Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
па-свойму. I адзенне іх цалкам адпавядае ўмовам іх жыцця. На адных мы бачым нешта накшталт безрукаўкі — у воўчай шкуры прарэзаны дзіркі для галавы і рук. У другіх мядзведжыя, воўчыя і конскія шкуры накінуты проста на голыя плечы, як плашчы, а на нагах — штаны, пашытыя таксама са звярыных шкур. Добра вытачаныя пласцінкі з касцей маманта ўпрыгожваюць адзенне. Пласцінкі маюць і прамавугольную, і авальную, і круглую форму. Яны размешчаны вакол каўняра, спускаюцца зверху ўніз па рукавах і, нібы лампасы, па штанах.
Адважнымі і дужымі зрабіла гэтых людзей суровая і безупынная барацьба за існаванне. У іх шырокія грудзі і плечы, мускулістыя рукі. Гэта вельмі моцныя людзі з рашучым і смелым позіркам. Вочы ўважліва паглядаюць з-пад зблытаных над высокім ілбом валасоў. На тварах выраз уласнай годнасці. У мужчын густыя бароды. У жанчын доўгія валасы спускаюцца з галавы ніжэй пояса.
Людзі задаволены.
У іх многа мяса, яго хопіць на некалькі дзён, бо ў яму ўваліўся вялікі насарог. Паляўнічыя разабралі яго і лепшыя часткі тушы прынеслі сюды, да агульнага вялікага вогнішча перад хатай старэйшага ў родзе.
Цяпер можна пад’есці ўволю.
I яны ядуць з асалодаю, у добрым настроі.
Некаторыя ўжо насыціліся і спяць тут жа, на зямлі каля вогнішча. Іншыя пазалазілі ў свае зямлянкі.
На шыях мужчын, жанчын і дзяцей вісяць пацеркі з ракавінак, з зубоў і кіпцюроў мядзведзя, ваўка, лісы. На руках шырокія бранзалеты з біўняў маманта.
Прыемна грэцца каля вогнішча.
Яны ўмеюць здабываць агонь, рабіць сабе прылады і з каменя, і з косці, і з дрэва, ляпіць начынне з гліны. Але ў іх няма яшчэ прыручаных жывёл.
Зусім старых сярод жыхароў пасёлка не відаць. Першабытны чалавек рэдка калі дажывае да пяцідзесяці
год. Занадта цяжкае і небяспечнае жыццё ў гэтых нястомных і знаходлівых людзей.
Увесь час мусяць яны змагацца з суровай прыродай. На кожным кроку падпільноўваюць іх розныя нечаканыя небяспекі. Людзі гінуць заўчасна ад холаду, ад дзікіх звяроў, ад хвароб, ад розных няшчасных выпадкаў.
Да стаянкі набліжаецца некалькі маладых людзей. Глядзіце, якія ў іх дакладныя рухі! Як лёгка і спрытна, амаль бясшумна прасоўваюцца гэтыя хлопцы праз зараснікі хмызняку. Часам, абапёршыся з разбегу на кап’ё і адштурхнуўшыся ўсім целам, то той, то другі робіць даволі вялікія скачкі.
Маладыя людзі падышлі да старэйшага і нешта яму сказалі. Той моўчкі кіўнуў галавой. Тады хлопцы паклалі на зямлю свае коп’і з крамянёвымі наканечнікамі і селі каля вогнішча побач з усімі. Відаць, старэйшы пасылаў іх некуды на разведку. Прагна ўзяліся яны цяпер за мяса.
Глядзіце, як ядуць першабытныя людзі.
У адной руцэ яны трымаюць вялікі кавалак мяса, a ў другой — тонкі і востры ашчэпак крэменю. Ухапіўшы мяса зубамі, яны спрытна адразаюць яго каля самых губ. Моцныя зубы рвуць валокны і жылы, перажоўваюць з хрустам храшчы. 3 асаблівай асалодай разбіваюць яны каменнямі косці і высмоктваюць мозг. Гэта для іх, мабыць, самы любімы ласунак.
Ці не далучыцца і нам да іх бяседы. Ці не пасядзець разам з імі ля вогнішча?
Але нешта не вельмі гаваркія гэтыя людзі. Моўчкі робяць яны сваю справу. Зрэдку толькі абменьваюцца адрывістымі гукамі, часта карыстаюцца замест слова жэстам.
He, прызямляцца не варта!
Усё роўна мы не зразумеем адзін аднаго. Занадта далёкія ад нас і думкі, і пачуцці, і разуменні першабытных насельнікаў Беларусі, людзей позняга каменнага веку.
Ды і страва ў іх, мабыць, на наш густ, не вельмі смачная. Мяса насарога — напалову сырое. Яно толькі крыху падгарэла зверху і, зразумела, без солі. Хлеба таксама няма.
Паляцім лепш далей, у часы крыху бліжэйшыя. Бывайце, нашы далёкія, першабытныя продкі!
КРУГ НАД ЗНАЁМЫМІ РЭКАМІ
Праз тысячагоддзі. Паселішчы на ўзвышшах. Людзі, якія жывуць на дрыгве. Патомкі Радзіма. Сваякі па крыві
He спыняючыся, ляцім мы адразу праз тысячагоддзі. Паглядзім, што робіцца цяпер на той зямлі, якую мы толькі што бачылі.
Тыя ж рэкі, балоты. Дрымучыя лясы пакрываюць амаль усю краіну. Няма ні канца ні краю бярозавым гаям, дубровам, сасновым і яловым барам.
Клімат пакуль што яшчэ даволі суровы, але ўсё ж крыху пацяплеў.
Зямля падсохла.
Нідзе ўжо няма белых плям нерасталага лёду. Зніклі канчаткова апошнія сляды ледавіка, калі не лічыць шматлікіх азёр, балот і тых вялікіх камянёў-валуноў, якія захаваліся і да нашага часу на палях паўночнай часткі Беларусі.
Сярод суцэльнага зялёнага акіяна непраходных лясоў з’явіліся асобнымі астраўкамі палі, пакуль яшчэ, праўда, не вельмі вялікія.
Па цячэнню рэк мы бачым на ўзвышшах умацаваныя паселішчы. Сустракаюцца яны не часта. Іх нават не лёгка заўважыць сярод густой зеляніны лясных масіваў.
Людзі, якія тут жывуць, займаюцца не толькі паляваннем і рыбнай лоўляй, але і земляробствам, і жывёлагадоўляй. Земляробства зрабілася ў іх галоўным заняткам, асновай іх існавання. Зямлю яны апрацоўваюць матыкай, сахой і бараной. Яны навучыліся лавіць і прыручаць дзікіх коней.
Узброены гэтыя людзі лукамі і стрэламі, коп’ямі, мячамі і шчытамі. I зброя ў іх ужо не з каменя і косці, а з жалеза. I жывуць яны не ў зямлянках-буданах, а ў хатах, пабудаваных з бярвенняў.
Хто ж гэтыя людзі, якія будуюць вёскі і ўзводзяць гарады, адваёўваюць у дзікага лесу ўчасткі зямлі пад ворыва, выпальваюць, выкарчоўваюць і аруць цаліну, каб пасеяць жыта, авёс, ячмень, проса?
Гэта — усходнія славяне, непасрэдныя продкі сучасных рускіх, украінцаў і беларусаў.
Пазнаёмімся з імі бліжэй.
Паляцім спачатку над Прыпяццю, прытокам Дняпра, ад вярхоўяў яе да вусця.
Павольна цячэ Прыпяць па вялікай нізіне, якая называецца з даўніх часоў Палессем.
Тут, сярод дзікіх лясоў па берагах Прыпяці, а таксама Бярэзіны і іншых рэчак, раскінуліся між глыбокіх азёр і дрыгвяных балот аж да вытокаў Нёмана паселішчы племені дрыгавічоў. Адсюль, з зямлі дрыгавічоў, сіні Нёман цячэ ў землі літоўскіх плямён.
Дрыгавічы маюць такія гарады, як Пінск, Мазыр, Брэст, Слуцк, Рэчыца, Рагачоў. Галоўны ж над усімі дрыгавіцкімі гарадамі — Тураў, цэнтр княства Тураўскага.
Зразумела, гарады гэтыя зусім не такія, якімі мы ведаем іх сёння. Вы самі бачыце з нашай вышыні, што няма тут ні мураваных дамоў, ні шырокіх вуліц. Гэта проста невялікія пасёлкі — дзесяткі, часам сотні звычайных вясковых хат, пабудаваных на беразе ракі, на схілах узвышша. Пасярод узвышша — умацаваны
дзядзінец1 з вежай, абкружаны высокім частаколам з завостраных дубовых бярвенняў. Тут жыве князь у сваіх таксама драўляных харомах разам з сям’ёй, дружыннікамі і слугамі.
Рэкі зямлі дрыгавічоў паўнаводныя і глыбокія. Спакойна, задумліва цякуць яны ў нізкіх топкіх берагах з густой высокай расліннасцю. Шматлікія звілістыя рэчкі з непрыкметнай плынню губляюцца ў трысці, асацэ і чароце, у густых зарасніках асіны і вербалозу.
Нялёгка прабірацца дрыгавічу скрозь калючыя хмызнякі. У лясным гушчары часта трапляюцца глыбокія яміны з цёмнай вадой. Асцярожна ходзіць дрыгавіч па сваёй зямлі, каб не праваліцца ў балотнае бяздонне, каб не загрузнуць у дрыгве.
Вільготная і вязкая глеба, пакрытая мохам, варушыцца пры кожным кроку. Вось чаму жыхары Палесся звычайна пераязджаюць з месца на месца па вадзе ў чаўнах, вычасаных ці выпаленых з калоды. Ад балоцістай мясцовасці яны і атрымалі сваё імя. Дрыгавічы, гэта значыць — людзі, якія жывуць на дрыгве.
Цяпер мы ляцім над Сожам.
Па яго берагах жыве племя радзімічаў. Паводле старадаўніх паданняў, назва племені паходзіць ад родапачынальніка Радзіма. Племя радзімічаў значна меншае за племя дрыгавічоў. Свайго ўласнага княства яно не мае. He відаць на зямлі радзімічаў і гарадоў. Там, дзе цяпер гарады Гомель, Чэрыкаў, Чачэрск, Слаўгарад, мы бачым са сваёй вышыні толькі невялікія вёскі сярод дрымучых лясоў. Па некаторых паданнях, цэнтрам радзімічаў было сяло Радомля.
Шырокай светлай паласою нясе свае воды Дняпро — любімая рака ўсходніх славян. Нездарма называюць яго «бацькам» і беларусы, і ўкраінцы.
Дняпро Славуцічу...
1 Дзядзінец — двор вакол замка.
Так здаўна з вялікай пашанай і любоўю звяртаецца да Дняпра беларускі народ у сваіх песнях, казках і паданнях, якія дасталіся яму ў спадчыну ад далёкіх продкаў
Пакінем магутны Дняпро і накіруемся адсюль на паўночны захад. Там жывуць крывічы — самае магутнае і шматлікае з усходнеславянскіх плямён. Назва іх паходзіць, мабыць, ад слова «кроў». Крывічы — сваякі па крыві.
Паселішчы крывічоў раскіданы ў прыгожай і маляўнічай мясцовасці па ўзвышаных берагах Заходняй Дзвіны і па верхнім цячэнні Дняпра. Зямля тут не такая вільготная і балоцістая, як на Палессі, і таму заселена больш густа. Жывецца крывічам лягчэй, чым дрыгавічам і радзімічам.
Галоўны цэнтр крывічоў — вялікі і слаўны горад Полацк. Таму і княства сваё яны называюць княствам Полацкім. Сябе полацкія крывічы называюць палачанамі, бо першыя іх паселішчы ўзніклі на рацэ Палаце, прытоку Дзвіны.
Шмат гарадоў у Полацкім княстве. Вось Віцебск, малодшы брат Полацка, таксама на беразе Дзвіны. Вось і Барысаў, Лагойск, Орша. Усе яны лічацца прыгарадамі Полацка, бо залежаць ад яго.
Крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы — непасрэдныя продкі беларусаў. 3 гэтых трох усходнеславянскіх плямён, якія спакон веку жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і склаўся ў працэсе далейшага гістарычнага развіцця беларускі народ.
3 іншых усходнеславянскіх плямён узніклі братнія рускі і ўкраінскі народы.
ПРЫЗЯМЛЕННЕ ПЕРШАЕ
Замак над Свіслаччу. Мы ідзём у горад. Хто тут жыве? Княжыя харомы. Купецкія судны. Два рынкі. Зноў на кіліме. Бітва на Нямізе. Пачатак гістарычнага жыцця
Мінула яшчэ адно-два стагоддзі. Унізе пад намі серабрыцца рака. He такая шырокая, як Дняпро ці Сож, але караблі і па ёй плывуць.
3 гэтай ракой зліваецца другая рэчка, вузкая і звілістая. А на тым месцы, дзе абедзве рэчкі злучаюцца, мы бачым драўляны горад, абнесены высокай сцяною з дубовых бярвенняў.
Паміж плынямі рэк выступае як мыс насыпаная гара, а на ёй узвышаецца драўляны замак, абнесены сцяной з вежамі.
Які ж гэта горад?
Давайце зірнем на карту. Мы ж яе ўзялі з сабой.
Э, ды гэта ж Мінск! Старажытны Мінск!
Шырэйшая рака — Свіслач, а вузкая — Няміга.
Так, гэта Мінск.
Але як цяжка яго пазнаць! Як непадобны ён на сучасную сталіцу Беларусі, вялікую і прыгожую!