Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
«Не ведаю...»
«Затое я ведаю. Ніводнага твора ў стол, ніводнага сапраўднага дысідэнта не далі некалькі пакаленняў! Нонсенс!»
«Ну, ты ўжо таксама,— сказаў бялявы.— Мала нам у дваццатыя — трыццатыя было ахвяраў? Ты што, прапаноўваеш...»
«Так. Менавіта гэта і прапаноўваю. Каб хтось свядома напісаў такі твор, за які як мінімум яму свяціла б турма. А як максімум — расстрэл».
Бялявы не знайшоўся, што адказаць.
Гул у фае сціхаў.
Чарнявы высунуў руку з гадзіннікам на святло: «Ого, час!» — і хутка пайшоў з балкона, а за ім і астатнія.
4
Другая пасля перапынку частка была нядоўгая і менш цікавая. Старэйшыя пісьменнікі даседзелі да самага канца. Яны ўжо не пераміргваліся і не перашэптваліся. Выступалі яшчэ людзі, чыталі вершы і прозу, але цяпер, пасля Ведрыча, усё гэта было нейкім прэсным, недасоленым.
Скончылі, абгаварылі час наступнага збору (тут маўклівы сумны чалавек дастаў з кішэні нататнік і штосьці хутка чыркануў у ім), чалавек колькі яшчэ засталося ў зале, а большасць пасыпала ўніз,— займаць чаргу ў гардэроб.
«Дык я вас чакаю,— не папытаў, а сцвердзіў Ведрыч, падыходзячы ў сваім кажусе да Нэлі, Церашкова і Трухана, якія стаялі апошнімі.— Куды вы потым?»
«Да мяне,— адказала Нэлі,— Тут недалёка. Хадзем і ты, калі хочаш. Праўда, я адна сёння, мае паехалі, лядоўня пустая, частаваць няма чым...»
«Во, а я сам хацеў напрасіцца! Толькі, Нэлі, адна ўмова: вершыкаў сваіх не чытаць, добра? Слабенькія ў цябе вершыкі,— і адразу ж, дзелавіта: — Трухана бярэм таксама, ён смешны».
«Як захоча»,— сказала Нэлі.
А Трухан прамаўчаў, адно з удзячнасцю зірнуў на Ведрыча.
Падышла чарга. Атрымалі: Нэлі сваё кароценькае, да каленяў, бэзавага колеру паліто, з-пад якога яе харошыя ножкі былі відаць гэтаксама, як з-пад сукенкі, Трухан з Церашковым — курткі. Адышліся, апранаючыся на хаду, да вялікіх, ва ўсю сцяну люстраў.
Яны ўсе ўчацвярых адначасова падышлі да гэтых люстраў і так неяк сталі і ў адзін і той жа момант зірнулі на свае адбіткі, што, гледзячы збоку, можна было падумаць, яны размясціліся для здымка на групавую фотакартку.
I раптам Трухан збялеў і застыў з уздзетай адной рукою ў рукаво.
У яго ўжо даўно — ад самага перапынку, калі ён курыў на балконе, звінела ў вушах і плыла галава, і, як часта бывае ў чужым шумным месцы, сярод мноства незнаёмых твараў, пачыналі адбывацца гэтыя імгненныя зацямненні свядомасці, правалы памяці, знаёмыя кожнаму — «усё было ўжо некалі са мною ці снілася мне», з тою розніцай, што для яго гэтая ў прынцыпе бяскрыўдная мешаніна часу з’яўлялася сігналам трывогі, сур’ёзным напамінам, што забывацца нельга: вось яна я, пошасць твая, нікуды не дзелася, заўсёды побач...
Але ж як не ў час гэта!
Hi з таго ні з сяго пачаў аддаляцца, рабіцца ватным у вушах гоман людзей за спіною, тады зусім сціхла ўсё, і Трухан аглух. Людзі, якіх відаць было ў люстры, расплыліся, расталі, акрамя іх чацвярых, і сцены, і столь, і бачная частка гардэробных вешакоў таксама расталі — знікла ўсё, а ў люстры перад імі чацвярмі з’явілася толькі нейкага брудна-матавага колеру палатно, як экран, як фон на чорна-белых фотаздымках; але і фон гэты не быў аднародны, а змяняўся на вачах — на ім праступалі і рабіліся ўсё больш выразнымі як бы дэкарацыі нейкага вясковага двара, непрыбранага, як нежылога, скрозь парослага счаўрэлай восеньскай травою... Патрэсканая, пабітая смалянымі сучкамі і паточаная шашалем сцяна хаты з вялікімі вокнамі, са складзенымі ў штабель бярвеннямі пад сцяною... Далей — саламяны дах пуні, каля якой стаіць запрэжаны ў калёсы конь, а Ведрыч корміць яго з рук пуком сена... Аброслы доўгімі валасамі, з бародкаю, у злінялай бруднай гімнасцёрцы і ў галіфэ з нашытымі накаленнікамі і латкамі на задніцы, Церашкоў нагнуўся і, прытрымліваючы адной рукой кабуру, што вісіць на баку, другой папраўляе на нагах абмоткі... Каля хаты на краі тоўстага бервяна прымасцілася Нэлі, абвязаная па вочы белай хусткаю, падобная на сястру міласэрнасці, у шэрым андараку, у лапціках; на руках у яе немаўля, спавітае ў латунне... Побач сядзіць ён сам, Трухан, і пстрыкае над немаўлём пальцамі — забаўляе, нібы гэта яго дзіця...
Трухан скалануўся. Усё гэта было імгненным кадрам з нямога чорна-белага кінафільма ці фрагментам аднаго з тых дзіўных сноў, што апошнім часам пачалі сніцца яму так часта, а вось ужо і наяве пайшлі...
«Ты што?» — Ведрыч стаяў перад ім, ва ўпор на яго пазіраючы.
Вярнуўся гул, вярнуліся знаёмыя адбіткі сцен, столі і вешакоў у люстры... Такі ж самы, знаёмы быў Ведрыч, у сваім новым кажусе, у джынсах і тупаносых чаравіках. На выступ пад люстрамі прысела Нэлі, папраўляючы блішчастыя спражкі на боціках. Бокам да люстраў стаяў Церашкоў, павярнуўшы, бы певень, галаву. Ніхто, акрамя Ведрыча, не звяртаў на Трухана ўвагі.
«Нічога, гэта бывае,— выціраючы з ілба паскудны пот, адчуваючы, што пот гэты праступіў па ўсім целе, вінавата прамовіў Трухан.— Бывае са мною,— дадаў, прыходзячы ў сябе.— Падалося проста».
«I часта?»
«Так, не вельмі... Бывае».
«Тады пайшлі»,— загадкава неяк сказаў Ведрыч; прагучала як — пайшлі разбірацца.
На вуліцы — пабялелай і, здавалася, пачысцелай, прыгожай і светлай ад ліхтароў, усе як па камандзе сышліся і разам глыбока ўдыхнулі марозны водар першага ў гэтым годзе снегу.
Ведрыч нацягнуў на галаву сваю рабую шапку з апушчанымі вушамі, прытупнуў снег падэшвамі моцных чаравікаў. Усё пасавала яму, было да твару: і гэты доўгі кажух, хоць ніхто яшчэ ў кажухах не хадзіў, і зімовая шапка, хоць ніхто яшчэ зімовых не надзяваў, і гэтыя чаравікі, якія моцна, як злітыя, і, відаць, зручна сядзелі на яго нагах і не баяліся ні марозу, ні снегу, ні гразюкі.
«Чым ехаць?» — спытаў Ведрыч, прытупваючы. Прытупваў ён не ад марозіку, а ад таго нецярпення, з якім перабірае нагамі малады застаялы конь у прадчуванні новай, нязведанай дарогі.
«Якое ехаць, тут прайсці крыху,— адказала Нэлі.— За «падкову», на Берасцянскую».
«Што ж, будзе яшчэ адна свая хата ў цэнтры».
Пайшлі — уперадзе Церашкоў з Нэлі, якая ўзяла яго пад руку, Ведрыч з Труханам ззаду.
«Ну што, акрыяў? Дык што з табою было? Чаго спалатнеў?»
«Так... Падалося»,— неахвотна адказаў Трухан, адчуваючы, што з такім, як Ведрыч, змяніць тэму будзе няпроста. Да таго ж ён быў абавязаны Ведрычу — з сабою ж узяў, таму вымушаны быў адказваць.
«Ты хворы?»
Трухан кіўнуў, але Ведрычу хацелася пачуць.
«Я не бачу. Хворы?»
«Ну».
«Лячыцца трэба».
«Усё жыццё толькі тое і раблю...»
Са смехам, гоманам іх абагнала купка моладзі.
«Во дажыўся,— сказаў, гледзячы ўслед, Ведрыч.— Быў час, калі па пальцах мог пералічыць усіх, хто ў Беларусі пабеларуску гаворыць, а цяпер дажыўся — нікога не ведаю! Добра. Што баліць?»
«Лягчэй сказаць, што не баліць...»
«I галава?»
«I галава».
«Як у таго цыркача?» — спытаў Ведрыч.
«Не зразумеў...»
«Ну, цыркач зарабляў грошы тым, што цагліны аб галаву разбіваў; за кожную цагліну плацілі рубель. Яму раяць: «Ты ж мог бы больш разбіваць цаглінаў, тады б і грошай было болей!» — «Мог бы,— адказвае,— толькі галава моцна баліць». Так і ў цябе. He пакрыўдзіўся?»
«Не, ніколькі»,— шчыра адказаў Трухан.
I праўда, гэты Ведрычаў цынізм не цынізм, хамства не хамства, a — рэзкасць, ці што, ці нават жорсткасць, чамусьці не толькі не крыўдзілі — наадварот, неяк да месца падаваліся, апраўданымі былі, як бывае апраўданай жорсткасць дактароў ці міліцыянераў. Гэта розныя охі ды ахі ды саладжавыя спачуванні, якіх наслухаўся Трухан за сваё жыццё і ведаў ім цану, былі б цынічнымі і абразлівымі тут.
«Дык а бацька з маткаю ведаюць, што ў іх сын такі? Што кажуць?»
«Нічога. Іх няма ў мяне»,— неабачліва прызнаўся Трухан. I ў той жа момант пашкадаваў аб гэтым.
«Так я і ведаў! — усклікнуў Ведрыч.— Так і знаў, што не ўсё! Ды што ж мне так шэнціць на гэтых убогіх, абдзеленых, сіратаў — на табе, Ведрыч, што Богу нягожа! Калі я ўжо нармальнага чалавека знайду?!»
«Я не напрошваўся, магу пайсці».
«Ды стой, чакай ты... Ну, прабач. Больш не буду... Яшчэ і гонар паказуе. Дай жа мне абвыкнуцца хоць трохі. Ты ж мяне кожнай навіною як паленам глушыш... Добра. Бацькоў няма, а хто ёсць?»
«Дзядзька з цёткаю, дзед з бабаю...»
«Дык ты як калабок? Усё, маўчу, маўчу. Вось я ўжо і прывык. Сірата, хворы, касцюмчык стары, сарочка каляровая... Ну, нічога. Вылечым. Бацькоў заменім, касцюм новы купім.— Ведрыч раптам спыніўся і палез у кішэню.— На табе грошай!»
«Ды, перастань ты... Людзі азіраюцца».
«Не хочаш — не трэба. Ну, нічога... Галоўнае, што не пішаш (Трухан пахаладзеў). Бо каб у дадатак да ўсяго яшчэ і паперу крэмзаў!.. А, чакай ■— ты ж курыш?»
«Мала».
«Усё адно — навучыўся неяк. А гарэлку п’еш?»
«Якая гарэлка...»
«Навучышся,— паабяцаў Ведрыч, як звычайна, ці то жартуючы, ці то ўсур’ёз.— I вылечым, і ўсяму навучым».
5
Мінулі «Кнігарню», кінатэатр «Мір», перайшлі трамвайныя рэйкі і пакіраваліся некуды ў двары.
Нэлі жыла ў старым «сталінскім» доме. Дзверы пад’езда былі зачынены на замок з кодам. Па шырокай цёмнай лесвіцы падняліся на чацвёрты паверх, і калі ўвайшлі ў пярэднюю, Ведрыч ахнуў — не ад раскошы, а ад памераў.
«Ну, Нэлі! Гэта ж у футбол гуляць можна. Слухай, можа, мне ажаніцца з табою? Такая хата! Харошая хата».
Вялізны калідор, высокая столь, люстры паўз усю сцяну кшталту тых, у доме па Фрунзе, 5; на ўсю падлогу — дыван, па-над люстрамі — ліхтарыкі з імітацыяй пад свечкі...
«Харошая хата,— усё паўтараў, распранаючыся, Ведрыч.— Па блату, па блату, спалілі немцы хату...»
Ён не дагаварыў, бо раптам прачыніліся бакавыя дзверы і з цёмнага пакоя выйшаў прыземісты белы бультэр’ер. Утаропіўся ў гасцей круглымі свінячымі вочкамі, натапырыўся ў байцовай стойцы і забурчэў. Замест морды ў яго быў, як і належыць гэтай пародзе, адзін доўгі гарбаты нос.
«Фу! — крыкнула Нэлі, падышла і пагладзіла сабаку.— Гэта яна, не бойцеся, яна не кусаецца, проста шчанюк у яе цяпер».
I праўда, следам з пакоя выграблася і, чапляючыся лапкамі за варсісты дыван, падпаўзла да бультэр’ера такая ж беленькая, толькі нашмат меншая пачварка, з такім жа доўгім гарбатым носам. Маці асцярожна, беражліва ўзяла сваё дзіця зубамі за шкірку і панесла назад.
Ведрыч, не бачачы нідзе вешалкі, круціўся з кажухом У руцэ.