Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— Нарыхтаванае і ачышчанае вецце бабры апускаюць у ваду, недалёка ад хатак, у глыбокім месцы, дзе няма плыні. Зрэзаныя палкі і галінкі яны ўтыкаюць завостраным канцом у зямлю пад берагам. Калі вада замерзне, бабёр выплывае па падводным ходзе са сваёй хаткі і корміцца гэтым запасам пад лёдам, не вылазячы на паверхню.
Сказанае Аляшкевічам пацвердзіў пасля і Леанід Васільевіч, якому я расказаў аб выніках нашай экспедыцыі.
— Трэба яшчэ дадаць,— сказаў ён,— што перад лістападам пажыўныя рэчывы з лісця пераходзяць у ствол і галлё асін і адкладваюцца ў кары і драўніне. Дрэвы, зрэзаныя бабрамі ўвосень, больш пажыўныя.
ЛАСІНЫЯ ЯМЫ
На другі дзень да мяне падышоў заатэхнік Вадзім Аляксандравіч.
— Заўтра я іду па месцах ласінага рэву,— сказаў ён мне,-— Калі хочаце, пойдзем разам.
Я, зразумела, згадзіўся.
Раніцай, абуўшы гумавыя боты, мы пайшлі спачатку на Пастрэжжа, а потым, перабраўшыся цераз Чорны ручай, рушылі на ўрочышча Ласіныя Ямы.
Надвор’е яснае і сонечнае. Паветра чыстае і празрыстае, але халоднае. Адчуваецца восень.
Высокае неба зіхаціць яркаю сінню.
Бярозы красуюцца ў пазалоце, асіны — у чырвані.
У лесе мы бачым зямлю, парытую дзікам.
Пакрытая мохам, яна ўсюды ўзарана пластамі. Дзік рые неглыбока. Сваім лычам ён узрывае толькі верхні пласт моху, шукаючы пад ім лічынкі жукоў і дажджавых чарвякоў
Дзікі былі тут нядаўна.
Вадзім Аляксандравіч рукамі прыўзнімае мох, не крануты свіннямі.
— Дзік,— гаворыць ён,-— чуе носам, дзе знаходзіцца пад зямлёй многа чарвякоў. Таму ён і рые не падрад, а паасобнымі ўчасткамі.
Сапраўды, пад не кранутымі дзікам пластамі моху чарвей і лічынак не відаць.
Мы пайшлі далей.
Лес хутка скончыўся. Перад намі тарфяное балота.
Мы ідзём вадзяною сцежкай, пратаптанай дзікімі свіннямі.
— А вось і ванна дзіка,— гаворыць Вадзім Аляксандравіч і паказвае на паглыбленне ў баку ад сцежкі.— У такіх ваннах шчаціністы ягамосць з доўгім лычам любіць песціцца ўлетку. Ляжыць сабе ў цёплай вадзе ды рохкае ад асалоды.
Чорная вада даходзіць нам да каленяў. Шлях па вадзяной сцежцы цераз балота доўгі і цяжкі.
Нарэшце мы выбіраемся на ўзвышша, якое густа зарасло лесам. Такія лясныя ўзвышшы сярод балот называюцца тут астравамі.
Вясной на гэтых астравах з яловым і змешаным шыракаліставым лесам, у якім пераважаюць сярод ін-
шых дрэў дуб, ясень і клён, заўсёды сустракаюцца дзікія свінні. Летам яны кормяцца галоўным чынам белакрыльнікам, ці, як тут яго называюць, бабоўнікам, што расце ў поймах лясных рэчак, і таму пераходзяць з лясістых узвышшаў у балоцістыя нізіны.
3 надыходам восені дзікі перабіраюцца зноў у лясы, адкуль робяць часам начныя налёты на вясковыя палеткі. Калі выспяваюць жалуды, дзікія свінні трымаюцца каля дубоў, асобныя групы якіх сустракаюцца ўсюды ў пойме Бярэзіны. Многа дубоў і ў цэнтральнай частцы запаведніка.
Схілы ўзвышша, на якое мы выйшлі з балота, пакрыты верасам. Знізу, каля вады, расце багун. Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце.
Адпачыўшы крыху на востраве, мы ідзём далей па сцежцы, пратаптанай дзікамі. Ісці ўсё цяжэй і цяжэй.
Высокі балотны мох-сфагнум перашкаджае ісці па вадзе. На балоце растуць дробныя, чэзлыя сасонкі і карлікавыя бярозкі.
Вось перад намі новы востраў, на гэты раз значна большы.
Мы выбіраемся на сухую, цвёрдую зямлю.
Пасярэдзіне вострава расце некалькі вялізных старых ялін. Пад адной з іх нара барсука з запаснымі адноркамі.
Непадалёку ад барсуковай нары стаіць стары будан з яловых бярвенняў, жэрдак, сучча і кары.
— Тут,— гаворыць Вадзім Аляксандравіч,— хаваліся нашы супрацоўнікі з сем’ямі ў час блакады.
Мы распалілі вогнішча і адпачываем пасля цяжкага пераходу цераз балота. Сушым на агні мокрае адзенне і абутак.
Набраўшыся сілы, робім яшчэ адзін пераход, прадзіраемся на гэты раз скрозь дробны, але густы асіннік.
Уваходзім у вільготны яловы бор, завалены бураломам. Вакол ляжаць сукаватыя голыя ствалы.
Перад намі — лёжка дзіка. Недалёка ад яе мы натрапілі на адбіткі раздвоеных капытоў, па форме і памеры яны падобныя на сляды каровы.
Гэта — лось.
Мы ідзём па следзе, і ён прыводзіць нас да «забою».
Так называюць у навакольных вёсках месца, дзе лось стаіць у час гону і, ярасна тупаючы пярэднімі нагамі, выклікае на бой праціўнікаў.
Вострымі капытамі лось выбіў тут даволі глыбокую яміну.
Гон у ласёў адбываецца з канца жніўня і да канца верасня. Ласі збіраюцца на «рэў» пасля захаду сонца, у гадзін дзевяць-дзесяць вечара. Заканчваецца «рэў» у дзесяць-адзінаццаць гадзін. Равуць ласі на працягу не болып адной гадзіны. У гэты час каля месца «забою» збіраецца ад двух да чатырох ласёў Паміж імі адбываюцца часам паядынкі. На «рэў» ласі ходзяць з году ў год заўсёды на адно і тое ж месца.
Перад намі адна з такіх аблюбаваных ласямі мясцін.
— Гэта і ёсць урочышча Ласіныя Ямы,— гаворыць Вадзім Аляксандравіч.— А ўвесь востраў называецца Бацянова.
Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. Сярод высокіх ялін часта сустракаюцца дубы, ліпы, асіны, рабіны.
Вясною лось трымаецца звычайна нізін з густым асіннікам і бярэзнікам. Ён скубе лісце асіны, бярозы, лазы, вольхі. Тоўстай верхняй губой лось зрывае вецце. Маладыя дрэўцы ён нагінае да зямлі, наступаючы на іх грудзьмі, каб дабрацца да вершаліны. У маі — чэрвені ў ласіх нараджаюцца малыя.
Летам ласі пераходзяць у поймы рэк, у забалочаныя альховыя лясы, у балоты, дзе многа травы і кустоў, a восенню перабіраюцца на астравы.
Зімой яны кормяцца карой і галінкамі дрэў. Часта ласі абдзіраюць кару з асін, спілаваных бабрамі ўвосень.
У студзені — лютым ласі скідваюць старыя рогі. Новыя, буйнейшыя, вырастаюць у іх да ліпеня.
У маладога лася рогі пачынаюць расці пасля першага года жыцця. Яны маюць выгляд гладкай і вострай спіцы. У наступным годзе спіцы гэтыя скідваюцца, і замест іх вырастаюць новыя рогі, раздвоеныя на канцах. На трэцім і чацвёртым гадах жыцця рогі лася маюць тры адгаліненні. 3 кожным годам яны робяцца ўсё больш вялікія і важкія. Аснова адгаліненняў — паляўнічыя называюць яе «лапатай» — становіцца ўсё шырэйшая. Рогі растуць нармальна і развіваюцца як след ва ўмовах добрага харчавання, спакойнага і прывольнага жыцця. Калі лася часта непакояць і палохаюць, калі ён харчуецца недастаткова, рогі ў яго растуць слаба і замаруджана. Ласіха рагоў не мае.
Ідучы па слядах лася, мы прыходзім да яго лёжкі. Прымятая трава захавала адбітак цела вялікай жывёліны.
Сляды лася вядуць нас далей. Справа — яшчэ адна нара барсука. Затым зноў ванна дзіка з чорнай граззю. Каля ванны сляды лісіцы. Яна частавалася тут чарніцамі.
3 шумам сарваўся з высокай асіны глушэц і, лопаючы цяжкімі крыламі, праляцеў над нашымі галовамі.
ЛЯСНАЯ ТРАГЕДЫЯ
Мы выходзім на амаль чатырохкутную паляну. Прыблізныя памеры паляны — пяцьдзесят квадратных метраў.
Дарогу пераляцеў рабчык. Рэзка крычыць чорны дзяцел. Над намі кружаць і жаласна пераклікаюцца два маладыя канюкі.
Трава на краі паляны прымята лёжкамі трох буйных жывёл.
Хто тут ляжаў? Ласі? Так, напэўна, яны, бо памеры лёжак адпавядаюць велічыні цела лася.
Недалёка ад лёжак сляды ваўка і шматкі ласінай шэрсці. Далей трава прымята ў розных мясцінах.
Вадзім Аляксандравіч захваляваўся.
Што ж тут такое здарылася?
У супрацьлеглым канцы паляны мы знаходзім чэрап лася з хрыбтом і абгрызеную лапатку.
Чэрап — бязрогі. Значыць, гэта была ласіха.
На касцях захавалася засохлая кроў — яе не паспелі яшчэ аб’есці жукі і мурашкі.
На траве паляны ўсюды сляды ўпартага змагання буйных жывёл.
Тут адбылася заключная сцэна лясной трагедыі — апошні бой ласіхі за сваё жыццё.
Але з кім жа яна змагалася? Хто яе загубіў?
— Ваўкі? — пытаюся я.
— Мабыць, яны,— адказвае Вадзім Аляксандравіч.— Але трэба ў гэтым разабрацца дакладней.
Мяркуючы па чэрапе, ласіха была маладая. Ваўкі, калі гэта яны, часткова з’елі сваю здабычу на месцы, a часткова парасцягалі па логавах.
Мы перасеклі паляну і паглыбіліся ў лес.
Крыху воддаль ад паляны, пад старымі змрочнымі ялінамі, уся зямля ўскапана. У мяккую глебу ўтаптана вялікімі шматкамі ласіная шэрсць. Тут жа ляжыць другая лапатка ласіхі і два рабры.
Ратуючыся ад ворагаў, ласіха кінулася ў гушчар. Пад гэтымі ялінамі яна змаглася і загінула. I тут жа, на месцы забойства, пачалося баляванне.
Галаву і хрыбет нехта са звяроў адцягнуў на паляну. Ад гэтага месца ідуць сляды аднаго з ваўкоў у кусты. Тут ён адпачываў наеўшыся.
Побач сляды лісіцы. Яна, мусіць, паласавалася тым, што засталося пасля ваўкоў.
Уважліва агледзеўшы сляды на паляне, мы вярнуліся да старых ялін.
Вадзім Аляксандравіч некуды адышоў.
Я стаю адзін пад высокімі дрэвамі.
Раптам перада мною вырасла постаць Аляшкевіча. Ён, як і заўсёды, босы, у сваёй нязменнай ватоўцы і шэрай кепцы. За плячом у яго стрэльба.
— Я вас яшчэ адтуль заўважыў,— гаворыць ён, паказваючы рукою за маю спіну,— але знарок выйшаў з гэтага боку. У лесе нельга да чалавека падыходзіць неспадзявана.
Да нас вярнуўся Вадзім Аляксандравіч, і егер паведаміў яму, што робіць абход свайго ўчастка.
На яго думку, ласіха была зарэзана тыдні тры назад. Ёй было, мяркуючы па касцях, гады два.
Вадзім Аляксандравіч выказаў свае меркаванні аб тым, што ласіху зарэзалі ваўкі, і паказаў сляды на паляне.
Аляшкевіч спачатку памаўчаў, падумаў, потым пайшоў аглядаць кусты і падлесак вакол паляны. Па твары яго было відаць, што ён мае наконт гэтага сваю думку, але пакуль што не лічыць патрэбным яе выказваць.
Мы пайшлі за ім.
— Гэтая мясцовасць называецца Валяваты Дуб,— сказаў Аляшкевіч.— Тут быў калісьці лясны хутар. Пасля ссялення хутароў у вёскі пляц гэты зарос травой. I тут, і каля Бацяновага — добрыя мясціны!
Недалёка ад старых ялін я знаходжу капыт лася і паказваю егеру. Той моўчкі ківае галавой. Вадзім Аляксандравіч бярэ капыт і кладзе ў сваю змястоўную сумку. Там ляжаць у яго здохлы крот, памёт лісіцы, шматкі моху, нейкія карэньчыкі і іншыя рэчы, цікавыя толькі для заолага.
Аляшкевіч ідзе наперадзе, рассоўваючы кусты. Зрабіўшы крокаў пятнаццаць, ён спыняецца і паказвае рукой на зямлю.
— Бачыце?..
У голасе ў Аляшкевіча гучаць урачыстыя, пераможныя ноткі.