• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    —Сачы за думкаю! У цябе ж мазгі адбітыя, розум кантужаны, ты ж ні храна не помніш, так? Вось, скажам, ты ажэнішся. Яна цябе не пакорміць, а скажа — ты еў, толькі забыў. Тады так: насі кніжачку, аловак і ўсё чыста запісвай. A потым рэвізію наладзь. А кніжачку хавай, добра хавай,— усё вучыў Антонаў і адначасова грыз сухар, храбусцеў, чвякаў, перыядычна выпускаў газы, суправаджаючы гэта рознымі жартамі: «Агонь па батарэях — плі! Рванула!»
    — Сочыш за думкаю? Запамінай — згадзіцца. Далей. Пойдзе яна, дапусцім, на б...кі, так? Нагуляе дзіця, а скажа — тваё! Я ж з табою спала! А ты хрэн помніш. Рай, а не жытка ёй за табою будзе!
    I замаркоціўся Антонаў, уздыхнуў, зайздросцячы той будучай Трухановічавай жонцы ды і ўвогуле будучай яго райскай жытусе.
    — Чуеш? Ты?
    Замест адказу Трухановіч прысеў перад тумбачкай, расчыніў яе, і Антонаў заціх, сочачы за ім, спадзеючыся, відаць, яшчэ на гасцінец. Але з тумбачкі дастаўся і лёг на ложак невялікі пакуначак. Асцярожнымі, беражлівымі рухамі, нібы меў справу з чымсьці крохкім, Трухановіч разгарнуў брудную марлю. У ёй аказалася некалькі груба сшытых па краях стосікаў шэрай паперы — кожны стосік з кішэнны блакнот памерам, а таксама два цэлыя алоўкі і адзін агрызак. Палюбаваўшыся на сваё багацце, Трухановіч прыхапіў агрызак алоўка і адзін з «блакнотаў» і зноў пацёгся да акна. Пры хадзе ён прыкульгваў. Ля акна было ўжо зусім светла, можна было свабодна чытаць і пісаць. Шырокі зручны падаконнік служыў яму сталом. Трухановіч нагнуўся над сваім рукапісам. Вочы яго ў соты, у тысячны мо ўжо раз упіліся ў такія знаёмыя — да кожнай рысачкі, да кожнага выпадковага следу алоўка — літары.
    — Што ты там робіш? — непакоіўся за яго спіною Антонаў.— Ты, чуеш?
    Трухановіч, узброены агрызкам алоўка, чытаў самога сябе — і, як у той казцы, як па якім шчупаковым загадзе, пакрысе пераставаў адчуваць палату. Аддаляўся, глушэў, аж покуль нарэшце зусім не прапаў Антонава голас... Зазвінела ў вушах рознагалоссе вялікага вячэрняга горада... Па спіне прабег ветраны восеньскі холад... I нават ноздры Трухановіча, падалося, замест смуроду палаты ўхапілі пах маладога свежага снегу, «які сыплецца і не растае»...
    2
    Дачытаўшы да канца — да слоў «...яшчэ і прозу навучыўся пісаць... Жах», Трухановіч чыркнуў над апошняй кропкай рысачку, ад чаго атрымаўся клічнік, затым акуратна, бы карты ў калоду, сабраў свае лісткі, схаваў іх назад у тумбачку і выйшаў на калідор.
    У параўнанні са светлым пакоем тут яшчэ панавала сапраўдная ноч. Хіба што толькі ў самым канцы, каля «агляднага» пакоя, таго самага, дзе будзе вырашацца сёння Трухановічаў лёс, свяцілася грубка, там жа кашлялі, бразгалі чапялою, грукалі дрывамі.
    Мацаючы рукой сцяну, Трухановіч мінуў гэты доўгі калідор; паварот, прыступкі, адны дзверы, другія. Ён піхнуў іх і апынуўся на ганку, на дварэ. Побач, пад самай сцяной іхняга шпіталя-барака, бялела цэлая гара гіпсавых ног і рук, скарыстаных бінтоў, марлі, ваты... Адвярнуўшыся, стрымліваючы дыханне, нібы яму смярдзела адтуль, Трухановіч хутка пайшоў на вуліцу. Выйшаў з варотцаў і стаў каля плота. Ранак — вераснёвы, свежы — толькі займаўся. Пасля цёмных палаты з калідорам вачам аж балела ад святла, ад прастору. Вуліца была роўная, шырокая і доўгая, са звычайнымі вясковымі драўлянымі хатамі; ніколі не сказаў бы, што ты ў самым цэнтры, на галоўным «праспэкце» аднаго з буйнейшых у Беларусі чыгуначных вузлоў, у мястэчку Каленкавічы.
    Згорблены чалавек з мехам на плячах прайшоў вуліцай, азірнуўшыся на Трухановіча. Падвода праехала, рыпаючы коламі, у бок базарнай плошчы. Сабака прабег, за ім, праз якую хвіліну, яшчэ адзін. Пачынаўся новы дзень, пачыналася новае жыццё. I пакуль, думалася Трухановічу, ён сябе да гэтага жыцця рыхтуе, яно ў сваю чаргу спяшаецца прыняць
    яго. У вобразе падводы, што павінна ўжо недзе пад’язджаць да мястэчка... У вобразе чужога дзядзькі, які чамусьці лічыць яго сваім сынам. Падняўся сягоння гэты дзядзька рана, куды раней за яго, Трухановіча. Жонку пабудзіў. Ноч, цемень за акном... Каня пакарміў, сам паеў. Сабраўся ў дарогу, сена ў воз паклаў, не забыў з сабою торбу «на перакус», ды доктару Партному хабар, ды каню аўса... I вось — замест таго каб займацца такой важнай увосень сялянскай працай, едзе некуды кіламетраў за дваццаць! I не толькі ж сёння... А да гэтага колькі разоў прыязджаў! Ды не пусты, тыя ж сухары, сала, нават каўбасы прывозіў... Яму — чужому чалавеку, «сыну», як ён лічыць, «якому, беднаму, на вайне бонбаю мазгі адбіла — так, што ні бацькі, ні маткі, ні сябе не помніць!»...
    Што праўда, тое праўда. Наслухаецца сёння Трухановіч пра гэгую сваю «адбітую памяць». На хуткай і, дзякаваць Богу, нарэшце апошняй камісіі. Дзе ў соты раз яго, канечне, распрануць, абмацаюць, абстукаюць... Шматзначныя пераглядванні, перашэптванні, лацінскія тэрміны, сярод якіх самы часты — «амнезія»... Поўная страта памяці, рэдкі выпадак, феномен! I абавязкова знойдзецца хтосьці, хто кіне рэзка, гучна, каб і ён чуў: «Сімуляцыя!», і тады збянтэжыцца доктар Партной і затараторыць, апраўдваючыся сам і апраўдваючы свайго «фенаменальнага» хворага: «Унікальны выпадак... Памяць у яго якраз прысутнічае, але вывернутая... Пасля кантузіі яму здаецца, што ён не мінулае помніць, а... будучыню! Вось, у мяне запісана... Такія рэчы расказваў, што ахнуць...» — «Э, перастаньце. Чаго яны толькі ні навыдумляюць, абы да бабы пад спадніцу...»
    I пляваць ім, вядома, на яго «феномен» і на яго «кантузію»; але як вы мёртвую руку патлумачыце, таварышы? A пальцы на назе штб, карова языком злізала?
    Халаднавата было ўсё ж на вуліцы. Ды і варта паспяшацца заняць чаргу, раз ужо падняўся так рана і пакуль яшчэ няма нікога перад кабінетам. Ды чым хутчэй скончыць гэтую валынку, зваліць усё нарэшце з плячэй — каб хоць якая перамена, няважна, да лепшага ці да горшага.
    Трухановіч вярнуўся ў калідор.
    Шпіталь за гэты час ажыў сваімі абвыклымі і абрыдлымі, асабліва пасля свежасці вулічнага паветра, бальнічнымі пахамі і гукамі. Бегалі ўзад-уперад як заўсёды ўвішныя і як заўсёды бесталковыя нянечкі. Там кагосьці гучна паклікалі, тут нехта ціха і безнадзейна застагнаў...
    Трухановіч прысланіўся да грубкі, заклаў далонь пад спіну, каб не так пякло і каб не выпэцкацца, і цярпліва стаў
    чакаць. Бліжэй да васьмі гадзін падышлі яшчэ двое, лёгкапараненыя, слабасільныя і затурканыя салдацікі, але нават яны ў шпітальнай іерархіі былі вышэй за яго, «бяспомнага» Трухановіча, таму з ім нават не павітаўся ніводзін, толькі зіркнулі з насмешкай і пачуццём перавагі... А вось нарэшце і світа, у складзе трох чалавек, бухаючы ў падлогу ботамі, прайшла ў кабінет. Першы — Партной, у белым брудным халаце, з ключом у руцэ, якім адамкнуў дзверы, за ім двое незнаёмых, адзін малады, другі стары, абодва ў тужурках, перапаясаных рамянямі да таго туга, што ззаду сваімі таліямі і адтатурчанымі задніцамі падобныя былі на жанчын.
    He паспелі зачыніцца дзверы за апошнім, як зноў расчыніліся, і голас Партнога паклікаў:
    — Заходзьце! — забыўшы ці не лічачы патрэбным нават удакладніць, хто менавіта ім трэба.
    Трухановіч ужо ўзяўся за ручку дзвярэй. Але нейкая інтуіцыя прымусіла яго азірнуцца. Ён павярнуўся і ўбачыў, што па калідоры спяшаецца сюды і робіць яму знакі пачакаць ягоны «бацька», а з ім, ззаду, яшчэ нейкая рослая дзяўчына ці то маладзіца. Давялося памаруцзіць, каб хоць павітацца з імі. Калі яны наблізіліся, ён паспеў адно паціснуць «бацьку» руку, сам сабе адзначыўшы, як прыкметна тырчыць у таго з-за халявы пуга: адзнакай заможнасці (тое самае, што цяпер пакручваць на пальцы ключы ад аўтамабіля), і кіўнуць маладзіцы. Вочы іх сустрэліся... Але тут зноў, ужо нецярпліва, паклікаў яго Партной, і Трухановіч заспяшаўся ў кабінет, несучы з сабой нейкае трывожна-радаснае, саромна-пажадлівае, невядомае і нязведанае дасюль адчуванне якойсьці надзеі ці, лепш сказаць,— падзеі, якая ці то ўжо адбылася ў яго з гэтай маладзіцай, ці толькі будзе яшчэ наперадзе...
    Кабінет мала чым розніўся ад сучасных. Хіба што гэты, ваенна-шпітальньі, абліты мутным святлом слабенькай электрычнай лямпачкі з-пад столі, больш шэранька выглядаў, і было ў ім, канечне, не так светла ў параўнанні з цяперашнімі. Аднак усе неабходныя медыцынска-бальнічныя атрыбуты былі ў наяўнасці: і табліца літар для праверкі зроку, і мыйнік у кутку, і бліскучыя біксы для кіпячэння інструментаў, і розныя слоікі за шклом шафы, і зігзагападобная фіранка, за якой распранаюцца,— шпіталь быў не толькі для ваенных, за хабар тут прымалі і звычайных местачкоўцаў, і вакольных сялян.
    За сталом сядзелі трое. На яго «дзяньдобры» ніхто не падняў галавы. Унураныя, заклапочаныя, шастаюць паперамі, перагаворваюцца ціха... I слова «амнезія», і слова «феномен»
    данесліся да Трухановіча... Вось малады прамовіў штосьці, не падымаючы галавы. Трухановіч не адразу і зразумеў, што гэта ўжо да яго звяртаюцца.
    — Прозвішча, імя,— гучней паўтарыў малады, крыху картавячы.— Званне.
    — Трухан...овіч, Алесь. Чырвонаармеец.
    — Сядайце.
    Ён сеў на табурэт, у якім пасярэдзіне была авальная дзірка.
    — Год нараджэння,— нявінна спытаў малады, а сам аж наструніўся ў чаканні, і тыя пападымалі галовы, упёрлі ў Трухановіча вочы.
    Нарэшце! Можа, паддацца? — мільганула ў ім блазнаватае,— Пацвяліць іх трохі? Магчыма, так і зрабіў бы, каб не цяпер, а хвілін дзесяць назад пачаўся гэты допыт-кансіліум, магчыма, тады і даставіў бы ім, апраўдаўшы спадзяванні Партнога, некаторую радасць. Але цяпер, калі ўсё ўспрымалася ім нібыта праз шкло таго дзявочага, штосьці абяцальнага позірку, яму хацелася толькі хутчэй гэты цырк закончыць.
    — Тысяча... васемсот... — сказаў ён, знарок расцягваючы словы, каб аблегчыць запісванне, бо малады ўжо нацэліўся алоўкам на паперу,— дзевяноста восьмага года нараджэння.
    — Як...так? — у голасе Партнога былі і разгубленасць, і расчараванне.
    А як ты хацеў? Ты ж сам мне ўбіваў два месяцы ў галаву, хто я, што я, «з якога хлопец году, з якога параходу»... Навучыў на сваю галаву? Нябось не чакаў, што я акажуся такім здольным вучнем? Разладжваецца, рассыпаецца спектакльпрадстаўленне «феномена», у самы ардынарны, выедзенага яйка не варты, выпадак ператвараецца?