• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нічые  Андрэй Федарэнка

    Нічые

    Андрэй Федарэнка

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 430с.
    Мінск 2009
    91.17 МБ
    Ды і што значыць: шчаслівы — нешчаслівы? Ці не такі ж гэта натуральны падзел, як і на людзей высокіх і нізкіх, на мужчын і жанчын, на дзень і ноч... He будзеш жа так ставіць пытанне: хто лепш — мужчына ці жанчына? Яны раўнавартыя, каштоўныя кожны ў сваёй «вагавай катэгорыі»... Дык ці не азначае гэта, што і ён, гэтак званы «няшчасны» Трухан, зусім не горшы за гэтак званых «шчаслівых» Ігара з Церашковым — проста яны з іншага «класіфікацыйнага разраду», розныя ў іх плюсы і мінусы...
    Яшчэ зручней улёгся Трухан у сваіх ночвах — ногі на біла, збітую ў камячок цвёрдую падушку — пад бок, і пачаў праганяць нядаўнія думкі па другім крузе, каб у памяці аформіць іх у кароткія, граматычна правільныя сказы.
    He проста аказалася гэта пасля стылю аўтара «Ідыёта». Дарэчы — вось хоць бы і гэты Ідыёт, гэтае вечнае жаданне паказаць і даказаць, што толькі юродзіваму, дзіваку, хвораму можа быць справа да такіх абстракцый, як дабро, гуманізм, чалавекалюбства... Яшчэ б! Цяжка ўявіць вясёлага сангвініка, які займаўся б тым, чым цяпер Трухан займаецца. Які валяўся б днямі ў ложку, чытаючы кнігі, або марнаваў час, бяздумна сузіраючы прыроду, або забіваў сабе галаву разборам
    паводзін «бліжніх сваіх», альбо — яшчэ горш: схіліўшыся над аркушыкамі паперы, з дня ў дзень выдумляў несапраўднае жыццё, калі вунь за акном — сапраўднае, якім жыць трэба, усюды паспець, як мага больш ад яго ўхапіць...
    А з іншага боку (ад мулкай падушкі ў Трухана балеў бок), гэтыя гонкі па жыцці, вечная закручанасць, немагчымасць спыніцца, апамятацца — куды я бягу, чаго? — ці не абядняе яно? Хіба той жа Ігар ці Церашкоў умеюць так востра, як ён, Трухан, заўважаць і, галоўнае, з такой паўнатою цаніць розныя маленькія чароўныя дэталі — такія, як пах яблыка белага наліву ці бледна-фіялетавых кветачак бэзу, як хрумстанне лядком зацягнутай сакавіцкай калюжыны пад нагамі, як сіні налёт туману на шапцы позняга восеньскага грыба?.. Хіба могуць яны заплакаць над кнігаю, над эпізодам фільма? Хіба так, як ён, Трухан, радуюцца яны кожнаму новаму дню, і вечару, і ночы — асабліва ночы! -— калі падрыхтаваны кубак гарбаты і пачак цыгарэт, і кліча да сябе, і так просіць першага дотыку ручкі непачаты стос паперы, што «белай плямай лёг на стол»?..
    Хіба гэта ў Ігара ў каштоўных запасніках памяці ўспамін пра дзяўчыну, што сядзела аднойчы ў паліклініцы каля працэдурнага кабінета, насупраць Трухана, і вачэй з яго не зводзіла, а ён не заўважаў яе, і тады яна паднялася, сама падышла да яго і сказала — з дакорам у голасе: «А я, між іншым, пра вас думаю!»; хіба не пераважыць гэты эпізод, калі пакласці яго на шалі значнасці, усіх разам узятых Ігаравых дзевак?..
    Канечне! — затое Ігар не ведае і ценевых бакоў. Безбацькоўшчыны, па чужых людзях туляння, у дзяцінстве цукерак ды капеек на кіно адсутнасці... He ведае ні бальніц, ні кропельніц, ні рэнтгенаў, ні наркозаў... Hi таго, што — калі ты падрос ужо — дзяўчына танцаваць не йдзе з табою, бо ў цябе няма джынсаў і што ты ў арміі не служыў... I адной сотай не ведае гэтага Ігар, бо ён жа для іншага ў свет прысланы — для паляпшэння пароды. Таму і ашчаджае, і беражэ лёс такіх, як ён. Ды і куды Ігару выпрабаванні! Зломіцца ад драбязы, на якую прывыклы, трэніраваны, закалёны Трухан увагі не звярнуў бы, сап’ецца, звар’яцее, самагубствам, чаго добрага, скончыць...
    Гэта нам грузі пабольш — вязі падальш, гэта нас таўкуць, а мы мужнеем! — з горкім гонарам думаў пра сябе Трухан, пакуль не апамятаўся: пры чым тут Ігар?! Пачалося ж з таго, што зайздрасці да яго ён ніякай не адчувае... I вось кола, даўшы круг, з другога боку пад’ехала.
    Так. Трэба не дурыць сабе галавы, а прызнаць шчыра: ні ў гэтай сітуацыі, ні ў гэтым жыцці сам чорт нічога не разбярэ. Настолькі яно ірэальнае, незразумелае, нелагічнае, што міжволі пацягне схавацца ад яго — хоць у бальніцы ці ў шпіталі, хоць пад коўдрай з галавою, хоць між старонак гэтага «Ідыёта»... А сама лепш — «у снах», у творчасці, дзе ўсё табе падуладна, усё зразумела, дзе адным чароўным дотыкам пяра можна атрымаць усё, што пажадаеш, усё, чаго пазбаўлены тут, у гэтак званым жыцці «рэальным»...
    Дадумаць яму не далі нечыя чужыя галасы, а потым цяжкія крокі і стук у дзверы.
    Трухан павярнуў галаву і ўбачыў у дзвярах міліцыянера. Міліцыянер быў рыхтык такі ж, як яны і бываюць — класічнакіношны, у кажусе, падперазаны рэменем, з папкаю ў руцэ. Нават прозвішча, калі міліцыянер, пераклаўшы папку з левай рукі ў правую, казырнуў і назваўся, аказалася ў яго з канчаткам на ка — Піліпенка, ці што, Трухан не запомніў, запомніў толькі, што гэта ўчастковы.
    Ён падняўся з ложка. Участковы пратупаў, пакідаючы мокрыя сляды, да стала і прысеў на табурэтку, тварам да дзвярэй, папку сваю разгарнуў і паклаў на калена. Дзяўчына ў дзвярах пазірала на яго з разяўленым ротам, выціраючы слёзы з вачэй; у адной руцэ ў яе быў нож, у другой — недалупленая цыбуліна.
    «Распішыцеся ў атрыманні павесткі,— стомлена сказаў участковы.— У панядзелак з’явіцца ў пракуратуру.— I дадаў, апярэджваючы Трухана: — Чаму — не ведаю».
    Участковы ўручыў яму позвачку і пайшоў. Іншым разам Трухан толькі палюбаваўся б на яго, адклаў бы ў памяць, што вось такім і павінен быць міліцыянер — ветлівым, не назолам... Каб не шэрая паперчына ў руцэ. Каб не гэтыя «гражданнну», ды «вы обязаны...», ды «в случае неявкн».
    6
    Чаму пракуратура? Чаму павестка ў суботу, а з’явіцца ў аўторак? I толькі потым, і толькі на трэцім месцы — «за што»?
    I вось жа натура чалавечая! Здавалася б — што яму, такому хвораму, перад такой страшнай хуткай аперацыяй, яму, які столькі часу тое і робіць, што рыхтуе сябе да заўчаснай смерці,— што яму да гэтага шэрага аркушыка паперы?! Ды
    парві і выкінь, зрабі тое, што на нядаўняй лекцыі зрабіў, калі, нікому нічога не тлумачачы, проста падняўся ды пайшоў! Будзь свабодным, плюнь на ўсё, думай, як і да гэтага думаў, як бы і не адбылося нічога, пра важнае, пра галоўнае...
    Ды вось не атрымоўваецца нешта.
    Ці гэта яшчэ адна загадка псіхікі — такім чынам ратавацца, драбязою перабіваць галоўнае? Як той прыгавораны да гільяціны жартаўнік, што адмовіўся ад прызначаных перад пакараннем цыгарэты і келіха віна на падставе, што алкаголь і нікацін шкодзяць здароўю.
    Круціш у руках гэтую шэранькую дрэнь, перачытваеш, спакою яна не дае табе, трывожыць цябе, думаеш пра яе, ловіш сябе на тым, што баішся яе, і раздражняешся, і злуешся, што можаш надаваць ёй такое значэнне, і разумееш урэшце, што пануе ўжо яна над табою, над тваімі думкамі і пачуццямі і няма зладу з ёю...
    A то грахі і грашкі свае перабіраць пачынаеш. I сярод іх — на поўным сур’ёзе, як цалкам дапушчальны — і той, што выклікаюць яго ў пракуратуру, бо дэманстратыўна з лекцыі сышоў.
    Ноч амаль бяссонная... Увесь выхадны па горадзе блуканне, як бы апошні раз яго бачыш... Катаванне сябе рознымі здагадкамі, ды гіпотэзамі, ды домысламі...
    I толькі ў панядзелак пад вечар Трухан супакоіўся. Да таго часу ён ужо разумеў сёе-тое. Напрыклад, чаму спатрэбілася такая паўза паміж суботаю і аўторкам — паміж уручэннем павесткі і яўкаю: а каб пахадзіў, падумаў, паперажываў... Як і тое, чаму не трэба аб’яўляць загадзя, навошта яго выклікаюць: а сам здагадайся. Сам прыдумай што-небудзь! Гэткі псіхалагічны момант, закладзены ў будучае пакаранне як кошт пасцелі і шклянка гарбаты, аўтаматычна закладваецца ў кошт чыгуначнага білета.
    У тую ноч ён добра выспаўся. I калі ўстаў, галава была светлая. Сам ранак, які быў за акном, супакойваў. Такімі ранкамі, калі марозік, сонца і адначасова ідзе сухі рэдкі снег, нічога кепскага не павінна здарацца з людзьмі. I ён напярод ужо ведаў, што і з ім нічога не здарыцца. Сваю «кару» ён ужо адбыў за гэтыя двое сутак. Ды і ўвогуле — пачало здавацца яму, што няйначай закралася ва ўсю гэтую гісторыю памылка. Недарэчная, прыкрая, яна каштавала яму, канечне, крыху нерваў, але нічога страшнага. Hi на кога ён не ў крыўдзе, а нават удзячны лёсу ў асобе пракуратуры за гэты штучны ўсплёск эмоцый, які, будзем шчырыя, прымусіў яго ўспомніць і такое, аб чым успамінаць не заўсёды прыемна.
    Дарогу ён добра вывучыў яшчэ за выхадны, калі бадзяўся па горадзе. Вуліца Інтэрнацыянальная. Кінатэатр «Перамога». Драўляныя высокія цяжкія дзверы. Каб адчыніць іх, трэба было прыкласці сілу. Трухан прыклаў яе і апынуўся ў вестыбюлі, ўстановы — з яе казённай гулкасцю, з яе паветрам, насычаным трывогаю і чамусьці пахам сургучу (як на вясковай пошце), са шкляной будкай дзяжурнага і круцёлкайтурнікетам побач.
    Трухан падаў дзяжурнаму павестку. Дзяжурны папрасіў не паказаць, а «прад’явіць» яшчэ і дакумент. Потым доўга звяраў квадрацік фотакарткі двухгадовай даўнасці ў студэнцкім білеце з жывым Труханам, які зняў з галавы шапку і, успомніўшы фільм «Афоня», жаласліва рассунуў губы ва ўсмешку. А самога ў сэрца кальнула — няўжо так моцна за гэтыя няпоўныя два гады ён змяніўся?..
    «Праходзьце»,— сказаў дзяжурны.
    Афіцыйнасць яго голасу здымала ўсе сумненні — ніякай памылкі няма, ён, Трухан, а не хтосьці іншы, тут патрэбен.
    Ён падняўся на другі паверх. Доўгі калідор быў пусты. Уздоўж сцяны стаялі крэслы. Так пацягнула апусціцца ў адно з іх, нібы не два пралёты лесвіцы адолеў, а немавед якую дарогу. Да таго ж па звычцы, як да ўрача на прыём, ён з’явіўся роўна за пятнаццаць хвілін да патрэбнага часу і цяпер меў запас.
    Аднак той жа бальнічны вопыт падказваў яму, што ніколі не варта адцягваць і, «пакуль няма чаргі», карыстацца момантам. Чым хутчэй наважышся, тым лягчэй потым. Ён пастукаў у дзверы і без запрашэння ўсунуўся ў кабінет.
    У кабінеце сталоў было тры, але толькі за адным з іх сядзеў малады чалавек, у звычайным цывільным касцюме, з вусікамі,— і дзюбаў адным пальцам па клавішах пішучай машынкі. 3-за гэтага, відаць, і не чутно было стуку ў дзверы. He адрываючыся ад свайго занятку, вусаты падбародкам паказаў Трухану на табурэт з другога боку стала.
    «Праходзь, прысаджвайся»,— і зноў за сваё дзюбанне.
    Трухан прысеў. He забываць нічога, сарціраваць, раскладваць па шуфлядках памяці! Як вось гэтае «прысаджвайся» замест звычайнага чалавечага «сядай»,— каб не сурочыць, бо сесці, па-іхняму, можна толькі ў турму; нібыта боязь ці нежаданне пакрыўдзіць словам, а на самай справе гэткая здзеклівая даніна «фені», вытанчана-вычварна-мянтоўская далікатнасць, арыя з той самой оперы, паводле якой, адабраўшы ў п’янага грошы (расказвалі людзі), зняўшы гадзіннік,