Нічые
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
— Апускайся! — Міканор далонню правёў па лаве.— Зараз матку з жонкаю, Настаю маёй, пачакаем. Прыйдуць, усё арганізуюць... Смяюся! — знарок гучна гаварыў Міканор,
падміргваючы Трухановічу і ківаючы на «бацьку». Затым зняў, павесіў на цвік шапку, прысеў на табурэтку і разам з ёю блізка прысунуўся да «брата». Паклаў яму руку на плячо. Усміхаўся прыязна, адкрыта. Трухановічу нічога не заставалася, як усміхацца ў адказ. Так і сядзелі — моўчкі, адзін аднаму ўсміхаючыся, як бы любуючыся адзін адным.
На самай справе Трухановіч скарыстоўваў гэты тайм-аўт, каб больш пільна разгледзець новаспечанага братца. Спакойныя вочы. Паголены, чысты, правільны твар. Прычоска «пад гаршчок» — у прамым сэнсе: відаць, без лішніх мудросцяў надзелі чалавеку гаршчок на галаву і ўсё, што з-пад яго вытыркалася, авечымі нажніцамі адхапілі, пакінуўшы капу валасоў зверху і вушы-лакатары па баках. Старэнькі, чорны, залатаны на локцях картовы пінжачок, такія ж — гарнітур! — штаны. На нагах дубовыя чыгуначніцкія чаравікі-«гады»... Зрэшты, як для таго часу і для таго дастатку чалавек, так адзеты, мог лічыцца, відаць, заможным.
Усё гэта было знешне. А вось што ў гэтай аббамберанай галаве? Што за душою? Трухановічу хацелася адшукаць якуюсь несімпатычную рысу ў Міканоры. Ён усміхаўся і ўсё разглядваў яго вачыма, нібы рэнтгенам, стараючыся пранікнуць яму ў самую душу. Марна. He было да чаго прыдрацца. Адэкватныя паводзіны, як трэба ўсё гаворыць, акрамя хіба злоўжывання гэтым «смяюся»... Нічога кепскага ў Міканоры не было. I ўсё ж Трухановіч гатовы быў паклясціся — не просты, не аднамерны гэта тып. Ёсць у яго і задняя думка, і другая душа, і двайное жыццё. Але паспрабуй вось так, адразу, разбярыся! Хіба пазней, з часам...
Пакуль ён аддаваўся такім роздумам, Міканор казаў:
— Значыць, кантузія? Ну, нічога. I не такое бывае... Знойдзецца, чым заняцца. Пісьменныя людзі во як трэба. Паперы з сабою? Добра! А тое, што не помніш, дык яно, можа, яшчэ і лепей — пра тую жытку лепш не помніць... Жартую.
Жарты жартамі, аднак голас у Міканора з задушэўнага змяніўся на амаль афіцыйны, начальніцкія ноткі ў ім загучалі. Відаць было, што не так сабе чалавек распытвае, а па справе, з намерам памагчы.
— Ведаеш, я б хацеў аддыхнуць трохі,— сказаў Трухановіч.— Дзе гэта можна? — спытаў, позна спахапіўшыся, што не варта яму было б карыстацца тэрмінамі з далёкай сваёй будучыні, такімі, як «ведаеш», ды «дарэчы», ды «зрэшты»...
He схавалася гэта ад Міканора.
— Ты як бы па-польску гаворыш... Смяюся.
— Дык на вайне ж чалавек пабыў,— пачулася з кутка: «бацька» маліўся і адначасова, аказваецца, усё чуў.— Сярод людзей, навучыўся.
— Гэта так. Хапіла беднаму... Ну, хадзем, пакажу штосьці!
Трухановіч падняўся і, накульгваючы, пайшоў следам за Міканорам. Яны выйшлі ў цёмныя сенцы, што злучалі дзве хаты. У сенцах Міканор звярнуў направа, правёў Трухановіча праз нейкія лабірыністыя катухі, потым навобмацак адшукаў клямку, піхнуў дзверцы і, адступіўшы, упусціў яго ў каморку. Памяшканне тры на тры метры. У сцяне нядаўна выразанае акенца, свежая рама бялее дошкамі і пахне смалою. Драўляная падлога. Паліцы ўздоўж сцен. Ложак, сяннік на ім, коўдра. Самаробны мініяцюрны столік... Божа мой! Уласны стол, уласны ложак, дзверы, якія можна зачыніць за сабою... Аб усім гэтым Трухановіч і марыць не мог. Чакаў у лепшым выпадку лежака дзесь за печчу, абы хоць трохі адзіноты, абы ад чужых воч далей... А тут!
Міканор паляпваў па раме, казаў заклапочана:
— Мохам яшчэ падбіць трэба, заўтра давяду да толку...
— Дзякую... брат! — вырвалася ў Трухановіча.
— Ляжы, ляжы, аддыхай. Я пазаву, калі абед,— і выйшаў гэты незразумелы, дзіўны чалавек.
Трухановіч пасунуўся да акна. Яно было зроблена нізка, знарок, ці што, з такім разлікам, каб можна было пазіраць у яго, нават на ложку лежачы. Нечаканы, да слёз мілы відарыс адкрыўся раптам за акном. Скошаны поплаў, як вялізнае футбольнае поле, прасціраўся перад вачыма. Там і сям стажкі жоўтай атавы. Поплаў акурат пасярэдзіне пераразала сіняя рачулка з аброслымі лазою берагамі — да яе было якіх сто крокаў.
3 трох бакоў паплоўчык заціснуты быў лесам, з чацвёртага — селішчам, якое на пагорачку, таму было адчуванне, што поплаў збягае ўніз, да рэчкі.
«Ды гэта ж проста... курорт! Гэта ж Дом творчасці!» — паклаўшы руку на сэрца і тым яго супакойваючы, думаў Трухановіч.
3
Кожны дзень Трухан на кішэнным каляндарыку праколваў іголкаю — як робяць у арміі, ці пазначаў крыжыкам — як у турме, чарговую дату.
Усё менш заставалася непраколатых і неперакрыжаваных лічбаў. Усё бліжэй было да ў кружок узятага, чырвоны.м чарнілам абведзенага «часу пік» — даты апошняга абследавання, якое павінна было высветліць — класціся яму на аперацыю, што для яго даўно стала сінонімам смерці, або ўсё ж надарыцца адкладка, і атрымае ён дазвол ад лёсу яшчэ колькі часу праіснаваць на гэтым свеце — да новага абследавання.
I ў першым, і ў другім варыянтах вясёлага было мала.
«Калі праўда,— думаў ён, тупа гледзячы ў каляндарык,— што кожнаму адмераны свой век, у якім сканцэнтраваны галоўныя этапы, важнейшыя падзеі жыцця, дык тады і размяркоўвацца гэтыя падзеі павінны неяк разумна, з толкам, залежна ад даўжыні веку... Аднаму расцягвацца на дзесяцігоддзі, адпускацца невялікімі порцыямі, ашчадна; другому, як мне, напрыклад, каму не дадзена такой раскошы, як дзесяцігоддзі ў запасе,— на мяне гэтыя падзеі камняпадам павінны ляцець, спрасавацца павінны да месяца, тыдня, гадзіны, да гэтага вось моманту!..»
Што за падзеі, якога плана яны павінны быць, Трухан слаба ўяўляў сабе. Гэта магло быць новае важнае знаёмства, якое пераверне яго лёс, ці раптоўная жаніцьба на прыгожай нявесце, ці незвычайнае багацце, што дастанецца яму ў спадчыну ад нейкага добрага заакіянскага сваяка... А магла быць іншая крайнасць: ізноў выклік у пракуратуру і на гэты раз арышт, адзіночная камера, і «суровы прыгавор падпісываю першы»... Ну, не ведаю, штосьці такое. Але яны павінны быць, гэтыя падзеі, адна за адной на яго павінны сыпацца, набіраючы абароты, паскараючы тэмп, не даючы часу апамятацца, разабрацца, перадыхнуць, падаслаць саломкі...
Ды толькі нічога не здаралася з ім. Усе аднолькавыя былі дні — з паходамі на заняткі, з паўгалодным існаваннем, з інтэрнацкімі скразнякамі, і ўсе аднолькавыя ночы — з выпуклымі каляровымі фантастычнымі снамі, якія толькі паспявай запісваць!
Ён думаў, што, можа, у гэтым не пачынанні, у адсутнасці падзей таксама ёсць свой сімвал: ці не значыць гэта, што ён выжыве? I зробіцца такім, як усе, і займее права на свае законныя, расцягнутыя на шэсцьдзесят, семдзесят, нават восемдзесят гадоў дазіраваныя маленькія шчасці, такія, як жонка, дзеці, пераход з інтэрната ў маласямейку, палучкі, «заначкі»...
Ён не змог бы адказаць, адкуль у яго гэта ўзялося, але гэта — такое «шчасце» — чамусьці ўяўлялася яму страшней за
любыя аперацыі. Лепш быць хворым, адзінокім, кім заўгодна, любым вырадкам у сям’і, чым быць «як усе», мяшчанскай бязлікаю масай, чым растварэнне ў натоўпе, зліццё з ім — небыццё... Аднойчы на лекцыі, малюючы ў сшытку купалы цэркваў, ён раптам падняў галаву і ўставіўся ў выкладчыка — так, што той спатыкнуўся на паўслове і вымушаны быў хуценька агледзець сябе, ад чаравікаў да гальштука — мо што не так у адзенні?.. Але ніякага выкладчыка, хоць і перыўся ў яго, Трухан, канечне, у гэтую хвіліну не бачыў. Проста мільганула думка — а што, калі пачалося, вось гэты каскад падзей, а ён, непрывычны, не гатовы, проста празяваў яго, не заўважыў?
Што, не падзея хіба, не пераломны момант у жыцці — паход на Фрунзе, 5, знаёмства з тым жа Ведрычам, пасля якога і ён, Трухан, інакш пачаў глядзець на свет, многае заўважаць з таго, на што раней увагі не звяртаў? А да Нэлі ў госці паход? Так, і гэта таксама! А адчуванне яе цёплай, пругкай ножкі сваёй нагою, калі сядзелі яны побач, прыціснутыя,— не падзея хіба?
А ягоныя сны, што пры дапамозе паперы і атраманту даюць яму такую цудоўную, многім і многім недаступную магчымасць перанесціся ў іншыя часы і пражыць паралельна яшчэ адно, дадатковае жыццё?!
А ў пракуратуру выклік і гэтая нечаканая, павышаная да яго і да ягоных запісаў цікавасць?!
Мала? А чаго ж ён яшчэ хацеў? Значыць, такі малы, беднаваты запас пакладзены на яго рахунак у банку падзей, інакш — такая яго доля. Значыць, трэба цаніць і карыстацца тым, што ёсць. «Не ў хваробе, і не ў комплексах, і не ў беднасці твае праблемы,— сказаў яму неяк Ведрыч,— а ў тым, што ўсяго табе мала. Усё табе хочацца адразу і адной купюрай».— «Ты ж Церашкову тое самае гаварыў!» — «I Церашкову мала. Але яму мала, дык ён бярэ. Мала жонкі — бярэ палюбоўніцу, мала аднаго дзіцяці — завядзе другое, мала ста грамаў —вып’е дзвесце... А ты і не бярэш, і мучаешся».
Так — у глыбіні душы Трухан вымушаны быў згадзіцца, што яму, сапраўды, трэба альбо ўвесь капітал, альбо нічога; у выніку заставалася адно нічога. He ўмее ён цаніць «зарніцы шчасця», дарункі лёсу, маленькую жыццёвую драбязу, з якой, магчыма, калі б яе падкапіць, і склалася б штосьці большае, цэльнае...
Але з гэтага моманту ён стане іншым. Ён пастараецца менш плакаць па тым, чаго няма, і больш цаніць тое, што ёсць.
Таму калі на перапынку, адразу пасля лекцыі, сама падышла да яго Нэлі, ён амаль і не здзівіўся.
«Ведрыч казаў, цябе выклікалі некуды і хвалілі... Я спадзяюся, ты мне падорыш які-небудзь свой твор на дзень нараджэння?» — так яна сказала.
«А... калі?»
«У гэтую суботу. Я цябе запрашаю».
Трухана даўно ўжо ніхто не запрашаў ні на якія дні нараджэння, ні ў якія госці, ні нават на хлапечыя інтэрнатаўскія п’янкі-пагулянкі — па-першае, усё адно не п’е, падругое, цяжкі ў кампаніях, мае своеасаблівы дар напускаць на людзей нуду, дзяліцца настроем кепскім — так, як іншыя, той жа Церашкоў, умеюць запальваць весялосцю і дзяліцца настроем добрым. Няўжо пачынаецца гэты паскораны рытм жыцця? Няўжо гэта першыя каменьчыкі з таго камняпаду, што неўзабаве павінен на яго абрынуцца?
«А хто яшчэ будзе?» — спытаў ён.
«Свае ўсе: ты, Ведрыч, Церашкоў... Сястра стрыечная».
Вось так. У групе трыццаць чалавек, на патоку сто дваццаць,— зрабіў ён хуткі падлік,— а сваім толькі яго назвалі... Штосьці гэта ды значыла. А мо не пайсці? — не забыўся і такі варыянт пракруціць. Людзі будуць гуляць, весяліцца, а ён... Халодны пакой, мулкі ложак, кніжка «Ідыёт», нішчымная гарбата... I панеслася, і панеслася!