Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Лёня скончыў свой расказ пра леляка і зірнуў на гадзіннік. У гэты час да нас падышоў другі студэнт і паклікаў майго субяседніка на заняткі. Лёня развітаўся і заспяшаў разам са сваім сябрам, а я накіраваўся ў цэнтральны будынак станцыі, дзе знаходзіўся музей.
САРОКА
На прыступках ганка да мяне падскочыла маладая сарока і шырока разявіла дзюбу.
Я нахіліўся і пагладзіў яе па спіне. Сарока не пярэчыла. Калі ж я хацеў узяць яе ў рукі, сарока спрытна адскочыла ўбок.
3 дзвярэй выйшла студэнтка са слоікам у руцэ.
— Піка, Піка,— паклікала дзяўчына, і сарока адразу ўскочыла ёй на плячо.
Студэнтка паклала птушцы ў дзюбу пінцэтам нейкага чарвяка.
Сарока праглынула яго і адразу зноў шырока разявіла рот.
— Ах ты, ненасытная,— засмяялася дзяўчына і дала птушцы яшчэ аднаго чарвяка.
Я з цікавасцю сачу за гэтай сцэнкай.
— Яна зусім свойская,— звярнулася да мяне студэнтка,— і падскаквае да кожнага чалавека, знаёмага ці незнаёмага, патрабуючы есці. Мы назвалі яе Піка, бо палатыні гэта і ёсць сарока.
Сарока праводзіць увесь дзень на ганку. Спіць яна на спінцы лаўкі ці на кусце бэзу. На вокнах яна ловіць мух. Лятаць сарока яшчэ не ўмее, толькі перапырхвае з лаўкі на куст і з куста на лаўку...
Кожны раз, калі я прыходзіў на станцыю, сарока сустракала мяне на прыступках, патрабуючы выкупу. Я заўсёды даваў ёй то хлеба, то кавалачак сыру.
Прайшло некалькі дзён.
Сарока пачала адлятаць усё далей і далей ад станцыі.
Неяк я ўбачыў яе на плоце каля вёскі Урлікі. Я падышоў і пагладзіў яе, як звычайна, па спіне. Убачыўшы, што ў мяне з сабою нічога няма, сарока пераляцела на дрэва.
У другой палове ліпеня студэнты раз’ехаліся. На станцыі стала ціха і бязлюдна. Сарока за гэты час навучылавя лятаць і самастойна знаходзіла сабе корм. Яна адлятала цяпер ад станцыі, якую лічыла сваім домам, на досвітку і вярталася на ганак толькі позна вечарам. Начавала яна па-ранейшаму заўсёды на лаўцы ганка ці на суседнім кусце бэзу.
Пад канец месяца яна зусім перастала наведваць станцыю і хутка адвыкла ад яе, але людзей, як і раней, не баялася.
Вяртаючыся з лесу за Урлікамі, я неяк зноў сустрэў знаёмую сароку на беразе возера. Яна зляцела раптам з сасны і апусцілася перада мною на сцежку, нібы перагарадзіўшы дарогу і патрабуючы выкупу за праход.
Калі я працягнуў да яе руку, яна адскочыла ўбок, але не адляцела. Я пашкадаваў, што не ўзяў з сабою хлеба і нічым не мог яе пачаставаць.
Пераканаўшыся, што ў мяне нічога для яе няма, сарока адышлася ўбок і, не звяртаючы на мяне ўвагі, пачала нешта дзяўбці на сцежцы.
Нейкі час я падазраваў сароку ў тым, што яна з’ядае на досвітку кавалкі хлеба, якія я пакідаў на сасне перад хатай для вавёркі, маёй рыжай госцейкі, але потым пераканаўся, што падазрэнні не маюць падставы.
Пасля ад’езду студэнтаў сарока ўсё часцей пачала бываць у вёсцы, дзе кармілася каля дачнікаў.
Перад сваім ад’ездам з Нарачы я апошні раз убачыў сароку на падаконніку расчыненага акна адной з хат у вёсцы Урлікі.
Выхаванка біялагічнай станцыі сядзела на акне і пазірала на вуліцу.
Да акна падышла пажылая жанчына і пакарміла сароку з рукі.
— Яна прылятае да нас па некалькі разоў на дзень,— сказала жанчына,— Заляціць часам праз акно ў хату і сядзе на шафу. Корм бярэ ахвотна, але ў рукі не даец-
ца. Як і ўсе сарокі, яна вялікая зладзейка і шкодніца. Украла ў мяне нядаўна ведаеце што? Маток чырвоных нітак,— смеючыся закончыла гаспадыня.
Сарока пераляцела тым часам з падаконніка на шафу і пазірала адтуль сваім хітрым бліскучым вокам так, быццам разумела, што гутарка ідзе пра яе.
— Зусім свойская,— заўважыла жанчына.— Праз некалькі дзён мы вернемся ў горад. He ведаю, што яна будзе рабіць? Раней трымалася каля студэнтаў, цяпер каля нас. Хто ж яе потым будзе карміць?
— Нічога,— сказаў я.— За сароку можаце не турбавацца. Адвыкне ад людзей, адвыкне і ад пачастункаў, ад лёгкага, дармовага хлеба. Будзе жыць, як і ўсе сарокі жывуць. А яны, як і сёстры іхнія, вароны, ядуць усё, што могуць знайсці ці здабыць. He прападзе.
САРАКУШ
Над возерам, на плоскай і роўнай вяршыні ўзгорка, густа расце шыпшына. Крыху далей — кусты глогу і некалькі высокіх акацый.
Я падыходжу да зараснікаў. Як цудоўна пахнуць кветкі дзікай ружы! Які прыемны куток!
Але што гэта?
На калючку наколаты майскі жук. Востры шып працінае яго наскрозь. Крыху далей гэтак жа праткнуты жук-караед, за ім — буйны конік.
А вось і зялёны рагаты вусень. Ён яшчэ курчыцца і звіваецца, працяты бязлітаснай іголкай.
На суседнім глогу тое самае. На вялікі шып насаджана палёўка, а галавы ў яе няма.
I гэта ў такім паэтычным месцы, побач з прыгожымі кветкамі шыпшыны!
Хто ж гэта мог зрабіць? Каму гэта спатрэбілася? Навошта такая жорсткасць?
Я аглядаюся навакол.
А, вось ён дзе, разбойнік!
Спакойна сядзіць злачынца на акацыі. У яго прысадзістае моцнае тулава. Галава і шыя шэрыя, лоб і шчокі чорныя, спіна і плечы карычневыя, горла, грудка і брушка белыя, крылы і хвост чорна-бурыя. Велічынёю ён большы за вераб’я, але меншы за шпака.
Гэта — саракуш, ці, як яго яшчэ называюць, жулан.
Тут, на шыпшыне і глогу, ён захоўвае свае харчовыя запасы. Гэта яго кладоўкі.
Сёння, відаць, было многа здабычы, усяго з’есці саракуш не здолеў, вось і накалоў на шыпы. Няхай падсушыцца і праветрыцца. Вечарам ці заўтра ўранку ён з’есць гэтыя запасы разам са сваёй сяброўкай ці скорміць сваім птушанятам.
Мабыць, і гняздо недзе тут, бо саракуш любіць жыць у густых і калючых зарасніках, а нарыхтоўкі свае робіць заўсёды недалёка ад гнязда.
Я сеў на камень і сачу за саракушам.
Заняўшы назіральны пункт на самай вершаліне акацыі, саракуш доўга сядзіць, паторгваючы хвастом, і аглядае мясцовасць, паварочвае галаву то ў адзін, то ў другі бок.
Праходзіць некалькі хвілін.
Раптам ён скокнуў уніз на кучу ссечанага нядаўна сучча сасны, злавіў і з’еў караеда. Пасля гэтага патачыў дзюбу з абодвух бакоў аб сучок, на якім сядзеў, натапырыўся, страсянуўся, пачысціў дзюбай пер’е. Праз хвіліну ён паляцеў спачатку нізка над зямлёй, а потым рэзка ўзняўся і з разгону сеў на самую верхнюю галіну акацыі, на тое самае месца, дзе сядзеў, калі я яго заўважыў.
Недзе зусім блізка пачулася стракатанне сарокі:
— Чы-чы-чы-чы-чы-чы...
Я міжвольна азірнуўся, але сарокі не ўбачыў. Стракатаннё паўтарылася, яшчэ больш рэзкае, частае, узбуджанае.
Нікога навокал не было. Толькі на сучку белай акацыі сядзеў па-ранейшаму саракуш.
Стракатаў, як сарока, ён.
Я ўспомніў: шмат якія пеўчыя птушкі пераймаюць гукі, што чуюць ад іншых птушак. Гэта ўласціва і жулану. У яго спеве можна пачуць і стракатанне сарокі, і цвырыканне вераб’я, і шчабятанне ластаўкі, і меладычны свіст івалгі, і хрыплае карканне вароны, і яшчэ нейкія, зусім не знаёмыя гукі, якіх у нашых лясах, палях і садах ні ад каго і не пачуеш.
Адкуль у жулана такія дзіўныя і незвычайныя трэлі? Яны не падобны на спеў ні адной з нашых птушак.
Магчыма, саракуш запазычыў гэтыя гукі ў час сваіх зімовых падарожжаў па лясах далёкай і спякотнай Афрыкі ад невядомай трапічнай птушкі ў яркім, каляровым убранні. А можа, ён пераняў іх ад свайго бацькі ці ад жуланаў-суседзяў.
Саракуш хоць і пеўчая птушка, але звычкамі і паводзінамі сваімі нагадвае драпежніка. Дзюба ў яго, загнутая ўніз, як кручок, падобна на дзюбу драпежных птушак. Яна прыстасавана для таго, каб разрываць здабычу.
Жулан знішчае конікаў, хрушчоў, караедаў і іншых буйных насякомых, ловіць мышэй, яшчарак і малых птушанят. Лішнюю здабычу саракуш наколвае не толькі на шыпы цярністых раслін, але нават і на калючы дрот.
Пасля першай сустрэчы я часта прыходзіў сюды на працягу ўсяго лета, каб паглядзець на жулана і яго сям’ю.
Гняздо ў яго было сплецена невысока над зямлёю, у самай гушчы кустоў глогу, а суседняя акацыя служыла яму вартаўнічай вежай.
У канцы жніўня я ўбачыў на ўзгорку каля акацыі ўсё сямейства жулана. Іх было чацвёра — бацькі і двое малых.
Птушаняты, якія толькі што пакінулі гняздо, былі мала меншыя за дарослага саракуша. Яны перапырхвалі з галінкі на галінку, з куста на куст. Каля дзюбы ў іх яшчэ была жаўцізна. Афарбоўка ў малых не такая яркая, як у бацькоў, але зверху выразна пераважае карычневы колер, а знізу — шэры. Хвост у іх яшчэ караткаваты.
Я падышоў да маладых саракушаў бліжэй.
Яны даверлівыя, падпускаюць блізка да сябе, не адлятаюць і глядзяць на мяне, не выказваючы страху.
Бацькі кружацца ў паветры і трывожна крычаць:
— Чэк... чэк... чэк...
Пасля таго як птушаняты навучыліся лятаць і самастойна здабываць корм, саракушы пачалі трымацца паасобку. Цяпер кожны з іх жыў сам па сабе. Яны не збіраюцца ў чароды і гэтым таксама нагадваюць драпежных птушак.
У пачатку верасня саракушы зніклі з берагоў Нарачы. Яны паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца сюды ў сярэдзіне мая.
За саракушам я назіраў на тым жа самым месцы і ў наступным годзе. Ён трымаўся па-ранейшаму ля той жа акацыі, пільнуючыся свайго ўчастка з кустамі шыпшыны і глогу на вяршыні ўзгорка над возерам.
ЧОРНЫ ДЗЯЦЕЛ
У лясах каля Нарачы многа дзятлаў.
Я часта бачу тут і малога пярэстага, і вялікага пярэстага дзятла, і палахлівага чорнага дзятла — жаўну, якая трымаецца ў лясным гушчары і не любіць паказвацца чалавеку на вочы.
У лесе за Купаю, на ўзвышшы каля самага возера, на кожным кроку відаць сляды дзейнасці дзятлаў.
Вось на адной з сосен уваткнута ў шчыліну між кары вылушчаная сасновая шышка. Недалёка ад яе, у развілцы паміж ствалом і суком, другая шышка. На зямлі пад соснамі ляжыць цэлая куча такіх вылушчаных і растрыбушаных шышак.
Гэта — работа дзятла.
Толькі я падышоў да гэтага месца, як недалёка ад мяне пачулася лёгкае пастукванне.
Я павярнуў асцярожна галаву, стараючыся не варушыцца, і зірнуў у той бок, адкуль пачуўся гук.
Крыху вышэй аднаго метра ад зямлі вялікі пярэсты дзяцел дзяўбаў шышку, заціснутую ў шчыліне ў ствале маладой сасны. Адкідваючы галаву назад і ўчапіўшыся кіпцюрамі ў кару, ён з размаху, метадычна стукаў дзюбай па шышцы, вылушчваючы з яе насенне. Скончыўшы «апрацоўку» шышкі, дзяцел пачаў падымацца па ствале, рухаючыся вакол яго па спіралі.
Калі ён адляцеў з рэзкім і энергічным «кік-кік», скінуўшы мне на памяць сваё цёмнае з зеленаватым адценнем і белай авальнай плямай на канцы пяро, я падышоў да сасны і агледзеў яго «рабочае месца».