Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Пакуль мы размаўлялі ля вогнішча, хлапчукі на беразе кінулі свае гульні і падбеглі да самай вады.
— Едуць, едуць!..— пачуліся ўзбуджаныя галасы.
Сапраўды, да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак першай змены.
ВЯРНУЛІСЯ 3 ЛОВУ
У вячэрнім паветры запахла свежай рыбай.
— Вярнуліся!.. Вярнуліся!..— крычалі хлапчукі, акружаючы чорныя прасмоленыя лодкі.
Рыбакі выйшлі з лодак на бераг.
Усе яны ў кепках і ватоўках. На нагах высокія гумавыя боты вышэй каленяў і чорныя цыратовыя фартухі. На некаторых цыратовыя курткі з капюшонамі.
Па драўляным насціле да лодак пад’ехала фурманка, і рыбакі пачалі выгружаць улоў.
Спачатку яны паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі і яшчэ адзін — з сялявай.
— Рыбакі разбіраюць рыбу па гатунках адразу пасля лову і здаюць прыёмшчыку на вагу,— сказаў мне галоўны інжынер.
Баркас, які вярнуўся зноў на сярэдзіну возера, прывёў тым часам яшчэ тры лодкі.
Адзін з рыбакоў, дужы і прысадзісты мужчына ў куртцы з капюшонам, стаў перад лодкай, на якой зложаны сеці.
Фартух ён павесіў ззаду, а сам, павярнуўшыся тварам да берага, схіліў галаву і падставіў сагнутую спіну.
Астатнія рыбакі выцягваюць з лодкі і кладуць яму на спіну сеці. Яны робяць гэта павольна і акуратна.
Калі сеці былі выцягнуты, рыбак з мокрым і цяжкім грузам на спіне павольна пайшоў па лугавіне між двух радоў колляў. Два другія рыбакі асцярожна, метр за метрам, знімаюць з яго спіны сеці. Распраўляючы іх і разблытваючы, яны рассцілаюць сеці па зямлі.
У сецях дзе-нідзе пабліскваюць серабрыстыя рыбкі.
За рыбакамі, як гракі за аратым, спяшаюцца басаногія хлапчукі. Яны ўважліва аглядаюць разасланыя сеці.
У кожнага з хлапчукоў палатняная торбачка.
Стараючыся апярэдзіць адзін аднаго, яны спрытнымі пальцамі выбіраюць з ячэек дробную рыбу, якая там завязла, і кідаюць у свае торбачкі.
Гэта іх законная здабыча.
Дайшоўшы да канца першага рада, рыбакі прывязваюць канцы сеці да двух крайніх калоў і, вяртаючыся назад, расцягваюць сець між абодвума радамі.
Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. 3 яго цыратовай курткі і фартуха струменьчыкамі сцякае вада.
Рыбакі з другой змены моўчкі наглядаюць за ім.
— Здаровы дзядзька! — кажу я.
— Былі калісьці і мы здаровыя,— уздыхнуў стары Радзевіч.— Усяму свой час. Вось толькі невядома, хто нас падменіць.
— Як хто? — здзівіўся я.— Моладзь!
— Нешта не відаць яе ў нас,— запярэчыў Франц Антонавіч.— Самі бачыце, амаль усе нашы рыбакі людзі старыя ды пажылыя, маладых сярод нас няма.
— А я? — высунуўся наперад Ясюня.
— Ты не ў лік, бо адзін.
Стары рыбак павярнуўся да мяне і растлумачыў:
— Адзін толькі ён і пайшоў з нашай вёскі ў рыбакі. Больш ахвотнікаў не знайшлося.
— Вы, дзядзька Пранук, сёння, мусіць, з левай нагі ўсталі ці з цёткай пасварыліся, бо ўсё вам нешта не падабаецца, усім вы нездаволены,— пасмейваўся Ясюня.
— He любіць моладзь нашу справу,— стаяў на сваім Радзевіч, не звяртаючы ўвагі на словы Ясюні.— Мусіць, не падабаецца ёй рыбацкае жыццё. Усе на працу ў горад імкнуцца, ніхто заставацца дома не хоча. Мы, старыя, век дажываем, а маладыя мала цікавяцца. Няма каго вучыць, няма каму вопыт перадаць, які нам ад бацькоў і дзядоў дастаўся.
Франц Антонавіч змоўк і задумаўся.
— Крыўдуе стары, што пляменнік яго не захацеў быць рыбаком. Працуе пасля арміі ў Паставах шафёрам,— ціха шапнуў мне Ясюня і падняўся з месца.
Рыбакі другой змены ўсталі і, развітаўшыся са мною, пайшлі да сваіх лодак.
Рыбу адвезлі ў халадзільнік. Хлапчукі даўно ўжо зніклі. Лугавіна каля пуні апусцела.
На возеры было ціха і спакойна.
У бледным небе з’явіўся месяц і адлюстраваўся ў такой жа бледнай і нерухомай вадзе.
Запасныя рыбацкія лодкі чарнелі каля светлай паласы пясчанага берага.
НА БАРКАСЕ
На другі дзень, у восем гадзін раніцы, я пайшоў у пасёлак рыбнай гаспадаркі, каб адтуль на маторным баркасе паехаць у вёску Наносы.
Неба пахмурнае. 3 возера дзьме вецер, імжыць дробны дожджык. Баркас на якары спакойна пагойдваецца на шэрых хвалях недалёка ад берага.
Неўзабаве з’явіўся матарыст з вёскі Купы.
Да баркаса трэба дабірацца на лодцы. Матарыст узяўся за вёслы, і праз некалькі хвілін лодка стукнулася ў борт баркаса, на якім чорнымі літарамі выведзен надпіс: «Нарач». Мы пералазім на баркас, а пустую лодку бяром на буксір.
Матарыст падымае якар.
3 намі едзе мастак з Мінска і пяцёра дзяўчат. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. Ён хоча намаляваць з натуры партрэт старога знатнага рыбака Міхала Роліча, які жыве ў Наносах.
Дзяўчат, работніц з рыбгаса, матарысту трэба пераправіць на супрацьлеглы бераг возера на ўборку сена. Вяртаючыся назад, матарыст заедзе па нас у Наносы.
Баркас хутка аддаляецца ад берага. Хаты пасёлка пад соснамі робяцца ўсё меншыя.
Раўнамерна стукае матор. Хвалі плёскаюцца аб борт, і халодныя пырскі ляцяць нам у твар.
Вада ў возеры цёмная, змрочная, а над цёмнай вадою куляюцца ў шэрым небе белыя чайкі.
He зважаючы на халодны вецер і пахмурнае надвор’е, дзяўчаты спяваюць, прытуліўшыся адна да адной і хаваючы твары ад ветру. Усе яны цёпла апрануты, у высокіх гумавых ботах.
Вецер нясе над возерам вясёлыя словы прыпевак, a баркас шпарка ляціць па высокіх хвалях, пакідаючы на цёмнай вадзе бурлівую баразну белай пены.
Гадзіны праз дзве мы набліжаемся да вузкай і доўгай пясчанай касы. Яна цягнецца з поўначы амаль да сярэдзіны возера, утвараючь; дзве глыбокія затокі.
Усё вышэйшыя робяцца дрэвы на касе, усё больш выразна і ясна вырысоўваецца бераг.
ВЁСКА НАНОСЫ
Баркас абмінае край мыса. Перад мысам рэдкія зараснікі чароту.
3 высокага берага ля Купы, з боку біялагічнай станцыі, каса выглядае вузкай і нізкай. Цяпер я пераконваюся ў тым, што сярэдняя частка касы не такая ўжо вузкая і зусім не нізкая. Гэта — выцягнуты ўзгорак, пакрыты соснамі.
Абмінуўшы мыс, мы бачым невялікую затоку з пясчаным берагам. Тут размясцілася рыбацкая вёска Наносы. Яе рэдкія хаткі раскіданы даволі далёка адна ад
адной сярод пясчаных узгоркаў, між высокіх сосен і кустоў ядлоўцу. Вакол хатак сады і агароды.
Баркас набліжаецца да берага.
Цёмныя хмары шпарка бягуць па небе. Парывісты вецер гоніць іх бясконцымі чародамі.
На пяску ля вады чарнеюць рыбацкія лодкі. Мы адвязваем сваю лодку, бо тут мелка і баркас не можа падысці да берага, і бяромся за вёслы.
Высадзіўшы нас, баркас зноў застукаў маторам. Ён плыве далей, каб адвезці дзяўчат на той бок возера.
Перад вёскай Наносы цягнецца даволі шырокі пляж з амаль белым пяском. Дзе-нідзе растуць крывыя ракіты. На зялёных узгорках высяцца сосны.
Мы шукаем хату знатнага рыбака Міхала Рыгоравіча Роліча.
— Ён жыве на тым канцы, у свайго сына Сымона,— гаворыць нам старая жанчына, якую мы сустрэлі на беразе, і паказвае на адну з хат.
У ЗНАТНАГА РЫБАКА
Роліча мы засталі дома.
Ён сядзіць у сенцах і вяжа сець. У сенцах цемнавата, але ён, нягледзячы на свае восемдзесят тры гады, працуе без акуляраў.
Роліч устае з лаўкі, і мы бачым, што гэта — чалавек высокага росту, хударлявы і жылісты. У яго невялікая сівая барада, але валасы на галаве цёмныя. Зоркія і разумныя светла-карыя вочы глядзяць спакойна і ясна.
Рыбачыць Міхал Рыгоравіч з маленства.
— Бацька памёр, калі мне было адзінаццаць гадоў,— гаворыць Роліч.— Да таго часу я дапамагаў яму, а пасля смерці бацькі пачаў працаваць самастойна. Бацька, дзед мой і прадзед таксама былі з маленства рыбакі.
— Вы, мусіць, добра плаваеце? — пытаюся я з павагай.
— Як тапор,— смяецца Роліч.— Пражыў усё жыццё на возеры, а плаваць не навучыўся. Часу не было.
У 1937 годзе, у часы панскай улады, Міхал Роліч быў завадатарам забастоўкі рыбакоў на возеры Нарач. Яго арыштавалі і пасадзілі ў турму як небяспечнага бунтаўшчыка, але пад уздзеяннем народнага руху і пратэсту суд у Паставах вымушаны быў апраўдаць старога рыбака, і Роліч зноў вярнуўся да сваёй любімай справы. У гады гітлераўскай акупацыі Роліч дапамагаў партызанам. Да апошняга часу ён быў брыгадзірам у рыбгасе. Цяпер на яго месцы працуе сын Антон, які заўсёды раіцца з бацькам.
— Сам я не надта пісьменны,— тлумачыць стары рыбак,— а брыгадзіру трэба мець справу з рознымі паперкамі.
Нядаўна стары майстар рыбнай лоўлі пайшоў на пенсію, але па-ранейшаму дапамагае рыбакам сваімі парадамі.
Міхал Роліч жыве то ў аднаго сына, то ў другога. Другі яго сын — Сымон — працуе ў калгасе. Раней бацька жыў у Антона, а цяпер у Сымона, у хаце якога яго і засталі.
Мы выйшлі з хаты. Надвор’е тым часам палепшылася.
Мастак выбраў зручнае месца каля пуні, устанавіў свой мальберт, разлажыў на мокрай траве раскрыты эцюднік з фарбамі і пэндзлямі.
Роліч стаіць на фоне возера ў гумавых ботах і ў жоўтай цыратовай куртцы, у позе, вызначанай мастаком.
На галаве ў яго традыцыйны рыбацкі капялюш-зюйдвестка. У адной руцэ ён трымае сець, у другую мастак сунуў яму люльку.
— Я ж не куру,— мякка ўсміхаецца Роліч.
— Няважна,— гаворыць мастак аўтарытэтным тонам, які не дапускае пярэчанняў— Люлька патрэбна для каларыту.
«ГРАЧУНЫ» ЦІ «КАГАРКІ»
Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю са старым рыбаком.
Мастак даў на гэта згоду. Ён сказаў, што гутарка яму не перашкаджае. Наадварот, чалавек не будзе сумаваць, і твар яго захавае ажыўлены выраз.
•— Толькі позы змяняць нельга,— заклапочана папярэдзіў мастак.
Рыбак добрасумленна стараецца не парушаць гэтай умовы і не варушыцца.
— Ці многа ў вас тут птушак? — пытаю я.
— Ёсць у нас і касачы, і глушцы, і розныя качкі,— ахвотна адказвае стары.— Але найбольш на возеры чаек. Раней яны гняздзіліся ў самым канцы касы. Зробяць ямку-копачку ў пяску і кладуць стракаценькія яйкі. Часам у буру вада залівае пясок і змывае яйкі ў возера, а яны ўсё роўна кладуць на тым жа месцы новыя. Чаек у нас называюць «грачунамі».
Мне ўспомнілася, што ў вершах, прысвечаных Нарачы, нярэдка ўжываецца слова «кагарка», як мясцовая назва чайкі.
— Гэта, мабыць, толькі ў вашай вёсцы так называюць чаек? — пытаюся я.
— Не,— пярэчыць Роліч.— «Грачунамі» называюць іх не толькі ў Наносах, але і ўсюды навокал.