Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Удод больш характэрны для стэпу, але, як я мог цяпер і сам пераканацца, птушка гэтая жыве і ў лясах каля берагоў Нарачы.
Гняздзяцца ўдоды ў дуплах дрэў. На зіму яны адлятаюць ад нас у Індыю і Афрыку, адкуль вяртаюцца на радзіму ранняй вясной.
На другі дзень я зноў, таксама пад вечар, пайшоў на паляну.
На гэты раз тут было пяць удодаў. Палахлівыя і недаверлівыя, яны, як і ўчора, блізка да сябе не падпускалі.
Калі я набліжаўся, яны адляталі ўбок і перапырхвалі з сасны на сасну, спрытна маскіруючыся. Жоўтае апярэнне рабіла іх непрыкметнымі на фоне сасновых ствалоў і сучча.
КАРОВЫ I ЗАЯЦ
I на трэці дзень я пайшоў на паляну, дзе бачыў учора і пазаўчора ўдодаў. Але сёння тут гэтых птушак не было.
На паляне пасвіліся каровы. Яны павольна пасоўваліся між кустоў ядлоўцу і рэдкімі малымі сасонкамі, падоўгу затрымліваючыся то на адным, то на другім месцы. У ціхім паветры было чуваць, як хрумстаюць рагулі траву.
Я пайшоў наўпрост цераз паляну.
Прама перада мною каля маладой сасны, падобнай на куст, ляніва абмахваючыся хвастом, скубла траву чорная карова з белымі плямамі.
Я хацеў абмінуць яе, але ў гэты момант заўважыў пад сасною, амаль каля самай пысы каровы, нешта жывое, шаравата-бурае. Я спыніўся і пачаў углядацца ў гэтае «нешта».
Мой позірк сустрэўся з нечымі вачыма. 3 хвіліну гэтыя вочы, ясныя, карычневыя, глядзелі на мяне ва ўпор.
Яны быццам застылі, быццам не маглі ад мяне адарвацца. Я бачыў іх з-за рагоў каровы і не варушыўся.
Карова тым часам адсунулася крыху ўбок.
He паспеў я нахіліцца, каб паглядзець, каму належаць гэтыя вочы, як з-пад сасны раптам выскачыў заяц.
Стралою праляцеў ён пад нагамі ў каровы, зрабіў некалькі вялікіх скачкоў, перасёк паляну і знік у лесе.
Карову раптоўнае з’яўленне зайца ніколькі не напалохала. Яна толькі шумна ўздыхнула і зноў спакойна пачала скубці траву каля маладой сасны.
Заяц, як вядома, не мае ўласнага логава. Ён спіць, нібы беспрытульны бадзяга, дзе давядзецца. I спіць вельмі чуйна, не заплюшчваючы вачэй. Нездарма гавораць пра чалавека, у якога лёгкі, чуткі сон: «Спіць як заяц».
Але ж чаму ён спаў гэтак бестурботна сярод кароў? I чаму каровы так спакойна хадзілі каля самага зайца?
Вельмі проста.
Заяц — не воўк. Каровы яго не баяцца. I заяц кароў таксама не баіцца. Ён ведае, што каровы яго не з’ядуць, што між рагатых жывёл ён у поўнай бяспецы. Тут да яго ніхто не падбярэцца і не схопіць — ні ліса, ні воўк, бо каровы не падпусцяць драпежніка.
Вось чаму заяц і спаў так бесклапотна, а каровы хадзілі вакол яго і скублі сабе мірна траву, не звяртаючы на шарака ніякай увагі.
Іншая справа — чалавек. Яго зайцу трэба баяцца, хаця ён і ў людзях разбіраецца. Заяц добра ведае, што чалавек без стрэльбы не такі небяспечны, як са стрэльбай.
Калі я падышоў да сасны, заяц сядзеў ціха, спадзеючыся, што яго не заўважу. Калі ж карова адышлася, заяц спахапіўся і ўцёк.
ГАДЗЮКА, ЖАБА 1 ВОЖЫК
Сёння — спякотны, па-сапраўднаму летні дзень. 3 самага рання горача свеціць сонца.
Возера іскрыцца і зіхаціць, нібы нейкі вялізны каштоўны камень з незлічонымі дробнымі гранямі на паверхні. У цёмна-зялёнай аправе лясоў яно нібы ўсміхаецца бліскучай, асляпляльнай усмешкаю.
Пад канец дня я пайшоў па вузкай сцежцы ў лес.
Тут таксама спякотна і душна.
У нагрэтым сонцам паветры несціхана звініць і гудзе рознагалосы хор насякомых.
У такі дзень увесь бязмежны свет найдрабнейшых жыхароў лесу жыве асабліва кіпучым і дзейсным жыццём. Усюды актыўны рух, барацьба, пагоня за здабычай, напад і абарона, радасць існавання.
Па ўсіх напрамках пырхаюць, нібы крылатыя кветкі, рознакаляровыя матылі, звіняць і «таўкуць мак» камары, басавіта гудуць чмялі, пчолы, мухі. Высока лятаюць вялікія блакітна-зялёныя стракозы.
На адным з паваротаў я спыніўся.
Перад маімі вачамі разгортваўся адзін з эпізодаў жыцця ляснога «малога свету».
Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. Змяя разагрэлася на сонцы і была поўная сілы і энергіі. Яна рухалася па зямлі спрытна і імкліва.
Ратуючы сваё жыццё, жаба ўцякала з апошніх сіл, робячы вялікія скачкі. Але гадзюка ўсюды паспявала за ёю. Яна слізгала па сцежцы шпаркімі, звілістымі рухамі. Яна праследавала жабу настойліва, як сама немінучасць, як непазбежная смерць.
Я не захацеў умешвацца.
Няхай падзеі развіваюцца сваім натуральным парадкам.
Мне было цікава паглядзець на паляўнічыя прыёмы гадзюкі, і я моўчкі стаяў на месцы, абапіраючыся на свой кій з ядлоўцу, і не варушыўся. Я ведаў, што змеі бачаць толькі з блізкай адлегласці. Апрача таго, гадзюка была захоплена паляваннем.
Нарэшце сілы пакінулі жабу.
Яна застагнала і залезла пад тоўстую сасновую галіну, што ляжала ўпоперак сцежкі.
У той жа момант змяя апынулася каля жабы. Шпаркі, як маланка, выпад галавой уперад — і жаба перастала рухацца, паралізаваная змяіным ядам.
Гадзюка падпаўзла да яе з другога боку, схапіла жабу за галаву і пачала выцягваць сваю здабычу з-пад галіны. Спачатку ёй гэта не ўдавалася. Звілістымі рухамі змяя падавалася назад, але жаба моцна засела пад галінай.
Нарэшце, рэзкім рыўком гадзюка выцягнула жабу і тут жа пачала глынаць яе з галавы. Хвіліна, другая, і жаба, якая была ў некалькі разоў большая за галаву гадзюкі, знікла ў разяўленай да пачварных памераў пашчы змяі. Проста дзіўна, як шырока можа расцягваць свой рот змяя, якія эластычныя і рухомыя ў яе сківіцы.
Рухі змяі зрабіліся вялыя і павольныя. Ад сытасці яна ледзь варушылася, і цяпер адзінае яе жаданне было адпаўзці куды-небудзь у зацішны куток і заснуць.
Я падышоў бліжэй.
Гадзюка заўважыла мяне і на імгненне застыла ў нерашучасці. Потым пасунулася, адступаючы назад. Зноў спынілася, прыўзняўшы галаву і паглядаючы на мяне сваімі бязлітаснымі, халоднымі жоўтымі і нібыта соннымі вачыма.
Я не рухаўся.
Тады змяя павярнулася і папаўзла прэч. Яшчэ хвіліна, і яна знікла б з маіх вачэй. Але ў той жа момант нешта зашамацела ў сухой траве і на сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і
шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. Мордачка яго была апушчана да зямлі.
He звяртаючы на мяне ўвагі, вожык падбег лёгкім трушком да гадзюкі і адразу, з ходу, ухапіў яе за хвост.
Вядома, што вожык лічыць сваёй здабычай усё, што рухаецца і што ён можа злавіць, перамагчы і з’есці, пачынаючы ад жукоў, вусеняў і слімакоў і канчаючы мышамі, жабамі і змеямі. Гадзюк ён не баіцца і заўзята распраўляецца з імі, бо змяіны яд дзейнічае на яго слаба.
Гадзюка засіпела і кінулася на вожыка. Яе раздвоены язычок высунуўся з рота і затрапятаўся. Вожык засоп і скруціўся ў калючы клубок.
Наткнуўшыся на вострыя іголкі, змяя адразу змяніла напрамак. Тады вожык выпрастаўся і пабег побач з ёю. Пры гэтым ён пыхкаў і фукаў, як маленькі паравоз.
Раптам вожык схапіў гадзюку каля галавы. Гадзюка пачала звівацца, але вожык яе не выпускаў. Сваімі вострымі зубкамі калючы звярок адгрыз ёй галаву.
Маленькая трагедыя ў двух акгах, якая так нечакана разыгралася на маіх вачах, скончылася.
Вакол панавалі ўрачыстая цішыня і спакой.
На змену цудоўнаму летняму дню, з яго кіпучай мітуснёй, яркім святлом і фарбамі, непрыкметна надышоў мяккі, ясны і цёплы вечар. Залаты дыск сонца на ружовым небе схаваўся за цёмнай сцяною лесу
Калі я вярнуўся дамоў, было ўжо зусім цёмна.
На зямлі, сярод травы і кустоў, запаліліся бледна-зеленаватыя, казачныя ліхтарыкі шматлікіх светлячкоў.
НАД АБРЫВАМ
Раніца сёння халаднаватая.
Над зямлёю вісіць туман.
Між галінамі дрэў з’явіліся за ноч шматлікія серабрыстыя ажурна-тонкія цянёты — адна з першых адзнак недалёкай восені. У лесе, на высокіх сцяблінках травы, на папараці, на кустах ядлоўцу, усё зацягнута белымі ад расінак ветразямі павуціння, усюды зіхацяць яго бліскучыя карункі.
На возеры вада, туман і неба зліліся ў адну суцэльную бледна-шэрую заслону.
А дванаццатай гадзіне неба нарэшце праяснілася, выглянула нясмела сонца, у паветры пацяплела, і я паплыў на байдарцы да кручы за рыбгасам, туды, дзе высокі лясісты бераг абрываецца стромкай сцяною ў возера.
На возеры ціха і цёпла. Сонца свеціць скрозь шараватую імглу. Сцяблы чароту шаргаюць аб алюмініевыя барты байдаркі. На вадзе цьмяная серабрыстая рабізна.
Вось і абрыў.
Я прычаліў да пясчанага берага.
У гліністай чырвона-жоўтай сцяне абрыву чарнеюць адтуліны многіх дзесяткаў пячор-гнёздаў берагавых ластавак.
Гэта — сапраўдны пячорны гарадок.
Некаторыя з пячорак вельмі глыбокія. Я сунуў кій у адну з іх. Калідор цягнецца ад увахода ўглыб больш як на метр.
Такія глыбокія хады і пячоры выкопваюць у глінянай сцяне абрыву сваімі маленькімі дзюбкамі і лапкамі гэтыя мілыя, прывабныя птушкі.
Адтуліны часам размешчаны амаль роўнымі радамі, як паверхі нейкага будынка. Усе яны знаходзяцца ў верхняй частцы сцяны абрыву, пад навіслым краем берага. У канцы кожнага калідора — пячорка, у якой самка берагавой ластаўкі выседжвае яйкі і гадуе малых..
Перад некаторымі пячоркамі збоку, каля ўваходнай адтуліны, зроблены невялікія нішы з подсцілкамі з сухой травы. У такіх нішах ластаўкі адпачываюць.
Я падлічыў гнёзды. У трох калоніях, якія знаходзяцца недалёка адна ад адной, іх было сто трыццаць шэсць.
Мне прыгадаліся злепленыя з гліны гнёзды гарадскіх ластавак — варанкоў. Як адрозніваюцца па форме гнёзды ў такіх вельмі блізкіх і падобных адна на адну птушак!
У палёце іх нялёгка распазнаць, а гнёзды і прыёмы будаўніцтва зусім не падобныя!
Як жа адрозніць па выгляду беражанку ад варанка і касаткі?
У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. Грудка і брушка ў беражанкі белыя, а на шыйцы карычняваты каўнерык. Зверху яна ўся цёмна-карычневая.
У гарадской ластаўкі, варанка, хвост такой жа формы, як і ў беражанкі, а грудка, брушка і шыя зусім белыя. Спінка ў варанка бліскуча-чорная, а ззаду, над хвастом, белая.
У вясковай ластаўкі, касаткі, хвост мае форму доўгіх вілачак з вострымі канцамі. Верх у яе бліскучы, сінявата-чорны, а ніз белы, горлачка — іржава-чырвонага колеру.
Касатка — самая прыгожая з нашых ластавак. У яе нават і песенька свая ёсць, шчабятанне з невялікай трэллю, якую можна пачуць у маі. Варанок і беражанка не спяваюць, яны толькі адрывіста шчабечуць, лятаючы.