• Часопісы
  • Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

    Падарожжа па краіне беларусаў

    Віталь Вольскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 319с.
    Мінск 2006
    57.31 МБ
    — Дзе ж ты яе падзеў?
    — Мы з хлопцамі аднеслі мёртвую андатру ў школу, і настаўнік Мікалай Антонавіч зняў з яе шкурку. Яна і зараз захоўваецца.
    — Ці даўно жывуць андатры на гэтым азярку?
    — Трэці год,— адказаў хлопчык.— Як прывезлі іх аднекуль, каб выпусціць у возера Цно, то нейкі дзядзька ўзяў самца і самку ды пусціў іх сюды, перад нашаю школай, каб паглядзець, што з гэтагабудзе, а яны тут і прыжыліся. Спачатку была ў іх на азярку адна хатка, а цяпер аж дзевяць. Адсюль не ўсе відаць, але я вам магу і з таго боку паказаць. Нават падлічыце, калі захочаце.
    Хатак сапраўды дзевяць.
    Хлопчык задаволены.
    — Іх тут усюды многа, на ўсіх азёрах,— гаворыць ён, і шчырая радасць гучыць у яго словах,— але больш за ўсё на Друйцы, каля Заборных гумнаў.
    — Заборныя гумны? — перапытаў я.— Што ж гэта такое і як туды трапіць?
    — Так называецца ў нас ускраіна горада, у самым канцы Ленінскай вуліцы,— удакладніў мой субяседнік.
    Ён паказаў мне напрамак і дадаў:
    — Калі вы так цікавіцеся, то трэба вам пагаварыць з настаўнікам. Мікалай Антонавіч усё пра іх ведае.
    — Дзе ж яго знайсці?
    — Ён жыве ў канцы Савецкай вуліцы, у фінскім доміку, каля аптэкі.
    Сёння нядзеля, школа закрыта, і знайсці Мікалая Антонавіча можна было толькі дома. Я хутка адшукаў яго па адрасу, які мне даў Уладзік.
    Гэта быў жывы і гаваркі чалавек гадоў каля трыццаці пяці.
    Скончыўшы Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, ён вярнуўся ў свой родны горад і выкладае прыродазнаўства ў той самай сярэдняй школе, каля маленькага азярка, у якой вучыўся некалі і сам.
    Мікалай Антонавіч вельмі любіць Браслаў і яго ваколіцы. Адразу і нават ахвотна згадзіўся ён паехаць са мною на рэчку Друйку і паказаць месцы, заселеныя андатрай.
    Мы выйшлі з доміка, у якім ён жыве, і паехалі ў самы канец горада. Апошнія хаты ўскраіны засталіся ззаду.
    — Вось гэта і ёсць Заборныя гумны,— сказаў Мікалай Антонавіч.— Мой вучань даў вам правільны арыенцір.
    РЭЧКА ДРУЙКА
    Пераехаўшы па драўляным мосце цераз Друйку, мы пакінулі машыну на дарозе і пайшлі па балоцістай пойме.
    Друйка, невялікая рэчка з павольнай плынню, злучае азёры вакол Браслава з Заходняй Дзвіной. Пойма ў Друйкі вельмі шырокая. Вясной, у час паводкі, яна ўся затапляецца вадою, зліваючыся ў адно цэлае з возерам Цно, якое пачынаецца адразу за мостам.
    Мы ідзём паўз бераг рэчкі, яна густа зарасла рагозам, асакой і чаротам.
    — У Друйцы шмат вугроў,— гаворыць мой спадарожнік.
    Вакол пануе незвычайная цішыня. Падышоўшы да шырокага плёсу, за якім пачынаецца паварот рэчкі, мы спыніліся.
    — Андатра асабліва любіць рагоз,— ціха сказаў Мікалай Антонавіч.— Тут для яе сапраўдны рай. Кармавыя ўгоддзі выключна багатыя, вады ўсюды многа, умовы для існавання і размнажэння вельмі спрыяльныя. Вясной тут можна бачыць андатру не толькі вечарам, але і днём. У гэты час адбываецца ў іх шлюбны перыяд і рассяленне, узнікаюць новыя сем’і, якія шукаюць сабе вольныя месцы для жылля. На працягу сакавіка і красавіка андатры праяўляюць вялікую актыўнасць і плаваюць усюды і днём, і ноччу. На сухіх берагах яны, як і бабры, жывуць у норах, а на балоцістых месцах будуюць сабе хаткі.
    Настаўнік уважліва глядзіць на ваду.
    Над соннаю рэчкай нізка навісла перадвячэрняе неба. Дзьме халаднаваты вецер, і ад яго павеваў светла-шэрая, нібы алавяная паверхня вады пакрываецца серабрыстаю рабізной.
    Мікалай Антонавіч схапіў мяне за руку.
    — Глядзіце!..
    У вадзе, недалёка ад берага, хутка рухаецца нейкая цёмная кропка.
    Андатра! Зусім як тая, што падстрэліў індзеец Куанеб. Толькі плыве яна не па канадскім возеры, а па беларускай рэчцы.
    Плыве андатра вельмі шпарка. Цяпер яна зусім блізка ад нас. 3 вады тырчыць толькі круглая галава, сама яна пад вадою. За андатраю застаецца на паверхні вады доўгая светлая паласа.
    Уздоўж супрацьлеглага берага плыве яшчэ адна андатра. Ад зараснікаў рагозу аддзялілася і выплыла на сярэдзіну рэчкі трэцяя.
    Іх тут, відаць, сапраўды нямала!
    Цяпер я ведаю, дзе знаходзіцца «андатравы рай» і ў далейшым змагу наведвацца сюды адзін. А пакуль, каб не траціць марна часу, варта было б сёння пазнаёміцца і з астатнімі азёрамі, што акружаюць горад.
    Пра гэта я кажу Мікалаю Антонавічу і пытаюся, ці не хоча і ён паехаць разам? Настаўнік згаджаецца.
    Мы выйшлі на дарогу і селі ў машыну.
    — Паедзем на ўсход, а вернемся з захаду,— гаворыць ён.
    ПА ВАКОЛІЦАХ БРАСЛАВА
    Кругавы аб’езд мы пачалі з возера Цно. За ім ляжыць возера Неспеж. Чым далей едзем, тым болып прыгожыя, паэтычныя, маляўнічыя робяцца краявіды.
    Я ўключыў радыё.
    Зайграла музыка, пачуліся словы знаёмай песні.
    Край родной н любнмый, Край озер нашнх снннх...
    Мелодыя і змест песні адпавядалі нашаму настрою.
    — Якраз дарэчы,— усміхнуўся настаўнік — Вось яны, нашы сінія азёры!
    Сапраўды, усюды сярод узгоркаў, лясоў і нізін зіхаціць азёрная гладзь.
    ...Дрывяты, Навяты, Воласа, Снуда, Струста, Окменіца, Святцо...
    Азёры з дзіўнымі летапіснымі назвамі абкружылі Браслаў, нібы бліскучыя каралі. Нязвыклае гучанне іх імёнаў абуджае фантазію. Колькі дзесяткаў стагоддзяў, колькі незлічоных пакаленняў людзей яны перажылі!
    Аднак вернемся да андатры.
    — Да гэтага часу асноўным багаццем нашых азёраў была толькі рыба,— сказаў Мікалай Антонавіч, калі мы пад’ехалі да возера Неспеж.— А цяпер мы маем яшчэ і андатру. За апошнія гады звяркі рассяліліся амаль па ўсіх азёрах Браслаўшчыны.
    — А як ставіцца да новага звярка насельніцтва?
    — Прывыклі. He звяртаюць увагі. Толькі рыбакі нездаволены андатрай.
    — Чаму?
    — Яна ім часам перашкаджае. Трапіць пад вадою ў сеткі, заблытаецца ў іх, прагрызе выхад і ўцячэ, а за ёю ўцякае і рыба. Вось рыбакі і лаюцца, клянуць андатру: «Запаскудзілі нашы азёры гэтым пацуком».
    — А вы як думаеце?
    — Думаю, што рыбакі глядзяць на гэта занадта вузка. Я ўпэўнены, што засяленне нашых азёр андатраю мае вялікае народнагаспадарчае значэнне. Яшчэ ў 1945 годзе абмяркоўвалася ў Мінску пытанне аб андатры.
    — Праўда,— успомніў я.— Была гаворка, каб выпусціць андатру ў Князь-возера, на Палессі.
    — Так,— пацвердзіў Мікалай Антонавіч.— Тады ворагі звярка перамаглі. Яны давялі, што нібыта рассяленне андатры скажацца адмоўна на развіцці рыбнай гаспадаркі. Сцвярджалі, быццам андатра не толькі грызе сеткі, але і знішчае рыбу. Гэта, зразумела, няпраўда. Але паколькі пытанне выклікала спрэчкі, яго пакінулі адкрытым. Вырашылі з акліматызацыяй андатры на Беларусі пачакаць. Але ў тым жа годзе ў Брэсцкай вобласці былі заўважаны андатры, якіх ніхто не прывозіў.
    — Адкуль жа яны ўзяліся?
    — А самі, без дазволу і ўзгаднення, не чакаючы пастановы, перабраліся на тэрыторыю Беларусі з суседняй Польшчы, куды трапілі з Чэхаславакіі. Тады, паколькі звяркі самі з’явіліся, пярэчанні адпалі. Пачалося планавае засяленне андатраю вадаёмаў рэспублікі. Больш трохсот звяркоў было выпушчана ў 1953 і 1954 гадах
    у Князь-возера і столькі ж у 1955 годзе ў азёры Пастаўскага раёна. Нарэшце ў 1956 годзе прывезлі ў Браслаў і выпусцілі ў Цно чатырыста дзевяноста сем звяркоў. Цяпер кожнаму ясна, што гэта — звярок карысны, каштоўны, як кажуць, рэнтабельны. Да ўмоў жыцця ён непатрабавальны, размнажаецца вельмі хутка, дае прыгожае, трывалае і недарагое футра, а корміцца балотнымі раслінамі. Каму патрэбны вадзяны хвошч, асака, рагоз, гарлачыкі? Абсалютна нікому! Значыць, утрыманне і развядзенне андатры не патрабуе ні дзяржаўных сродкаў, ні чалавечай працы, а карысць прыносіць вялікую. Гэта — сапраўднае багацце.
    Мікалай Антонавіч змоўк. Яго довады здаліся мне вельмі пераканальныя. Я хацеў яму сказаць пра гэта, але гаворка наша раптам спынілася. Пакуль настаўнік гаварыў, дарога падымалася на высокую гару, пакрытую лесам. Цяпер мы абагнулі выступ гары, і перад намі адкрыўся цудоўны пейзаж.
    Унізе, пад гарою, раскінулася возера Воласа, з усіх бакоў аблямаванае лесам. Ці не ў гонар язычаскага бога Валоса, або Вялеса, было названа так у старадаўнія часы гэтае возера?
    Яно сустрэла нас глыбокім і велічным спакоем. I мне здалося, быццам нейкая дзівосная «машына часу» перанесла нас на якую добрую тысячу гадоў назад. На берагах такіх спакойных азёр стаялі калісьці драўляныя ідалы і глядзелі ў чыстыя, празрыстыя воды.
    Горы, вада, стройныя сосны на ўзвышшах, цёмныя елкі ў нізінах. На кожным кроку — новы цуд невыказнай прыгажосці. Мясцовасць — як казачны сон. Над усім пануе адвечная гармонія паміж небам, вадой і лесам.
    Мы выйшлі з машыны і доўга стаялі над стромкім ярам.
    — На гэтым возеры андатры няма і не будзе,— сказаў нарэшце настаўнік.
    — Чаму?
    — Яно не кормнае. Тут для андатры занадта прыгожа — вада чыстая, берагі сухія, пясчаныя. Андатра любіць такія азёры, як Цно,— неглыбокія, з багатай расліннасцю і балоцістымі берагамі, ці рэчкі з павольнай плынню і шырокаю поймай.
    Вочы нашы не могуць адарвацца ад краявіду. Але як тут ні прыгожа, трэба ехаць далей.
    За гарамі, пакрытымі лесам, адкрылася перад намі новая водная гладзь. Гэта — возера Снуда. I яно мае не менш велічны, эпічны выгляд.
    Вада, лес і ўзгоркі. Цішыня.
    Над пясчаным берагам ляцяць кнігаўкі. Я спыніў машыну і, па сваёй даўняй звычцы, пытаюся ў сустрэчнага пажылога дзядзькі:
    — Як называюцца гэтыя птушкі?
    Калгаснік зірнуў на мяне недаверлівым вокам і, хаваючы здзіўленне, адказаў:
    — Піліпцы.
    — А можа, гэта кнігаўкі?
    — He.
    — Тады, можа, чыбісы ці пігаліцы?
    — Ніколі не чуў. У нас іх называюць піліпцамі.
    Ён паглядзеў на бераг і, паказаўшы рукой на чубатую птушку з белай грудкаю і цёмна-зеленаватымі крыламі, дадаў упэўнена, каб не было ніякіх сумненняў:
    — Вунь яшчэ піліпец паляцеў.
    На сенажаці, над якой праляцела кнігаўка, стаяў маўклівы бусел. Пакуль дзядзька прыкурваў у Мікалая Антонавіча, я спытаўся зноў:
    — А гэта хто?
    Дзядзька выпусціў з-пад светлых вусоў струменьчык дыму.
    — Гэта бацян,— адказаў ён не адразу.
    — Буслом яго ў вас не называюць?
    — He. Так у нас не гавораць. У нас гэта — бацян.
    Настаўнік пацвердзіў сказанае калгаснікам. Дзядзька цяпер, відаць, цалкам пераканаўся, што з яго не жартуюць. Развітаўшыся з ім, мы паехалі далей.
    Недалёка ад возера Снуда знаходзіцца вёска Краснагорка. Тут жывуць так званыя стараверы. Іх продкі перасяліліся ў гэтую мясцовасць з Расіі яшчэ ў XVII стагоддзі.