Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Пра гэтыя грыбы пісаў наш зямляк, вялікі польскі паэт Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушы»;
...лісічкі,
Апетыя ў Літве, лісічкі-невялічкі — Эмблема чысціні: іх ні чарвяк не точыць, Hi насякомае на шапачку не ўскочыць.
Сапраўды, у грыбах-лісічках ніколі не бывае чарвей.
Лес неўзабаве скончыўся. Наперадзе забалочаная нізіна.
Па каменнях я перайшоў на другі бераг рачулкі і падняўся на ўзгорак. Да вёскі засталося з паўкіламетра, не больш.
Я прыпыніўся.
Раніца была да гэтага часу пахмурная, а цяпер з’явілася раптам сонца і асвятліла сваімі лагоднымі праменнямі і зялёныя схілы ўзгорка, і забалочаную нізінку з кустамі вольхі, і празрыстую ваду. Усё навокал
ажывілася, зазіхацела, набыло новыя, яркія і свежыя фарбы.
Мне захацелася пабыць тут, паглядзець з узвышша на палі і пералескі, на гэты знаёмы і блізкі сэрцу пейзаж, які заканчваўся на даляглядзе сіняй палоскай возера.
Я лёг на траву каля вялікага каменя, непадалёку ад ручая, што звінеў і струменіў унізе.
Ад вады патыхае перадасенняй свежай прахалодаю. Белыя і чорныя авечкі мірна скубуць непадалёку траву. 3-за суседняга ўзгорка на тым баку нізінкі з’явіліся каровы.
Я задумаўся і не заўважыў, як да мяне падышоў пастух. Высокая постаць яго вырасла раптам над маёй галавой.
— Дзень добры,— павітаўся ён і сеў побач.
На ім шэрая ватоўка, старая кепка, цёмныя штаны з саматканага сукна і боты.
Каровы, што пасвіліся дагэтуль на забалочанай лугавінцы, падымаюцца ўсё вышэй і вышэй па схіле ўзгорка. Хутка яны апынуліся каля нас. Іх неадступна суправаджае вясёлая чарада драздоў. Жвавыя птушкі перапырхваюць з месца на месца ў густой траве і смела скачуць пад нагамі і перад пысамі кароў.
Пастух адмахваецца ад мух, якія з’явіліся над нашымі галовамі.
— Вядома,— гаворыць ён,— дзе жывёла, там і розныя мухі, мошкі, сляпні ды авадні. Для кароў гэта — чыстая пляга, а для птушак — здабыча. Вось дразды і трымаюцца ля кароў Часам ходзіць такі дрозд ці шпак па спіне ў каровы і ловіць насякомых. I яму карысна, і карове прыемна.
Статак перайшоў тым часам на другі бок узгорка, і разам з каровамі зніклі і мухі ў паветры, і дразды ў траве.
Пастух прымасціўся зручней. Яму хочацца, відаць, пагаварыць з незнаёмым чалавекам.
— Адпачываеце? — пытаецца ён для пачатку.
— Але.
— Самі з горада?
— 3 Мінска.
— Клімат у нас добры,— паведамляе ён.— Вада тут крынічная, чыстая, ніколі не мутнее, для здароўя карысная.
Абвіслыя пракураныя вусы пастуха рассунуліся ў лагоднай усмешцы.
3 далейшай гутаркі высвятляецца, што дзядзьку Вінцуку, так завуць пастуха, шэсцьдзесят чатыры гады і што нарадзіўся ён і ўсё сваё жыццё, калі не лічыць Першую сусветную вайну, пражыў у Варанцах.
— У тую вайну пазіцыі ў нашай мясцовасці трымаліся аж тры гады,— успамінае ён.— Тады ў газетах часта пісалі: «У раёне возера Нарач перастрэлка», ці «пошукі разведчыкаў», ці «баі мясцовага значэння». Усе жыхары былі адсюль выселены. Маю сям’ю загналі аж у Свянцяны, а сам я ў арміі служыў. Быў і на Мазурскіх азёрах, і ў Галіцыі. Свет, як кажуць, пабачыў. На вайне, праўда, мне пашанцавала, жывы застаўся. I паранены не быў, і не хварэў, і ў палон не трапіў. У васемнаццатым годзе вярнулася мая сям’я дахаты. Тут якраз і я з арміі прыйшоў На ўсходзе ў той час паноў скінулі, а нам тут давялося пакутаваць яшчэ гадоў дваццаць. He жарты! А потым зноў вайна, Гітлер пракляты наваліўся... A цяпер? Цяпер жывём няблага. Для мяне ўсё гэта, праўда, павярнулася крыху пазнавата, ды што ты зробіш! Я так лічу, што добрае жыццё чалавеку і на старасці не пашкодзіць.
Дзядзька Вінцук устаў, падышоў да падпаска, хлопца гадоў пятнаццаці, з доўгаю пугай, і штосьці сказаў яму. Потым вярнуўся і сеў на ранейшае мёсца каля валуна.
— Жыву я разам з дарослымі сынамі, жанатым і халастым,— казаў ён далей.— Працую ў калгасе пастухом, а да той вайны быў рыбаком. Рыбачыў разам з
дзядзькам. Потым ажаніўся, а тады армія, сёе-тое, розныя падзеі, дзядзька памёр, гаспадарка зруйнавалася, вось і закінуў я тое рыбацтва. I наогул рыбакоў у нашай вёсцы няма. Да возера ад нас, самі бачыце, не так ужо і блізка. He тое што Купа ці нават Антонісберг.
— Адкуль у гэтай вёскі такая дзіўная назва? — пытаюся я.
— А хто яе ведае,— дзядзька Вінцук паціснуў плячыма,— Раней гэта быў маёнтак на дзесяць валок. Належаў ён пану Каліноўскаму. Гэта быў адзінокі стары, гаспадарку вёў дрэнна. Усё больш пазычаў грошы ў банку. Дапазычаўся да таго, што хацелі забраць маёнтак у казну. Тады ён прадаў Антонісберг нейкаму Бычкоўскаму. Той пачаў прадаваць зямлю па ўчастках сялянам. Вельмі, кажуць, на гэтым нажыўся. Вось і вырасла тут наша вёска на зямлі былога маёнтка. А перад тым на месцы Варанцоў стаялі толькі пяць хат, у якіх жылі парабкі з Антонісберга.
— Калі ж гэта было?
— Даўно. Пра Каліноўскага мне мой бацька расказваў
ДЗЯДЗЬКА ВІНЦУК I ЯГО БУСЛЫ
Над намі праляцеў бусел.
Вялікія крылы яго шырока распасцёрты, дзюба выцягнута, чырвоныя ногі адкінуты назад.
Мы правялі бусла вачыма.
— На лугавіну за Антонісбергам падаўся,— гаворыць дзядзька Вінцук.
— Адкуль вы ведаеце?
— Гэта наш бусел, з Варанцоў. Ён жыве на маім двары.
— Значыць, сусед?
— Сусед.
Размова набывае новы кірунак.
— Даўно ён у вас пасяліўся? — пытаюся я.
— Гадоў з пятнаццаць. Усцягнуў я тады на старую алешыну, што расце на маім двары, барану. Няхай, думаю, буслы жывуць. Яны і пабудавалі на ёй гняздо з дубцоў ды палак. Будавалі дзён дваццаць, калі не больш. Панацягалі ў гняздо розных лахманоў, анучак, сена, саломы. А ў сценках вялікага буслінага гнязда пасяліліся дробныя птушкі. 3 таго часу буслы і выводзяць на маёй алешыне сваіх буслянятак. Ніколі яшчэ гняздо не пуставала. Сёлета гадуюць трох.
Твар старога пастуха набыў нейкі добры выраз. Пра буслоў ён гаворыць з яўным замілаваннем.
— Заўсёды трох? — спытаў я.
— Як калі,— адказаў дзядзька Вінцук,— Здараецца часам, што бусел выкіне з гнязда лішняе яйка ці малое бусляня. Людзі кажуць, што ён выкідвае чацвёртага, калі ёсць. Толькі я не ведаю, ці гэта праўда, бо гады тры назад буслы выгадавалі аж пяцёра малых і нікога не скінулі. Яшчэ ў нас гавораць, быццам, калі бусел выкінуў яйка, то гэта на ўраджай, а калі бусляня, то на недарод. Але я так думаю, што бусел выкідвае з гнязда малое — няўдалае ці хворае, якому ўсё роўна не жыць, а яйка — пустое. Сёлета якраз выкінуў яйка.
— А навошта вы паклалі на вольху барану? Хіба вам гэтак патрэбны ўжо буслы на двары?
— А чаму не? — здзівіўся дзядзька Вінцук.— Хай жывуць. Калі пасяліўся бусел каля хаты, то гэта на шчасце. Так у нас лічыцца. Ды і весялей з ім.
— Але ж ён прыносіць на двор жывых змей. I пахне ад гнязда нядобра. I кураня на двары можа падхапіць. Ці ж не так?
— На двары ён нічога не чапае, бо корміцца на лугах ды балотах. Змеі часам і падаюць з гнязда. Але што ты зробіш? Усё роўна бусла чапаць няможна. Бусел, як
і голуб,— добры птах, друг чалавека,— упэўнена сцвярджае дзядзька Вінцук.
— А ў чым гэта выяўляецца?
— Як гэта ў чым? — У голасе дзядзькі гучыць нездавальненне.— Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. Чаго ж яшчэ? I наогул... такі ўжо звычай: не крыўдзіць бусла, і ўсё. Трэба з ім жыць у згодзе, у добрым суседстве. Так ужо здаўна вядзецца ад нашых дзядоў і прадзедаў. I, мусіць, нездарма,— падкрэсліў ён павучальна.
— За гэтыя пятнаццаць гадоў вы, мабыць, блізка з бусламі пазнаёміліся? Ведаеце ўсе іхнія звычкі?
-— А як жа! Мы да іх прывыклі, а яны да нас. Вядомая рэч, столькі часу жывуць на маім двары. Усё іхняе жыццё на маіх вачах праходзіць. Чаго толькі не ўбачыш!
— Калі ж яны вяртаюцца з выраю?
— Звычайна ў красавіку. Спачатку прыляціць адзін гаспадар і стаіць сабе пасярод гнязда цэлы дзень, як на варце. Чужога бусла і блізка не падпусціць. Вось неяк гляджу, прыляцеў мой бацянок, стаіць на гняздзе, пільнуе свой участак. Аж тут да яго чужы падсунуўся. Гаспадар яго не пускае, а той лезе. Такая бойка між імі тады пачалася! Хацеў я свайму буслу дапамагчы, ды дзе там, не ведаю як. Хіба тут разбярэш у бойцы, хто свой, а хто чужы? Мільгацяць толькі белыя спіны, чорныя крылы ды хвасты, чырвоныя дзюбы ды ногі. Толькі пер’е ляціць у паветры. Ну што ты зробіш! Нарэшце наш бусел перамог, а чужы адступіўся, паляцеў прэч. Вядома, хто свой кут бароніць, той заўсёды смялейшы. I адкуль толькі адвага бярэцца! А той, хто чужое хоча захапіць, не такі рашучы, бо адчувае, што праўда не на яго баку. Так і тут. Гаспадар перамог, а праз два дні прыляцела і яго бусліха. Тады яны разам узяліся рамантаваць гняздо, чысціць яго, пашыраць. Гняздо з кожным годам робіцца ў іх усё большае, расце і ўгору, і ўшыркі.
Потым бусліха кладзе яйкі і разам з буслам, па чарзе, сядзіць на іх цэлы месяц.
— Няўжо ўсё тыя самыя буслы гняздзяцца ў вас? — пытаюся я.— А можа, кожны год прылятаюць новыя?
— Мне здаецца, што тыя самыя,— упэўнена адказвае пастух.— Я свайго бусла заўсёды пазнаю. Маладыя буслы, мабыць, будуюць сабе гнёзды дзе-небудзь далей, бо паблізу іншых гнёздаў у нас тут няма. Наогул, буслы гняздзяцца асобнымі парамі, далёка адна ад адной. Участак нашых буслоў каля кіламетра ва ўсе бакі ад гнязда. Калі б яны жылі па некалькі сем’яў разам, то ім не хапіла б корму. Надта ж яны ненажэрныя, асабліва бусляняты.
Дзядзька Вінцук змоўк і пачаў скручваць цыгарку.
3 кніг мне было вядома, што бусел абзаводзіцца сям’ёй толькі на чацвёртым-пятым годзе жыцця. Да гэтага часу маладыя буслы бадзяюцца паміж месцам зімоўкі і месцам, дзе нарадзіліся. Некаторыя з іх прылятаюць часам і на радзіму, але значна пазней дарослых. Калі ж надыходзіць час заводзіць сям’ю, малады бусел шукае вольнага гнязда ці будуе сабе новае ў той мясцовасці, дзе ён сам з’явіўся на свет.
Пакуль мы размаўлялі пра буслоў, каровы адышлі ад нас даволі далёка.
Дзядзька Вінцук падняўся.
— Прыходзьце да нас у нядзелю паглядзець на маіх кватарантаў,— сказаў ён мне на развітанне і пайшоў даганяць статак.
БУСЛЯНЯТЫ ВУЧАЦЦА ЛЯТАЦЬ
У нядзелю я пайшоў у Варанцы паглядзець на буслоў дзядзькі Вінцука.
Вузкія вуліцы вёскі то ўзбягаюць на ўзгорак, то спускаюцца ўніз. За плятнямі садоў пладовыя дрэвы
згінаюцца пад цяжарам яблыкаў, груш і сліў. Каля хат чырванеюць рабіны.