Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— Можа, бабрам гэта не падабаецца?
— Бабры і ўвагі не звяртаюць. У іх з выдрай інтэрас розны. Баброў не цікавіць рыба, якую ловіць выдра, a выдру не цікавяць расліны, якімі кормяцца бабры. Для жылля выдра карыстаецца бабровай хаткай толькі пакуль дзяцей гадуе. Калі ж малыя вырастуць, яна старое жыллё — бабровую хатку ці сваю ўласную нару — усё роўна пакіне ды пойдзе бадзяцца па наваколлі, шукаючы новых мясцін, багатых на рыбу.
Назад мы ідзём уздоўж канала, у бок пасёлка Крайцы міма сядзібы егера.
Недалёка ад яго зямлянкі высіцца новая хата, толькі вокны яшчэ не зашклёныя. Летась яе тут не было.
— Сусед бабёр новую хату ставіць, і я паставіў,— смяецца егер.— Уваходзіны будзем спраўляць разам.
Каля хаты старая купчастая вярба, невялікі агарод і сенажаць. 3 аднаго боку канал, а з другога высокая цёмная сцяна дрымучага лесу.
— Чаму ж вы не перабіраецеся? — спытаў я.— Яна ж зусім гатовая.
— Ды ўсё, ведаеце, часу няма. 3 хатай я, праўда, не спяшаўся, але ж затое і атрымалася яна добрая, нічога не скажаш. He хата, бачыце, а лялька. Пабудавана як мае быць. I суседства ў мяне тут добрае,— пераходзіць ён зноў на жартаўлівы тон.— Да выдры рукой падаць, і ад бабра недалёка.
Ён задаволена паглядзеў на сцены свайго новага дома.
— Дырэкцыя мне дапамагла і калгас. Я калгасу, праўда, сёе-тое рабіў па кавальскай справе, вось і яны мне аддзякавалі, чым маглі. Шкло для акон у мяне ёсць, і завесы знойдуцца. Да зімы абавязкова перабяруся, інакш заесць мяне жонка. Ды ўжо і час. У нас цяпер наўкол усё новыя хаты.
БЕЛАРУСКАЯ ТАЙГА
Прайшоўшы па канале з паўкіламетра, мы трапілі ў вільготны змешаны лес.
Высяцца вялізныя яліны з сівымі космамі, сустракаюцца часта і бярозы, і асіны, і вольхі.
Імжыць дробны дожджык.
Вакол нас беларуская тайга. Як усё тут дзіка і своеасабліва!
Над галовамі навісае зялёнае скляпенне. Святло ледзь прабіваецца скрозь густое галлё.
Адвечная цішыня. He чуваць птушынага спеву.
Паўзмрок і вільгаць.
Пах сырой зямлі, прэлага лісця і цвілі.
Мокрыя галіны чапляюцца за адзенне, перашкаджаюць ісці.
3 намаганнем прадзіраемся мы скрозь густыя зараснікі вольхі, асіны, ліпы, арэшніку і чаромхі.
На кожным кроку ляжаць старыя тоўстыя калоды, пакрытыя зверху зялёным аксамітам моху.
Пад нагамі чорная, тлустая і вязкая глеба, змешаная з перагноем леташняга лісця, высокая папараць.
Часта прыходзіцца пералазіць цераз ствалы паваленых навальніцаю дрэў, абыходзіць вялікія вываратні. На адным з іх пакінула свае сляды куніца.
Некаторыя з паваленых ствалоў цвёрдыя і слізкія, другія даўно збуцвелі ад старасці. Ступіш нагой на зялёную, пакрытую мохам калоду — і нага, не знайшоўшы цвёрдай апоры, правальваецца ў мяккую труху. Калода толькі звонку захавала сваю форму, а сярэдзіна ў яе даўно ўжо згніла і спарахнела.
ЧОРНЫ БУСЕЛ
Мы падышлі да старога дуба пасярод невялікай палянкі.
Вакол дуба расце высокая ярка-зялёная трава, вільготная і мяккая.
— Гэтаму дубу больш за дзвесце пяцьдзесят гадоў,— гаворыць Аляшкевіч.
Дуб сапраўды стары. У вышыню — не менш трыццаці метраў. Шырынёй — тры-чатыры абхваты. Усе суседнія дрэвы ў параўнанні з гэтым волатам здаюцца нізкімі, малымі, нязначнымі.
Ніжняя частка магутнага ствала гладкая і зусім голая, без кары і сучча, нібы адпаліраваная.
Метраў за дванаццаць ад зямлі на засохлым суку знаходзіцца гняздо чорнага бусла. Яно складзена з сучча і палак, змацаваных зямлёй і глінай.
— Унутры яно неглыбокае і выслана трысцём, мохам, шэрсцю і пер’ем,— гаворыць Аляшкевіч.
3 цікавасцю разглядаю я рэдкую знаходку.
Гняздо чорнага бусла знайсці не лёгка. Птушка гэтая дзікая і вельмі асцярожная.
Хто не ведае звычайнага белага бусла! Ён здаецца нам неад’емнай часткай беларускага сельскага пейзажу, нашых балот і лугоў. А чорнага бусла рэдка хто калі бачыў. Галава, шыя, спіна і крылы ў яго бліскучага чорнага колеру, з залаціста-зялёным і сінім адлівам, грудзі і жывот белыя, дзюба чырвоная.
Белы бусел не баіцца людзей і гняздзіцца звычайна каля чалавечага жылля, часта нават на даху вясковых будынкаў, а чорны бусел трымаецца глухіх, дзікіх лясоў і балоцістых нізін, якія густа зараслі хмызняком. Гняздзіцца ён на высокіх старых дрэвах, у такім непраходным гушчары, куды чалавеку цяжка дабрацца.
— Лясны птах, дзікун,— гаворыць Аляшкевіч.
Кожная пара чорных буслоў мае свой участак. У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць другіх буслоў Гняздо іх знаходзіцца на вялікай адлегласці ад іншых гнёздаў. Гэта і зразумела, бо ўсе буслы вельмі пражэрлівыя. Калі б яны жылі блізка адзін ад аднаго, ім не хапіла б корму. Чорны бусел маўклівы, ён вельмі рэдка клякоча.
— Я знайшоў гэтае гняздо ў 1935 годзе,— хваліцца егер.— 3 таго часу чорны бусел штогод выводзіць у ім трох-чатырох буслянят. Перад гэтым кожную вясну ён рамантуе гняздо.
Малыя чорныя бусляняты пакідаюць гняздо ў першай палове ліпеня і да восені жывуць у сваім раёне разам з бацькамі. Чорныя буслы не збіраюцца ў вялікія чароды, як белыя. 3 надыходам восені яны трымаюцца асобнымі сем’ямі, не больш пяці-шасці птушак разам. 3 выраю чорны бусел прылятае на некалькі дзён пазней белага.
Вакол дуба з гняздом растуць яліны, вольхі, асіны і ясені. У падлеску — ляшчына, клён, лаза, чаромха і маліна. Зямля завалена бураломам. Глеба вязкая, балоцістая, пакрытая травой і зялёным мохам.
— Вясной і летам тут сустракаюцца дзікі і казулі,— гаворыць Аляшкевіч,— а ласі ходзяць увесь год.
Зялёны колер розных адценняў пануе тут над усім. Гэта проста нейкае зялёнае мора! Нават паветра ў прасветах між дрэў здаецца зеленаватым.
Пра гэтае цікавае месца яшчэ раней расказваў мне Леанід Васільевіч. Ён гаварыў, што бачыў тут чорнага бусла летам, у яркі сонечны дзень. Бусел стаяў пасярод гнязда. Бліскучая афарбоўка яго чорнага пер’я зіхацела і пералівалася ў сонечных праменнях, якія прабіваліся скрозь густую зеляніну лісця, рознымі адценнямі залацістага, бронзавага, сіняга, зялёнага і фіялетавага колераў.
— Уся абстаноўка,— казаў Леанід Васільевіч,— нагадвала трапічныя джунглі.
СПАТКАННЕ 3 МЯДЗВЕДЗЕМ
Калі мы вярталіся ад гнязда чорнага бусла, Аляшкевіч, які ішоў наперадзе, раптам спыніўся.
Перад намі ў невялікім прасвеце між зараснікаў быў відаць бераг канала з пясчаным спускам да цёмнай, чырванаватай вады.
Дождж перастаў, праглянула сонца. Паветра было чыстае і свежае. Жоўты пясок ярка вылучаўся сярод зялёнага фону травы і хмызняку.
Справа, недалёка ад нас, затрашчала галлё. Нехта прадзіраўся скрозь зараснікі.
Аляшкевіч зрабіў знак, каб я маўчаў і не варушыўся. Вочы ў яго заблішчалі, на твары з’явілася ўсмешка.
У тую ж хвіліну на бераг канала выйшаў з лесу мядзведзь. Ён ішоў, прыпадаючы на ўсю ступню і перастаўляючы па чарзе то абедзве левыя, то абедзве правыя нагі разам. Цела яго перавальвалася з аднаго боку на другі.
Схіліўшы галаву ўніз, нібы разглядаючы нешта на зямлі сваімі маленькімі вочкамі, мядзведзь павольна
спусціўся па пясчаным схіле ўніз да вады. Там ён пастаяў крыху, потым увайшоў у ваду па бруха, зрабіў некалькі глыткоў і паплыў да супрацьлеглага берага. Плыў ён даволі шпарка, хоць і не рабіў у вадзе ніякіх рэзкіх рухаў. На паверхні была толькі яго вялікая галава з круглымі вушамі і верхняя частка спіны.
Калі ён выходзіў з канала на тым беразе, вада серабрыстымі кроплямі зіхацела на яго густой цёмна-бурай поўсці, струменьчыкамі збягала на пясок з жывата і бакоў. Выбраўшыся з вады, мядзведзь адразу накіраваўся ў лес і знік у кустах.
Пачакаўшы крыху, мы падышлі да таго месца, дзе ён увайшоў у ваду. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага.
Аляшкевіч выняў з кішэні складны сталёвы метр і змераў след.
— Даўжыня — дваццаць сантыметраў, шырыня — трынаццаць, пятка — восем,— абвясціў ён урачыста.— Той самы. Ён часта на другі бок перабіраецца. Ведае сваю сілу і нікога тут не баіцца. Чулі, як ён ішоў напралом, сапучы, з шумам, трэскам, не асцерагаючыся? А калі трэба, ён можа прайсці скрозь густы падлесак так ціха і непрыкметна, што ніхто яго не пачуе і не заўважыць. Гэты мядзведзь даўся нам у знакі. Пачаў ён з пасекі на падсобнай гаспадарцы вуллі красці. Ды гэтак спрытна: падбярэцца, як злодзей, уночы,— і няма вулея. Тады стары бухгалтар, што жыў на Вялікай Рацэ, прымацаваў вулей да хаты калючым дротам, аж і гэта не дапамагло. Ноччу мядзведзь падабраўся пад самую хату, адарваў дрот і занёс вулей у лес. Там ён яго разламаў і з’еў увесь мёд. А летась ён у мяне сабаку ледзь не задраў. Пёсік у мяне быў хоць і малы, але смелы. Мядзведзь падышоў ноччу пад агарод, а сабака на яго ззаду накінуўся. Пасля гэтай сустрэчы хварэў пёс тыдні з тры. Я яго пасля ў Барысаў аддаў, знаёмым. Дырэктар забараніў сабаку трымаць, каб дзічыну ў лесе не ганяў...
У лясах Бярэзінскага запаведніка мядзведзі трымаюцца вясной на балотах, дзе кормяцца журавінамі, і ў сасновых барах. Летам, калі выспяваюць чарніцы, суніцы, брусніцы і маліна, мядзведзь пераходзіць у мясціны, дзе многа ягад. Сляды яго дзейнасці можна ўбачыць і ў ельніку-чарнічніку, і ў змешаным лесе з густым маліннікам.
У канцы лета мядзведзь наведвае ноччу пасевы аўса. Пад восень ён, як і дзік, пераходзіць пераважна на жалуды і крушыну, якая расце ў вялікай колькасці па берагах лясных рэчак. Збіраючы жалуды, мядзведзь абламвае нярэдка тоўстыя дубовыя сукі.
Кусты крушыны, аб’едзеныя мядзведзем, асабліва часта сустракаюцца ў верасні месяцы на берагах лясной рэчкі Вялікай і яе прытокаў.
Пра ўсё гэта расказаў мне Аляшкевіч каля мядзведжай пераправы.
Мы развіталіся. Я накіраваўся ў Крайцы, а егер вярнуўся дадому.
Прайшоўшы з паўкіламетра, я ўбачыў з левага краю дарогі, ля кустоў, якія растуць уздоўж берага, вялікага зайца. Ён падпусціў мяне крокаў на трыццаць, потым адбег па дарозе крокаў дзесяць наперад, прысеў, падняўшы вушы, і павярнуў галаву ў мой бок. Калі я наблізіўся, зайчына зноў адбег крокаў на дзесяць і сеў у той жа позе. Гэтак ён рабіў некалькі разоў. Потым, не спяшаючыся, перайшоў дарогу і знік у зарасніках справа.
Дождж тым часам пачаў ліць з новаю сілай. У пасёлак я прыйшоў пад вечар, мокры з галавы да ног.
На дзвярах вісеў замок.
Вартаўніца, старая Семянкевічыха, замкнула дзверы і пайшла ў вёску да пляменніцы. Увайсці ў памяшканне і абсушыцца не было як.