Падарожжа па краіне беларусаў
Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
і нібы перавальваючыся з боку на бок. Пасядзіць на беразе, пачысціць пер’е і пачне лавіць рыбу. Потым узнімецца ў паветра і, узмахваючы крыламі, павольна ляціць над вадой. А як убачыць у возеры добрую рыбіну, дык каменем падае ўніз, толькі срэбныя пырскі ляцяць. Схопіць рыбу кіпцюрамі і ляціць з ёю да гнязда на старым адзінокім дубе. I гэтак робіць арлан некалькі разоў, пакуль не накорміць сваіх ненажэрных птушанят. Панацягае малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў сядзіць на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. Даўно я за ім сачыў, але падстрэліць удалося не яго, а самку.
Рыба для арлана-белахвоста з’яўляецца асноўным кормам. Аднак на поўначы гэты дужы і смелы птах палюе ў моры не толькі на рыбу, але і на маладых цюленяў.
У Бярэзінскім запаведніку не адмаўляецца ён і ад качак, а пры выпадку падбівае нават і такую буйную птушку, як бусел, у чым мы самі маглі пераканацца.
Зімой, калі рыбу здабыць нялёгка, арлан-белахвост ловіць варон, галак, зайцоў, лісіц і, паводле слоў егера, баброў. Часам, калі ўдаецца, ён не супроць таго, каб падхапіць і курыцу, і парася.
— Што ж цяпер будзе з птушанятамі арлана? — пытаюся я.— Загінуць, напэўна, без маткі?
— За іх можаце не турбавацца,— адказвае Леанід Васільевіч, працуючы пінцэтам і скальпелем.— Калі самка загінула, самец будзе іх даглядаць. Ён іх і выкарміць. Бацькі яны клапатлівыя. Калі нават каторае з птушанят вываліцца з гнязда на зямлю, бацька ўсё роўна будзе яму асобна прыносіць корм у больш чым дастатковай колькасці.
— Гэта правільна,— абазваўся егер,— корму ў іх столькі ў гняздо панацягана, што малым усяго і не з’есці...
Ускрыццё тым часам было закончана, і арлан-белахвост перайшоў у поўнае распараджэнне прэпаратара Антона Цярэнцевіча. Чучалам сваім арлан папоўніць калекцыі нанава створанага заалагічнага музея запаведніка.
ПА ДАРОЗЕ Ў НЕШКАВА
У дзве гадзіны дня мы выехалі з дырэктарам у падсобную гаспадарку Нешкава, якая знаходзіцца за 18 кіламетраў ад пасёлка Крайцы, на ўсходняй ускраіне запаведніка. 3 намі едзе ветэрынарны фельчар, ляснік, егер Аляшкевіч і двое рабочых з падсобнай гаспадаркі.
Зноў цярушыць дробны дожджык. Глеба тут вязкая і багністая. Што ні крок — ямы, калдобіны, глыбокія лужыны. Машына спыняецца кожную хвіліну. Колы буксуюць у гразі.
Прыходзіцца часта вылазіць і дружнымі намаганнямі штурхаць машыну наперад, падкладаючы галлё пад непаслухмяныя колы.
Часам і гэта не дапамагае. Тады ідуць у ход сякеры. Нашы спадарожнікі хутка і спрактыкавана сякуць бярозы, ялінкі і асіны, распілоўваюць іх на некалькі частак і кладуць пад колы стваламі ўздоўж каляіны.
Абапал дарогі цягнецца вільготны і балоцісты лес.
Высяцца стройныя бярозы, вялізныя вольхі, цёмныя яліны.
Духмяная чаромха шырока раскінула свае цяністыя галіны.
Гнуткія маладыя ясені стромка ўзвышаюцца над грудамі буралому. Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. Чым далей на ўсход, у глыб запаведніка, тым усё часцей і гусцей, суцэльнай сцяной стаяць старыя дрэвы-волаты. Тут пануе вільгаць і змрок.
Зрэдку толькі прабяжыць у вяршалінах і зашуміць ненадоўга ветрык, і зноў пануе цішыня.
У Нешкаве, куды мы дабраліся праз некалькі гадзін пакутлівай язды, надакучліва звіняць над намі ваяўнічыя полчышчы камароў.
Пакуль ветфельчар правярае стан мясцовых кароў і коней, мы аглядаем палі і агароды гаспадаркі. Гэта — самыя нізкія і вільготныя мясціны ў запаведніку. Зямля тут тлустая, урадлівая.
БАБРОВАЯ ХАТКА
На зваротным шляху, не даязджаючы вёскі Пастрэжжа, машына наша стала, не вытрымаўшы цяжкай дарогі.
Паабапал гаці, на якой стаіць машына, раскінулася eanoTa. Да Крайцаў адсюль засталося яшчэ восем кіламетраў.
Стомлены, запырсканы гразёю шафёр вылез з кабінкі і, ссунуўшы шапку на патыліцу, безнадзейна махнуў рукой:
— Прыйдзецца пастаяць,— кажа ён.— Нічога не папішаш, паломка здарылася.
Дождж тым часам ідзе ды ідзе. Што рабіць?
Я парашыў выкарыстаць вымушаны прыпынак і наведаць бабровую хатку на канаве сярод балота. Усё роўна мокнуць!
Ляснік Сідар Аўтушка, які ехаў з намі, узяўся мяне праводзіць.
— Хатка адсюль недалёка,— сказаў ён,— з паўкіламетра, не болей, калі ісці наўпрост па балоце.
Мы сышлі з бярвенчатага насцілу гаці і адразу праваліліся ў ваду па калена.
Сідар Аўтушка, высокі і дужы дзядзька ў вайсковай гімнасцёрцы і скураных лапцях, шпарка і лёгка ідзе наперадзе. Я спяшаюся за ім, задыхаючыся, блытаюся
нагамі ў балотных раслінах, адстаю і часта правальваюся ў ваду.
Дождж цярушыць па-ранейшаму. На кожным кроку джаляць камары.
Мы ідзём уздоўж нешырокай, але паўнаводнай і глыбокай рэчкі ці, правільней, канавы з павольнай і непрыкметнай плынню. Яна губляецца сярод аднастайнай балотнай раўніны, якая дзе-нідзе парасла кустамі ніцых лоз.
Аб рэчышчы гэтай канавы можна меркаваць толькі па доўгім радзе маладых нізкарослых бярозак, якія растуць рэдкім ланцугом на абодвух яе топкіх, балоцістых берагах.
Высокі і хударлявы ляснік крочыць па дрыгве, нібы бусел. Спрытна і беспамылкова знаходзіць ён зыбкі пункт апоры для нагі, каб адразу пераскочыць на другі, гэткі ж часовы і ненадзейны.
Я ледзь паспяваю за ім. Мне горача, нягледзячы на халаднаваты вечар і дождж. Ногі ў вялізных, поўных халоднай вады, гумавых ботах, атрыманых мною ад дырэктара, вязнуць у дрыгве.
Мне здаецца, што на нагах у мяне не гумавыя боты, а цяжкія вёдры з вадой. Вадзяныя расліны чапляюцца за ногі і перашкаджаюць рухацца. Здрадніцкія купіны, ледзь толькі ступіш на іх, адразу пагружаюцца ў ваду і знікаюць кудысьці, выслізнуўшы з-пад нагі.
Некалькі разоў, шагнуўшы крыху ў бок ад следу, пакінутага лесніком, я правальваюся ў ваду да пояса і вылажу, хапаючыся рукамі за гнуткае голле маладых бярозак.
— Для нашых балот няма лепшага абутку, як лапці,— спачувальна кажа, аглядаючыся на мяне, Аўтушка.— Лёгка і зручна, і нага не вязне. Прыйдзецца вам тут імі абзавесціся, не іначай.
На кожным кроку відаць цяпер па краях рэчкі сляды дзейнасці баброў. Усюды сустракаюцца паваленыя бярозкі, зрэзаныя палкі, абгрызеныя і паламаныя галінкі лазняку.
Зверху нас усё яшчэ палівае дождж. Ад камароў не выратоўвае і цыратавая палатка, накінутая на галаву.
Прайшоўшы па балоце з паўкіламетра, мы спыняемся, нарэшце перад бабровай хаткай.
Знаходзіцца яна ў вадзе, бліжэй да супрацьлеглага берага. Па знадворным выглядзе — гэта вялікая куча ўсялякага, абы-як накіданага ламачча, якая ўзвышаецца над вадой амаль на два метры ў вышыню. У дыяметры, каля самай вады, хатка дасягае, мабыць, метраў чатырох.
Зверху ляжаць свежыя, нядаўна зрэзаныя палкі.
Ад супрацьлеглага берага хатку аддзяляе прарыты бабрамі абводны канал.
Аўтушка ўзлазіць на бабровую хатку і тупае па ёй нагамі.
— Хатка жылая,— гаворыць ён,— з гаспадарамі. Бачыце, якая трывалая?
Сапраўды, хатка пабудавана так моцна, што спакойна можа трымаць чалавека. Бабры — руплівыя гаспадары. Уважліва сочаць яны за станам свайго жылля, заўсёды ўмацоўваючы яго і рамантуючы. На хатку, пакінутую бабрамі, нагамі не станеш, яна адразу праваліцца.
— Гэта толькі збоку здаецца, што палкі накіданы абы-як,-— гаворыць Аўтушка, злазячы з хаткі.
Знізу і знутры бабровыя хаткі моцна сцэментаваны глеем. Нялёгка прабрацца ў такую хатку. У ёй бабёр адчувае сябе ў поўнай бяспецы. Іншы раз воўк, пачуўшы бабра, спрабуе кіпцюрамі разбурыць яго хатку. Але ніколі яму гэта не ўдаецца, так моцна яна зроблена. Мядзведзь, а іх у запаведніку шмат, таксама не супроць таго, каб паласавацца тлустым бабровым мясам, асабліва ранняй вясной, калі ён галодны і худы пасля зімняй спячкі і калі яму прыходзіцца харчавацца ў асноўным толькі леташнімі журавінамі на балоце. Мядзведзь, зразумела, дужэйшы за ваўка, ён можа разбурыць бабровы дом, але да гаспадароў яму ніколі не дабрацца, таксама
як і ваўку. Пакуль ён будзе старацца над хаткай, бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей.
Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між карэнняў старой вольхі. На балоце вольха расце кустом. 3 густа пераплеценых карэнняў узнімаецца некалькі ствалоў і маладых парасткаў. Прамежкі паміж імі запоўнены леташнім лісцем, сухімі галінкамі і наноснай зямлёй, якая засталася тут пасля паводкі. Зверху ўсё гэта зарастае мохам. У такім вось месцы і будуе часцей за ўсё сваю хатку бабёр. Вырыўшы пасярод узгорка, між ствалоў вольхі, яму, ён стварае дно і сценкі логава, а зверху кладзе тоўстыя, ачышчаныя ад кары палкі, робячы над логавам скляпенне. На гэтыя бэлькі ён кладзе лягчэйшую насцілку з больш тонкіх і неачышчаных палак і галін. Калі столь над логавам узведзена, бабёр будуе вакол яго галерэю. Для гэтай мэты ён кладзе на верхнюю насцілку логава доўгія галіны, камлямі ўгору. Тонкія канцы гэтых галін упіраюцца ў зямлю. Вакол усёй пабудовы робіцца такім чынам галерэя, якую бабёр пакрывае зверху глеем і зямлёй. На галіны, якія ўтвараюць галерэю, ён кладзе наступныя рады галін і палак, таксама пакрываючы іх зверху глеем і зямлёй.
Будуе хатку галоўным чынам бабрыха. Гэта яна абкладвае логава палкамі, абмазвае іх глеем і глінай, кладзе зверху новыя рады палак. Бабёр тым часам рыхтуе будаўнічы матэрыял. Ён валіць маладыя дрэўцы, ачышчае іх ад сучча, разгрызае ствалы на роўныя часткі і па вадзе дастаўляе іх да месца будоўлі. Бабрыха час ад часу нырае ў ваду, залазіць у хатку і там пярэднімі лапамі, як сапраўдны тынкоўшчык, абмазвае столь сваёй кватэры глеем. Унутры хаткі бывае часам некалькі пакояў і некалькі выхадаў пад ваду. Логава ці гняздо ў хатцы знаходзіцца заўсёды над узроўнем вады.
Хатка, ля якой мы стаім, была пабудавана, відаць, на беразе, на карнявішчы старога пня, а потым аддзелена 106
ад берага, нібы старадаўні замак, штучным каналам і цяпер знаходзіцца на астраўку.
Старыя бабровыя хаткі, у якіх бабры жывуць з пакалення ў пакаленне, штогод іх пашыраючы і павялічваючы, дасягаюць часам вялізных памераў.
— У адной такой хатцы,— кажа Аўтушка,— тры партызаны ад карнікаў хаваліся. Было гэта ў 1943 годзе, ва ўрочышчы Доўгае, у час блакады запаведніка. Трое партызан забраліся ў вялікую бабровую хатку, падкапаўшыся знізу, з-пад вады, і прабылі там усю ноч. А на беразе гітлераўцы размясціліся на начлег і сядзелі ля вогнішчаў, не падазраючы, што за дваццаць крокаў ад іх хаваюцца партызанскія разведчыкі.