• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    «Дай сюды...»
    Дзверцы гардэроба былі, аказваецца, проста ў сцяне і расчыняліся, як у электрычцы,— у бакі. Церашкоў рассунуў іх, павесіў Ведрычаў кажух і сваю і Труханаву курткі акуратна на «плечыкі»; сам скінуў чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.
    «Ты, я гляджу, някепска тут арыентуешся»,— заўважыў Ведрыч.
    «А ты дастаў ужо сваімі немцамі,— агрызнуўся Церашкоў.— Колькі можна? А ты чаго стаіш,— напусціўся раптам на Трухана.— Разувайся, праходзь! Бо ўжо не смешна нават.— Ізноў Ведрычу: — У нас... не ў нас, праўда, у суседняй вёсцы, немцы ў вайну некалькі хат спалілі, што ў гэтым смешнага?»
    «Праўда? To чаму ж ты раней маўчаў? Дзівак! Такая падзея, а ён маўчыць. Тады канечне — прызнаю сваю памылку...»
    «Доўга вы там таптацца будзеце? — Нэлі выглянула з кухні.— Правядзі іх, пакажы. Толькі да Соні лепш не падыходзьце».
    «Да каго? — здзівіўся Ведрыч.— Ну вы ўжо зусім — балдзееце, як толькі можна. Сучку чалавечым іменем назвалі...»
    «Вось прыбіральня,— паказваў на дзверы Церашкоў.— Там ванна...»
    У прыбіральні была нават палічка з кнігамі. Ведрыч выцягнуў адну, з голай бабай на бліскучай супервокладцы, пагартаў, назад паставіў. Зазірнулі ў ванны пакой — і тут рукі ў Ведрыча не гулялі: адкрыў адзін флакон дэзадаранту, панюхаў, другі, трэці; толькі пах чацвёртага яму спадабаўся, і ён папшыкаў сабе пад пахі.
    «Карыстайся»,— працягнуў флакон Трухану.
    «Ды перастань ты!..»
    «Дарэчы, пра прыбіральню показка. Ведаеш, як немцы савецкіх разведчыкаў лавілі? Рускі першай справаю, адтуль выходзячы, правярае, ці крэсла зашпіленае».
    Пайшлі на кухню, такую ж вялікую, прасторную, як і калідор, як і ўсе іншыя пакоі. Нягледзячы на тое, што мэблі было тут, можа, нават і залішне. Канапа, часопісны столік з крэсламі, у другім кутку яшчэ канапа — скураная. Лядоўня, маразілка, на лядоўні маленькі тэлевізар, на паліцы, прымацаванай да столі ланцугамі,— тэлевізар вялікі...
    Цэнтр кухні займаў круглы стол. На ім нічагуткі яшчэ не стаяла, хаця Нэлі каторы ўжо час завіхалася ля яго, як тая Ганна ля печы.
    Ведрыч агледзеў пусты стол і без дазволу, з Церашкова беручы прыклад, пасунуўся да лядоўні. Расчыніў.
    «Та-а-ак, а тут што мы сёння маем? Што даў нам наш народ?..»
    «Ды пуста там!»
    «Пуста» аказалася кавалкам сыру, бруском сала, бляшанкай шпротаў, дзесяткам яек у завязаным цэлафанавым пакеціку. Усё гэта Ведрыч выклаў на стол, акрамя таго, выцягнуў напаследак каструлю, ухапіўшы адной рукой за вуха.
    «А ў рондалі што? — Зняў накрыўку, панюхаў.— Суп?»
    «Быў некалі... Курыным, з лапшою...»
    «Локшынамі»,— паправіў Ведрыч.
    «Ой, локшынамі. Дай, я вылью, пракіс даўно».
    «Я табе вылью. Церашкоў, на пліту яго!»
    Церашкоў уключыў газ.
    «Ну, Нэлі! — сказаў Ведрыч.— Гэта называецца няма чым частаваць? Называецца пустая лядоўня? Біць вас, маладых, няма каму... Так, дзе ў нас патэльня?»
    Нэлі задумліва паглядзела ў столь. Потым успомніла:
    «У духоўцы, здаецца»,— і выцягнула з духоўкі патэльню.
    «Большую. Каб увесь дзесятак улез».
    «Ты сам будзеш смажыць?» — здзівілася Нэлі.
    «Донечка мая, я спец на ўсе рукі. Калі пажэнімся, сама ўбачыш».
    Крышачы на патэльню сала, цыбулю, Ведрыч працягваў ушчуваць цяперашніх маладых:
    «Сала, яйкі, суп для іх ужо не ежа... А ікры не хацелі?» «Ікры якраз і няма»,— вінавата сказала наіўная Нэлі.
    «Кабачковай, дзяўчынка, кабачковай! Якой з дня ў дзень душышся... Вунь Трухан ведае, праўда? Намажаш пальцам скібку...»
    «Гатова»,— сказаў Церашкоў, здымаючы з пліты каструлю. Сабраўся выключыць газ, але Ведрыч прыкрыкнуў:
    «Куды? А смажыць на чым? I што вас усяму вучыць трэба, адкуль у вас толькі рукі растуць?! Нэлі, давай талеркі, разлівай суп».
    «Я не буду яго есці!»
    «Я тым больш,— сказаў Церашкоў.— Атруціцца яшчэ не хапала».
    «А мы будзем, праўда, Трухан? Нам хоць смажаныя цвікі».
    Мабыць, таму, што Трухан не адказваў, адно пасміхаўся сарамліва, Ведрыч ужо канчаткова залічыў яго ў саюзнікі. Шыпела і цвірчэла на пліце патэльня.
    «Колькі тут памяшчаецца? — спытаў Ведрыч, ставячы драўляную падстаўку на стол і прыкідваючы, каб усім льга было дацягнуцца.— За гэтым сталом? Чалавек дзесяць?»
    «Роўна трынаццаць,— адказала Нэлі.— Чортаў тузін... Пачакай, ты што, з патэльні сабраўся есці?»
    «А як яшчэ яечню ядуць? Канечне».
    «Гэта ж тэфлон!»
    «Ён там ведае, што гэта такое»,— сказаў Церашкоў.
    «Павыдумляеце,— прамармытаў Ведрыч, хаваючы разгубленасць; сапраўды, відаць было, ён наўрад ці ведаў, што нельга, каб тэфлон судакранаўся з металам.—Я як лепш хацеў... Каб табе потым менш мыць давялося, ручкі такія далікатныя
    не псаваць,— дадаў ён, падхалімскім кампліментам загладжваючы промах.— Папрывыкалі вы да гэтых сподачкаў, талерачак... Нам бы з Труханам прасцей, па-вясковаму, па-беларуску... Праўда, Алесь?»
    Нэлі разліла суп па талерках, паставіла перад ім і Труханам. Ведрыч аблізаў лыжку і прынюхаўся да пары. Скрывіўся:
    «Не, сапраўды — аддае нечым... Пайшлі, Трухан, выльем!»
    «Гэта кажа чалавек, які можа есці смажаныя цвікі?»
    Нарэшце ўсё гатова было. Нарэзаныя сыр і сала, адчынена бляшанка шпротаў, падсмажылася яечня. Ведрычу з Труханам як гасцям дасталося па тры яйкі, Нэлі з Церашковым — па два. Ведрыч пачысціў цыбуліну, паклаў лустачку сала на хлеб і ўсё чакаў чагосьці. Нэлі выйшла, неўзабаве вярнулася з чатырохграннай пляшкай у адной руцэ і з чаркамі ў другой.
    «Ну, Нэлі! — зусім расчуліўся, расплыўся ва ўсмешцы Ведрыч.— Бацька не будзе сварыцца? Стоп: а гэта што?»
    У бутэльцы ў сіняватай вадкасці вертыкальна плавала яшчарка. Самая сапраўдная, з хвастом, з кіпцюрыкамі на лапках.
    «Ды звычайны спірт! — засмяялася Нэлі.— Тата з Кітая прывёз».
    «А яшчарка навошта? Для закускі?» — сур’ёзна дапытваўся Ведрыч; пасля канфузу з тэфлонавай патэльняю, мабыць, калі б Нэлі пацвердзіла, дык паверыў бы, што закуска.
    «Для прыгажосці. Пі смела, не суп, не атруцішся».
    «Мне не трэба»,— прыкрыў сваю чарку рукою, калі Ведрыч пацягнуўся да яго з пляшкаю, Церашкоў.
    «Мне таксама»,— сказаў Трухан.
    «А мне крышачку... Каб не думаў, што атрута».
    Наліваючы ёй, Ведрыч спытаў:
    «Кім твой бацька працуе, я ўсё забываюся? Доктарам?»
    «У Бараўлянах, загадчыкам аддзялення».
    «Дык хай бы нашага Трухана палячыў... Жартую! Бо ён ужо цямнее, як хмара. Крыўдлівыя ўсе, блін, як не ведаю што!.. Адна Нэлі тут чалавек!»
    «Скажы тост,— папрасіла Нэлі.— He кожны вечар у мяне такія паэты бываюць».
    «Нэлі, я цябе вельмі люблю і паважаю. Гэта ўжо сур’ёзна. Мала таго, што ты такая прыгожанькая, добрая, па-нашаму гаворыш, дык у цябе яшчэ і талент! I вершы твае проста цуд».
    Нэлі пачырванела, Церашкоў гмыкнуў, а Трухану ўспомнілася: «Толькі вершыкі свае, Нэлі, не чытай, нікудышныя ў цябе вершыкі...»
    «А вы менш мяне слухайце,— параіў Ведрыч, угадаўшы яго думкі.— He — слухаць, канечне, слухайце, але рабіце па-свойму. Словы ўвогуле мала што значаць у гэтым жыцці... Ну, бывай, розум!»
    Уліў у сябе спірт, заперхаўся, скалануўся, заняло дыханне... Але выдужаў. Руку Нэлі, якая падавала запіць шклянку з вадою, адвёў рашуча. Захрумстаў цыбулінай. Трухан спадцішка назіраў за ім. Закусіўшы цыбулінай, Ведрыч узяўся за яечню: толькі жаўток падчапіў, а бялок абрэзаў старанна відэльцам і ссунуў на край талеркі.
    «Не люблю,— патлумачыў, заўважыўшы здзіўлены позірк Церашкова.— Асабліва сырыя».
    Церашкоў і не піў, і еў мала — сядзеў задумлівы, на сябе не падобны, ці то такім чынам настройваючыся на хуткую і наўрад ці прыемную размову з Нэлі, ці ад таго, што рэўнасць у ім варушылася, бо не яму, а Ведрычу ўвага, а можа, таму, што вось так, на вачах, збліжаюцца Ведрыч з Труханам, першы раз адзін аднаго ў жыцці бачачы, а гэта ж ён, Церашкоў, іх звёў...
    «Дык што, словы нічога не значаць? — раптам вярнуўся ён да Ведрычавага тоста.— А твае вершы? Тады і твае вершы таксама?»
    «Церашкоў, што ты з мяне дурня робіш. Ты выдатна ведаеш, што я маю на ўвазе. Ідзе каласальная дэвальвацыя слоў, прычым знакавых, самых дарагіх... Якія ад частага і тупога паўтарэння выціраюцца да анучы, а мы ўсё эксплуатуем іх, усё выціраем аб іх ногі, а ў выніку губляем нават тых нямногіх чытачоў, што яшчэ засталіся».
    «А-а, дык ты ў літаратурным плане?»
    «Я ва ўсіх планах. Калі табе сапраўды балюча, не станеш жа ты гарлапаніць на ўвесь свет: ах, які боль я адчуваю, як мне моцна баліць! — а ў нас так і робіцца. Можна казаць — па блату спалілі немцы хату, і разам з тым начамі не спаць, бо сэрца крывёю абліваецца за тую хату няшчасную, а можна трубадурыць на ўсю іванаўскую — людзі, беражыце мір ва ўсім свеце, малю вас, заклінаю! Чорта з два зберагуць, павер. Слова трэба любіць, ашчаджаць — як ваду ў пустэльні, не крыўдзіць, бо крыўды яно не даруе...»
    «Скажы гэта нашым беларусам»,— іранічна прамовіў Церашкоў.
    «Вось якраз беларусы тут мала пры чым. Калі хочаш ведаць, мову губіць зусім не народ, які нібыта не хоча на ёй размаўляць, нават не чыноўнікі, а гэтыя ўсіх масцей трубадуры з пісьменніцкімі кніжачкамі ў кішэнях, для якіх мастацтва хутчэй арыфметыка, падлік — чым часцей паўтараць, як шаман заклінанне, «Беларусь», «беларусы» і гэ-дэ — тым лепш, тым верш, па-іхняму, больш патрыятычны, чым часцей «хам — храм — Бог» — тым больш ён «хрысціянскі», чым больш у творах усёй гэтай шчымліва-няўцешна-несціхана-балючай пахучасці, тым больш ён, па-іхняму, лірычны!..»
    Упершыню за вечар Трухан бачыў сур’ёзнага Ведрыча.
    6
    Яшчарка ўжо не плавала ў пляшцы, а ляжала пад вуглом, хвастом дастаючы да дна, а галавой вытыркаючыся на паверхню. Нэлі раз за разам паглядвала на гадзіннік. Ведрыч падняўся.
    «Ну што,— сказаў, пазяхаючы.— У Францыі ёсць харошы звычай: пасядзець крыху, спірту выпіць, яечняй з цыбулінай закусіць — і па дамах».
    Нічога Нэлі не адказала на гэта. Значыць, і праўда час быў развітвацца. Нацягваючы кажух у пярэдняй, Ведрыч бурчэў нібыта сам сабе пад нос, але так, каб чуў Церашкоў, які стаяў побач і сам не апранаўся, канечне:
    «Шэнціць некаторым... I жонкі, і дзеці, і палюбоўніцы... Усё аднаму! А нам куды з Труханам? Упрочкі, на мароз, на вецер...»
    Церашкоў рабіў выгляд, што не чуе. Але, як толькі зачыніліся за імі дзверы, з якой зайздрасцю ён паглядзеў ім услед! 3 якой радасцю ён пайшоў, пабег бы зараз разам з імі!
    Ды нельга было. Трэба дацягваць ролю да канца. А як ты хацеў? — нічога за так, задарма не даецца, за ўсё трэба плаціць... Захацелася свежай незнаёмай дзяўчынкі? — калі ласка, вунь яна чакае, ідзі... 1 малі Бога, каб і з ёю ўсё скончылася так, як з іншымі,— без вялікіх наступстваў, бо малыя будуць абавязкова, хочаш таго ці не. Шэнціла яму дасюль, трэба прызнаць, захінаў сваім выратавальным крылом анёлахоўнік, без асаблівых скандалаў, без шантажу, тым больш — цьфуцьфу-цьфу — без рук на сябе накладання абыходзілася; мо таму, што і ён, Церашкоў, асцярожна і правільна паводзіў сябе, заўсёды быў — прынамсі, стараўся быць — шчырым