Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
А яшчэ далей узнікаюць раптам на фоне белага снегу дзве вялізныя хмары. Французы яшчэ не бачаць іх, a
нам добра відаць, як з двух бакоў пераправы набліжаюцца рускія войскі. Загрымелі гарматы.
Пад агнём рускай артылерыі французы кідаюцца на масты вялікім натоўпам.
Масты — адзіны ратунак.
Заднія нецярпліва націскаюць на пярэдніх. Зробленыя наспех парэнчы не вытрымліваюць. Многія салдаты, коні і павозкі падаюць уніз. Тонкі лёд праламваецца, многія тонуць у халоднай вадзе.
Глядзіце, як угінаюцца пад непамерным цяжарам масты. Трашчаць дошкі, рыпяць бярвенні. I раптам — жудасны крык павісае над ракой. Адзін з мастоў абрушваецца, і ўсе, хто на ім быў, падаюць у ваду...
А сам Напалеон даўно ўжо на тым беразе. Вось ён стаіць на пагорку. Невысокага росту, у зялёным мундзіры і чорнай трохвуголцы. На плечы накінута цёплае футра. Рукі скрыжаваны на грудзях. Пра што думае імператар, гледзячы, як гінуць рэшткі яго непераможнай арміі, ад якой засталіся толькі асобныя разрозненыя групы?
Твар Напалеона пабялеў і стаў нібы высечаны з каменя. Раптам ён паклікаў аднаго з афіцэраў сваёй світы. Нешта яму загадаў. Той спачатку нібы аслупянеў ад нечаканасці, потым схамянуўся і пабег.
I вось — людзі з факеламі ў руках падпальваюць уцалелы мост. Людзі ў французскай форме. Што ж гэта яны робяць?! На тым беразе застаецца большая частка французскіх салдат, застаюцца іх таварышы. Але такі загад Напалеона — спаліць мост, каб перашкодзіць пераправе рускіх. Што яму да салдат, якія не паспелі пераправіцца...
Мы ведаем, што адсюль Напалеон уцячэ ў Смаргонь. А там ён пераапранецца ў форму польскага афіцэра і на самых лепшых конях памчыцца ў Парыж, пакінуўшы сваіх салдат у вялікай бядзе...
Але мы не паляцім за ім. He паляцім мы зараз і ў іншыя мясціны, дзе адбываліся славутыя падзеі вайны супраць Напалеона. А на Беларусі такіх мясцін нямала. Вялікія бітвы пад Магілёвам, пад Віцебскам, пад Полацкам назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю. На беларускай зямлі французам было гэтак жа нясоладка, як і ў Расіі...
Усё хутчэй і хутчэй імкнецца кілім-самалёт да больш блізкіх нам часоў...
БЫВАЙ, КІЛІМ-САМАЛЁТ!..
Шмат цяжкіх нягод давядзецца яшчэ пераадолець беларускаму народу...
Кілім-самалёт ідзе на пасадку.
Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае!
Дзіўныя карціны былога жыцця народа, вобразы прыгнёту і пакут, цяжкай працы і гераічнага змагання прайшлі перад нашымі вачамі. Прайшлі і адышлі ў нябыт, як сон, зніклі ў віры гісторыі.
Мы зноў у нашай эпосе. Як добра, што мы вярнуліся! Тут усё нам так блізка, знаёма, зразумела.
Чароўны кілім-самалёт саслужыў нам добрую службу, але ўсяму свой час. Для другой паловы дваццатага стагоддзя кілім як сродак перасоўвання, мабыць, ужо і не вельмі падыходзіць. Цяпер да нашых паслуг столькі разнастайных відаў сучаснага транспарту!
Бывай, наш слаўны, цудоўны кілім! Вяртайся ў свае казкі, а мы пачнём новае падарожжа.
Падарожжа ў сучасную Беларусь.
НА ПРАСТОРАХ БЕЛАРУСІ
БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА
Мы едзем у паўночным напрамку ад Брэста. Шэсцьдзесят кіламетраў — нязначная адлегласць у наш час. Нават калі ехаць звычайным аўтобусам.
Наперадзе паявілася высокая белая вежа. Значыць, і да пушчы ўжо рукой падаць. I назву сваю яна атрымала ад гэтай белай вежы, якую продкі беларусаў пабудавалі тут разам з паселішчам Камянец у XIII стагоддзі. Тады яна была назіральным пунктам для вартавых. Цяпер гэта проста гістарычны помнік, маўклівы сведка падзей, што адбываліся тут на працягу многіх стагоддзяў.
3 гістарычных крыніц вядома, што, пачынаючы з XV стагоддзя, у Белавежскую пушчу ездзілі на паляванне літоўскія князі, польскія каралі і, нарэшце, рускія цары. У час апошняга палявання ў жніўні 1900 года цар і яго прыдворныя на працягу дванаццаці дзён забілі ў пушчы 40 зуброў, 36 ласёў, 530 аленяў, 138 дзікоў, 325 казуль. Гэта было не паляванне, а сапраўдная бойня.
Пакуль мы гаворым, на нас няўхільна наплывае высокая і шчыльная сцяна спрадвечнага лесу. Магутным зялёным морам раскінуўся ён у водападзеле Заходняга Буга, Нёмана і Прыпяці і займае тэрыторыю каля 130 тысяч гектараў.
Дзяржаўная граніца падзяляе Белавежскую пушчу на дзве амаль роўныя часткі. Заходняя належыць Польшчы, а ўсходняя — нам.
Аўтобус збочыў з галоўнай дарогі і падскоквае на карэннях, што выбіліся з-пад наезджанай зямлі. Перад намі адкрываюцца прыгожыя і маляўнічыя пейзажы пушчы, то змрочныя, поўныя суровай велічы, то светлыя, лёгкія і радасныя.
Чыстае паветра сасновага бору пахне жывіцай. Стромкія ствалы «карабельных» соснаў высока ўзнімаюцца
ў сіняе неба. Быццам звонкія залатыя мачты, гнуцца яны і звіняць пры самым нязначным павеве ветру. A крыху далей, за вясёлым сасоннікам на ўзгорку, стаяць у задуменным спакоі кучаравыя дубы-асілкі і моўчкі паглядаюць уніз, на каляровую ад кветак лугавіну, дзе сабраліся разам, нібы на карагод, тонкія беластвольныя красуні бярозкі.
Бярозавы гай змяняецца змешаным лесам. Тут растуць і вялізныя сівыя яліны, і ясень, і вяз, і граб, і дуб, і клён, і рабіна, і ліпа, і арэшнік. Здаецца, няма ні канца ні краю незлічонаму лясному багаццю, паэтычнай лясной разнастайнасці.
Белавежская пушча з’яўляецца часткай тых вялікіх першабытных лясоў, якія пакрывалі ў дагістарычныя часы амаль увесь абшар Еўропы. Па сваіх памерах, па багацці і разнастайнасці флоры і фауны, па прыгажосці краявідаў Белавежская пушча займае першае месца сярод буйных лясных масіваў Еўропы. Тут захаваліся ў прыродных умовах рэдкія звяры і птушкі, якія даўно ўжо зніклі ва ўсіх іншых краінах.
Яшчэ ў 1915 годзе ў пушчы налічвалася 730 зуброў. Амаль усе яны былі знішчаны ў час Першай сусветнай вайны, а многія вывезены ў Германію, адкуль іх прадалі розным звярынцам і заапаркам. У 1941 годзе, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у пушчы было ўсяго дваццаць зуброў. Цяпер іх налічваецца больш за восемдзесят. Частка зуброў знаходзіцца пад навуковым наглядам на тэрыторыі гадавальніка. Астатнія жывуць у лесе на волі.
Глядзіце, глядзіце! 3 ляснога гушчару, з-пад векавых ялін, выходзіць на паляну зубр. Вось ён спыніўся, схіліў магутную галаву. Увесь выгляд яго здзіўляе веліччу і магутнасцю. Такіх самых зуброў мы бачылі з кіліма-самалёта, калі рабілі падарожжа ў далёкае мінулае. Цяпер вы яшчэ раз можаце пераканацца ў тым, што сучасныя нашы белавежскія зубры нічым не адрозніваюцца ад сваіх дагістарычных продкаў.
У Белавежскай пушчы шмат дзікіх свіней. Зімою ў пошуках корму яны ходзяць па лесе чарадой, пракопваючы ў снезе цэлыя траншэі. Наперадзе ідуць, пракладаючы дарогу, старыя і самыя дужыя дзікі, а за імі спяшаецца маладняк. 3 дзікімі кабанамі сустракаюцца часам хатнія свінні, якія ходзяць у лес па жалуды. I ў навакольных вёсках на ўскраіне пушчы нярэдка можна ўбачыць на сялянскім панадворку жоўтых стракатых парасят — патомства дзікага вепра.
Жывуць у пушчы і высакародныя еўрапейскія алені — прыгожыя, стройныя і дужыя, з раскідзістымі рагамі. Многа тут і невялікіх казуль — спрытных, палахлівых і грацыёзных. У балоцістых зарасніках, у поймах рэчак з нізкімі і топкімі берагамі, з высокай травой можна сустрэцца неспадзявана з ласём.
Бабры, якіх калісьці было так многа ў белавежскіх лясах, зніклі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Але пасля вайны, узятыя пад ахову дзяржавай, яны з суседніх вадаёмаў перасяліліся сюды зноў і восеньскімі начамі пачалі будаваць на ціхіх лясных рэчках свае хаткі і грэблі.
У пушчы вядуцца і такія каштоўныя ў прамысловых адносінах звяры, як выдра, куніца, тхор, гарнастай, вавёрка, ліса.
На тэрыторыі запаведніка бязлітасна знішчаюцца драпежнікі. Ваўкоў тут адстрэльваюць ва ўсякую пару года. На гэтых шэрых разбойнікаў ніякіх абмежаванняў няма. Адстрэл ваўка з’яўляецца службовым абавязкам белавежскіх егераў.
Нямала ў белавежскіх лясах глушцоў, цецерукоў, рабчыкаў і курапатак, вальдшнэпаў і бекасаў, а на балотах і рэчках — дзікіх качак, жораваў, буслоў, розных кулікоў У непраходнай глухамані гняздзіцца на векавых дрэвах рэдкі птах — чорны бусел.
Вясной і ў пачатку лета лясы Белавежскай пушчы поўны кіпучага жыцця, птушынага спеву і гоману.
Непадалёку ад лясных рэчак выводзіць свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак — салавей. Гарэзна свішчуць вясёлыя шпакі. Спяваюць берасцянкі, чыжы, шчыглы, дразды, пеначкі. Кукуе зязюля. У свежым маладым лісці ад зары да зары не змаўкае шматгалосы птушыны хор. Чуеце? Паспрабуйце адрозніць песні адной лясной пявунні ад другой!
Добра зараз у пушчы. Але нялёгка прыходзіцца яе жыхарам у суровы зімовы час. Маладыя дзікі не могуць часам выбрацца з глыбокага снегу і выкапаць сабе корм з абледзянелай зямлі. Яны выбіваюцца з сіл і гінуць ад холаду і голаду. Амаль адзіным кормам казулі і аленя з’яўляюцца зімою галінкі маладых дрэўцаў і кустоў. Казулі і алені слабеюць ад недахопу корму, ад барацьбы з завеямі і нярэдка становяцца здабычай ваўкоў.
Зуброў ахоўвае ад сцюжы густая і цёплая поўсць, але зімой не хапае корму і зубрам. Яны выкопваюць з-пад снегу леташнюю траву, кормяцца карой і галінкамі дрэў. Вось тут і прыходзіць на дапамогу лясным звярам чалавек.
Бачыце на палянцы кармушку? Зараз яна пустая. A зімой егеры прывозяць сюды і кладуць пад паветкай сена, авёс, гародніну і соль, раскідваюць па снезе бульбу, каб падтрымаць сілы казуль, аленяў, ласёў, дзікоў і зуброў у бяскорміцу, каб лясным жывёлінам лягчэй было перажыць суровую сцюжу. Для зуброў рыхтуюць на зіму цэлыя стагі сена. Лясныя жыхары знаюць гэтыя месцы і часта сюды наведваюцца. Тут лёгка за імі назіраць.
У новым будынку знаходзіцца сядзіба запаведніка, заалагічны музей, прэпаратарная і лабараторыі. Тут вядзецца вялікая навукова-даследчая работа, вывучаюцца прыродныя багацці пушчы, яе жывёльны і раслінны свет. Тут робіцца ўсё, каб гэтыя багацці не скарачаліся, а павялічваліся. Тут праходзяць сваю першую навуковую практыку студэнты. Тут гасцінна прымаюць турыстаў і экскурсантаў, якія жадаюць непасрэдна
азнаёміцца з цудоўнай прыродай пушчы, з яе рэдкімі звярамі і птушкамі.
Вопытныя егеры штодзённа вядуць назіранні за жыццём пушчы. Кожны егер добра ведае птушак і звяроў з усімі асаблівасцямі іх паводзін, з усімі іх звычкамі і норавамі. Егеры кальцуюць не толькі птушак, але і звяроў, пачынаючы ад маладых дзікоў і канчаючы такімі дробнымі, як соні. Звесткі, атрыманыя егерамі, абагульняюцца і вывучаюцца навуковымі работнікамі.