• Часопісы
  • Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

    Падарожжа па краіне беларусаў

    Віталь Вольскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 319с.
    Мінск 2006
    57.31 МБ
    Ад усіх гэтых і іншых ворагаў чайкі бароняцца сумесна. Таму яны і жывуць вялікаю грамадою. Як толькі вораг заўважаны ў паветры ці на зямлі, чайкі-суседкі накідваюцца на яго з усіх бакоў, нібы белая хмара, і праганяюць ці забіваюць на месцы.
    Я гляджу на чаек, што лятаюць над маёй галавою. Іх доўгія, завостраныя крылы коса рассякаюць паветра. 3 такімі моцнымі і надзейнымі крыламі ім няцяжка доўга трымацца над вадою, змагацца з непагаддзю, ляцець супраць ветру.
    To тая, то гэтая з чаек падае нечакана ўніз, перасякаючы другой дарогу, а потым гэтак жа хутка ўзнімаецца ў неба. Некаторыя чайкі пралятаюць адна за адной невялікую адлегласць над самай вадой, апускаюцца на паверхню возера і ціха пагойдваюцца на хвалях. Яны могуць добра плаваць і лёгка трымаюцца на вадзе.
    Толькі адна чайка не ўзляцела. Яна ходзіць па пясчаным беразе недалёка ад мяне.
    Калі я набліжаюся, яна адыходзіць, але ў паветра не ўзлятае. Я спыніўся і прыглядаюся да чайкі. Чаму яна не ляціць? Ага, вось у чым справа!
    У чайкі зламана правае крыло. Яно вісіць бездапаможна, і таму птушка не уіожа ляцець. Чайка ходзіць па
    беразе і ловіць насякомых ля самай вады. Час ад часу яна п’е ваду.
    У параненай чайкі, як і ва ўсіх астатніх, нібы цёмнакарычневая маска на твары. Такую маску нашы азёрныя ці, як іх яшчэ называюць, рачныя, чайкі носяць у той час, калі выводзяць патомства. 3 надыходам восені цёмна-карычневыя маскі знікнуць і ў самцоў, і ў самак. Ад іх застанецца толькі па адной, зусім невялічкай, цёмнай плямцы з абодвух бакоў белай галоўкі. У чайкі чырвоная дзюба і чырвоныя ногі, белыя спіна, шыя і ніз, светла-шэрыя крылы.
    Паглядзеўшы на знявечаную чайку, я адсунуўся за кусты, каб не турбаваць яе дарэмна, і перайшоў на другі бок касы.
    I тут нада мною з крыкам лятаюць чайкі. Я купаюся ля самага краю касы. Вада вельмі цёплая, добра нагрэтая сонцам.
    Сіняе неба, сіняя вада, белыя чайкі — якое цудоўнае спалучэнне колераў!
    Чайкі, што кружаць над водмеллю, пралятаюць над маёй галавой зусім нізка. Здаецца, калі не адна, дык другая вось-вось закране мяне сваім выгнутым крылом.
    У паветры гучыць іх працяжны крык:
    — Кіяў... кіяў... кіяў...
    Якія спрытныя, паваротлівыя птушкі!
    Як умела і непрыкметна кіруюць яны сваімі крыламі, нібы ветразямі, робячы кругі і нечаканыя павароты над возерам.
    Можна бясконца любавацца іх лёгкім, майстэрскім палётам.
    Сярод белых чаек з цёмнымі галоўкамі я бачу дзветры рабыя, з цёмнымі плямкамі па ўсім целе. Гэта маладыя чайкі леташняга вывадка. Яны самастойна здабываюць сабе корм разам з дарослымі, але адрозніваюцца ад іх сваёй афарбоўкай. Чайкі змяняюць
    афарбоўку ў залежнасці ад узросту і ад сезону. Колер дарослых птушак маладыя чайкі набудуць на трэцім годзе жыцця.
    На працягу апошніх дзён трымалася яснае надвор’е, і я змог пасля гутарак з рыбаком Ролічам і студэнтам Лёнем падоўгу назіраць за чайкамі на возеры. Іх не так ужо многа на Нарачы, як мне казалі і як я сам думаў Але ўсё ж назіранні далі мне шмат цікавага, і жыццё на возеры ўзбагаціла мяне новымі ведамі і ўражаннямі.
    За гэты час я даведаўся, што на азёрах Нарачанскай групы пераважае адзін асноўны від чаек — звычайная азёрная, ці рачная, чайка. Па-вучонаму яе называюць двума лацінскімі словамі — «лярус рыдыбундус». Усе чайкі, якіх я зараз бачу тут, на касе, належаць да гэтага віду. Я навучыўся адрозніваць іх па выгляду і на вадзе, і ў палёце.
    Пакуль я купаўся, чайкі ў паветры зніклі, паляцелі кудысьці далей. Адна толькі бедная чайка са зламаным крылом па-ранейшаму ўсё ходзіць і ходзіць па мокрым пяску ля самай вады.
    СТАРЫЯ АКОПЫ
    Я падымаюся на вяршыню ўзвышша.
    Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваль, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок.
    У мяккім перадвячэрнім асвятленні від на ўзгоркі з сасновым лесам і на азёрную гладзь здаецца асабліва прыгожы, чароўны ў сваёй прывабнасці.
    На высокім абрывістым беразе з паўднёвага боку захаваліся старыя акопы часоў 1915 года. Тут абаранялі, мабыць, подступы да гэтага берага зімой, калі возера замерзла і вораг мог падысці па лёдзе.
    Цяпер акопы абваліліся, густа зараслі ядлоўцам, соснамі і бярозкамі. Расколатыя прыступкі, у няроўных шчылінах якіх растуць рамонкі і лясныя званочкі, вядуць у бетаніраваны бліндаж, засыпаны ігліцай і сасновымі шышкамі. На адной з прыступак грэецца на сонцы зялёная яшчарка.
    Калі я падышоў да былога бліндажа, адтуль выскачыў спалоханы заяц.
    На сасне спявае берасцянка.
    Прыемна глядзець, як жывая прырода пераадольвае сляды вайны і разбурэння, пануе над імі, сцірае іх з твару зямлі!
    Празрыстае паветра напоена пахам сасны, верасу, чабору, палявога бяссмертніку і азёрнай вады.
    Адсюль добра відаць усё наваколле.
    У бінокль бачны на тым беразе, у яснай далечыні, помнік-абеліск на гары, дзе адбывалася свята песні, і царква ў Мядзелі, і вёска Занарач з другога боку.
    Сярод мясцовых людзей існуе паданне, быццам мястэчка Мядзель знаходзілася калісьці не тут, а на беразе возера Мядзель.
    Пасля вялікай пошасці, якая лютавала ў мястэчку, амаль усё насельніцтва яго вымерла. Тыя нямногія жыхары Мядзеля, якія засталіся жывыя, пакінулі старое месца і перасяліліся на бераг Мястра. Вось чаму мястэчка з назвай Мядзель знаходзіцца на возеры Мястра, а не на возеры Мядзель.
    Ад ранейшага мястэчка засталіся толькі руіны.
    Яшчэ кажуць у народзе, быццам на адным з мядзельскіх астравоў, які дагэтуль называецца Замкавым, быў у сярэднія вякі старадаўні замак. Яго разбурылі ў пачатку XVII стагоддзя шведы, а ўладарка замка нібыта кінулася ў ваду і ўтапілася. У 1910 годзе памешчык Казёл пабудаваў на месцы замка дом і царкву, якія былі разбураны ў час вайны 1914—1918 гадоў.
    Мне прыгадалася ўсё гэта, калі я глядзеў з касы на супрацьлеглы бераг.
    Аднак час ужо і дахаты. Трэба спяшацца, каб паспець дабрацца да цямна.
    Я вярнуўся з узвышша на пясчаны бераг, выцягнуў байдарку з кустоў, спусціў яе на ваду і паплыў.
    Нарач нібы засынала.
    Ледзь прыкметна, пяшчотна краналася бартоў байдаркі вада — яна здавалася масленая. Возера было такое ціхае і безмяцежнае, быццам яго спакойную гладзь ніколі не хвалявалі суровыя вятры, буры і навальніцы. Агніста-мядзяны заход сонца шырока расплываўся па яго роўнай і ціхай паверхні.
    Чаек нідзе не было відаць, яны даўно паляцелі на начлег і цяпер спяць на сваіх гняздоўях.
    Прайшло каля гадзіны.
    Возера заставалася па-ранейшаму гладкае і бліскучае, як люстра. Мяккае святло летняга вечара змешвалася паступова з начным змрокам. Толькі на захадзе край неба ўсё яшчэ заставаўся ясны. Сонца, схаваўшыся за даляглядам, залаціла яго сваім цудоўным залаціста-ружовым водбліскам, і возера здавалася ў гэты час асабліва прывабнае, задумлівае і лагоднае.
    Калі я падплыў да пасёлка, над усім вадзяным прасторам Нарачы апусцілася цёмная заслона.
    Возера заснула.
    СІНЯЯ ПТУШКА
    На провадзе электралініі сярод лугавіны, за якой пачынаецца сасняк, сядзіць прыгожая птушка.
    Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. Спіна — карычневая, крылы — цёмна-сінія. Велічынёю яна з галку.
    Я падыходжу бліжэй.
    Сіняя птушка выразна вырысоўваецца на фоне светлага неба.
    Гэта — сіваграк. Яго называюць часам сіваваронкай.
    Маляўнічая афарбоўка сіваграка надае яму незвычайны, нетутэйшы выгляд. Здаецца, што ён прыляцеў сюды як выпадковы госць з далёкіх паўднёвых краін,— так не адпавядае пейзажу наднарачанскіх узгоркаў яркі колер яго апярэння.
    I гэта зусім не дзіўна, бо сіваграк, таксама як і ўдод, івалга, зімародак і залацістая шчурка, ці пчалаед, якія вылучаюцца ў нашых лясах і палях сваім бліскучым убраннем, з’яўляецца далёкім патомкам трапічных птушак.
    Нерухома сядзіць сіваграк на провадзе, выставіўшы наперад моцную, цёмную, крыху загнутую дзюбу. Яго шчыльнае, бліскучае, нібы з металу, апярэнне зіхаціць на сонцы.
    У траве красуюцца чырвоныя галоўкі канюшыны, жоўтыя адуванчыкі, белыя рамонкі, сінее чабор. Над кветкамі пырхаюць матылькі. У небе звініць жаваранак.
    Цярпліва пільнуе сіваграк здабычу, каб кінуцца раптам з вышыні свайго назіральнага пункта і схапіць у траве коніка, саранчу ці мядзведку.
    У нашых лясах сіваграк жыве адасобленымі парамі, на даволі вялікай адлегласці адна ад другой. Трымаецца ён звычайна там, дзе лес мяжуе з полем. Болын характэрны гэты птах для Украіны, для паўднёвых абласцей, дзе пераважае стэп, але і ў нас ён сустракаецца нярэдка.
    Жыву я недалёка ад таго месца, дзе першы раз убачыў сіваграка.
    Невялікую нашу хатку абступіў з усіх бакоў стары лес.
    Перад вокнамі высяцца сосны.
    Вось ужо некалькі разоў будзіць мяне на світанні нейкі рэзкі, адрывісты і хрыплы крык, якога я раней 226
    ніколі не чуў. Мне здавалася, што гэта крычыць вялізны птах.
    Кожны раз я ўставаў і выходзіў з дому, каб дазнацца, каму належыць такі моцны голас, але варта было мне адчыніць дзверы, як крык адразу змаўкаў і я нікога не бачыў.
    Праз некалькі дзён незнаёмы крык, на гэты раз асабліва гучны, пачуўся каля самага дома. Ён напоўніў сабою ўвесь пакой.
    — Рэк... рэк... рэк... рэк...— гучала ў лясным паветры, парушаючы ранішнюю цішыню.
    Я высунуўся ў акно.
    Крык часова спыніўся, потым пачуўся з новаю сілай. У тую ж хвіліну з бліжэйшай ад дома сасны пераляцела на далёкую яліну блакітна-сіняя птушка.
    Вось яно што! Ды гэта ж сіваграк! Можа, той самы, якога я бачыў на провадзе. Гэта ён крычыць так моцна! I адкуль толькі бярэцца ў параўнальна невялікай птушкі такі рэзкі голас?
    Крыкнуўшы яшчэ раз, сіваграк узняўся ў паветра. Ён кружыў высока ў небе, а потым, робячы складаныя піруэты, кідаўся штопарам уніз. Ён нібы купаўся ў ясным прасторы.
    3-пад кроны высокай сасны вылецеў насустрач яму другі сіваграк і далучыўся да паветраных практыкаванняў.
    Абедзве птушкі пачалі ганяцца адна за адной, куляючыся ў паветры. Яны знікалі часам у зеляніне дрэў і выляталі зноў на адкрытую пляцоўку перад домам.
    Цяпер можна было заўважыць, што сіне-зялёныя крылы птушкі маюць знізу яшчэ і белы колер.
    3 цікавасцю сачыў я за гульнямі сівагракаў.
    3 гэтага дня я вырашыў больш уважліва прыглядацца да іх палётаў. Мне хацелася даведацца, дзе выводзяць яны сваіх птушанят.
    Знайсці гняздо сіваграка нялёгка.
    Сіняя птушка — вельмі асцярожная. Яна гадуе сваіх дзяцей у глухіх і маладаступных месцах і паводзіць сябе так, каб нікому не знайсці яе дом.