Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— У гняздзе я заўважыў пер’е чыжа і дразда,— паведаміў мне Лёня. — Дзіўная рэч! Відаць, сёлета мышэй малавата, вось бацькі і прыносяць сваім сакалянятам, што могуць. Наогул жа гэта з’ява вельмі рэдкая, бо птушкі для пустальгі — корм непрывычны.
На біялагічнай станцыі сакаляня жыве ў драўлянай скрынцы, пастаўленай пад кустом бэзу. Яно ўсё яшчэ пакрыта белым пухам, нібы ватай. Толькі на хвасце і на крылах расце пер’е бура-пясчанага колеру.
Вочы ў сакаляняці чорныя, злосныя. Загнутая ўніз дзюба жоўтая, а на канцы чорная. Ногі ў яго таксама жоўтыя, з вострымі чорнымі кіпцюрамі.
Калі я схіляюся над ім, сакаляня раскрывае дзюбу.
— Пад языком у яго знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў,— гаворыць Лёня.
Выраз вачэй у сакаляняці непрыемны, нібы ў старога скнары. Я гляджу на яго і смяюся: вельмі ўжо яно нагадвае нейкага банкіра, ліхвяра з карыкатурнага плаката — і лысая галава з рэдкім белым пухам, і худая маршчыністая шыя, і дзюба, падобная на кручкаваты нос,— усё, як у знаёмых шаржыраваных вобразаў фінансавых драпежнікаў капіталістычнага свету. Хіба толькі традыцыйнага чорнага цыліндра не хапае для поўнага ўражання.
Калі я працягваю руку, сакаляня кладзецца на спіну і выстаўляе свае вострыя кіпцюры.
— Гэта самае большае з іх і самае спрытнае,— гаворыць Лёня.
Ён корміць сакаляня мяснымі адкідамі са студэнцкай сталовай.
— Што вы з ім будзеце рабіць? — пытаюся я.
— Вазьму з сабою ў Мінск і аддам на станцыю юных натуралістаў,— гаворыць Лёня.— Я ім даўно абяцаў дастаць пустальгу. Будзе там гадавацца ў вальеры і служыць для вучняў жывым наглядным дапаможнікам. Няхай ведаюць, як выглядае гэтая карысная і патрэбная птушка.
Але план Лёні, як я потым даведаўся, быў здзейснены далёка не поўнасцю.
Вярнуўшыся праз некалькі дзён у Мінск, Лёня разам з іншымі студэнтамі паехаў на цаліну ў Казахстан. Сакаляня ён аддаў свайму прыяцелю, які таксама любіў птушак і цікавіўся імі.
Прыяцель Лёні жыў у маленькім доміку на двары Акадэміі навук. Ён змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты і карміў яго мышамі, жабамі і кавалкамі мяса.
Неўзабаве сакаляня падрасло, пакрылася пер’ем і з брыдкага, няўклюднага птушаняці ператварылася ў прыгожага і зграбнага маладога сокала-пустальгу, з такой жа спінай пясчанага колеру і цёмнай паласой на хвасце, якія былі ў яго маці. Рухі яго зрабіліся спрытныя, лёгкія. Ён пачаў лятаць і мог ужо сам лавіць здабычу.
Дзверцы клеткі на даху заўсёды былі адчынены. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш далёкія і працяглыя. 3 двара Акадэміі яно часта пералятала ў Батанічны сад.
Аднойчы ў ясную, сонечную раніцу сокал узняўся асабліва высока і знік у блакітным небе. Цэлы дзень не было маладога сокала, але пад вечар ён вярнуўся ў сваю клетку.
Нарэшце сокал аблюбаваў сабе ў якасці сталага назіральнага пункта будынак Інстытута фізкультуры на плошчы Якуба Коласа. Унізе кіпела гарадское жыццё,
звінеў трамвай, гулі машыны, аўтобусы і тралейбусы, ішлі пешаходы, жанчыны спяшаліся на Камароўскі рынак, а на самым верхнім радку светлавой рэкламы над дахам інстытута адзінока сядзела маленькая драпежная птушка і сваім зоркім сакаліным вокам выглядала здабычу. Яна палявала тут на вераб’ёў, а ўвечары вярталася дадому, у сваю клетку на двары Акадэміі. Вераб’і былі для пустальгі непрывычным кормам, але яна знаходзілася ў незвычайных умовах і асабліва перабіраць ёй не выпадала.
Аднаго разу над інстытутам пралятала вялікая чарада галак. 3 хуткасцю маланкі сарваўся сокал з вяршыні будынка і моўчкі дагнаў гаманлівых птушак. Непрыкметна далучыўся ён да чарады, як гэта робяць часам яго родзічы, і паляцеў разам з галкамі за горад.
Гэта было ў канцы ліпеня. Назад ён ужо не вярнуўся. Далейшы яго лёс невядомы.
Можа, ён паляцеў туды, дзе нарадзіўся, на бераг Нарачы. А можа, назаўсёды застаўся жыць у аколіцах Мінска і гаспадарыць цяпер на прыгарадных землях, палюе там на мышэй.
ЛЁС САКАЛЯНЯТ
Сёння ўвесь дзень горача і парна.
Сонца свеціць млява, стомлена, скрозь нейкую бялявую смугу, быццам скрозь кісяю.
Возера выглядае нібы перламутравае, яно сёння надзіва ціхае і нерухомае, а вада ў ім нібы сонная.
Паветра насычана цёплай вільгаццю.
У такі дзень ісці нікуды не хочацца.
Я ляжу пад сасной, недалёка ад хаты, і прыводжу ў парадак свае ранейшыя запісы.
Раптам каля хаты пачуліся шум і мітусня.
Гучаць звонкія і ўзбуджаныя галасы дзяцей. Аб нечым спрачаюцца дарослыя.
Што там такое?
Я ўстаю і падыходжу да ганка.
Туг сабралася група людзей.
У цэнтры ўвагі вусаты лысы дзядзька. У яго каля ног ляжаць на зямлі трое сакалянят. Белы пух пачаў замяняцца ў іх на крылах і на хвасце пер’ем. Сакаляняты бездапаможна раскрываюць дзюбы, паварочваючы галовы на ўсе бакі.
Я пытаюся, у чым справа.
Мне расказваюць, што лысы вусаты дзядзька, які служыць загадчыкам гаспадаркі ў нейкай установе, і малады чалавек, яго сын, знайшлі за рыбгасам гняздо сокала-пустальгі і прынеслі сюды, каб паказаць знаёмым трох сакалянят.
Цяпер абмяркоўваецца пытанне, што з сакалянятамі рабіць далей.
Сярод людзей, якія абступілі птушанят, узніклі «прынцыповыя» разыходжанні. Калі я падышоў, вырашаўся лёс палонных сакалянят.
— Трэба спачатку разабрацца, хто яны такія,— усхвалявана, але няўпэўнена заступалася за іх дзяўчына, якая працавала ў друкарні.
— А чаго тут высвятляць? Знішчыць — і ўсё! I прытым неадкладна! — катэгарычна заявіў вусаты дзядзька. Ён з самага пачатку ўзяў на сябе ролю «абвінаваўцы».
— Чаму? — спытаў я. — 3 якой прычыны?
— Як гэта «чаму»?— павярнуўся да мяне вусаты. — Хіба не бачыце, якія ў іх дзюбы ды лапы з кіпцюрамі? Во!.. Гэта ж драпежнікі! Вось вам і прычына, калі вы самі не разумееце.
Малады чалавек падтрымаў бацьку.
— Чаго тут думаць,— сказаў ён.— Утапіць, і ўсё.
—Правільна,— аўтарытэтна пацвердзіў яшчэ нехта. — Кінуць у возера, каб не было памылкі!
Пакуль вусаты дзядзька выносіў прысуд сакалянятам, малады чалавек пайшоў у хату і неўзабаве вярнуўся з маленькім чамаданчыкам у руках. Ён хуценька адчыніў чамаданчык, каб пакласці туды сакалянят і аднесці іх на возера. Яму хацелася самому выканаць бязлітасны прысуд.
— Ну,— сказаў ён, адсоўваючы бліжэйшых гледачоў,— паглядзелі ■— і досыць.
Прыйшлося мне выступіць у абарону бедных птушанят, якім пагражала хуткая і немінучая пагібель. Я расказаў прысутным пра тую вялікую карысць, якую прыносіць сокал-пустальга, і ўгаварыў не чапаць сакалянят, пакінуць іх у спакоі.
Болыпасць прысутных мяне падтрымала. Людзі паступова разышліся, дзеці пабеглі гуляць.
Толькі вусаты дзядзька і яго сынок засталіся вельмі нездаволены. Абодва шкадавалі, што ім не далі ўтапіць птушанят.
На жаль, такія дзядзькі, і вусатыя, і без вусоў, сустракаюцца даволі часта. Сярод многіх людзей яшчэ можна пачуць няправільную думку, быццам усе драпежныя птушкі — шкодныя, і таму нібыта іх трэба знішчаць без разбору.
Гэта — вялікая памылка, бо ў сапраўднасці амаль усе драпежныя птушкі — карысныя.
Перш за ўсё гэта неабходна сказаць пра канюка і пустальгу, якія кормяцца галоўным чынам мышамі і шкоднымі насякомымі. Там, дзе шмат канюкоў і пустальгоў, значна павышаецца ўраджай збожжавых культур.
Шкоднымі з драпежных птушак можна лічыць з упэўненасцю толькі ястраба-перапёлачніка і цецярушніка, сокала-сапсана ды балотнага луня, бо яны знішчаюць розных каштоўных і карысных птушак. Але нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды.
Я падрабязна растлумачыў гэта вусатаму дзядзьку, але ён усё роўна нешта бурчаў наконт нікому не патрэбнай жаласлівасці, а малады чалавек пазіраў на мяне скоса і хмурыўся. Тады я перастаў звяртаць на іх увагу.
Гэта было пад вечар, і сакаляняты засталіся ў нас начаваць. Яны з прагнасцю паелі парэзанае на кавалкі мяса, што прынеслі ім са сталовай. Хлапчукі далі ім дробных рыбак, злоўленых у возеры. Сакаляняты з’елі і рыбак, з’елі нават некалькі кавалкаў сыру. Корм яны бралі з зямлі, прагна выхоплівалі адно ў аднаго.
На другі дзень раніцою сакалянят занеслі на тое месца, адкуль яны былі ўзяты, і паклалі ў гняздо, над якім усё яшчэ з трывожным крыкам ляталі іх бацькі.
«ДЗІКАЕ МЕСЦА»
Пасля гутаркі з Лёнем я вырашыў наведаць і чапляў на іх гняздоўі. Для гэтага мне трэба было пераплыць Нарач і высадзіцца на паўднёвым беразе.
Там, у балоцістай мясцовасці, дзе з возера выцякае рэчка Нарачанка, і знаходзіцца іх калонія.
У канцы чэрвеня птушаняты чаплі пакідаюць гнёзды і пачынаюць лятаць. Самы час ехаць, a то будзе позна, бо чаплі пакінуць гняздоўе.
Але як туды дабрацца?
Ад нашага берага да супрацьлеглага больш за дванаццаць кіламетраў.
На лёгкай, але няўстойлівай байдарцы туды, цераз усё возера, з яго высокімі хвалямі на сярэдзіне, не даплывеш.
Я звярнуўся на біялагічную станцыю.
Група з пяці студэнтаў на чале са сваім навуковым кіраўніком павінна была наведаць для вучэбнай практы240
кі рыбаразводныя сажалкі, якія знаходзяцца недалёка ад гняздоўя чапляў.
Мне далі дазвол паехаць разам з практыкантамі на катэры. Паездка была прызначана на заўтра.
Раніцою, дакладна ў вызначаны час, я быў на станцыі.
Пасля пагрузкі прыбораў і рознага навуковага абсталявання мы пераправіліся на лодцы да катэра.
Сонца свеціць ярка, але дзьме заходні вецер, і па сіняй вадзе возера ходзяць белыя хвалі, а па сінім небе бягуць такія ж белыя воблакі.
У дзевяць гадзін катэр адчаліў.
На ім даволі ўтульна. У каюце прыгожыя бліскучыя лаўкі ўздоўж сцен, зручны столік, прышрубаваны да падлогі, блакітныя фіранкі на круглых ілюмінатарах. Усё новае, усё аж зіхаціць. Станцыя набыла гэты катэр толькі сёлета.
Я выходжу на палубу.
Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большыя, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары.
Гайданка павялічваецца, але катэрок, хоць яго і моцна кідае на хвалях, настойліва імчыцца наперад.
Праз дзве гадзіны мы набліжаемся да паўднёвага берага.
He даплываючы метраў васемсот, катэр спыніўся. Далей ён не можа плыць, бо тут занадта мелка.
На лодцы мы перапраўляемся з катэра на нізкую пясчаную водмель. Ад самага берага пачынаецца шырокае балота.
Каля возера балота падзелена на вялікія правільныя чатырохкутнікі, якія густа зараслі асакой.