Падарожжа па краіне беларусаў
Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
Праз некалькі кіламетраў машына павярнула ўправа і спынілася.
Перад намі — вялікая пясчаная паляна, агароджаная з боку канала частаколам. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў.
Гэта — пасёлак Крайцы, сядзіба запаведніка.
У адным з невялікіх, бярвенчатых, з прыемным сасновым пахам дамоў размясцілася дырэкцыя. У астатніх жывуць навуковыя супрацоўнікі.
Пачынае церушыць дробны дожджык.
Машыну акружаюць сем’і прыехаўшых. Чуюцца радасныя воклічы дзяцей, узаемныя прывітанні, абмен навінамі.
Дождж тым часам мацнее. Да мяне падыходзіць дырэктар.
— Прыйдзецца вам спыніцца ў нас,— гаворыць ён.
РАЗМОВА 3 ДЫРЭКТАРАМ
Мы сядзім за сталом.
У вокны б’е дождж. Кроплі яго струменьчыкамі збягаюць па шкле.
На стале перад намі карта.
Дырэктар расказвае пра прыродныя багацці запаведніка, пра баброў і ласёў у дрымучых лясах, пра партызанскую вайну ў гэтай мясцовасці, пра вялікія страты ад акупацыі і пра перспектывы далейшай работы.
— Запаведнік на рацэ Бярэзіне,— кажа ён,— быў створаны па ўказу Савецкага ўрада ў 1925 годзе. I трэба сказаць, што мерапрыемства гэтае цалкам сябе апраўдала. Тутэйшыя мясціны самой прыродай прызначаны
для запаведнасці. Топкія, непраходныя балоты і рэчкі, вялікія і дрымучыя лясы з’яўляюцца надзейным прытулкам для рэдкіх і каштоўных звяроў.
— Якія ж звяры тут вядуцца? — спытаў я.
— У нас тут шмат ласёў, мядзведзяў і дзікіх свіней. Ёсць і рысі, касулі, выдры, куніцы, барсукі, лісіцы, норкі, гарнастаі, вавёркі, зайцы і процьма рознай драбязы,— адказаў дырэктар,— усіх і не пералічыш.
— А птушкі?
— Птушак таксама хапае, асабліва вадзяных. Рака Бяроза з яе шырокімі паплавамі, звілістай плынню, шматлікімі прытокамі, рукавамі і старыцамі, паўнаводны Сергучоўскі канал і лясныя азёры вабяць сюды з году ў год вялікае мноства пералётных вадаплаўных птушак. Шмат гняздуе тут і баравой дзічыны. Нашы лясы багаты на цецерукоў, глушцоў, рабчыкаў, курапатак. Рэкі і азёры поўны рыбы. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. Для аховы і развядзення гэтага рэдкага, каштоўнага і цікавага звярка і быў, уласна кажучы, у першую чаргу створаны Бярэзінскі запаведнік.
— Ці многа было тут баброў,— пытаюся я,— і наколькі павялічыўся іх лік пасля стварэння запаведніка?
— Бабры захаваліся тут у натуральных умовах з незапомных часоў,— адказаў дырэктар. — Калісьці яны былі на Беларусі вельмі распаўсюджаны. Вялікія паселішчы баброў сустракаліся па ўсёй краіне.
У канцы XVIII стагоддзя бабры былі амаль зусім знішчаны. Занадта вялікі быў попыт на іх дарагое футра і на так званы «бабровы струмень», які ў той час шырока ўжывалі ў медыцыне. Футра бабра цэніцца і зараз вельмі высока. Гэта тлумачыцца не толькі рэдкасцю звярка, але і добрымі якасцямі футра — яго трываласцю, мяккасцю і прыгажосцю. У табліцы трываласці футраў бабёр займае другое месца. Першае месца належыць выдры, але шкурка яе не такая мяккая.
На Беларусі да 1917 года баброў больш за ўсё было ў нашай мясцовасці, у лясах па верхнім цячэнні Бярэзіны. Зрэдку сустракаліся бабры і ў пойме ракі Сож, на яго левых прытоках — Іпуці і Бесядзі. Трэба сказаць, што ад бярэзінскіх баброў паходзяць і бабры вядомага Варонежскага запаведніка. Справа у тым, што яшчэ ў 1886 годзе на раку Варонеж былі прывезены з Мінскай губерні і выпушчаны на волю пяць баброў. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. На тэрыторыі паміж гэтымі рэкамі і быў створаны ў далейшым Варонежскі бабровы запаведнік.
На тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка, да яго арганізацыі ў 1925 годзе, бабровыя паселішчы захаваліся толькі па цячэнні глухіх забалочаных рэк Пясчанка і Гурбянка ды на возеры Асінка,— дырэктар паказаў на карту,— вось у гэтых недаступных мясцінах, куды нага чалавечая магла пранікнуць толькі лютай зімой, калі моцныя маразы скоўвалі балотную дрыгву. Зрэдку, хіба ў вялікую паводку, заплываў сюды часам рыбацкі прасмолены човен.
У той час налічвалася тут усяго толькі дзесяць бабровых хатак, а ў 1935 годзе іх было ўжо сто трыццаць дзевяць. У 1940 годзе колькасць баброў, па прыблізным падліку, дасягнула васьмісот шасцідзесяці галоў. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхнім цячэнні Бярэзіны. Цяпер бабровыя паселішчы пачалі з’яўляцца далёка за межамі запаведніка, у басейнах Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны.
...Бярэзінскі запаведнік з’яўляецца не толькі гадавальнікам баброў. Недатыкальнасць яго лясных масіваў вельмі дадатна ўплывае на захаванне нармальнага воднага рэжыму ракі Бярэзіны і яе прытокаў. Дзікія і глухія лясы ў гэтым раёне забяспечваюць сярэдняе і ніжняе
цячэнне Бярэзіны ад паніжэння ўзроўню вады і абмялення, а гэта мае вялікае значэнне як для земляробства, так і для сплаву, для суднаходства, для гідратэхнічных і меліярацыйных пабудоў. Калі б лясы запаведніка былі высечаны, рака Бяроза перасохла б, а навакольныя палеткі страцілі б сваю ўрадлівасць.
БАБРАНЯ НА ДВАРЫ
3 учарашняга вечара ўсю ноч і ўвесь дзень ідзе безупынку дождж. Таму азнаямленне з запаведнікам прыходзіцца сёння абмежаваць толькі тэрыторыяй сядзібы.
У пуні, каля дома дырэкцыі, жыве ў клетцы малое бабраня. Яму ўсяго паўтара месяца. Яно вельмі дабрадушнае і лагоднае. Калі да яго падыходзяць, яно падымаецца на заднія лапы і цягнецца насустрач, стогнучы пры гэтым, як дзіця.
Чорнымі пярэднімі лапкамі бабраня бярэ, нібы рукамі, лазінку і, спрытна яе паварочваючы, хутка абгрызае з усіх бакоў зялёную кару. Кормяць яго таксама малаком, хлебам і лісцямі іван-чаю.
Трапіла яно сюды выпадкова. Два тыдні назад яго злавілі на Бярэзіне. Ляснічы Церах плыў па рацэ ў чоўне міма адной з бабровых хатак. На паверхні вады, недалёка ад хаткі, з’явілася бабраня. Яно пераплывала раку, накіроўваючыся да супрацьлеглага берага. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чоўнам, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.
Ляснічы апусціў руку за борт, схапіў бабраня за хвост і выцягнуў яго з вады ў човен. Бабраня па дзіцячым сваім неразуменні і даверлівасці не спрабавала ні ўцякаць, ні супраціўляцца. Яго прынеслі ў дырэкцыю запаведніка, і вось яно жыве цяпер у пуні.
Мы выпускаем бабраня з клеткі. Няхай крыху пагуляе. Па зямлі яно рухаецца не вельмі спрытна. Забаўна шлёпаючы сваімі вялікімі заднімі лапамі з шырокімі плавальнымі перапонкамі паміж пальцаў, згорбіўшыся і смешна перавальваючыся з боку на бок, яно нязграбна спяшаецца між градак агарода.
Апынуўшыся на двары і агледзеўшыся, бабраня адразу і беспамылкова вызначае правільны напрамак. Чуццё падказвае яму, што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала, да якога адсюль будзе, мабыць, з паўкіламетра.
Даўшы бабраняці як след пагуляць, яго праз некаторы час зноў садзяць у клетку.
Гэта — першы пасля вайны адлоўлены ў рацэ бабёр, які знаходзіцца пад навуковым наглядам. Да 1941 rofla ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенні баброў у клетках і вальерах.
Ад мінулага абсталявання фермы захаваўся толькі цэментаваны басейн, у якім трымаліся паддоследныя бабры. На дне, засыпаным зямлёй і пяском, густа расце бур’ян і крапіва.
— Работы тут непачаты край,— гаворыць дырэктар,— але больш за ўсё прыходзіцца цяпер будаўніцтвам займацца. Да вайны запаведнік меў для навуковай работы дастатковую колькасць вытворчых, жылых і гаспадарчых памяшканняў У Крайцах былі чатыры жылыя дамы, двухкватэрныя катэджы для супрацоўнікаў, добра абсталяваная лабараторыя, клуб, бібліятэка, заалагічны музей і вялікая падсобная гаспадарка. Ад усяго гэтага засталіся толькі абвугленыя руіны. Усё знішчана, спалена, разбурана. Усё трэба будаваць нанава, усім трэба абзаводзіцца з самага пачатку.
АРЛАН-БЕЛАХВОСТ
На другі дзень праяснела.
Ад самай раніцы гучна кукуюць у лесе зязюлі. Меладычна свішча івалга. 3-за сосен паказалася сонца.
Учора, недалёка ад пасёлка, егер Аляшкевіч застрэліў вялікага арла. Забітага драпежніка прынеслі сёння ў дырэкцыю.
Гэта — самка арлана-белахвоста.
3 цікавасцю разглядаем мы вялізную і магутную птушку.
У яе вялікая, моцная і вострая, загнутая ўніз дзюба, такія ж светла-жоўтыя, магутныя лапы з доўгімі, бязлітаснымі кіпцюрамі і халодныя светла-жоўтыя вочы. Галава і шыя святлейшага колеру, хвост белы, а тулава і крылы цёмна-бурыя.
Спачатку мы вымяраем птаха. Даўжыня кожнага яго крыла ў размаху дасягае аднаго метра. Даўжыня тулава ад галавы да хваста — 90 сантыметраў.
Потым, тут жа на двары каля канторы, пад адкрытым небам, Леанід Васільевіч, намеснік дырэктара па навуковай частцы, і Антон Цярэнцевіч, прэпаратар, прыступаюць да ўскрыцця забітага арлана.
Вынікі ўскрыцця вельмі цікавыя. У валлі і страўніку птаха знаходзяцца неператраўленыя рэшткі дзікай качкі, голуба, бусла і шкарлупка качыных яек. Старая разбойніца з’ела, відавочна, качку, якая сядзела ў сваім гняздзе, разам з яйкамі.
Буслам, голубам і качкай самка арлана-белахвоста карміла, мабыць, сваіх птушанят і пры гэтым сама адрывала кавалкі здабычы, каштуючы ад кожнага.
Егер Аляшкевіч, які забіў арлана, прысутнічае пры ўскрыцці.
Ён кажа, што застрэліў гэтую грозную і пражэрлівую птушку недалёка ад яе гнязда. Вялізнае па сваіх памерах гняздо арлана знаходзіцца на верхавіне старога
двухсотгадовага дуба. Шырынёй яно, паводле слоў егера, каля двух метраў, а ў вышыню не менш аднаго метра.
Усё гэта з’явілася для мяне нечаканасцю. Я думаў, што арлан-белахвост, вялікі драпежны птах, характэрны для марскога ўзбярэжжа паўночных краін,— нездарма называюць яго часам марскім арлом,-— быў тут забіты выпадкова, у час нейкага свайго далёкага падарожжа, a ён, выходзіць, гняздзіцца і ў нас, на Беларусі. У запаведніку ён жыве недалёка ад вады, у вялікіх лясах каля Бярэзіны і азёр.
Егер кажа, што яму даводзілася бачыць, як у пагоні за буйной рыбай арлан-белахвост кідаўся, склаўшы крылы, з лёту ў ваду і даваў нырца.
— Я некалькі разоў бачыў арлана на возеры,— гаворыць егер. — Ён кожны дзень прылятаў туды раніцой, ледзь толькі сонца ўзыдзе, на адно і тое ж месца, недалёка ад гнязда. Усе іншыя птушкі яго баяцца. Чайкі, качкі, кнігаўкі адразу знікаюць, як толькі арлан-белахвост з’явіцца на беразе ці над вадой. А ён не звяртае на іх ніякай увагі. Падляціць цяжкім павольным палётам да пясчанага плёсу і апусціцца проста ў ваду, на мелкім, зразумела, месцы. Любіць ён купацца цёплай летняй раніцай, не баіцца «штаны» замачыць. Ідзе па пясчаным дне, пакуль вада не падступіць яму пад самае бруха. Тады ён акунецца некалькі разоў з галавою, не зыходзячы з месца, страсянецца, натапырыўшы крылы, і выйдзе на бераг. А вакол даўно ўжо нікога няма — ні качак, ні чаек, ні кулікоў, ні варон,— усе адступіліся ад сваіх заняткаў, ад рыбнай лоўлі, пакінулі яму ўвесь бераг, пахаваліся ў чароце. А я сяджу сабе ціха ў кустах на ўзгорку ды назіраю за арланам з якую гадзіну ці, можа, болей. Па зямлі ён ходзіць марудна, цяжка, з намаганнем, шырока перастаўляючы магутныя лапы з вялізнымі кіпцюрамі