• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    «Хто гэта?» — цішком папытаўся Трухан пра дзецюка, які найбольш яго цікавіў.
    «Ведрыч,— адказаў Церашкоў,— кадр яшчэ той».
    Пісьменнік у світэры звыклым рухам чалавека, які прывык і ўмее трымацца на людзях, адкінуў даланёй назад сівыя валасы, загаварыў густым, упэўненым, пастаўленым, бы ў радыё, голасам:
    «Думаю, называць сябе няма патрэбы — спадзяюся, усе мяне і так ведаюць. А вось маю новую пасаду наўрад ці. Я нядаўна абраны ў камісію па працы з літаратурнай моладдзю, таму...»
    «А што, ёсць такая камісія?»
    «I з кім яна працуе, калі ўсе маладыя — тут, самі па сабе?» — пачуліся воклічы.
    Бялявы з «прэзідыума» таксама сказаў:
    «Выходзіць, калі б мы самі не пачалі збірацца, дык не было б ніякае камісіі? Тады хто пад каго падладжваецца?»
    «Пачакайце... Па-першае, чаму вы думаеце, што акрамя вас няма больш маладых... Па-другое, сапраўды, раз вы ўжо сабраліся, дык трэба ж некаму кіраваць... ну, працаваць з вамі... Адсюль і камісія!»
    Адказам яму быў дружны смех. Пісьменнік усё ж вырашыў не здавацца і давесці сваю думку да канца:
    «Так, кіраваць! He пускаць вас на самацёк. I няма ў гэтых словах нічога страшнага ці смешнага...»
    «Як жа, няма!» — уставіў бялявы.
    «Увогуле, незразумела — чаму вы так, адразу, бачыце ў нас ворагаў? Мы вам не ворагі. Якія б ні былі вы, якія б ні
    былі мы — усе мы адна беларуская культура. Вы — новае пакаленне, і нам зусім неабыякавы ваш лёс. Што да нас, дык дужа не перажывайце: мы проста фізічна не вечныя, і вам яшчэ ўсяго хопіць — і пугі, і пернікаў... Аб адным толькі, па праве старэйшага, хачу вам нагадаць: вось такія, як цяпер, пераломныя часы сапраўды часта нараджаюць выбітных асоб, а такія асобы заўсёды нязручныя — для любой улады, для любой сістэмы... I мы, старэйшыя, проста абавязаны папярэдзіць вас! Усё паўтараецца, усё гэта неаднойчы было нават на нашай памяці. Пасля кожнага ўздыму — спад непазбежна, і тады асобныя гарачыя галовы, якія вытыркаюцца...»
    «Вось гэтая вашая вечная асцярожлівасць,— перабіў Ведрыч, які ўвесь час слухаў насмешліва,— і прывяла да таго, што мы маем».
    «А што мы маем? — пакрыўдзіўся пісьменнік. Чамусьці чым часцей яго перабівалі, тым больш ён пазбягаў сустракацца з кімсьці вачыма, а пазіраў больш уніз, на свайго таварыша, лысага пісьменніка, нібы шукаючы толькі ў яго спагады.— Што мы маем? Нашая літаратура кепская, вы хочаце сказаць? Ды мы далі сусветныя ўзоры ваеннай прозы! Дзякуючы нам, урэшце, захавалася наша мова — нашая родная мілагучная, пяшчотная матчына мова...»
    «Вашыя сусветныя ваенныя ўзоры — гэта «па блату, па блату спалілі немцы хату». А зараз, упэўнены, асядлаеце новую тэму: «Боль мой — Чарнобыль» і не злезеце з яе да скону».
    Лысы пісьменнік ужо цягнуў таварыша за рукаў, уголас казаў: «Кінь, ты ж бачыш, што з імі немагчыма гаварыць!» Але сябра, відаць, узяло за жывое, разварушыла:
    «Так! I вайна, і Чарнобыль — наш няўціхны боль, хай, сапраўды, гэта нашыя асноўныя тэмы! А што ў вас тады? Ды мы, калі шчыра, былі столькі наслуханыя! I, калі йшлі сюды, чакалі... ну, не ведаю, нечага такога! Сапраўды, звышлітаратурнага! Вось гадзіну праседзелі — і што? Анічога! Замест «апавяданне» напісаць «аповед» ці «навела», замест «плечы» — «рамёны» — гэта далёка не літаратура ў яе сапраўдным, высокім значэнні...»
    «У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька! Вось уся іхняя звышлітаратура»,— раптам голасна прамовіў лысы пісьменнік; атрымалася даволі дасціпна, бо акурат перад тым чыталі верш, у якім згадаўся не да месца Кіеў.
    Сівы з падзякаю зірнуў на сябра і казаў далей:
    «Вы можаце не верыць, але мы — нашае пакаленне — прайшлі праз усё тое ж самае. Збіраліся, абвяргалі, бралі ў
    рожкі старэйшых, асмейвалі... Усяго было — праўда, з адной вельмі істотнай розніцай: за гэта нас і блізка да рэдакцыяў не падпускалі, шпынялі, крытыкавалі, «рэзалі» ў выдавецтвах, а вы хочаце...»
    «А, вы прайшлі праз гэта, дык абавязкова трэба і нам праходзіць? — спытаў бялявы.— Вы хочаце...»
    «Не, гэта вы хочаце!— перабіў на гэты раз пісьменнік,— Хочаце, каб вас на руках насілі! A — зрэшты, няважна... Паўтаруся: у любым выпадку — вы дзеці нашыя, наступнікі, мы не жадаем вам зла, мы будзем лічыцца з вамі, якія б вы ні былі. Проста каб не перарастала гэта ў пустую гаварыльню, давайце памяркуем разам. Напрыклад, чым мы, наша камісія, канкрэтна можам вам памагчы? На першы час — выдаць альманах лепшых вашых твораў. Паверце, гэтага не мала. Мы, праўда, не настолькі знаёмыя з вашай... гм, творчасцю...»
    Пісьменнік ужо зусім справіўся з сабою і гаварыў, як і ўпачатку, упэўнена і гладка. Але не такая тут сабралася публіка, каб так проста адпусціць яго.
    «Яшчэ б! — пасміхнуўся Ведрыч.— Дзе вам быць настолькі знаёмымі. Вам жа няма часу нават саміх сябе чытаць, не тое што нас, маладзейшых. Вам жа тварыць трэба, пісаць палотны, эпапеі, пенталёгіі...»
    Пісьменнік упершыню за вечар не тое што пакрыўдзіўся, а нібыта спалохаўся. Ён пачырванеў, дастаў насоўку і высмаркаўся, а калі ізноў загаварыў, пачаў заікацца:
    «Я першы раз... у жыцці такое...»
    «Вы ведаеце, што ў нас у кожным горадзе філіі? — дабіваў яго Ведрыч.— Што ўся маладая Беларусь — з намі? Вы ж нічагуткі не чытаеце, ні за чым не сочыце! Вунь, паглядзіце, сядзіць збоку хлопец — вартаўніком працуе, без вышэйшай адукацыі, а такі гістарычны раман напісаў, што вам не снілася! У Міхася вунь,— паказаў пальцам на некага Ведрыч,— даўно на зборнік апавяданняў. У Люды ўжо некалькі гадоў ляжыць кніжка вершаў у выдавецтве — баяцца выпускаць... Ды ў нас у кожнага тут, бадай, на кніжку, а то й на дзве набярэцца. Але ж вам выгадна заплюшчваць вочы. Калі б мы самі не зварухнуліся, не заявілі пра сябе — вы б і пальцам не паварушылі! Пагаманілі б паміж сабою, паўздыхалі б з самалюбаваннем, што літаратура на вас канчаецца,— і за новыя палотны! Альманах... Ды выйшлі б нашыя кніжкі заўтра, гэта ж цэлы новы літаратурны пласт адкрыўся б! Але ж тады, чаго добрага, пра вас забудуць. Гэта ж пацясніцца трэба будзе, эпапеі радзей выходзіць стануць... Ды пра што
    казаць, калі вы нават цяпер баіцеся нас. Цяпер — калі ў нас, па-вашаму, у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Чаму ж вы страхуецеся, нават сюды прыходзіце з ім вось... Хто гэты чалавек? — паказаў бесцырымонна пальцам Ведрыч на маўклівага ўсмешлівага госця.— Чаму ён рэгулярна цягаецца сюды? Хто ён — паэт, празаік? Можа, драматург?»
    Чалавек маўчаў. Сівы пісьменнік апусціўся ў крэсла, рукі ў яго ўздрыгвалі, а па твары пайшлі белыя плямы. Таварыш штось прашаптаў яму на вуха, сівы згодна кіўнуў. Абодва падняліся, пакіраваліся да вешалак, пачалі памагаць адзін аднаму апрануць паліто. Чалавек, сумна ўсміхаючыся, застаўся сядзець, як сядзеў.
    У залі ўсталявалася цішыня. На пакрыўджаных пісьменнікаў ніхто стараўся не глядзець. Бялявы ў кутку пакашляў, звярнуўся да Ведрыча:
    «Можа, сваё новае пачытаеш?»
    Той замест адказу выклаў з кішэні на стол пару прабітых талончыкаў, скамечаны пусты пачак з-пад цыгарэт, расклаў перад сабою, паўглядаўся:
    «Пакуль сюды ехаў, у трамваі, дык запісваў на чым папала»,— прамармытаў ён, ізноў выклікаўшы смех.
    Агульная няёмкасць адразу неяк спала. He ўстаючы з месца, Ведрыч пачаў чытаць, і з першага радка замоўклі ўсе; нават старэйшыя пісьменнікі, што стаялі ўжо ў дзвярах апранутыя, спыніліся. А самае дзіўнае, загадкавы чалавек чамусьці перастаў усміхацца і насцярожыўся.
    Трухан адчуў, як па спіне ў яго прайшла хваля дрыжыкаў, як бывае пры тэмпературы...
    Гэта была не проста дэкламацыя, а відовішча,— як сказалі б цяпер, «тэатр аднаго актора». Вялікія, крыху прыпухлыя, страшнаватыя, бо зусім не міргалі, вочы Ведрыча пранізвалі кожнага, на кім спыняліся, і кожнаму было зразумела, што Ведрыч цяпер не тут, не з імі, а недзе, што ён аддаліўся, увайшоў у словы, сам стаў словам...У яго вершы таксама прамільгнулі «дзіды» і «рамёны», але выйгрыш яго чытання ад іншых быў не столькі нават у словах, колькі ў самім выглядзе, у зацятым бляску гэтых страшнаватых вачэй, у паставе, калі ён раптам рэзка ўстаў, выпрастаўся і па-акторску пафасна прыціснуў да сэрца руку...
    «Ну, як?» — прашаптаў Церашкоў Трухану.
    Ведрыч адсунуў ад сябе талоны і пачак і чытаў ужо іншы верш — па памяці, магчыма, нават экспромтам. 3 кожнай новай страфою яго выразны, з надрывам голас ся-
    гаў усё вышэй і вышэй і, здавалася, пры канцы сарвецца зусім, «выдасць пеўня»: так сочыш і міжволі пачынаеш перажываць за саліста, які выцягвае арыю, звыкаешся з ім, недзе сам у сабе пачынаеш «памагаць-падцягваць» яму і баішся, што калі ты — сам у сабе — «сарвешся», дык і ён не вытрымае... I вось, у той крытычны момант, калі б далейшае павышэнне голасу хоць на паўноткі ўсё сапсавала б, Ведрыч нібы спатыкнуўся, замоўк, вытрымаў прафесійную паўзу і тады звычайна, без аніякай інтанацыі закончыў — бы проста даверліва падзяліўся:
    Бо ў гэтай краіне
    He маю я долі.
    2
    Аб’явілі перапынак, і ўсё прыйшло ў рух, зноў стала шумна. Многія, тоўпячыся ў дзвярах, пачалі выходзіць у фае. Трухан, які ўсё збіраўся кінуць курыць і не мог, таксама падаўся да дзвярэй. Стаў там, перамінаючыся з нагі на нагу, не ведаючы, куды рук падзець, паперадзе ўсіх прапускаючы,— вялікі, нерашучы, цельпукаваты ў заношаным сваім касцюме, з якога даўным-даўно вырас...
    Нэлі ўрэшце села свабадней, дастала з касметычкі люстэрка, падціснула маленькія прыгожыя вусны, паправіла валасы, хоць што там было папраўляць — кароткая хлапечая стрыжка; «як і няма патрэбы,— думаў Церашкоў, краем вока за ёй назіраючы,— лішні раз любавацца сабою», і без таго вядома, што ўсё ў яе на месцы і да месца, што яна дагледжаная, чысценькая, ахайненькая... I бездакорная, як жывая лялька. Прыемна з такою час бавіць, па горадзе, за ручкі ўзяўшыся, паблукаць, у калідоры універсітэцкім пашаптацца-пажмакацца, каб іншыя пазайздросцілі... Але ўявіць яе жонкаю!..
    Церашкову няцяжка было зрабіць гэта. Ён быў жанаты. Праўда, жонка з маленькім сынам жылі цяпер далёка, дзесь на поўдні Беларусі ў яго бацькоў, і маглі толькі здагадвацца, чым займаецца на волі іхні лёгкі на язык і на пад’ём, з залішне кампанейскім характарам і са знешнасцю маладога Штырліца галава сямейства.
    «Самой перакурыць пайсці, ці што»,— сказала Нэлі і пстрыкнула замком касметычкі, зачыніўшы яе.