Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Вось і двор дзядзькі Вінцука. Перад вокнамі хаты густа разрасліся кветкі. Высяцца жоўтыя вяргіні.
Гняздо бусла знаходзіцца на высокай алешыне са зрэзанай вяршалінай. Яно ўпрыгожвае старое дрэва, нібы вялізны шырокі вянок.
Пасярод гнязда стаяць тры маладыя буслы. Іх ужо не адрозніць па выгляду ад дарослых, але гнязда яны яшчэ не пакінулі.
На парозе хаты з’явілася высокая, крыху сутулая постаць дзядзькі Вінцука. Сёння ён ужо не ў ватоўцы. На ім белая вышываная кашуля і чорны пінжак. На галаве новы картуз.
— Дзень добры! Прыйшлі на маіх суседзяў паглядзець? — гаворыць ён, вітаючыся са мною, як са старым знаёмым.— Калі ласка!
Мы селі на лаўку перад хатай. Над намі звісаюць чырвоныя гронкі рабіны.
— Вось якая ў мяне буслянка,— хваліцца дзядзька Вінцук, паглядаючы на гняздо.
Да алешыны падляцеў стары бусел і павольна апусціўся на край гнязда.
— Бачыце, што прынёс? — ажывіўся дзядзька Вінцук.
У чырвонай дзюбе бусла я ўгледзеў даволі вялікую змяю. Бусел кінуў яе ў сярэдзіну гнязда і адразу паляцеў прэч.
Маладыя буслы замітусіліся вакол кінутай ім здабычы. Шпарка апусціліся ўніз дзюбы. Адзін з іх апярэдзіў астатніх. Ён першы схапіў змяю, падкінуў яе ўгору, і ў тую ж хвіліну змяя знікла ў шырока раскрытай дзюбе.
— Буслы не кормяць сваіх малых з дзюбы ў дзюбу, як іншыя птушкі,— сказаў дзядзька Вінцук.— Яны кладуць прынесеную здабычу проста ў гняздо, а бусляняты самі яе падбіраюць.
Тым часам малады бусел адкінуў галаву на спіну і заклекатаў. Далёка па наваколлі разнёсся гэты клёкат, які замяняе маўкліваму буслу голас. Стукаючы верхняй палавінкай дзюбы аб ніжнюю, бусел выказвае такім спосабам усе свае пачуцці.
— Бач, які! — засмяяўся дзядзька Вінцук,— Дзякуе, мабыць, за пачастунак.
Праз некаторы час зноў падляцеў да алешыны дарослы бусел і кінуў яшчэ нешта ў гняздо.
— Калі бусляняты малыя,— тлумачыць гаспадар,— адзін з бацькоў ляціць па здабычу, а другі застаецца пільнаваць, каб ніхто малых не пакрыўдзіў. На шаснаццаты дзень малыя спрабуюць станавіцца на ногі, а на трыццаты — махаць крыламі. Калі бусляняты ўжо стаяць на нагах, бацькі вылятаюць на здабыткі разам. Ім цяпер лягчэй, бо малым ужо не патрэбна ахова. А корму бусляняты патрабуюць з кожным днём усё больш і больш.
Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. Потым заняўся гэтым і другі. Паветра напоўнілася шумам.
— Практыкуюцца,— сказаў дзядзька Вінцук.— Неўзабаве пачнуць лятаць. Спачатку каля гнязда, а потым усё далей і далей.
ПАЛЯЦЕЛІ!
Тыдні праз два я зноў наведаўся ў Варанцы. Буслоў у гняздзе ўжо не было.
— Паляцелі! — сказаў мне дзядзька Вінцук.
Ён стаіць пасярод двара каля вольхі з пустым гняздом, упіраючыся рукою ў ствол дрэва.
— Калі? — пытаюся я.
— Пакінулі мяне суседзі з тыдзень назад,— гаворыць дзядзька, і мне здаецца, што ў голасе ў яго гучаць нібы
ноткі жалю.— Цяпер яны трымаюцца ўсе разам на лугах каля возера, але зрэдку яшчэ прылятаюць сюды. A потым знікнуць раптам зусім і не з’явяцца аж да самай вясны.
Дзядзька Вінцук задумаўся. Ён закурыў, зрабіў зацяжку і сочыць вачыма за шызым дымком, які струменіць у чыстым паветры.
— Раней у нас казалі старыя, што вырай, куды ляцяць птушкі на зіму з усёй зямлі, знаходзіцца дзесьці далёка, за марамі ды за гарамі,— гаворыць ён пасля невялікай паўзы.— Толькі ніхто не ведае дзе. Яшчэ казалі даўней, быццам туды вядзе па небе ясная дарога з зорак, светлых і дробных, нібы мак. Так яна і называецца — Птушыны шлях. Па гэтай дарозе і ляцяць птушкі адусюль у вырай. От, каб даведацца, дзе мае бацянкі зімуюць.
— Зімою буслы жывуць у Афрыцы,— кажу я.
— Блізкі свет! — здзівіўся дзядзька Вінцук.— Адкуль жа гэта вядома? Ці хто за імі прасачыў?
— Пра гэта людзі даведаліся пры дапамозе кальцавання,— расказваю я.— Аднаго бусла, акальцаванага ў Белавежскай пушчы, знайшлі мёртвым у Афрыцы, у Паўднёвай Радэзіі. Адтуль паведамілі пра гэта ў Маскву і прыслалі кальцо, знятае з бусла.
На дзядзьку Вінцука гэта робіць моцнае ўражанне.
— Гэткае падарожжа! Дзе мой двор і дзе тая Афрыка! Праўда, бусел — птах вольны, куды хоча, туды і ляціць. Крылы ў яго дужыя, нялёгкі шлях трэба вытрымаць, і туды, і назад. Гэта ж не жарты!.. Але ж і людзі чаго толькі не выдумаюць.
Стары пастух задаволены і вынікамі кальцавання, якое прыдумалі людзі для вывучэння птушыных пералётаў, і самімі бусламі.
— Аж вунь куды ляцяць! — не можа ён супакоіцца— Нездарма бацькі і дзяды нас вучылі, што вялікі грэх забіваць птушак, калі яны вяртаюцца з выраю. Супроць гэтага і навука, мусіць, не пярэчыць?
— He, дзядзька Вінцук. He пярэчыць. Наадварот, падтрымлівае.
У той жа дзень, вярнуўшыся з Варанцоў, я ўбачыў на лугавіне каля Нарачы пяць буслоў. Сонца схілялася на захад, афарбоўваючы возера залаціста-ружовым водбліскам вячэрняй зары.
Паважна і сур’ёзна, з глыбакадумным выглядам, хадзілі цыбатыя птахі па вільготнай траве. Яны нібыта вывучалі і вымервалі родную зямлю пад нагамі, перш чым яе пакінуць, нібыта рабілі нейкія складаныя, вядомыя толькі ім разлікі.
Гэта былі, відаць, буслы дзядзькі Вінцука. Яны рыхтаваліся да свайго вялікага і далёкага падарожжа.
ДУМКІ ПЕРАД ВЯРТАННЕМ У ГОРАД
Надышоў час развітацца з Нараччу.
Я гляджу ў апошні раз на блакітны прастор возера, на сіняе неба з белымі воблачкамі, на чаек над вадой, на пясчаныя ўзгоркі з высокімі соснамі, на зялёны ядловец, на ліловыя верасы і думаю: як добра, што я сюды прыехаў
Злева на беразе я ўбачыў раптам знаёмую высокую постаць. Да мяне набліжаўся шпаркім, бадзёрым крокам Міхал Роліч.
Стары быў апрануты ў святочны чорны касцюм. Твар у яго ясны, задаволены.
— Адкуль гэта вы? — спытаў я, прывітаўшыся.
— 3 Маладзечна,— весела адказаў рыбак.— Быў у горадзе. Пенсію персанальную мне прызначылі. Раней была звычайная, а цяпер, знаеш, персанальная...
Ён выняў з кішэні і паказаў мне новенькую, толькі што атрыманую пенсіённую кніжку.
Я павіншаваў знатнага рыбака.
— Вы свой адпачынак даўно заслужылі.
— Які там адпачынак! — усміхнуўся Роліч.— Я сядзець склаўшы рукі не магу. Усё роўна рыбацкую справу не пакіну. Толькі, зразумела, рабіць буду па сваёй сіле, не так, як калісьці.
— Куды ж вы ідзяце?
— Дахаты, у Наносы. 3 Маладзечна ехаў да рыбгаса на аўтобусе, а адтуль іду берагам на сваёй пары.
Ён паказаў на ногі ў новых ботах.
— А не цяжка ў іх? Гэта ж далёка ўсё-такі.
— Якое там далёка! Кіламетраў дванаццаць вакол затокі, ды і таго, мусіць, не будзе. Баркас пойдзе толькі заўтра, а я чакаць не хачу. Гадзіны праз дзве буду дома, якраз пад вечар.
Роліч развітаўся і тым жа роўным, бадзёрым крокам рушыў далей уздоўж пясчанага берага.
Я паглядзеў старому ўслед і сказаў сам сабе: «Хацеў бы і я гэтак хадзіць у восемдзесят чатыры гады!»
Думкі мае, перапыненыя сустрэчай з Ролічам, вярнуліся да ранейшага.
Так, вельмі добра, што я сюды прыехаў. Праўда, чаек тут не так многа, як казаў мой знаёмы ў Мінску і як я сам спачатку меркаваў. Затое мне давялося блізка пабачыць не толькі чаек, але і чапляў, і шмат якіх іншых птушак. I, самае галоўнае, я пазнаёміўся тут з цікавымі людзьмі — з нарачанскімі рыбакамі, з іх жыццём і працай, з маладымі практыкантамі на біялагічнай станцыі — будучымі вучонымі арнітолагамі, іхтыёлагамі, гідрабіёлагамі. На берагах Нарачы я набыў новых сяброў.
Хто ў юнацтве не марыў аб вялікіх падарожжах у далёкія і невядомыя краіны, аб бяскрайніх прасторах акіяна, аб незвычайных і небяспечных прыгодах у трапічных джунглях і спякотных пустынях, у дрымучых лясах і сярод снегавых вяршыняў недаступных гор?
Гэта — вельмі добрыя мары. Яны абуджаюць у сэрцы мужнасць і адвагу, высакародныя імкненні да ведаў, да пазнання свету, да барацьбы і подзвігаў.
Тройчы шчаслівы той, хто змог своечасова ажыццявіць гэтыя мары, ператварыць іх у рэальнасць, бо падарожжы, і малыя і вялікія, і па родным краі, і па іншых краінах, назіранні над прыродай, звярамі і птушкамі, збіранне вуснай народнай творчасці пашыраюць наш кругагляд, узбагачаюць новымі разнастайнымі ведамі, новымі незабыўнымі ўражаннямі. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. Падарожжы спрыяюць большаму і лепшаму разуменню жыцця народаў, іх культуры, побыту, нацыянальных асаблівасцей.
Але не кожны можа пераплываць акіян, вандраваць у Андах, наведваць Палінезію, вывучаць Антарктыду. Што рабіць таму, для каго, па тых ці іншых прычынах, далёкія падарожжы немагчымы?
У свой час і я не мог рабіць далёкія падарожжы па заморскіх краінах. Але я не вельмі аб гэтым шкадаваў. Я вандрую па той краіне, дзе жыву, вывучаю яе прыроду, назіраю за жыццём яе звяроў і птушак.
Я ведаю, што прырода маёй краіны зусім не такая звычайная, як гэта некаторым здаецца толькі таму, што яны тут выраслі, што яна ім знаёма з маленства. Часам яны проста вельмі мала яе ведаюць, не ведаюць нават добра тую мясцовасць, дзе самі нарадзіліся і жывуць дзесяткі гадоў.
Справа ў тым, як на прыроду глядзець, якімі вачыма.
Для жыхара берагоў Белага мора, ці Камчаткі, ці Сярэдняй Азіі, ці Паволжжа, ці нават Каўказа блакітныя празрыстыя азёры нашага паўночнага захаду і лясы ў вярхоўях Бярэзіны з іх бабрамі, выдрамі, ласямі і мядзведзямі, наша Палессе з яго паўнаводнымі, спакойнымі рэкамі і балотамі, багатымі на ўсялякіх птушак, Белавежская пушча з яе зубрамі, аленямі і рысямі, прыгожыя краявіды Гродзеншчыны з сінім Нёманам, магутнымі дубровамі і рамантычнымі руінамі замкаў на зялёных узгорках здаюцца такімі ж далёкімі, незвычайнымі і прывабнымі, якімі нам здаюцца бязмежныя прасторы
снежнай Арктыкі, высокія горы суровага Алтая і паэтычнага Каўказа, непраходныя нетры сібірскай тайгі, шырокія стэпы Казахстана і сонечны бераг Крыма з яго вінаграднікамі і цёплымі хвалямі Чорнага мора.
Рабіць нечаканыя адкрыцці, перажываць незвычайныя прыгоды, наглядаць цікавыя з’явы можна ўсюды. Трэба толькі вандраваць з адкрытым сэрцам і адкрытымі вачыма і ўмець бачыць.
Многія з нас вельмі рэдка выкарыстоўваюць свой вольны час для таго, каб быць бліжэй да прыроды, a яна так жыватворна ўплывае на чалавека! Прырода не толькі аднаўляе нашы сілы, але і ачышчае нас ад усяго лішняга, штучнага, непатрэбнага, што засталося ў спадчыну ад мінулага.
Пра ўсё гэта я думаў, калі стаяў у апошні раз на высокім беразе пад стромкімі соснамі. I мне захацелася хутчэй вярнуцца ў горад і напісаць аб тым, што бачыў я і што адчуваў на Нарачы.