Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— Жыхароў Краснагоркі можна адразу пазнаць па гаворцы,— тлумачыць Мікалай Антонавіч — Яны заўсёды кажуць «могет» замест «можа». Прайшло трыста гадоў з таго часу, як іх продкі перасяліліся сюды, але мова ў іх захавалася ў аснове сваёй руская. Праўда, у гэтай мове цяпер сустракаюцца беларусізмы.
Дарога тым часам пагоршылася. Машына скача сярод сасновага лесу з узгорка на ўзгорак. Колы грузнуць у пяску.
Мінулі адно лясное азярко, потым другое і выехалі на адкрытае роўнае месца.
Злева цягнецца возера Струста з двума астравамі. На адным з іх, даволі вялікім, размясцілася паселішча з трох хат.
— Дзеці адсюль кожны дзень прыплываюць у нашу школу на лодцы,— гаворыць мой спадарожнік.
3 правага боку з’явілася возера Ельня. Потым, нібы на змену яму,— светлае і суровае возера Святцо. Як сядло, высіцца побач Святая гара — голая, бязлесая, самотная.
— Адкуль такія назвы? — спытаўся я.— Святая гара, Святцо!..
— На гары і на беразе стаялі, відаць, ідалы багоў,— адказаў настаўнік і словамі сваімі пацвердзіў мае думкі.— Тут адбываліся, напэўна, язычаскія святы. Нашы далёкія продкі вадзілі тут карагоды, спявалі, прыносілі ахвяры. Усё гэта даўно сцерлася з памяці людской, толькі назвы засталіся да нашага часу, як сведкі мінулага, як прыкметы для гісторыкаў і археолагаў.
За Святцом узнікае перад намі возера Бярэжжа.
— Гэта апошняе на нашым шляху,— сказаў Мікалай Антонавіч.
Зрабіўшы круг у шэсцьдзесят кіламетраў, мы вярнуліся ў Браслаў з супрацьлеглага боку.
ВОЗЕРА ЦНО
На другі дзень, пад вечар, я паплыў на возера Цно.
Гэта шырокае, але не глыбокае, травяністае возера — найменш прыгожае з усіх, якія я тут бачыў.
Надвор’е ціхае, і вада, здавалася, заснула. Возера выглядала, нібы светлае люстэрка ў цёмнай аправе берагоў. Ледзь чутна перашэптвалася трысцё.
Байдарка бясшумна слізгала па ціхай вадзе, сярод даволі аднастайнага пейзажу. 3 правага боку высілася зялёная сцяна трысця і рагозу, злева рассцілалася адкрытая паверхня возера. У вільготным паветры адчуваўся гаркавы пах балотных раслін.
Наперадзе я ўбачыў хатку андатры.
Байдарка рассунула сваім вострым носам сцяблы трысця, падмінаючы іх бартамі, разагнала маленькіх рыбак, якія плавалі між раслін, і спынілася каля хаткі.
Цяпер я мог разгледзець жыллё андатры з усіх бакоў.
Хатка ўзвышалася над вадою метра на паўтара, а ў аснове сваёй мела ў дыяметры, мабыць, каля чатырох метраў. 3 выгляду гэта — невялікі стажок, складзены з тонкіх галінак лазы, карнявішчаў гарлачыкаў, сцяблоў трысця, чароту, асакі і рагозу.
У такой хатцы андатра жыве і зімою. Пад гэтым дахам яна хаваецца са сваім сямействам ад халодных вятроў, ад снегу, сцюжы і маразоў у цёплым гняздзе, якое знаходзіцца ў хатцы над узроўнем вады. 3 гнязда зроблены выхад у ваду. Зімою андатры плаваюць у вадзе
пад лёдам і здабываюць сабе корм з дна возера. Яны могуць грызці і зразаць сцяблы раслін пад вадою, не раскрываючы рота. Вусны ў андатры пад вадою сціснуты, бо вострыя пярэднія зубы-разцы настолькі высунуты наперад, што звярок дзейнічае імі і з закрытым ротам. Інакш андатра захлынулася б пад вадою. Есць андатра не ў самой хатцы, а на кармавой пляцоўцы непадалёку, летам — на беразе, зімою — на лёдзе.
МАЛОДШЫ БРАТ БАБРА
Агледзеўшы хатку, я адплыў крыху далей і спыніўся зноў. Да берага адсюль зусім блізка. Байдарка стаіць нерухома пасярод круглых і цвёрдых лістоў гарлачыкаў.
Правую лопасць вясла я палажыў на чорную карчагу, якая высоўваецца з вады.
Сяджу і цярпліва прыслухоўваюся да цішыні, што пануе над возерам.
Вечар, як і ўчора, халаднаваты, але спакойны. Пакуль усё яшчэ светла, толькі неба пачынае трохі цямнець.
Раптам недалёка ад байдаркі пачуўся ўсплёск. 3 зараснікаў рагозу вынырнула на паверхню андатра. 3 вады відаць не толькі галава, але і верхняя частка спіны звярка. Вось ён падплыў зусім блізка, быццам сам захацеў паглядзець на чалавека, які цікавіцца андатрамі.
Я не варушуся.
Андатра агледзела байдарку і паплыла вакол яе, трымаючыся на адлегласці не больш як адзін метр ад бартоў.
Вось яна плыве пад вяслом, між байдаркай і карчагай, нібы пад мостам.
Мне добра відаць, як спрытна яна рухаецца, прыціснуўшы кароткія пярэднія лапкі да грудзей і вяслуючы толькі вялікімі заднімі лапамі з перапонкамі паміж
пальцаў. Здаецца, нібы вакол байдаркі плавае маленькі бабёр.
Нездарма індзейцы называюць андатру «малодшым братам бабра». Яна нагадвае бабра не толькі сваімі рухамі ў вадзе і на зямлі, але і пабудовай хатак, і звычкамі, і ўсім сваім жыццём. Толькі будаваць грэблі і рэгуляваць узровень вады ў вадаёмах, як гэта робяць бабры, андатра не ўмее.
Адрозніваецца яна ад бабра і формай свайго хваста. У бабра хвост шырокі, тоўсты і плюскаты, пакрыты дробнай луской, а ў андатры — вузкі, сціснуты з бакоў. Ён пастаўлены да паверхні вады рабром, і андатра карыстаецца хвастом і як вяслом, і як рулём.
Пад вадою і на вадзе андатра плавае заўсёды толькі ўверх спінаю. Гэта — не выдра, якая можа плаваць як хоча — і бокам, і спінаю ўніз, куляючыся цераз галаву і робячы пад вадою самыя нечаканыя віртуозныя павароты. Выдры гэта неабходна, бо яна ганяецца пад вадою за рыбай і мусіць быць спрытнейшая за сваю здабычу. Андатра корміцца раслінамі, жыццёвая практыка не вымагае ад яе такіх прыёмаў падводнага плавання, якія выпрацаваліся і развіліся ў выдры.
СМЕЛЫ ЗВЯРОК
Я цярпліва чакаў.
Зрабіўшы вакол байдаркі круг, а потым і другі, андатра нырнула і апынулася пад вадою каля карчагі.
3 вады высунуўся нос, потым паказалася круглая мокрая галава. Маленькія лапкі-ручкі трымаюцца за слізкі, аброслы зялёнай цінай край карчагі.
Праз хвіліну, пераканаўшыся, што ёй нішто не пагражае, андатра вылезла з вады і апынулася на вясле. 3 невялікага, прыплюснутага з бакоў хваста сцякае вада.
Андатра села на лопасць вясла, як на зручную пляцоўку, не вельмі шырокую, але роўную і гладкую. Вочкі звярка, круглыя і бліскучыя, дапытліва паглядаюць на мяне з-пад мокрай карычневай поўсці.
Я сяджу па-ранейшаму нерухома.
Андатра ўзнялася слупком, склаўшы пярэднія лапкі і прыціснуўшы іх да грудзей. Галава ў яе выцягнулася наперад. Носік увесь час безупынна варушыцца, a доўгія вусы тапырацца. Велічынёю звярок быў з маладую кошку.
Мне ўспомнілася, што расказваў пра андатру Мікалай Антонавіч.
— Андатра,— казаў настаўнік,— зусім не палахлівая. Пры малейшай пагрозе яна смела кідаецца, не чакаючы нападу, і на чалавека, і на сабаку, хоць і гіне пры гэтым заўсёды.
У тым, што андатра мала баіцца чалавека, я цяпер і сам мог пераканацца. Праяўляць да андатры варожыя намеры ў мяне не было ніякай патрэбы.
Я не крануўся з месца, і гэта супакоіла звярка. Ён перастаў звяртаць на мяне ўвагу і заняўся сваім туалетам. Седзячы на задніх лапках, ён пярэднімі, як рукамі, прыгладжваў мокрую поўсць на схіленай галаве, на шчоках, на патыліцы і на шыі, ачышчаў грудзі і брушка ад наліплых ціны, раскі і водарасцей.
Нюх у андатры слабы і зрок таксама не з лепшых. Я для яе больш не існаваў, хоць і знаходзіўся вельмі блізка. Цяпер я для андатры, мабыць, проста нейкая нерухомая рэч, частка байдаркі і ўсяго навакольнага свету. Але слых у звярка неблагі. Час ад часу ён спыняе свае заняткі, прыўзнімае галаву і ўважліва прыслухоўваецца да ўсяго, што робіцца навокал, потым зноў бярэцца за свае ўборы.
Андатра ўмывалася амаль як чалавек. Пры гэтым яна моршчылася і пазяхала. Пярэднія лапкі ў яе нагадвалі маленькія чалавечыя рукі, толькі пальцаў на іх
было не пяць, а чатыры. Вось яна чухае і скрабе праваю пярэдняй лапкай левае плячо, а потым абедзвюма лапкамі чысціць вушы, перабірае поўсць на жываце.
Наглядаючы за туалетам андатры, я зноў міжвольна ўспомніў бабра. I ён чысціцца і мыецца гэтаксама, калі вылазіць з вады на бераг.
Цікава было назіраць смешныя выхадкі і забаўныя паводзіны звярка, але мне надакучыла сядзець нерухома. Я ўжо збіраўся пацягнуць вясло да сябе, каб паглядзець, як будзе рэагаваць на гэта андатра, але яна сама спыніла свае заняткі і слізганула ў ваду.
У вячэрнім паветры пачуўся ціхі ўсплёск, па вадзе разышліся кругі. Андатра вынырнула і шпарка паплыла да зараснікаў трысця.
ЖЫЦЦЁВЫЯ КЛОПАТЫ
Неба пачало цямнець. На супрацьлеглым баку возера ўсё яшчэ ружавела вячэрняя зара.
Мне ўжо цяжка было бачыць з адлегласці, што робіць андатра ў трысці, але пакідаць занятую пазіцыю і парушаць цішыню азёрнай гладзі я не хацеў.
Праз некалькі хвілін андатра вярнулася. Яна плыла недалёка ад байдаркі, трымаючы ў зубах кавалак трысцінкі. Сваімі вострымі зубамі яна зрэзала сцябло расліны і спяшалася з ім на кармавую пляцоўку.
Падплыўшы да берага, андатра выйшла на невялікі выступ, села на заднія лапы і, трымаючы сцябло пярэднімі, спрытна абгрызла яго з усіх бакоў. Неўзабаве яна пакончыла з гэтай закускай, слізганула ў цёмную ваду і паплыла па новы корм.
Пакуль я наглядаў за вячэрай ці, хутчэй, снеданнем андатры, на спакойнай паверхні возера з’явілася яшчэ некалькі звяркоў.
Усюды чуліся ўсплёскі і шорганне. Сонная і ціхая дагэтуль вада нібы ажыла. Андатры пакінулі свае хаткі, у якіх адпачывалі на працягу дня. Адна за адной з’яўляліся яны ў вадзе сярод трысця і пачыналі сваю начную дзейнасць. Цяпер яны плавалі па ўсіх напрамках, занятыя заўсёднымі жыццёвымі клопатамі, ганяліся адна за адной, гуляючы ў вадзе, і шукалі сабе корм.
Некаторыя з іх вярталіся ў хаткі з пучкамі водарасцей у зубах, з галінамі лазы і сцябламі трысця. Яны рамантавалі і ўдасканальвалі жыллё. Да бліжэйшай хаткі падплыла андатра з даўгім сцяблом рагозу. Крыху затрымаўшыся, звярок узлез на хатку і палажыў сцябло наверсе, пакорпаўся там яшчэ пару хвілін, выгнуўшы спіну, асцярожна спусціўся і знік у вадзе.
Сярод дарослых звяркоў, якія плавалі па ўсіх напрамках, я заўважыў і малых. Яны трымаліся на паверхні вады, як круглыя пушыстыя паплаўкі, куляючыся з боку на бок, і веславалі даволі бездапаможна то адной, то другой лапамі.
Старыя андатры плавалі каля іх, нібы ахоўваючы сваіх дзяцей, але ў сапраўднасці малыя былі пакінуты на волю лёсу. У выпадку сур’ёзнай небяспекі дарослыя нічым не маглі ім дапамагчы. Андатры не маюць моцных сродкаў абароны ад ворагаў у вадзе, на зямлі і ў паветры. У гэтым я неўзабаве пераканаўся ўвачавідкі.