Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеры на марскую. Далей ад берага, там, дзе глыбей, яна здаецца сіняй.
Уражанне такое, быццам знаходзішся недзе пад Рыгай, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Той жа колер
вады, той жа бязмежны прастор, той жа залаціста-белы пясок на пляжы і тыя ж высокія сосны на ўзгорках. Залаты, бурштынавы бераг!
Мядовы пах чабору і верасу змешваецца з густым настоем нагрэтай сонцам хвоі. У паветры ніводнай пылінкі. Яно проста ап’яняе гарадскога чалавека сваёй чысцінёю і свежасцю. Нідзе яшчэ не даводзілася мне дыхаць такім чыстым паветрам. Грудзі шырацца, лёгкія глыбока ўдыхаюць смалісты водар.
Ніколі мне не забыць уражанняў ад гэтай першай паездкі на Нарач. За ёю была і другая, і трэцяя. Кожны раз я жыў на возеры не менш двух месяцаў і кожны раз заўсёды бачыў і наглядаў тут нешта новае, цікавае. Але першыя ўражанні былі асабліва яркія, асабліва моцныя. Яны запомніліся мне на ўсё жыццё.
Схіл узвышша сінее чаборам. На вяршыні растуць кусты шыпшыны. Кветкі дзікай ружы чырванеюць між дробных зялёных лістоў і калючак.
Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь.
Я не магу наглядзецца на гэтую паэтычную карціну. Я думаю: які цудоўны свет і якая прыгожая наша краіна!
Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадою. Вясёлым ручайком струменіць яна ўніз, зліваючыся з вадою возера.
Такіх крыніц тут многа. Вада ў іх гаючая, карысная для здароўя. Піць яе — асалода!
БЕЛАРУСКАЕ МОРА
«Беларускае мора»...
Мне прыходзяць на памяць гэтыя словы. Так нярэдка называюць Нарач.
I сапраўды, гэта — самае вялікае возера Беларусі.
Плошча яго — восемдзесят квадратных кіламетраў. Найбольшая глыбіня — пяцьдзесят метраў. Знаходзіцца яно на паўночным захадзе Мінскай вобласці.
Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. Вада ў гэтых азёрах чыстая, багатая на кісларод. Такія вялікія і глыбокія азёры называюцца алігатрофнымі. У іх адбываецца безупынны рух вады ад ветру і ад глыбінных плыняў. Дзякуючы гэтаму прыбярэжная паласа не ператвараецца ў балота і возера застаецца чыстае і адкрытае. Над Нараччу амаль заўсёды дзьмуць вятры.
Паўночныя і паўночна-ўсходнія берагі Нарачы ўзвышаныя, паўднёвыя і заходнія — нізкія.
На паўднёвым усходзе з возера выцякае рэчка Нарач, якую мясцовыя жыхары называюць Нарачанкай. Звілістай стужкай прабіраецца яна сярод топкага балота, якое зарасло хмызняком і чаротам, у раку Вілію, прыток Нёмана.
На поўначы бераг возера закругляецца, набываючы правільную форму чашы, да краёў напоўненай вадою. 3 усходняга боку віецца паўз возера дарога, абапал якой высяцца сосны, расце ядловец. Справа — цягнецца цудоўны сухі і вясёлы сасновы бор. Злева — наступаюць на бераг хвалі.
На паўднёвым беразе лясоў няма. Да вады спускаюцца спадзістыя ўзгоркі. На іх расце толькі трава. Бераг нізкі, з зараснікамі трысця і чароту.
На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра, плошча якога — трынаццаць квадратных кіламетраў. Непадалёку знаходзіцца возера Мядзель і маленькае возера Баторын.
3 вяршыні кургана каля вёскі Мікольцы можна ўбачыць усе гэтыя азёры Нарачанскай групы.
Паўночную частку Беларусі нездарма называюць краем блакітных азёр. На поўнач ад Нарачы іх налічваецца некалькі тысяч, і малых, і вялікіх. Усе яны ўзніклі дваццаць — дваццаць пяць тысяч гадоў назад.
Вучоныя лічаць, што магутны ледавік, насунуўпіыся ў чацвёрты раз з гор Скандынаўскага паўвострава, пакрыў усю гэтую мясцовасць пластом лёду таўшчынёю ў сотні метраў. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні, гліну і пясок. 3 матэрыялаў, прыцягнутых ледавіком, утварыліся марэны — высокія грады абломкаў горных парод. Пры гэтым узгоркі чаргаваліся з глыбокімі лагчынамі.
Калі ледавік пачаў раставаць, частка вады затрымалася ў лагчынах і нізінах, утварыўшы азёры. У спадчыну ад ледавіка засталіся не толькі гэтыя блакітныя азёры, не толькі шматлікія каменні на палях, але і прыгожы, хвалісты рэльеф мясцовасці.
Марэнныя грады былі прыроднымі плацінамі, якія затрымалі расталую ваду ледавіка. Яны ўтварылі найбольш буйныя азёры, у тым ліку і Нарач — «Беларускае мора».
НА ПЛЯЖЫ
Знаёмства з Нараччу я вырашыў распачаць з наведвання біялагічнай станцыі.
Паміж тым месцам, дзе я стаю на ўзгорку, і будынкамі станцыі — шырокая паласа пляжа.
Зверху ўражанне такое, быццам на залацістым пяску расцвілі нейкія вялікія, незвычайна яркія кветкі — блакітныя, белыя, сінія, чырвоныя, жоўтыя.
Я спускаюся ўніз.
Дык вось якія гэта кветкі! Тут поўна людзей: жанчыны ў яркіх халатах і сарафанах, мужчыны ў стракатых піжамах і саламяных капелюшах, з махнатымі ручнікамі цераз плячо.
Загарэлыя бронзавыя хлапчукі і дзяўчынкі плюхаюцца ў зеленаватай вадзе, пырскаюцца, пускаюць па вадзе караблікі з сасновай кары, будуюць на беразе крэпасці і гавані з вільготнага пяску. Стройныя юнакі і дзяўчаты ў трусах і купальніках гуляюць у валейбол.
Асобнымі групкамі, сагнуўшыся і самааддана падставіўшы голыя спіны пад бязлітасныя праменні сонца, сядзяць на пяску аматары «забіць казла».
Тут адпачываюць мінскія друкары з жонкамі і дзецьмі. Кожны праводзіць свой вольны час як хоча і як умее.
У 1955 годзе на ўзгорках пад соснамі выраслі ўтульныя блакітныя домікі пад чырвонымі чарапічнымі дахамі. Дырэкцыя мінскай друкарні пабудавала тут дачы для летняга адпачынку сваіх рабочых і служачых.
3 гэтага часу цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар.
Цяпер гэта самая людная і ажыўленая частка возера. 3 першымі зменамі дачнікаў пагалоска пра казачную прыгажосць возера абляцела ўвесь Мінск. Распаўсюдзілася яна і далёка за межамі Беларусі. Кожны год праводзіць тут свой летні адпачынак многа працоўных не толькі з Мінска, але і з Вільнюса, Масквы і Ленінграда.
На беразе Нарачы можна сустрэць і асобных турыстаў, і групы ўдзельнікаў турысцкіх паходаў і падарожжаў. Яны жывуць у палатках. Але густа населена ў летні час толькі невялікая паласа паўночнага берага з пясчаным пляжам між рыбгасам і біялагічнай станцыяй. Ва ўсіх іншых месцах ціха і спакойна. Ніхто не трывожыць шматлікіх і разнастайных птушак. Ніхто не парушае велічнай задумлівасці прыроды.
Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. Імкліва праносіцца, высунуўшыся напалавіну з вады і ўзнімаючы
каскады серабрыстага вадзянога пылу, маторная лодка. Асляпляльна белая, з чырвоным днішчам, яна зіхаціць у яркіх праменнях сонца.
— Але ж і матор здаровы! — з выглядам знаўцы гаворыць якісьці мужчына на пляжы і, прыўзняўшыся на локці, сочыць з-пад рукі за шпаркім ходам лодкі.
— Цудоўная лодка! — падтрымлівае яго сусед.— Нічога не скажаш!.. Які ход!.. Як шпарка ляціць, і амаль бясшумна.
Асцярожна абмінаючы пажылых дзядзькоў і цётак, што ляжаць на пяску, як цюлені, выцягнутыя з вады, я іду далей.
Пясчаны пляж змяніўся абрывістым берагам. Купальшчыкаў тут няма.
Наперадзе, на зялёным узгорку, відаць між сосен двухпавярховыя дамы.
Гэта — будынкі біялагічнай станцыі.
НА БІЯЛАГІЧНАЙ СТАНЦЫІ
Сюды прыйшла група піянераў з Маладзечна. Хлапчукі і дзяўчынкі знаёмяцца з экспанатамі невялікага заалагічнага музея.
У шкляных шафах захоўваюцца чучалы амаль усіх відаў птушак, якія жывуць на берагах возера і ў яго аколіцах. У слоіках заспіртаваны ўсе віды рыб, што вядуцца ў Нарачы.
Гасцям дае тлумачэнні студэнт Лёня, які праходзіць на станцыі летнюю практыку.
— Біялагічная станцыя на возеры Нарач,— гаворыць Лёня,— створана Беларускім дзяржаўным універсітэтам для летняй практыкі студэнтаў-біёлагаў у прыродных умовах. Кожнае лета на станцыі праходзяць практыку студэнты першага курса. Студэнты-выпускнікі працуюць
тут над сваімі дыпломнымі работамі, звязанымі з гідрабіялогіяй, навуковай асновай рыбнай гаспадаркі. На станцыі вывучаюцца рыбы і птушкі, вадзяныя расліны, планктон — жывёльны свет тоўшчы вады, і бентас — жывёльны свет дна. Назіранні вядуцца на ўсіх азёрах Нарачанскай групы... А цяпер паглядзіце на гэтых прыгожых птушак,— закончыў Лёня свой уступ.
Ён падышоў да першай шафы і паказаў рукой на экспанаты пад шклом:
— Тут вы бачыце чаек, якія жывуць на возеры. Вось гэта — звычайная рачная чайка. Такіх чаек на азёрах Нарачанскай групы многа. Яны тут гняздзяцца і таму сустракаюцца часта. Гэта — малая чайка, гэта — шызая чайка, а вось гэта — клуша. Абедзве апошнія чайкі, і шызая, і клуша, прылятаюць на возера Нарач як госці. Яны — марскія чайкі, жывуць і гняздзяцца на берагах Балтыйскага мора.
Лёня перайшоў да другой шафы.
— Далей ідуць крачкі. Яны значна меншыя за чаек, а канцамі сваіх крылаў і хвастом нагадваюць ластавак. Вось перад вамі чорная крачка, а гэтая, светлая,— рачная крачка.
Піянеры ціснуцца бліжэй да вітрыны. Яны з захапленнем слухаюць студэнта, а ён захоплены не менш сваіх слухачоў. Пра птушак Лёня можа гаварыць і гаварыць без канца.
Ён падыходзіць да чарговай шафы — з каршунамі, сокаламі, падорлікамі, канюкамі. Піянеры спяшаюцца за ім. Кожны імкнецца заняць месца бліжэй да экспанатаў.
Лёню я ведаю даўно. Пра яго мне расказваў у Мінску Віктар Фёдаравіч, кіраўнік заалагічнага гуртка Цэнтральнай станцыі юных натуралістаў. Яшчэ вучнем сярэдняй школы Лёня на працягу васьмі гадоў наведваў станцыю юннатаў. Маці яго выкладала прыродазнаўства ў сярэдняй школе. Хлапчук з маленства
цікавіўся птушкамі і ўвесь свой вольны час прысвячаў назіранням за крылатымі сябрамі. Ён рабіў і развешваў шпакоўні, зімою трымаў дома чыжоў, берасцянак і шчыглоў, а вясною выпускаў іх на волю. Пасля заканчэння сярэдняй школы Лёня паступіў на біялагічны факультэт універсітэта і пачаў спецыялізавацца ў сваёй любімай навуцы пра птушак — арніталогіі. 3 Цэнтральнай станцыяй юных натуралістаў ён падтрымлівае сувязь і цяпер.
Расказаўшы піянерам пра птушак, Лёня павёў гасцей у пакой, дзе вядуцца лабараторныя заняткі.
ВАРАНКІ
Я выйшаў на ганак.
Адсюль, з гары, на якой знаходзіцца станцыя, відаць увесь бясконцы сіні прастор возера. Паветра чыстае, свежае, яснае.