Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Калі мне ўдасца перадаць чытачу свае ўражанні, даць яму хоць некаторае ўяўленне аб «Беларускім моры», я буду глыбока задаволены. Калі ў чытача абудзіцца любоў да роднай прыроды, зацікаўленасць да таго, што ён прачытае, калі яго ахопіць дух вандравання і ён захоча сам папільнаваць птушак у зарасніках чароту, прыслухацца да плёску азёрнай хвалі і да крыку чаек, я палічу гэта за найвышэйшую сваю ўзнагароду. Дзеля гэтага варта блукаць па дрыгве, мокнуць у лодцы пад дажджом і ветрам, бадзяцца ў лясным гушчары і начаваць каля вогнішча.
Мне хочацца сказаць усім, хто прачытае гэтую кнігу:
— Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! Мы яшчэ недастаткова ведаем прыроду і жывёльны свет айчыны, мы яшчэ мала любуемся цудоўнай красой яе краявідаў.
1957—1958
На сініх азёрах
		 #0*	
ІНДЗЕЕЦ КУАНЕБ
Пра існаванне на свеце андатры я даведаўся ўпершыню з аповесці «Рольф у лясах» канадскага пісьменніка і мастака Эрнста Сетана-Томпсана. Я вельмі яго любіў за тонкае разуменне прыроды і любоў да жывёл.
Быў я тады хлапчук, але мне запомнілася надоўга цікавая кніга, у якой расказвалася пра паляванне старога індзейца на невядомага мне звярка з дзіўнай назвай — андатра.
Школьныя ўрокі на заўтра падрыхтаваны, за акном шуміць халодны лістападаўскі дождж, а на стале даўно раскрыта кніга пра адважнага і чыстага душою індзейца Куанеба, пра бяздомнага хлапчука Рольфа, якому ён даў прытулак, і пра іх жыццё ў лесе. Непрыкметна ляціць час, у скупым святле газавай лямпы паспешна гартаюцца старонка за старонкай, і сцены пакоя нібы рассоўваюцца, і перад вачамі ўзнікаюць чароўныя вобразы дзікай прыроды. Паўстае, як жывая, постаць старога паляўнічага, спрытнага і маўклівага, з цёмным, чырванаскурым тварам, са стрэльбаю ў мускулістых руках.
...Вось ён ідзе па беразе невялікага ляснога азярка і вострым, як у сокала, позіркам аглядае лёд, які яшчэ трымаецца па краях затокі. Каля самай вады ён бачыць на лёдзе нешта цёмнае.
Гэта — андатра.
Паўзком крадзецца паляўнічы ўздоўж берага. Апынуўшыся на адлегласці стрэлу ад звярка, ён бярэцца за зброю сваіх бацькоў — лук і стрэлы.
Да канца стралы індзеец прывязвае вяроўку. Потым скручвае вяроўку кальцом і нацягвае лук. Страла паляцела, пацягнула за сабою вяроўку і трапіла ў звярка.
Пачуўся ўсплёск вады — андатра нырнула пад лёд. Але другі канец вяроўкі быў у руках у паляўнічага. Індзеец выцягнуў андатру і забіў Калі б ён стрэліў у яе са стрэльбы, звярок мог бы і не трапіць яму ў рукі.
Куанеб вярнуўся ў свой вігвам, зняў з андатры шкурку і павесіў сушыцца на дрэве, а мяса пакінуў сабе на абед...
Так палявалі на андатру ў лясах Канады ў даўно мінулыя часы. Лавілі яе і пры дапамозе пастак. У пасёлку індзеец Куанеб мяняў здабытыя андатравыя шкуркі на тытунь, чай і цукар.
Больш нічога не было сказана ў кніжцы пра андатру, але малюнак, апісаны Сетанам-Томпсанам, стаяў у мяне ўваччу, і невядомы звярок застаўся надоўга ў памяці.
У тыя далёкія гады маленства мне і ў галаву не прыходзіла, што я змагу калі-небудзь убачыць андатру: у Еўропе яна, як вядома, не жыве.
Непрыкметна праляцела чарада гадоў, за плячамі застаўся немалы жыццёвы шлях. I раптам мне давялося сустрэцца з андатрай. Для гэтага зусім не трэба было перабірацца цераз акіян. Каб назіраць за жыццём заморскага звярка ў прыродных умовах, варта толькі сесці ў звычайную аўтамашыну і паехаць у... Браслаўскі раён. Падарожжа, трэба прызнаць, не вельмі далёкае і не вельмі складанае.
Калі б мне хто-небудзь сказаў пра такую магчымасць у дні майго маленства, я ніколі б гэтаму не паверыў Занадта вялікая была тады адлегласць паміж рэальным жыццём і кніжнай фантазіяй.
КАРЫСНЫ ЗВЯРОК
Але што ж гэта за звярок — андатра? I якім чынам апынуўся ён на Беларусі? Ці варта ім цікавіцца? I чаму, каб яго ўбачыць, трэба ехаць у Браслаў?
На гэтыя пытанні, якія могуць узнікнуць у чытача, я пастараюся адказаць падрабязна.
Андатра належыць да грызуноў. Яна жыве і корміцца ў вадзе, у азёрах і балоцістых мясцовасцях. Часам яе называюць яшчэ і мускусным пацуком, але гэтая назва няправільная. 3 пацукамі андатра не мае нічога агульнага, апрача некаторага знешняга падабенства. Сваім жыццём, сваімі звычкамі яна вельмі нагадвае бабра. Яшчэ называюць яе часам балотным зайцам, ці балотным трусікам. I гэтыя назвы таксама няправільныя.
Радзіма андатры — Канада і Злучаныя Штаты Паўночнай Амерыкі. He так даўно яна вялася толькі там і больш нідзе. Індзейцы палявалі на андатру задоўга да з’яўлення ў Амерыцы еўрапейцаў. У далейшым промыславае здабыванне андатравых шкурак набыло вельмі шырокі характар. Спецыялісты падлічылі, што па колькасці шкурак, здабытых на працягу года, андатра займае сярод усіх іншых пушных звяроў трэцяе месца ў свеце.
У пачатку XX стагоддзя ўзнікла зацікаўленасць да андатры як да промыславага звярка і ў еўрапейскіх краінах.
У пяцідзесятых гадах пачалося планавае засяленне андатраю вадаёмаў Беларусі. Умовы для яе тут вельмі спрыяльныя. Асабліва добра прыжыліся андатры ў азёрах Браслаўшчыны. Па волі чалавека жывёльны свет Беларусі ўзбагаціўся яшчэ адным новым дзікім пушным звярком, карысным для гаспадаркі.
Вось што такое андатра, вось чаму яна варта ўвагі і вось чаму я паехаў у Браслаў.
ЗАМКАВАЯ ГАРА
Раніца была пахмурная і халаднаватая.
Я прачнуўся ў маленькім пакойчыку раённай гасцініцы і адразу пайшоў знаёміцца са старажытным, але новым для мяне горадам.
Браслаў раскінуўся на перашыйку між азёрамі. Адна з дзвюх яго асноўных вуліц — Савецкая — цягнецца па беразе возера Навяты. Другая, паралельная першай,— Ленінская,— уздоўж возера Дрывяты.
Паміж гэтымі вуліцамі высіцца пасярод перашыйка гара, на якой знаходзіўся калісьці замак. Ён быў пабудаваны ў часы панавання тут полацкага князя Брачыслава, між 1001 і 1054 гадамі. Па імені князя горад і называўся раней — Брачыслаўль, а потым — і да нашага часу — Браслаў.
Замак, як відаць, быў вялікі. Магчыма, на гары былі нават два замкі. Цяпер тут нічога няма, акрамя абеліскапомніка, пастаўленага на сродкі мясцовага насельніцтва ў памяць папулярнага на Браслаўшчыне ўрача Нарбута. Унізе захаваліся па схілах нязначныя рэшткі мураванай сцяны, якая апаясвала калісьці ўсю гару. Характэрная сярэдневяковая кладка з камення і цэглы нагадвае рэшткі замка Гедыміна ў Вільнюсе.
У стратэгічных адносінах месца для Браслаўскага замка было выбрана вельмі ўдала. Гара пануе над ваколіцамі. 3 вышыні замчышча далёка відаць усё наваколле. Подступы да Браслава ў тыя часы лёгка было абараняць. Натуральнай аховай служылі шырокія водныя прасторы.
Вада акружае горад амаль з усіх бакоў. Уражанне такое, быццам знаходзішся на востраве. 3 вяршыні гары відаць на даляглядзе цэлы ланцуг азёр, малых і вялікіх, даўгіх і круглых. Рэчка Друйка звязвае іх, як пацеркі, у адну агульную водную сістэму. Іх тут каля трохсот. Край сініх азёр — так называюць Браслаўшчыну.
Духам старажытных паданняў веяла ад гэтай мясцовасці. Я стаяў на высокай гары, глядзеў на замчышча, на бліскучыя люстры азёр, і думкі мае пераносіліся ў нейкі казачны свет. У памяці ўзніклі радкі летапісаў, паўсталі вобразы «Слова аб палку Ігаравым», эпізоды напаўміфічнага жыцця князя Усяслава Чарадзея.
Але на гэты раз мяне цікавілі не старадаўнія руіны і звязаныя з імі паданні, не рамантыка гісторыі. Мэта майго падарожжа — андатра. I я спусціўся па вузкай і крутой сцежцы ўніз, на гарадскую вуліцу.
ПЕРАД ШКОЛАЙ
Мне сказалі, што ў Браславе андатру доўга шукаць не трэба. Звяркоў тут развялося так многа, што яны жывуць нават у самім горадзе.
— Іх можна бачыць на маленькім азярку перад школай,— так мне сказалі ў рэдакцыі раённай газеты.
Я ішоў і любаваўся маляўнічым гарадком. Вуліцы з плітачнымі тратуарамі, з прыгожымі домікамі ў густой зеляніне садоў віюцца між узгоркаў. У садах квітнеюць яблыні, ігрушы, вішні. Усюды пахне бэзам і язмінам. Усюды ліпы, клёны і сосны.
Сярэднюю школу № 1 я знайшоў даволі хутка. Знаходзіцца яна ў самым канцы пясчанай Чырвонаармейскай вуліцы, на ўзгорку пад маладымі соснамі.
Вакол драўлянага будынка школы квітнее сад. Сярод дрэў стаяць вуллі з пчоламі. На двары, пад соснамі,— сталы і лаўкі для заняткаў на свежым паветры.
Перад школай зіхаціць у нізінцы невялікае азярко. 3 усіх бакоў наступае на вадзяное люстра густая зялёная расліннасць. Пройдзе яшчэ некаторы час, і азярко ператворыцца ў балота.
Я падыходжу да вады.
Бераг азярка тарфяністы. У ярка-зялёнай сакавітай траве жаўцеюць адуванчыкі. Каля вады бялеюць ландышы. 3 супрацьлеглага боку азярко ледзь не да паловы зарасло рагозам. Дзе-нідзе высяцца сцяблы чароту.
Пасярод азярка я заўважыў некалькі хатак андатры. Яны ўзвышаюцца над вадою як маленькія астраўкі. Пакрытыя жоўтымі сухімі сцябламі рагозу, яны з выгляду вельмі падобныя на бабровыя хаткі, толькі значна меншыя памерам. Па хатках весела скачуць шпакі. Нізка над вадою лятаюць ластаўкі.
Каля самага азярка стаяць на пясчаным узгорку дамы. Агароды спускаюцца па схілах ледзь не да самай вады.
Каля кладкі плёскаюцца ў вадзе белыя качкі. Тут жа пасвіцца на беразе стрыножаны конь.
Такое блізкае суседства з чалавечым жыллём, з хатняй жывёлай і птушкай андатру, відаць, зусім не трывожыць. На азярку можна ўсюды заўважыць сляды яе дзейнасці. Пянькамі тырчаць сцяблы рагозу, як нажом зрэзаныя вострымі зубамі андатры крыху вышэй паверхні вады. Зараснікі рагозу няроўныя — у адным месцы яны густыя, а ў другім нібы выстрыжаны.
3 дома, каля якога я стаю, выскачыў хлопчык гадоў трынаццаці. Ён падыходзіць і з цікаўнасцю глядзіць на мяне.
— Што гэта такое? — пытаюся я і паказваю, нібы нічога не ведаючы, на хаткі андатры.
Хлопчык ажывіўся.
— Андатравыя хаткі,— адказвае ён і, не чакаючы далейшых пытанняў, тлумачыць мне, што гэта за звярок і адкуль ён узяўся.
— А сам ты бачыў андатру?
Хлопчык смяецца, паціскае плячамі. Пытанне здаецца яму недарэчнае:
— Кожны дзень!.. Пад вечар яны заўсёды вылазяць з хатак і плаваюць. Тады іх можна бачыць.
— А людзей хіба не баяцца?
— He. Іх тут ніхто не чапае, вось яны і не баяцца.
— А на агародах не шкодзяць?
— Што вы,— здзівіўся хлопчык.— Яны кормяцца толькі тым, што расце ў возеры. Калі якая і выйдзе на бераг, то ад вады далёка не адыходзіць. Па зямлі яны хутка рухацца не могуць. He тое, што ў вадзе. Летась адна андатра выйшла на бераг, тады яшчэ лёд не ўсюды сышоў, дык яе наш сабака злавіў. Я кінуўся, хацеў адняць, толькі не паспеў. Сабака яе задушыў.