука пайшла ў адлёт...
— Давайце толькі без лірыкі...
— Ды як увогуле можна падазраваць Чайку...
— Можна! — спыніў дэбаты Мірановіч. Ён увачавідкі пераймаў ініцыятыву верхавенства ад Жаўрыда, ды, мабыць, так і трэба было — Жаўрыд сам сказаў, ты контрразведка, ты і думай.— Як чалавека я Чайку люблю, усе вы гэта ведаеце, але як камандзір у нашай сітуацыі ён нікудышні. I вінаваты ён ужо тым, што такі бесхрыбетны, бязвольны, беспрынцыпны — згадзіўся ўзначаліць акцыю, а трэба было ведаць сваё месца і цвяроза (сказаў Мірановіч!) ацэньваць свае магчымасці. Таму мы і маем тое, што маем. He проста ж так яму, а нікому іншаму, адрасавана гэтая вось перапіска — бальшавікі знаюць, што робяць.
Усе слухалі моўчкі.
— Я сказаў беспрынцыпны... Гэта не зусім так, нават зусім не так: прынцыпы-то ў яго якраз ёсць. Але настолькі скасабочаныя, што лепш бы іх не было зусім. Яму ўсё здаецца,
што можна і за Беларусь ваяваць, і ў белых пальчатках бледным анёлам заставацца. Вось вам прыклад. Нядаўна адпусціў ён бальшавіцкага камандзіра Лебедзева («адпусціў» у вуснах Мірановіча прагучала двухсэнсоўна), тлумачачы гэта наступнай тэорыяй: «Ну, хоць бы самаго камуніста выпусцілі, дык мы гэтым нічога не трацім, а, наадварот, падумаем, што застанецца ў яго на душы? Ці зможа ён больш ваяваць супраць нас? Мы павінны біць духам, а не аружжам»... Тое самае і з гэтай вось перапіскай — у яе свая перадгісторыя. Неяк загаварылі пра Кецку, і Чайка сказаў: «Такога камуніста няма чаго нам баяцца. Я напішу яму пісьмо, і ён прыедзе да нас». Ну, і шмат накіруе, накамандуе чалавек з такімі дзіцячымі, набакір, мазгамі?
Ніхто не перабіваў яго.
— Чайку трэба мяняць — і баста! — сказаў Мірановіч.— Але не проста мяняць, а з толкам. 3 дальнім прыцэлам. Няхай ён напаследак яшчэ паслужыць беларускай справе; з паршывай авечкі хоць поўсці касмыль... Ну, што прыціхлі? Трэба рабіць тое, што звычайна ў такіх выпадках робіцца. Знаходзіцца крайні, «казёл адпушчэння», на якога вешаюцца ўсе сабакі (чамусь пайшла ў Мірановіча нейкая «жывёльная» лексіка). Трэба аб’яўляць яго, пакуль не позна, савецкім шпіёнам і пад той стаўбняк, пад тое здранцвенне, якія аб’ява выкліча, арыштоўваць балахоўцаў і зачыншчыкаў мяцяжу. I ніхто і слова не пікне! Вінаватыя будуць указаны, пакараны — пакуль разбяруцца, усё будзе скончана!
I тут адказам Мірановічу было маўчанне. Усё правільна, вывераны, надзейны, хоць і жорсткі план, але ж як ён, сябра Чайкі, цынічна яго «выкладае»!.. Вось, а не Жаўрыд і тым больш, канечне, не Чайка сапраўдны дыктатар!.. Такі прынясе ў ахвяру, абы спатрэбілася, любога з іх тут і вокам не міргне... Але што тут скажаш? Трэба ж нечым, а ў іхнім выпадку некім паступацца... Каб выратаваць акцыю, а заадно і Беларусь, трэба ж, і праўда, каб перш-найперш зберагчы ўласныя галовы... I іншага варыянта, іншага спосабу дзеяння ніхто ж не прапаноўвае.
— I вось што, дарагія мае,— выдатна разбіраўся ў іхнім маўчанні галоўны контрразведчык,— давайце без сюсюканняў. Гэтая вось цыдулка, гэтая наіўная фальшыўка, за своечасовасць якой трэба падзякаваць чырвоным,— адзінае, за што мы можам зачапіцца. У ёй наша выратаванне. I калі мы не скарыстаемся гэтай эпісталярыяй, нам нічога болын не застаецца,
акрамя як сядзець баранамі і чакаць балаховічаўскага або бальшавіцкага абуха. У мяне ўсё.
I праўда, як пад абухом паапускаліся галовы канспіратараў.
— Адзін узвод — гэтага мала,-— яшчэ засумняваўся нехта, ужо без усялякай сувязі з Чайкам.
— Хопіць! Трох дзесяткаў цвярозых надзейных хлопцаў больш чым дастаткова!
— Добра! Будзем лічыць, што Сокал-Кутылоўскі даў згоду. Застаецца драбяза: як гэтую камандзірскую перастаноўку ажыццявіць тэхнічна? Выйсці на плошчу і аб’явіць, што з заўтрашняга дня вольніцы канец, заместа Чайкі цяпер у вас будзе дыктатар?
— Дык пра гэта і давайце падумаць...
— Я ўсё бяру на сябе,— сказаў Мірановіч.
I хоць трохі яшчэ пашумелі, паспрачаліся, усё яшчэ самі сябе пераконваючы ў неабходнасці подленькай справы («Адцягнуць нечым увагу...»; «Ну, так! Калі арыштуецца сам Чайка, дык астатнюю драбязу і не заўважыць ніхто...»), але ўжо даволі вяла, ды і не па сутнасці. Ўсё радзей згадваўся Чайка, і ўжо проста не хацелася ўвогуле чапаць гэтую непрыемную, пры ўсім пры тым, тэму. Сасноўскі раптам падняў будзённае пытанне: як быць з начоўкаю? ці не дражняць яны гусей, застаючыся ўсе ў адным месцы, дзе лёгка іх могуць накрыць; можа, разумней будзе разгрупавацца? I ўсе з палёгкаю перакінуліся ўжо на гэты новы клопат і доўга яшчэ вялі па ім дыскусіі, пакуль, ці не пад раніцу ўжо, вырашана было не спаць увогуле, нікуды не разбрыдацца, проста сядзець тут, даверыўшыся ва ўсім Мірановічу і Капцу.
Цікава, што і ў супраціўным лагеры прыйшлі да высноў аналагічных, з той толькі розніцай, што роля закладнікаў — «ахвярных казлоў» — адводзілася Пракулевічу з Жаўрыдам.
А мяцежнікі на плошчы проста чакалі, да чаго ж нарэшце дадумаюцца і калі што пачнуць прадпрымаць узбаламучаныя, незгаворлівыя, нядружныя іхнія камандзіры.
XXII
Весела было ў Лодзі, калі займалі месцы ў вагоне, весела было ў поездзе, пакуль ехалі па Польшчы — ад прыроды за акном, ад таго, што многа іх, аж чатырнаццаць, што яны такія маладыя, а ўжо афіцэры, і форма ваенная на іх, з pa-
меньчыкамі на грудзях, пагонамі на плячах, шэўронамі на рукавах, і едуць яны не на пагулянку, не да маткі на бліны — на фронт, змагацца за радзіму.
Удосталь было выпіўкі, не змаўкалі песні... Каму надакучвала, дык можна было проста стаяць каля акна і любавацца прыгажосцю краявідаў, дыхаць вольным, свежым паветрам.
Пасля Варшавы цягнік пайшоў марудна, падоўгу прастойваў на кожнай, нават самай занядбаленькай станцыі, a то і проста на перагонах, пасярод поля ці ў лесе. Скончылася выпіўка. Перасталі спяваць (а то штораз то адзін, то другі падымаўся, задзіраючы высока руку са шклянкай, ззяючы вачыма, зацягваў «Адвеку...», астатнія натхнёна памагалі)... Цягнік ледзь сунуўся. На другія суткі ўжо нават у акно не хацелася пазіраць. Нарэшце, дзякаваць Богу, Беласток! Уміг скінуліся грашыма, выбралі «ганцоў» — хоць піва раздабудзьце! Пайшло пяць, вярнуліся двое; праўда, з цэлай скрынкаю піва, так і прынеслі, з бакоў узяўшы. А тыя дзе?.. Знойдуцца, здагоняць!