Нічые  Андрэй Федарэнка

Нічые

Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
91.17 МБ
вянчальны пярсцёнак і нацельны крыж,— словам, абчысціўшы дарэшты,— абавязкова пакінуць пару цыгарэт з запалкамі і драбязу на талончык...
Вусаты дзюбаў сабе і дзюбаў, манатонна, праз аднолькавыя паўзы, аж па мазгах біла. Трухан цярпліва чакаў. I ад няма чаго рабіць употайкі разглядваў памяшканне і гаспадара — разглядваў і дзівіўся: якая ж, аказваецца, небяспечная рэч літаратура! He паспеў напісаць ён пра свайго Трухановіча — калі ласка, сам атрымоўвай — і табурэтку, і казённы кабінет, і следчага, і магчымы скоры пратакол. Раптам ён убачыў на краі стала... сваю папку.
«Твая?» — спытаў вусаты, працягваючы дзюбаць.
«Мая... А адкуль...»,— яна ў вас, ледзь не вырвалася ў Трухана, ды ў час апамятаўся. Хто, як не ён, па студэнцкай звычцы, як на канспектах, уласнай рукою запісаў на адвароце папкі ўсе свае дадзеныя: і прозвішча, і адрас, і нават нумар пакоя.
Вусаты меў талент рабіць дзве справы адразу, плюс яшчэ бачыць чалавека, зусім на яго не пазіраючы.
«I што ты там напісаў? Чаго выклікалі?»
«Не ведаю... У сэнсе, што напісаў, ведаю, а чаго выклікалі...»
«Супраць улады штось? Ці парнаграфія?» — нечакана спытаў вусаты.
Ну, канечне. Што ж яшчэ для іх можа лічыцца крамолаю? Трухан асмялеў.
«Можна і так сказаць...»
«Сур’ёзна? — Вусаты аж на машынку, на дзюбанне сваё важнае забыўся. I ўпершыню падняў на Трухана вочы. У іх была цікавасць.— He, праўда парнаграфія?»
«Хутчэй у пераносным сэнсе. Калі мастацкі твор няўдалы, дык можна яго і такім словам назваць...»
Тут расчыніліся дзверы і ў кабінет хуткім крокам увайшоў чалавек. На хаду ён расшпільваў гузікі чорнага паліто. Штось вельмі знаёмае падалося Трухану ў яго абліччы... Ды гэта ж той самы! Паголены, з сумнай, вінаватай усмешкаю, які маўчком прасядзеў усю нядаўнюю сходку на Фрунзе, 5; той, у каго ўсё дапытваўся Ведрыч, чаго ён сюды цягаецца, і ці не празаік ён, ці не драматург. I цяпер паголенасць была самай характэрнай дэталлю ў яго твары. Настолькі розніліся голеная частка ад няголенай, што здавалася, пад носам, на барадзе і на шчоках прыклеена ў чалавека сіняватая маска.
Вусаты пры яго з’яўленні ўстаў. Але паголены, павесіўшы паліто ў шафу, да першага падаўся да Трухана.
«Гэта не я спазніўся — вы раней прыйшлі,— сказаў ён, за руку вітаючыся.— Выбачаюся, рука пасля двара халодная... Вас я ведаю, а мяне завуць Іван Паўлавіч. Ды вы сядзіце!»
Што да вусатага, дык з ім Іван Паўлавіч нават рукацца не стаў. Яны абмяняліся позіркамі, пасля чаго вусаты паляпаў сябе па кішэнях — у адказ звякнулі ключы і зашамацелі запалкі — і выйшаў на калідор.
Адзінае, што чамусьці прыходзіла Трухану ў галаву, гэта тое, што адбываецца «кантрастны» допыт: злы, хамаваты адзін следчы — і добры, і ўсмешлівы другі; штучка старая як свет, як сама паліцэйска-жандарска-міліцэйская сістэма... Але пры чым тут што? Ніхто ж яго не дапытваў, і яны абодва, здаецца, добрыя, вусаты і паголены... Да таго ж вусаты яўна ніжэй рангам у гэтай іхняй іерархіі. Галоўны тут, канечне, вось хто...
«Распрануцца не хочаце? — пытаў тым часам гэты «хто».— He? Правільна, не Крым. Мой прынцып — абы чалавеку зручна было. A то навыдумляюць розных умоўнасцей... Вось я, напрыклад, калі гарачую гарбату п’ю, дык сёрбаю, мне і смачней так, і губы не пячэ... Але што ты! Некультурна, не прынята, пальцамі паказваюць,— мякка, соладка гаварыў Іван Паўлавіч, як калыханку баяў.— Дарэчы, можа, гарбаты? Кавы? Тут ёсць электрачайнік, і ўсё іншае знойдзецца... He? Тады і я не буду — за кампанію».
Іван Паўлавіч прысеў насупраць — нага на нагу, рукі складзеныя на жываце, на твары — тая самая, вінаватая і крыху сумная, усмешка. Калі вусаты за ўвесь час толькі раз зірнуў на Трухана, дык гэты наадварот — вачэй з яго не спускаў.
«Вам сказалі прычыну выкліку сюды? He? Ну вось, такія ў нас парадкі! А чалавеку перажывай...»
«Я здагадаўся,— сказаў Трухан, ківаючы на папку.— Злавілі тых рабаўнікоў?»
«Э-э... чаму адразу рабаўнікі? — усклікнуў Іван Паўлавіч.— Усё цэлым засталося ў сумцы вашага сябра... Зрэшты, зменім тэму. На добры лад, не тут,— абвёў ён вакол сябе рукою,— не ў такіх умовах павінна было б адбывацца нашае знаёмства. Ды калі ўжо такая нагода з гэтай сумкай... Усё адно трэба было выклікаць вас, каб папку вярнуць, дык заадно ўжо, думаю, і пазнаёмлюся з чалавекам... Калі вы не супраць, канечне!»
«Ну што вы,— паддаўся на абмен ветлівай гэтай саладжавасцю Трухан.— Я вельмі ўдзячны за ўвагу, за павестку...»
«Размова наша будзе максімальна кароткая. Яшчэ раз выбачайце, што не па сваёй волі вы тут. He здзіўляйцеся,— ён яшчэ больш памякчэў голасам, давёўшы інтанацыю амаль да кампанейскай,— але і не па маёй таксама».
Далей пачало адбывацца ўвогуле штосьці неверагоднае.
«Не будзем мы весці ніякіх пратаколаў — к чорту афіцыёз. He люблю, не прызнаю! Гэта ім там,— падняў угору ўказальны палец Іван Паўлавіч,— усё паперы падавай, канцылярыстам гэтым».
I Трухан у першы момант не зразумеў — нябесную канцылярыю ён мае на ўвазе або сваю, зямную, што размешчана за які квартал адсюль. Калі апошняе, дык не проста смела з яго боку, а неяк... незвычайна, нават падазрона: хіба можна ім крытыкаваць начальства (хай сабе і ў «інтарэсах следства»), ды яшчэ пры сведку?!
«...Як дзеці малыя, яй-богу! Вечная падазронасць, усё ім мрояцца падкопы, загавары, дысідэнцтва... Прычым не столькі выкараняць усё гэта збіраюцца, колькі дзеля галачкі — паказаць, што і ў нас, як і ва ўсіх: свае незадаволеныя, свая апальная інтэлігенцыя»,— не сунімаўся Іван Паўлавіч, казаў з нейкім вясёлым адчаем у голасе, маўляў, ведаю, хоць і ўляцець можа за гэта, але і маўчаць не магу: раз пайшла такая п’янка — рэж апошні агурок.
«...Хоць бы вас узяць. Збіраюцца маладыя, здольныя, задзірыстыя, пішуць сабе, выступаюць, агітуюць памаленьку... На здароўе! Дык што ты! Дзе ты бачыў?!» — цяпер ужо да лёгкай горычы перайшоў Іван Паўлавіч, як бы палемізуючы, не згаджаючыся зараз з кімсьці — з тымі, хто яму, Івану Паўлавічу, гэты занятак прыдумаў, хто даручыў яму такую непапулярную місію; а так сам ён, Іван Паўлавіч, нібыта і ні пры чым, проста вымушаны цераз не хачу рабіць усё гэта для пустой справаздачы.
«...Кантроль ім трэба, адбор, селекцыя, назіранне ў дынаміцы... He паспее праклюнуцца здольнасць у чалавеку, яшчэ невядома, што з яго атрымаецца,— а ўжо бягом апекаваць, бы тыя сем нянек: хаця каб правільнай дарогай пайшоў, каб, не дай бог, шляху пакручастага, калдыбаністага, дысідэнцкавыгнанніцкага не выбраў!..»
Трухан ужо надзею страціў зразумець хоць што-кольвечы. Так заблытаў, задурыў галаву гэты Паўлавіч. I чаго, з якой такой радасці на творчасць перакінуўся?.. 1 ўсё гэта з нязменнай іроніяй, нібы нечыя чужыя словы вымушаны паўтараць, а сам ён — усё разумее, свой у дошку, на баку менавіта дысідэнтаў, і толькі іхні шлях і прызнае як адзіна правільны.
Нейкія смутныя здагадкі ўспыхвалі, канечне. Што нездарма ўсё гэта, даверлівасць гэтая залішняя, развагі гэтыя салодкія — пра патэнцыяльныя здольнасці, пра апякунства... Трухан перавёў вочы на шэрую папку. I нават машынальна пальцам пакратаў шнуркі-завязкі на ёй. Адразу ж на яго рух пасур’ёзнеў і Іван Паўлавіч.
«Мы прачыталі,— проста сказаў ён.— Вы не супраць? Хаця што гэта я: перш уваходжу, а тады дазволу пытаю...»
Шчокам Трухана раптам зрабілася горача, а спіне — холадна. У скронях застукала: чыталі... у множным ліку... вось вынік... ацанілі!..
«I што скажаце?» — нечакана для сябе хутка выпаліў ён.
«Скажам, што паказальны сам факт — гутарка нашая адбываецца. Раз на вас звярнулі ўвагу...» — Тут Іван Паўлавіч перайшоў да самага цікавага, менавіта — разгарнуў папку. Знаёмыя старонкі замільгалі перад вачыма...
«Я тут пазнакі рабіў... Алоўкам, лёгка сцерці... Калі вы не супраць... Вось і яшчэ і вось...»
I Іван Паўлавіч, спяшаючыся, шукаючы патрэбныя месцы, пачаў перакідваць-перагортваць старонкі то туды, то сюды. Аднак Трухан паспяваў сёе-тое заўважыць. «Маразм бальшавіцкі» падкрэслена было хвалістай лініяй... Ленін, Сталін...
«Параўнанне Леніна з ідалам,— не вучыў, а ціха, пасяброўску раіў Іван Паўлавіч,— наўрад ці пажаданае: усё ж правадыр. Рызыкоўна нават для нашага часу, тым болып для нашай беларускай сціплай літаратуры, якой у прынцыпе чужое палітыканства... Вы заўважылі (згадваючы пасля, Трухан прыпомніць, што ні разу за ўсю гутарку Іван Паўлавіч не назваў яго ні па імені, ні па прозвішчы) — дзіўная рэч: што для вялікай, развітай літаратуры дапушчальна, натуральна, скажу больш, у пэўнай ступені нават другасна, тое для літаратур малых народаў — адкрыццё, знаходка, крамола, антыі контра! Праўда, я магу памыляцца, бо не настолькі абазнаны ў прыгожым пісьменстве... He хачу быць ханжою... Сам пісаць не магу — не даў Бог таленту, затое цешу сябе надзеяй, што ў літаратуры разбіраюся не горш, калі не лепш...» — казаў Іван Паўлавіч, і гучала гэта як «сам плаваць не ўмею, затое на сухім беразе навучу любога».
«...Дык вось — хацелася б пачытаць усё, калі вы не супраць зноў-такі... Цікава: як ваш герой, наш сучаснік, будзе паводзіцца там... далёка... Гэта ж цэлую гісторыю навярнуць можна!» Вочы ў Івана Паўлавіча раптам ажывіліся і заблішчэлі. У іх з’явіўся імпэт чалавека, якому,
бадай, упершыню ў жыцці прыадчынілася наглуха да гэтага задрапіраваная заслона, за якой — патаемная, такая зваблівая магчымасць тварыць самому, хай нават і сутварыць.
Зрэшты, хуценька ён астыў і спытаўся:
«Ці, можа, тут усё прасцей? I вы такім ходам — пераносам у часе, сацыяльнай, так бы мовіць, фантастыкай спрабуеце элементарна зацікавіць чытача?»
«Хутчэй яго зацікавіш парнаграфіяй»,— адказаў з усмешкаю Трухан.
Аднак Іван Паўлавіч гумару не зразумеў — ён жа не мог ведаць пра эпізод з вусатым.
7
«Бог з ёй, з папкаю,— сказаў Іван Паўлавіч, папку закрыў, аборачкі акуратна, як шнуркі на чаравіках, завязаў і паклаў на папку далонь, тым паказваючы, што з першай часткай пакончана.— Давайце так дамовімся: калі вам непрыемна будзе, нетактоўнымі пададуцца пытанні — без усялякіх кітайскіх цырымоній абрывайце, і... скончым на гэтым!»
Трухан, які быў размяк ад літаратурнага экскурсу, ізноў падцягнуўся.
«Мы ведаем, што жывяце вы няпроста, мякка кажучы... Праблемы і з вучобаю, і са здароўем, і ў матэрыяльным плане... На сельсаветаўскую стыпендыю дужа не разгуляешся».— Іван Паўлавіч змоўк у чаканні Труханавай рэакцыі.