Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
перад чарговай пасіяй, да таннай хлусні не апускаўся, адразу папярэджваў, што жанаты і разводзіцца не збіраецца...
Ён заўсёды выконваў толькі пасіўную ролю — не ён шукаў, а яго знаходзілі, яму на шыю чапляліся з юру скручаныя ўчарашнія школьніцы і самі ініцыіравалі паэтапна ўсе неабходныя прыступкі — аж да самай верхняй, «пасцельнай», і пры гэтым яшчэ самі пераконвалі, што ніякіх прэтэнзій да яго няма і быць не можа, нічога нас потым не звяжа...
ІДікава, што ведаеш, што нельга гэтага рабіць, а робіш, a пападаешся, а кожны новы раз думаеш — вось яна, не такая, з гэтаю ўжо іменна будзе інакш, лягчэй, прасцей... Нічога падобнага! Тыя ж разборкі ў фінале, тыя ж слёзы, ды папрокі, ды нязменнае «сама вінавата»... Нібы перадаюць яны адна адной адзін і той жа зачытаны сцэнарый, дзе не толькі рэплікі аднолькавыя, а і набраныя курсівам і заключаныя ў дужкі аўтарскія тлумачэнні-рэмаркі — як трэба ў тым ці іншым выпадку паводзіцца.
Церашкоў паплёўся на кухню. Нэлі сядзела згорбіўшыся, склаўшы рукі на каленях... Усё гэта было Церашкову знаёма.
«Во падружыліся»,— весела пачаў ён, з прытворным перабольшаным здзіўленнем: можна падумаць, нечаканае збліжэнне Ведрыча з Труханам больш чым што зараз цікавіць яго, найважнейшая яму тэма.
«А табе зайздросна? Раўнуеш?»
«Не выдумляй. Калі Трухана, дык проста шкадую...»
«Вось як? А мяне ты не шкадуеш?»
«У сэнсе? Хіба што-небудзь здарылася?» — асцярожна спытаў ён, выдатна ведаючы, што можа здарыцца, і выдатна ведаючы, што гэтага не здарылася, проста ідзе банальная, звычайная ў такіх выпадках праверка — так бы мовіць, разведка боем.
«Здарылася»! — перадражніла яна.— Гэтага толькі не хапала. Можа, мне да жонкі тваёй з’ездзіць? Ды расказаць ёй усё?»
Яна помсліва прыжмурылася, а яму ад гэтага смешнага наіву... Вось жа бывае! — гэтая да містыкі невытлумачальная асацыягыўнасць слова і вобраза! Пасадзі чалавека ў камеруадзіночку, пранануй — пад страхам смяротнага пакарання або абяцанку казачнай узнагароды — прыгадаць якісь далёкі ў часе эпізод, напрыклад, зімовы вечар 17 студзеня эннага года, калі чалавек вучыўся ў сёмым класе, і нават раскладзі перад ім тагачасныя ягоныя рэчы: дзённік з раскладам урокаў,
падручнік па геаграфіі, сшытак з дыктантамі... He ведаю, вельмі і вельмі сумняваюся, што з гэтага нешта атрымаецца. А бывае — гэты ніадкуль, ні з чаго ўзніклы збег «абставін, часу і месца дзеяння»: едзеш ты летнім душным днём у тралейбусе, думаеш абы пра што, лена ловіш абрыўкі чужых размоў... I вось яно! Самыя бязвінныя, самыя нейтральныя словы твайго суседа злева — «тады я яму званю...» — раптам успыхваюць у табе магніем, выбухаюць эмоцыямі, асляпляюць феерверкам успамінаў, і хоць за акном гарадское лета, а на табе тэніска і шорты, у цябе прабягаюць па спіне мурашкі марозу, як і тады, у няпаленай хаце, калі ўвечары, парабіўшы ўрокі, чакаў матку з працы, глядзеў «Саламяны капялюш» па тэлевізары, аб нагу цёрся жоўты кот (якіх столькі зменіцца з таго часу!), на падлозе жаўцела лушпайка гарбузовай семкі, на спінцы крэсла, хітра распраўленыя, віселі штанцы з разадранай на нядаўнім хакеі калашынаю; і не толькі вечар, а ўвесь сямікласны дзень — да самых дробных дэталёвых драбніц, да ўсіх пераменаў-перападаў тадышняга настрою пранясецца перад табою за долі секунды!..
Штось такое адбылося з Церашковым і цяпер, пасля Нэлінай пагрозы да жонкі з’ездзіць. Зусім не сцэна разборак палюбоўніцы з жонкаю ўзнікла раптам перад яго вачыма, a — восеньскае позняе сонца, гарбатае, парэзанае бясконцымі разорамі, з цыбукамі картапляніку ў іх бульбяное поле; здалося, адчуў ён непрыемную сухасць брудных пальцаў, ныццё спіны, цяжар поўных кашоў; пачуў, як грукоча высыпаемая ў пусты пакуль яшчэ кузаў трактарца бульба... А галоўнае — згорбленая над разораю дзяўчынка ў бела-зялёным, як сімвал прамінулага лета, спартыўным касцюме. Мімалётная сустрэча вачыма, абмен усмешкамі, перакідка парай слоў, выпадковы дотык рук — усе гэтыя знешне нібыта пустыя, няважныя, звычайныя дэталі, а на справе — складаная, са шматслойным падтэкстам прэлюдыя флірту, цэлая навука, захапляючая да хмелю ў галаве, да адрэналіну ў крыві — для тых, хто разумее і разбіраецца ў гэтым, канечне, а Церашкоў якраз і разумеў, і разбіраўся. Нічога ў такой навуцы не бывае лішняга, кожная мікраскапічная драбяза нясе сваю важную ролю, кожная дэталь мае свой важкі сэнс, і ў выніку ўсё працуе на канчатковую мэту — на збліжэнне. Тут і сумеснасць занятку, і суцішаная навакольная прырода вернутага сярод восені «бабскага» лета, і адсутнасць кантролю — у Нэліным выпадку бацькоўскага, у яго — жончынага, тут і (медалямі на грудзях дэмабілізаванага салдата) той факт, што Церашкоў
пасля арміі, жанаты, мае маленькае дзіця; усё гэта ахутвала іхнія з Нэлі адносіны лёгкай смугою крамолы, нават таямнічасцю, неабходнай для збліжэння... Гэта пазней, праз не такі і вялікі час, ужо ў зімнім Мінску, паблякне, забудзецца пекната таго вясковага ціхага верасня, выцвітуць у памяці яго пастэльныя фарбы, пакуль не ператворыцца ўсё ў звычайны студэнцка-бульбяны раман, «раманчык», якіх кожную восень дзесяткі, сотні; якія для адных — гісторыі кахання, а для іншых — гісторыі хваробы...
Але тады, калі дні з’яўляліся толькі прадвеснікамі вечароў, калі вераснёўскія пахі былі такія вострыя, зоры на небе такія буйныя, цені ад белага месяца такія чорныя і доўгія; калі яны сядзелі, прытуліўшыся адно да аднаго, на лаўцы і ўчарашняя школьніца, непрывычныя да працы, запушчаныя ручкі якой ён трымаў у сваіх, даверліва шаптала, што «мяне ж бацька лёгка мог бы адмазаць ад гэтай бульбы, але я ведала, прадчувала, што нешта павінна здарыцца, што мы сустрэнемся!..».
Церашкоў уздыхнуў. Ну, так. Добра было тады. I зусім не думалася, што настане дзень ці, як цяпер вось, вечар, калі няведацьмеш, як ад гэтых ручак пазбавіцца.
«Дык з’ездзіць да тваёй жонкі?»
«Нэлі»,— сказаў ён і ўзяў яе далонь у сваю.
Яна ўспыхнула ад радасці, з падзякаю на яго зірнула, але ў гэты момант пальцы яе намацалі пярсцёнак і яна, бы апёкшыся, хутчэй прыбрала руку.
«Што ты хацеў сказаць?»
«Я? A — успомніў першы курс. Калі з неграм жыў у адным пакоі — памятаеш яго? Нігусі звалі, злосны такі мурын, вечна пануры, я яшчэ пабойваўся яго. Неяк чытаю «ЛіМ», ён падыходзіць ціха ззаду і праз маё плячо таксама ўглядаецца... Пасля яго перасялілі. А аднойчы на калідоры сустракаемся, я кажу — машынальна па-беларуску: «Як жыццё, Нігусі?» Ён варочае бялкамі, як наш Ведрыч, і таксама на чысцюткай беларускай мове, без усялякага акцэнту адказвае: «Гэта мне знаёма!» Уяўляеш? Аказваецца, ён, як папугай, завучваў на памяць назвы лімаўскіх загалоўкаў».
«Гэта ўсё?» — спытала Нэлі.
«Усё. Уяўляеш, злосны беларускамоўны негр!»
Яна паглядзела на яго доўгім уважлівым позіркам.
«Не, на цябе сапраўды нельга крыўдаваць»,— сказала яна з уздыхам.
7
Калі Ведрыч з Труханам выйшлі на вуліцу, тут зіма гаспадарыла ўжо ваўсю. Снег, мароз, вецер... Пуста, адзінока... Толькі жоўтае святло чужых вокнаў ды сіняе — ліхтароў. Ведрыч адвярнуўся ад ветру, каб прыкурыць.
«Куды ты зараз?» — спытаў Трухан, шыю ў каўнер уцягваючы, а рукі хаваючы ў рукавы.
«Што значыць куды? Да цябе, канечне. Ты што, думаў, я цябе так лёгка адпушчу? Такое знаёмства трэба і скончыць як след, як заведзена, па-людску. Ці ты супраць?»
«Наадварот! Калі ласка — паехалі. Вось толькі...» — Ён замяўся.
«Вахцёрка? — памог Ведрыч.— За гэта не перажывай. Я з імі ўмею гаварыць».
«Не вахцёрка, проста... А спаць на чым? Табе, я маю на ўвазе».
«А хто сказаў спаць? Спаць мы не будзем».
«Дык я ж не адзін у пакоі! А ён, ну, сусед, таксама можа быць не адзін...»
«3 дзеўкаю?»
«Ну».
«Тым больш,— сказаў Ведрыч.— He будзем перашкаджаць людзям. Знойдзем куток, хоць набазарымся ўволю, душу адвядзём».
Ён зусім не выглядаў на п’янага.
«Яшчэ б,— з зайздрасцю адзначыў Трухан,— пры такім здароўі што яму нейкія тры чарачкі? — як слану шраціна».
«I яшчэ — у мяне ж не так, як у Нэлі. Частаваць няма чым...»
«Слухай, чаму ты ўсё адгаворак шукаеш? Ад чаго ты страхуешся? Можа, можа. Можа, аварыя ў мятры будзе».
Трухан уздыхнуў. Адступаць не было куды. На «мятры», як выказаўся Ведрыч, праехалі два прыпынкі. За ўвесь час Ведрыч не прамовіў ні слова. I толькі калі падыходзілі да інтэрната, на ганку ўжо, спытаў: «Дык пусцяць?» — і выцягнуў з кішэні нейкую прыгожую чырвоную кніжачку. Аднак дакумент не спатрэбіўся. Вахцёрка, што звычайна трымала абарону паміж двух сталоў-барыкад, цяпер спакойна глядзела тэлевізар, седзячы ў кутку на канапе, і на позніх гасцей нават не зірнула.
«Ёўропа! — сказаў здзіўлены Ведрыч.— Першы раз такое бачу. Ідзі, хто хоча, бяры, што хоча...»
Дзверы ў пакой былі зачыненыя. Трухан адамкнуў іх ключом і зрабіў Ведрычу знак, каб цішэй вёў сябе. Зайшлі ў пакой. Трухан уключыў святло — не агульнае, а маленькі начнічок над сваім ложкам. Ведрыч агледзеўся. Пакой нагадваў штось сярэдняе паміж салдацкай казармай і турэмнай камерай. Быў ён разлічаны на дваіх. Два ложкі і стаялі паўз сцены. Дзве тумбачкі. Прысунуты да падаконніка стол, два стулы1. Убудаваная ў сцяну шафка на дзве створкі. Ведрыч сеў на ложак, які прагнуўся пад ім ледзь не да падлогі і зарыпеў.
«Але ж і халадрыга.— Ён апусціў руку.— Як ты тут спіш?»
«Ц-с-с! Так і сплю... Пад дзвюма коўдрамі. Ды зверху яно нічога, толькі знізу, праз матрац, прадзімае».
У гэты момант паварушыўся нехта на суседнім ложку. Ведрыч прыгледзеўся. Галава на падушцы была адна, а ног з-пад коўдры тырчэла... чатыры. Адна нага пачухала другую. Трухан знакамі папрасіў Ведрыча падняцца, асцярожна сцягнуў з ложка капу і, склаўшы ўдвая яе, прыкрыў усе чатыры нагі. «Хадзем на кухню,— прашаптаў,— там усё ёсць!»
Кухня аказалася дзверы ў дзверы з пакоем. Але калі ў пакоі скразняк гуляў сабачы, дык тут было цёпла, аж душна.
«Пліту выключыць забылі».— Ведрыч папстрыкаў пераключальнікам.
«Не старайся — сапсаваная. Цэлымі суткамі пячэ».
«Згарыце вы так калі-небудзь!»
Праз шчыліну трэснутай шыбіны намяло снегу на падаконнік. Трухан змёў яго далоняю на падлогу. Ведрыч засяроджана аглядваўся, як бы параўноўваў нядаўнюю Нэліну кухню з гэтай. He на карысць Трухана было параўнанне. Акрамя сапсаванай пліты стаялі яшчэ два сталы, абабітыя цынкавай бляхаю, пры сцяне — тры мыйкі-ракавіны, з якіх дзве не працавалі — калены-трубы знізу адкручаныя і лужына на падлозе пад імі... У кутку была тумбачка з перакошанымі дзверцамі. Ведрыч прысеў перад ёю, адчыніў, ледзь паспеўшы прытрымаць у апошні момант дзверцы, каб не адваліліся.