Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
На фоне бледнага шэра-блакітнага неба вылучаюцца белыя ствалы бяроз. Жоўтых лісткоў на іх яшчэ мала.
3 рэзкім стракатаннем пераляцела канал сарока. 3 лазняку ля самай вады з шумам выпырхнула другая.
На траве серабрыцца раса.
На суку, які навіс над вадой, сядзіць невялікая птушка дзіўнага выгляду з яркім, незвычайным апярэннем бліскучага зеленавата-сіняга колеру. Галава ў гэтай птушкі ледзь не з палову ўсяго тулава. Hoc доўгі, прамы і востры, а хвост кароткі, як кажуць, куртаты. Яркая афарбоўка птушкі кідаецца адразу ў вочы. Яна здаецца нейкая чужародная на фоне сціплага, мяккага і спакойнага пейзажу.
Гэта — зімародак.
Сустракаецца ён у нас не так ужо часта.
Ціха, стараючыся не рабіць шуму, апусціўся я на зямлю і пачаў з-за кустоў наглядаць за птушкай.
Нерухома сядзіць зімародак на сваім месцы. Кароткія маленькія чырвоныя ножкі яго моцна ўчапіліся ў кару сука.
Жывуць зімародкі ля багатых рыбай вадаёмаў з густой расліннасцю. Трымаюцца яны адасобленымі парамі, на вялікай адлегласці адна ад другой. Кормяцца пераважна рыбай. Гнёздамі служаць ім норы ў берагавых абрывах над вадой.
Я доўга і цярпліва гляджу на цікавую птушку. Вочы стаміліся, і я ўжо збіраюся ўстаць.
Але вось зімародак выцягнуў шыю, перакуліўся галавой уніз і, як камень, ці, хутчэй, як страла, не раскрыўшы крылаў, упаў у ваду і знік з вачэй.
Праз момант ён з’явіўся зноў на паверхні і ўзляцеў на ранейшае сваё месца на суку.
У дзюбе зімародка зіхаціць срэбрам лускі і трапечацца невялікая рыбка. Зімародак стукнуў ёю аб сучок, падкінуў рыбку ўгору і, шырока раскрыўшы дзюбу, праглынуў. Потым страсянуў кроплі вады з пёркаў, пачысціў пер’е дзюбай і зноў нібы застыў у сваёй нерухомай паставе.
Я ўстаў і падышоў бліжэй.
Зімародак сарваўся з месца і паляцеў над каналам, шпарка махаючы сваімі кароткімі, закругленымі крыльцамі.
Яркі зеленавата-сіні шматок мільгануў над вадой і з тонкім, працяжным свістам знік у зялёных кустах на тым беразе канала.
ЕГЕРАВА ЖОНКА
Егера я застаў дома.
Ён сядзеў на ложку, звесіўшы босыя ногі, і курыў самакрутку.
У хаце пахла печаным хлебам.
Аляшкевіч узяў ад мяне запіску і павольна прачытаў яе ўголас. Твар у яго ажывіўся, але, зірнуўшы на жонку, якая завіхалася каля печы, егер спахмурнеў і сказаў нібы нездаволена:
— Вось, бачыце, заўсёды так. Ніколі вольнай часіны не маеш. Толькі збярэшся каля хаты патупаць, зрабіць сёе-тое па гаспадарцы, аж тут якраз новае даручэнне. Наважыў я сёння нікуды не ісці, аж вы тут з гэтай пісулькай.
Ён змоўк і зноў скоса зірнуў на жонку.
Тая з ахвотай падхапіла гэтую тэму. Павярнуўшыся да нас расчырванелым тварам і ўпёршыся рукамі ў бокі, яна пачала выказваць сваё незадавальненне і мужам, і ягонай службай. Яна скардзілася на свой лёс у даволі энергічных выразах.
Я паспрабаваў закінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі ці накіраваць яго ў другі бок. Але нічога з гэтага не выйшла.
— Хіба гэта чалавек? — хвалявалася жанчына.— Яму абы стрэльбу за плечы ды ў лес. Хіба яму абыходзіць, што ў хаце робіцца? Як там хаця выдра ў балоце жыве, вось яго што турбуе! А як тут жонка з малымі дзецьмі, дык гэта ўжо быццам і не ягоная справа!.. Гэта ж проста казаць смешна, перад людзьмі сорамна,— другі месяц у новую хату перабрацца не можам. Каб не было, а то ж ёсць!..
Пакуль кабета давала волю сваім пачуццям, егер моўчкі сядзеў на ложку і спакойна курыў. Разумныя, хітраватыя вочы ў яго былі прыжмураны.
Я разумеў, што першыя ўступныя словы Аляшкевіча былі не больш як «дыпламатычны» манеўр, што яны
былі сказаны толькі дзеля жонкі, а сам ён зусім не супраць таго, каб пайсці ў лес і хоць на час пазбыцца жончыных даручэнняў.
Ледзь толькі гаспадыня скончыла свае скаргі і нараканні, выказаўшы ўсё, што было ў яе на душы, а можа, нават і трошкі болей, і павярнулася зноў тварам да печы, загрымеўшы дэманстратыўна чыгунамі, егер ціхенька ўстаў, узяў кепку, бясшумна зняў са сцяны стрэльбу і, не абуваючыся, моўчкі накіраваўся да дзвярэй, падміргнуўшы мне, каб я ішоў за ім.
Калі мы выйшлі з хаты, ён пачаў хваліць сваю жонку.
— Яна ў мяне кабета не благая,— запэўніў Аляшкевіч.— Вы не думайце! Усё чыста сама робіць, усюды ўпраўляецца. Такая працавітая ды ўвішная! Гэта ж таксама ўлічыць трэба. I ў партызанах яна ў мяне надзейны памочнік была. Вядома, ёй крыўдна. Ёй клопату хапае, нічога не скажаш, але ж і ў мяне служба. Яна думае, вось мужык здаровы, ды гультай. Замест таго, каб дома рабіць ці ў калгасе, ён сабе па лесе ходзіць ды каля начальства аціраецца. Нашай работы яна зразумець не хоча. Забывае, што я чалавек службовы. Але сваркі паміж нас ніколі не было, бо я заўсёды перапушчу. Яна часам хоць і лішняе скажа, а сама гэтак зусім і не думае. Абы сказаць. А калі што якое, то заўсёды паспагадае і дапаможа. Толькі слова ёй, канешне, насуперак не кажы. Тады ўсё добра. Такі, бачыце, характар.
Гаворачы пра жонку, Аляшкевіч заўзята шлёпае босымі нагамі па лужынах. На ім ватоўка і зялёныя суконныя штаны, завязаныя знізу.
— He холадна босаму? — пытаюся я.
— Не,— кажа ён.— Прывык. У ботах ніколі па балоце не хаджу. He магу. У ботах ногі ўвесь час мокрыя, сціснутыя, пацёртыя, ісці цяжка. А босы — ідзі ўсюды смела, босы толькі выйшаў з вады, ногі адразу і высахлі. У нашай мясцовасці ад ботаў карысці мала.
РЭЧКА СЕРГУЧ
Мы падышлі да ўрочышча Прыстань.
Тут бярэ свой пачатак ад ракі Бузянкі не толькі канал, але і Сергуч, ці, як тут яшчэ кажуць часам,— Сергуць.
Гэта — звілістая, забалочаная рэчка з вялікай колькасцю глыбокіх віроў. Яна цячэ паралельна Сергучоўскаму каналу, з поўначы на поўдзень, і злучаецца, таксама як і канал, з Бярэзінай.
Нізкія, топкія берагі Сергуча густа зараслі лазняком і азёрным чаротам.
Плынь у гэтай рэчкі слабая, амаль непрыкметная, дно глеістае, але вада чыстая.
— Для выдры і бабра няма лепшага месца,— гаворыць Аляшкевіч,— Для выдры тут і рыбы шмат, і прытулак вельмі зручны, а для бабра раслінная база багатая.
За грэбляй, якая аддзяляе канал ад рэчкі, мы збочылі ўправа, каб ісці ўздоўж рэчышча Сергуча.
Спачатку мы ідзём па высокай мокрай траве, потым прабіраемся скрозь густы лазняк і трысцё, удыхаючы гаркаваты пах балотнага зелля.
Пад карэннямі старой бярозы, за тры метры ад старыцы, Аляшкевіч паказвае мне нару выдры.
— Гэта ў яе запасная нара,— тлумачыць ён,— а вось тут, глядзіце, асноўная.
Ён паказвае другую, шырэйшую адтуліну непадалёку ад першай.
Перад уваходам у нару вытаптана і выраўнена круглая пляцоўка каля аднаго метра ў дыяметры.
— Тут малыя выдраняты гуляюць,— расказвае егер.— Сёлета я іх на гэтай пляцоўцы бачыў Падкраўся сюды непрыкметна і вось адсюль, з трох крокаў, убачыў двух малых. Яны ляжалі і грэліся на сонейку: вочкі прыжмурылі, а пярэднія лапкі выставілі насустрач цяплу.
растапырыўшы пальцы. Калі я пасунуўся бліжэй, яны мяне заўважылі і адразу назад перакуліліся, у нару.
— Дзе ж яны цяпер? — спытаў я.
— Цяпер яны выраслі і нару пакінулі. Пачалі жыць самастойна. Плаваюць па суседніх вадаёмах ды ловяць рыбу. А ці ведаеце, чым корміць выдра сваіх малых?
— Мусіць, дробнай рыбай?
— He,— гаворыць Аляшкевіч.— He рыбай, а малымі, бяспёрымі птушанятамі. Гэта, мабыць, таму, што ўвесну ёй няцяжка іх здабываць, асабліва малых качанят. Калі ж яны пакрыюцца пер’ем ды стануць на крыло, тады ёй малую качку ніколі не злавіць, хіба толькі знізу, паднырнуўшы з вады. Носіць выдра сваім малым таксама мышэй і жаб. Любіць яна вельмі ракаў. Я часта знаходжу каля гэтай нары ракавыя шкарлупіны.
— Ці многа выдраў у запаведніку? — пытаюся я.— I дзе можна яе часцей убачыць?
— Дзе многа рыбы, там і выдру можна заўсёды знайсці. Выдры ў нас жывуць па ўсіх вадаёмах, толькі ў Пастрэжскім возеры іх няма. А тут, на Сергучы і на Бузянцы, ім асабліва добра. Мясцовасць маладаступная, паляванне і рыбная лоўля забаронены. Рыбы, птушанят, ракаў ды жаб колькі хочаш. Чаму ж ёй тут не жыць? Выдраў у нас налічваецца больш за трыста галоў.
Пастаяўшы каля нары і пагаварыўшы пра выдру, мы пайшлі далей.
— Цяпер трэба і суседа наведаць,— жартуе Аляшкевіч.
ДОБРЫЯ СУСЕДЗІ
Прадзіраючыся скрозь малады алешнік, рассоўваючы рукамі густыя зараснікі, мы падыходзім да бабровай хаткі № 106.
Яна знаходзіцца на правым беразе Сергуча, недалёка ад нары выдры і метраў за сто пяцьдзесят ад грэблі.
Пад нагамі хлюпае вада. Чарот узнімаецца вышэй чалавечага росту, шуміць сваімі мяцёлкамі. Перад вачыма, куды ні глянь, зялёна-жоўтая сцяна сцяблоў, над галавой — шэрае неба.
Чорны ствол сухой вольхі вытыркаецца з даху бабровай хаткі, як вялізны комін.
Навокал ляжаць абгрызеныя бабром сцяблы парыльніку і маліны. Гэтыя расліны ўваходзяць у летні рацыён бабра, таксама як і крапіва, і шчаўе.
Бабры пратапталі ад хаткі даволі шырокія сцежкі. Калі вада ў рэчцы ўзнімецца, гэтыя сцежкі ператворацца ў каналы.
Крокаў за пятнаццаць ад хаткі № 106 бабры распачалі пабудову другой хаткі. Яны падкапалі карэнні суседняй вольхі. Скляпенне логава ўжо зроблена. Застаецца ўзвесці вакол яго галерэю і абкласці яе з бакоў і зверху галлём.
Каля распачатай пабудовы нядаўна яшчэ расла высокая яліна. Цяпер яна ляжыць, паваленая бабром.
Відаць, яна нечым замінала бабру, і ён яе спілаваў.
Вакол незакончанай хаткі расце чарот, раза ў паўтара вышэй чалавечага росту.
— Адгэтуль уніз па Сергучу жылых бабровых хатак няма на працягу васьмі кіламетраў,— гаворыць Аляшкевіч.— А старых, пакінутых, шэсць. Бабры там усё навокал пагрызлі, паелі і перабраліся ў другую мясцовасць. Тут жа, каля вытокаў, корму ім хапае, вось яны і будуюць другую хатку.
— А як на гэта глядзіць выдра? — пытаюся я.— Ці не пашкодзіць ёй такое блізкае суседства з дзвюма сем’ямі баброў?
— Каму? Выдры? — здзівіўся егер.— Наадварот. Яна любіць жыць каля бабровых хатак. Бабёр і выдра добрыя суседзі. Крыўды паміж імі няма. Бывае часам, што выдра жыве ў бабровай хатцы разам з гаспадарамі як кватарантка. Я сам бачыў выдру, якая жыла сумесна з бабрамі ў хатцы на Бярозе, насупраць вусця канала. Бабры жылі на ніжнім паверсе, а выдра на верхнім. Яна часта на бабровай хатцы ела рыбу і адпачывала. А на Бузянцы бачыў, як чацвёра малых выдранят ляжалі з маткай на бабровай хатцы. Потым яны пачалі гуляць. Слізгаюцца з даху на жыватах у ваду, як на санках, ды зноў наверх лезуць, нібы дзеці на ледзяной горцы. А матка глядзіць і любуецца. Тут яна адчувае сябе ў бяспецы, бо зверху, з даху бабровай хаткі, яна бачыць усё, што навокал робіцца, і ў выпадку трывогі заўсёды можа кінуцца з дзецьмі ў ваду.