Падарожжа па краіне беларусаў
Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
Напалову вытрыбушаная шышка была даволі моцна заціснута ў паглыбленні ствала. Пад ёю ляжала між карэнняў дрэва вялікая горка раней вылушчаных шышак.
Гэта — «сталовая» дзятла, ці, як часцей кажуць, яго «кузня», такая ж, як і дзве другія па суседству, якія я толькі што аглядаў. Усе яны належаць, відаць, аднаму і таму ж дзятлу, бо гэтая птушка любіць адзіноту і не церпіць блізка ад сябе суседзяў
Дзяцел тым часам вярнуўся і цяпер выстукваў над маёй галавою другую высокую сасну, аддзіраючы цэлыя кавалкі кары, якія з шумам падалі ўніз.
Нібы акрабат, лазіць ён па ствале не толькі знізу ўверх, але і вакол ствала, паралельна зямлі. 3 якой
надзвычайнай добрасумленнасцю аглядае дрэва гэтая сур’ёзная птушка! Дзяцел абследуе ствол знізу ўверх па ўсёй яго паверхні. Рухі дзятла шпаркія і рэзкія, але часам ён надоўга затрымліваецца на адным месцы, упарта і настойліва выганяючы з-пад кары і з самой драўніны шкоднікаў, якія хаваюцца ў глыбокіх хадах.
Вось ён з шумам перапырхнуў на суседняе дрэва. Скрозь зеляніну відаць яго чырвоная шапачка і пярэстае, белае з чорным, апярэнне.
Я спусціўся па схіле ўзгорка і падаўся далей.
Характар мясцовасці паступова змяніўся. Малады сасняк перайшоў у густы і вільготны змешаны лес. Тут растуць не толькі сосны, але і высокія, старыя яліны, бярозы і дубы, таполі і асіны. Пад нагамі шмат буралому.
Праменні летняга сонца прабіваюцца скрозь густое лісце, кладучы вакол светлыя няроўныя плямкі.
Гэтыя плямкі ціха рухаюцца па зямлі, нібы жывыя карункі,— адзнака таго, што недзе ўверсе пагойдвае вершаліны лёгкі ветрык, які непрыкметна дзьме з возера. А тут, унізе, пад высокім зялёным скляпеннем, ціха і спакойна.
— Кі-кі-кі-кі-і-і-й...— пачулася раптам у вільготным лясным паветры.
А потым і яшчэ нейкія дзіўныя гукі:
— Пр... пр... пр... пр...
Гэты прарэзлівы, жаласны крык прагучаў як скарга. Так крычыць толькі жаўна, вялікі чорны дзяцел. Гэта ён лямантуе ў лясным гушчары, скардзіцца аб нечым сваёй сяброўцы.
Крык жаўны можна пачуць не толькі ў такі ясны і прыгожы летні дзень, як сёння, але і восеньскім дажджлівым змрокам, і зімою, калі ўсё навокал засыпана снегам, і вясной, калі пачынаюць раскрывацца пупышкі на дрэвах і кустах.
Жаўна — самы буйны з усіх дзятлаў. Трымаецца ён звычайна ў глухіх кутках няходжанага лесу. Убачыць чорнага дзятла можна не так ужо часта.
Усё сваё жыццё жаўна праводзіць на ствалах дрэў і ў дупле, дзе спіць і выводзіць патомства. На зямлю чорны дзяцел спускаецца хіба толькі для таго, каб паласавацца мурашкамі. Ён выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. Калі ўстрывожаныя мурашкі аблепяць яго з усіх бакоў, жаўна ўцягвае язык у дзюбу і глытае мурашак. Так робіць чорны дзяцел некалькі разоў, пакуль не насыціцца.
Рухавы і востры на канцы язык жаўны высоўваецца з дзюбы сантыметраў на восем, і жаўна, як і ўсе іншыя дзятлы, лёгка прасоўвае яго ў шчыліны кары, у хады, прасвідраваныя ў дрэве жучкамі, і выцягвае лічынкі караедаў, пільшчыкаў, даўганосікаў з іх патаемных сховішчаў.
Сваёй вострай і моцнай дзюбаю чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі.
У пачатку красавіка самка жаўны робіць сабе гняздо. Яна выбірае старое дрэва, звычайна яліну, і выдзёўбвае дупло, у якое кладзе тры-чатыры бліскучыя яйкі.
Але ж чаго раскрычалася гэтая чорная птушка? Чым яна так устрывожана?
Вось зноў паўтарыўся яе жаласны крык.
Уверсе пачуўся шум, неспакойная мітусня.
Я ўзняў галаву і зірнуў на кроны высокіх дрэў
Раптам адтуль ні то звалілася, ні то спусцілася на зямлю, чапляючыся за галіны, птушаня чорнага дзятла і апынулася каля маіх ног.
Я накрыў яго шапкай, перш чым яно паспела схавацца ў зарасніках падлеску.
Гэта была, відавочна, яго першая спроба палёту. Лятаць птушаня яшчэ не ўмела, але з выгляду амаль нічым ужо не адрознівалася ад бацькоў
Я ўзяў маладую жаўну на рукі.
Ростам яна была крыху большая за галку. Апярэнне ў птушаняці такое ж чорнае, цьмянае, як і ў дарослай жаўны. Ярка-чырвоная шапачка на патыліцы сведчыць
аб тым, што гэта — самачка, бо ў самца жаўны не толькі патыліца, але і цемя чырвонае. Шыя ў жаўны вельмі рухавая. Чорны дзяцел можа адкінуць галаву далёка назад, каб з усёй сілы, з размаху стукнуць дзюбай па дрэве. Пры гэтым ён моцна трымаецца вострымі і ўчэпістымі кіпцюрамі за кару, абапіраючыся на цвёрды хвост.
Птушаня ўчапілася кіпцюрамі ў мае пальцы. Яно пазірала на мяне светлымі, малочна-блакітнымі вачыма і безупынна раскрывала дзюбу, паварочваючы галаву ва ўсе бакі.
Недзе ўверсе хваляваліся бацькі, але паказацца на вочы не адважваліся.
Добра разгледзеўшы птушаня, я пасадзіў яго на ствол старой яліны. Яно ўчапілася кіпцюрамі за кару і вельмі шпарка пачало ўзбірацца ўгору па процілеглым ад мяне баку дрэва. Хутка яно знікла з вачэй.
Старыя жаўны ўверсе супакоіліся. У лесе зноў запанавала цішыня.
НА ПАЛЯНЦЫ
Нядаўна адзін хлопец з Варанцоў сказаў мне, што на палянцы за дарогаю на Кабыльнік часта бываюць удоды. Хлопец, праўда, не ведаў, як называюцца гэтыя, як ён казаў, «жоўтыя птушкі з грэбенем на галаве», але ён апісаў іх мне даволі дакладна. 3 яго слоў я зразумеў, што ён мае на ўвазе іменна ўдодаў.
Мне захацелася іх паглядзець.
Пад вечар аднаго дня ў канцы ліпеня я пайшоў у сасновы лес між пасёлкам рыбгаса і вёскаю Варанцы.
Перайшоўшы дарогу на Кабыльнік, я спыніўся ля куста ядлоўцу, каб зірнуць на гняздо берасцянкі, якое знайшоў гут аднойчы, якраз тады, калі вылупіліся з яек чацвёра птушанят. Яны былі ў той час яшчэ вельмі
маленькія, зусім голыя, бездапаможныя. Нават пішчаць яшчэ не ўмелі, але ўжо дружна раскрывалі свае шырокія ярка-ружовыя роцікі і моўчкі патрабавалі есці.
Я наведаў іх потым праз тры дні. Птушаняты значна падраслі. Яны голасна пішчалі і па-ранейшаму шырока разяўлялі насустрач дзюбкі, настойліва вымагаючы пачастунку.
Гняздо знаходзілася на адной з калючых галінак ядлоўцу, блізка ля ствала, і заўважыць яго было нялёгка.
Я прыўзняўся на дыбкі і зазірнуў між галінак. Гняздо на месцы. Яно круглае, чысценькае, акуратна сплеценае з травы, конскіх валасоў і моху, але птушанят у ім ужо няма.
Птушаняты берасцянкі растуць вельмі хутка.
Сёння — трынаццаты дзень, як яны з’явіліся на свет. Значыць, птушаняты пакінулі гняздо ці ўчора вечарам, ці сёння раніцай і трымаюцца яшчэ недзе паблізу.
Я азірнуўся.
На сасновым суку сядзіць самец берасцянкі.
Я збіраўся ўжо ісці далей, калі ён раптам шпарка зляцеў уніз і схапіў на зямлі, крокі за тры ад мяне, вялікага і тлустага зялёнага вусеня.
Я адразу спыніўся, каб не спалохаць птушку.
He звяртаючы на мяне ўвагі, але час ад часу пазіраючы навакол сваімі чорнымі вочкамі, берасцянка пачала дзяўбці вусеня. Той ярасна выкручваецца, а берасцянка метадычна б’е яго дзюбай.
Я цярпліва стаю і не варушуся.
Вусень аслабеў і рухаецца ўсё павольней. Берасцянка адшчыпвае кавалкі вусеня і глытае іх. Вось ужо добрая палова вусеня з’едзена, затым знікае і астатняя частка. Берасцянка ўзляцела на сасну. Уся расправа заняла мінут пяць-шэсць.
Можа, гэтая птушка, што цяпер зноў спакойна сядзіць на дрэве, належыць да той сям’і, якая пакінула
гняздо да суседнім кусце ядлоўцу? Можа, яна з’яўляецца бацькам тых птушанят?
Я ведаў непадалёку яшчэ адно гняздо. Яно знаходзілася на сасне каля самага ствала, высока ад зямлі.
Гэта — гняздо дразда-дзярабы.
У ім было шэсць зеленаватых яек, на якіх сядзела самка. Гэта, відаць, было другое выседжванне, таксама, як і ў берасцянкі, бо птушаняты дзярабы пакідаюць гняздо звычайна ў пачатку чэрвеня, а я знайшоў у ім яйкі ў самым канцы чэрвеня.
Самец трымаўся ўвесь час непадалёку. Амаль заўсёды ён сядзеў на суседняй галіне таго ж дрэва. Калі хто-небудзь падыходзіў да сасны, ён папярэджваў самку кароткім і трывожным «крэк... крэк» і адразу з шумам ляцеў прэч, нібы стараючыся адцягнуць увагу ад гнязда.
Дрозд-дзяраба — даволі буйная птушка шаравата-бурага колеру. Яна значна большая за шпака. Цёмныя плямкі пакрываюць светлае горлачка, грудку, брушка і бакі.
Калі дрозд-дзяраба ляціць, знізу відаць белы падбой яго крылаў.
Я іду далей.
На ўскраінах лесу тут часта сустракаюцца невялікія, з вераб’я, зеленавата-жоўтыя птушкі. Вось і зараз адна з іх перапырхнула з ялінкі на сасну.
Гэта — зелянушка.
У яе прысадзістае тулава, караткаватая, шырокая і моцная дзюба. Гэтая спакойная птушка часам застаецца ў нас і на зіму. Яна адлятае на поўдзень, толькі калі зіма занадта суровая. Гняздзіцца зелянушка, як і берасцянка, на хвойных дрэвах і ў кустах, невысока ад зямлі.
А вось і тая палянка, пра якую мне казаў хлопец. 3 аднаго боку яна аблямавана ялінамі, а з другога, крыху ўзвышанага,— сасняком. На палянцы дзе-нідзе растуць кусты ядлоўцу, рэдкія малыя сасонкі, асобныя купы папараці. Тут часта пасуцца каровы.
Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. Адсюль мне відаць уся паляна, а сам я амаль непрыкметны.
Хлопец не памыліўся.
Агледзеўшы паляну, я ўбачыў на зямлі трох удодаў
Самае галоўнае, калі хочаш наглядаць за птушкамі,— не варушыцца і не ісці да іх па прамой лініі. Да прадмета, які не варушыцца, птушкі хутка прывыкаюць і перастаюць яго баяцца.
Я сяджу нерухома за кустом ядлоўцу і ўважліва сачу за паводзінамі ўдодаў.
Берасцянкі, дразды, зелянушкі — усё гэта нашы звычайныя птушкі. Іх ведае кожны. А вось удод сустракаецца ў нас даволі рэдка. Мне цікава было глядзець на гэтых прыгожых птушак з дзіўным галаўным уборам.
Вячэрняе сонца лагодна асвятляе паляну, і мне выразна відаць амаль кожнае пёрка птушак. Грудка і галава ўдода светла-карычневыя, амаль жоўтыя. На чорных крылах белыя папярочныя палоскі. На галаве вялікі чуб з асобных пер’яў у выглядзе веера, з чорнымі плямкамі наверсе. Памерам удод з добрага дразда.
Удоды паважна хадзілі па траве, усюды засоўвалі свае доўгія і тонкія, нібы шыла, крыху загнутыя ўніз дзюбы, вышукваючы жукоў і лічынак мух. Кормяцца яны таксама і конікамі, майскімі жукамі, жужалямі і рознымі вусенямі.
Стаміўшыся сядзець нерухома, я ўстаў і падышоў бліжэй.
Адзін з удодаў узляцеў з глухім і адрывістым крыкам «уп-уп-уп». Следам за ім паляцелі і астатнія. Яны зніклі сярод ялін на тым баку палянкі. Іх крык нагадваў крыху кукаванне зязюлі.