Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— А што гэта — «кагарка»?
— He ведаю. Ніколі не чуў такой назвы.
•— Хіба чаек не называюць «кагаркамі»?
— He. Чайкі, i малыя, i вялікія, называюцца ў нас «грачунамі»,— настойліва паўтарае рыбак.
Падумаўшы трохі, ён дадае:
— Можа, гэта на Мядзелі так гавораць? Я дапускаю і такую магчымасць.
— Ёсць яшчэ ў нас і кнігаўка. Маленькая, з чубікам на галоўцы,— гаворыць ён далей.— Яйкі яна кладзе таксама ў копцы, але не ў пяску, а на лузе, на балоце. Шмат у нас і чапляў, асабліва ля Нарачанкі. Лятаюць яны ўсюды, але гняздзяцца там, на рэчцы. Стаіць чапля ў вадзе, звычайна на глыбіні з паўметра, і пільнуе рыбу цэлымі гадзінамі.
Павольна, не спяшаючыся, расказвае Роліч пра птушак на возеры, а мастак тым часам працуе над партрэтам.
Іншы раз і ён устаўляе сваё слова ў нашу гутарку і пры гэтым уважліва ўглядаецца ў твар рыбака, крытычна параўноўваючы яго жывыя рысы з тым, што ўзнікае з-пад пэндзля на палатне.
ШКОДНАЯ ЦІ КАРЫСНАЯ ЧАЙКА?
3 такім пытаннем звярнуўся я да Міхала Роліча.
Рыбак падумаў і сказаў:
— Чайкі не шкодныя. Рыбу яны бяруць мала. Бяруць больш хворую, якая трымаецца на паверхні, ці здохлую. Адной, дзвюх маленькіх рыбак чайцы хапае на цэлы дзень.
— А як яна ловіць рыбу?
Рыбак растлумачыў і гэта.
— Чайка бярэ рыбу дзюбай,— гаворыць ён,— і таму толькі дробную. Буйнейшую яна не можа схапіць, як гэта робяць арланы і каршуны, бо тыя бяруць рыбу не дзюбай, а кіпцюрамі сваіх дужых лап. Нам, рыбакам, чайка не шкодзіць. Наадварот, яна працуе як санітар.
Чайка не нырае і таму не можа ганяцца за рыбай пад вадою. Яна можа ўзяць з налёту, з паветра толькі тое, што плавае на паверхні. Злавіць здаровую рыбіну пад вадою ці перашкодзіць ходу рыбных касякоў чайкі не могуць. Чайкі і крачкі нам, рыбакам, нават дапамагаюць, бо паказваюць ход сялявы пад вадою. Яны звычайна ляцяць за касяком сялявы. Па паводзінах чаек мы мяркуем аб надвор’і. Калі чайкі адлятаюць ад нас за Кабыльнік, на возера Швакшты, то будзе надвор’е дрэннае, вецер будзе і дождж. Калі ж чайкі прылятаюць сюды, на Нарач, то, значыць, будзе добрая пагода. Чайкі прылятаюць да нас у добры час. Чаму яны так робяць, не ведаю, толькі ведаю, што гэта так.
Гняздзяцца чайкі і тут, і там, але больш на возеры Швакшты. Знаходзіцца гэтае возера кіламетраў за сем ад Купы, за Кабыльнікам. Ісці трэба на Глыбокі ручай.
— Гэта, я чуў, былы хутар?
— Так, раней гэта быў хутар. Там, за панскай уладай, жыў карчмар. Прадаваў гарэлку, скупляў рыбу. Цяпер гэтае месца разбудавалася.
— Як трэба правільна гаварыць: Швакшты ці Швакшта? — пытаюся я, бо чуў, як адна дзяўчына ў Кабыльніку казала: «На Швакшце».
— Трэба казаць — Швакшты,— удакладніў Роліч.— У нас гавораць: «Паехаў на Швакшты» ці «Вярнуўся з Швакштаў». Яшчэ кажуць: «Швакшцянскае возера», але найбольш проста — Швакшты. Вось як.
— Адкуль жа ўзялася такая назва? Што яна азначае?
— He ведаю. Мусіць, ад вёскі. Там, між Кабыльнікам і Глыбокім ручаём, ёсць вёска Швакшты. To, мусіць, ад яе. Ёсць непадалёку другое возера, называецца Папоўцы. Мусіць, ад вёскі Папоўцы і возера так называецца. Возера Мядзель называюць часам Слуцкое возера, бо там ёсць вёска Слукі. Так і кажуць: «Паехалі на Слуцкое», гэта значыць, на возера Мядзель.
Пасля гэтага невялікага філалагічнага адступлення мы вярнуліся зноў да пытання аб чайках.
— А некаторыя лічаць, быццам чайкі знішчаюць многа рыбы,— сказаў я.
— Гэта няпраўда.— Роліч памаўчаў.— He,— пераканана паўтарыў ён.— Чайкі не шкодныя. Яны карысныя і для рыбнай лоўлі, і для сельскай гаспадаркі.
3 тым жа пытаннем я звярнуўся потым і да Лёні. Студэнт пацвердзіў думку старога рыбака.
— Даследаванне,— сказаў ён,— паказвае, што чайка знішчае шмат насякомых, шкодных для сельскай гаспадаркі, а таксама і мышэй. Чайка любіць разнастайны корм. Сваіх птушанят яна выкормлівае такімі насякомымі, як майскія жукі, конікі, мядзведкі, хлебныя жужаліцы, чарапашкі, соўкі, якіх яна знаходзіць на палях. Пры гэтым чайка раскопвае часам зямлю. На гняздоўі чаек знаходзілі часта ў вялікай колькасці хіцінавыя абалонкі майскіх жукоў. 3 вадзяных насякомых чайка знішчае плывунцоў, вадалюбаў і вадамераў.
Праз некаторы час пасля гутаркі з Ролічам і Лёнем мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. Назіранні ў запаведніку, дзе чайкі і крачкі складаюць каля паловы ўсіх птушак, паказалі, што яны выкормліваюць сваіх малых амаль выключна гэтымі насякомымі. За чатыры месяцы чайкі і крачкі знішчаюць на ўзбярэжжы, плошчаю каля чатырох тысяч квадратных кіламетраў, да тысячы чатырохсот тон насякомых.
Ёсць адзін вельмі шкодны жук са смешнай назвай — кузька. На працягу двух тыдняў у перыяд малочнай і васковай спеласці жыта кожны такі жук з’ядае да васьмі грамаў збожжа. Але якраз у гэты час чайкі знішчаюць да васьмісот мільёнаў штук гэтых небяспечных для сельскай гаспадаркі жукоў. 3 прыведзеных лічбаў
відаць, якую вялікую карысць прыносяць чайкі ў справе аховы ўраджаю.
На чайку, праслаўленую паэтамі белакрылую птушку блакітных водных прастораў, я пачаў цяпер глядзець зусім другімі вачыма — як на памочніка чалавека.
ЗІМНІ ЛОЎ
Неўзабаве неба зноў пацямнела, пайшоў дождж.
Мастак неахвотна адклаў пэндзлі. Пачухаўшы патыліцу і паглядзеўшы на хмары, ён перанёс свае прылады ў пуню. За ім пайшлі і мы, каб пераседзець там дождж.
— Хіба гэта лета? — бурчыць мастак,— Кожны дзень холад, кожны дзень вецер і дождж. I адкуль толькі бярэцца столькі вады?
Сапраўды, лета надзвычай халоднае і дажджлівае. Гэтак жа было і ў мінулым годзе.
— Па радыё зноў перадавалі дрэнны прагноз,— безнадзейным тонам сказаў мастак.
Ён зірнуў на неба, уздыхнуў, падняў каўнер і ніжэй насунуў на лоб свой высокі злінялы капялюш.
Роліч усміхнуўся:
— Прагноз дрэнны, дык ліха з ім, абы пагода добрая!
— Калі ж будзе пагода? — пацікавіўся я.
— Яшчэ дзён шэсць будзе дождж,— упэўнена адказаў стары,— Потым установіцца сухое, яснае надвор’е.
— Адкуль вы ведаеце?
— Па зіме можна меркаваць. Колькі было снежных дзён зімою, столькі ж будзе дажджлівых дзён улетку. Колькі было сухіх марозных дзён зімою, столькі будзе ўлетку сухіх гарачых дзён. Нам трэба ведаць надвор’е і ўлетку, і ўзімку.
— Хіба вы зімою таксама ловіце?
— А як жа? I не толькі на Нарачы. Мы рыбачым на усіх навакольных азёрах. Я і на Свіры лавіў, і на Глыбокім. На Свіры цяпер два гады ўжо як не ловім. Там цяпер у нас перадышка, каб рыба не перавялася, а тады зноў нападзём, як тыя «грачуны».
Расказвае Роліч не спяшаючыся, і я, седзячы на бервяне ў пуні, запісваю тое, што ён кажа, амаль даслоўна.
— На Глыбокім сёлета зіма была для нас вельмі цяжкая. Многа выпала снегу. Калі снег растаў, лёд апынуўся пад вадою. Я там з брыгадай лавіў рыбу. Без коней проста не было сілы цягнуць тоню. Прыехаў з нашага рыбгаса прыёмшчык, а рыбы няма. Тады прыёмшчык пайшоў у радзільны дом, ён тут паблізу, прасіць коней, там іх два было. Загадчыца яму адмовіла, бо ён неяк раней машыны ёй не даў. Што рабіць? Думаю, пайду сам. Пайшоў да дакторкі. «Прыйшоў,— кажу,— па ратунак». А яна гаворыць: «Вы мне машыны не далі, я вам коней не дам». Я кажу: «Я — рыбак нарачанскі. Да прыёмшчыка і да яго з вамі спраў я дачынення не маю». Яна сваё: «Чаго вам, Роліч, трэба? У мяне коней няма». Тады я пытаюся: «Вам трэба для хворых рыбкі?» Даў ёй дзесяць кіло ляшчоў. «Калі лоў скончым,— кажу,— яшчэ дам». Яна мне коней дала. Я наняў яшчэ дзесяць чалавек. Нас, нарачанцаў, чацвёра і нанятых дзесяць. Узяліся за тоню. А тут як даў халодны дождж і снег! Нас усіх да апошняй ніткі прамачыла. Мала мы не кончылі абсякаць, знаеш, як распагодзілася пад вечар, калі сонца заходзіла. Мы цягнем ды цягнем, але ж нічога няма. Няма рыбы. Стаў я смутны. Коней узяў, людзей наняў, і ўсё, выходзіць, дарма... Засталося ў вадзе якіх дзесяць сажняў невада, не болей. Тут і пайшла рыба. Выцягнулі мы тон шэсць. Гэта з адной тоні, ляшчоў! Аплаціў я і коней, і людзей. Тут якраз і дырэктар прыехаў. «Добра,— кажа,— зрабіў!» Добра, думаю, што вылавіў!
— А чаму спачатку рыбы не было? — спытаў я.
— Там быў камень,— адказаў Роліч.— Камень невад і парваў. Ляшчы, што былі зверху, уцяклі. Каб не гэты камень, узялі б мы яшчэ тоны тры.
Рыбак задумаўся.
■— Вельмі цяжка нам было,— казаў ён далей.— Лёд грубы, зверху вада, трэба нам плюхацца ў халоднай вадзе. Рукі і ногі нямеюць.
— Нялёгкая справа рыбацкая,— паспачуваў я.
— Нялёгкая,— пацвердзіў рыбак,— але я не прамяняю яе ні на якую іншую!
Ён усміхнуўся і дадаў:
-— Ды і наогул лёгкіх спраў, сам знаеш, няма. Калі справа сур’ёзная ды патрэбная, ды калі ты яе любіш, то яна здаецца табе не такая ўжо і цяжкая.
Пакуль Роліч расказваў пра зімні лоў на возеры Глыбокім, дождж перастаў. Мы выйшлі з пуні.
З’явілася сонца.
— У Глыбокім найбольш ляшчы,— закончыў Роліч.— Лешч тлусты, але васцяваты. Часта бываюць ляшчы па пяць-шэсць кіло.
Мастак хацеў узяцца зноў за свае пэндзлі і фарбы, але тут прыйшоў баркас.
Мы развіталіся з Міхалам Рыгоравічам і селі ў лодку.
На возеры была моцная гайданка.
Вялікія хвалі з шумам біліся ў барты баркаса.
Калі з’яўлялася на хвіліну сонца, вада рабілася сіняя. Неўзабаве сонца знікла зусім, і вада стала цёмнасвінцовая, нібы густая і непранікальная.
Шэрае неба нізка вісела над змрочным і пеністым возерам.
Нам усё ж такі пашанцавала.
Пакуль мы плылі на баркасе, неба хоць і хмурылася, але дажджу не было.
Калі ж мы прыплылі ў пасёлак і былі ўжо каля самага дому, пайшоў моцны дождж.
Бура разбушавалася, калі мы былі ўжо дома.
ДЗІЎНАЯ РЫБА
Сёння я ўпершыню пазнаёміўся з дзіўнай і цікавай рыбай — рачным вугром.
Малады рыбак Ясюня паказаў мне злоўленага ім вялікага вугра. Ён выцягнуў гэтую рыбіну з палатнянага мяшка і паклаў на зямлю.
— На змяю падобны,— сказаў Ясюня.
Сапраўды, вугор амаль нічым не нагадваў рыбу.
Я схіліўся над дзіўнай рыбінай і пачаў аглядаць яе з усіх бакоў. Зверху вугор быў сінявата-цёмнага, амаль чорнага колеру, а з бакоў і знізу жаўтавата-белы. У яго даволі вялікія мутныя цёмна-сіняватыя вочы. Рот поўны маленькіх, вострых зубоў. Вузкія, невялікія шчыліны жабраў знаходзяцца каля грудных плаўнікоў. Яны могуць доўга захоўваць вільгаць, і гэта дае магчымасць вугру вылазіць з вады на бераг і прапаўзаць па зямлі даволі значныя адлегласці. Плаўнікі ў вугра кароткія, адзін вузкі плаўнік аблямоўвае ўсю заднюю частку цела, зліваючыся ў адно цэлае з хвастом. Даўжынёю гэты вугор быў каля двух метраў, а таўшчынёю з руку.