Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Шкада, што я раней не быў тут ніколі.
На берагах возера не відаць цяпер ні берагавых ластавак, ні варанкоў, ні касатак.
Пячоркі-гнёзды пустыя. Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны.
Над сцяною кручы звісаюць карэнні сосен, утвараючы над гнёздамі беражанак навісь. Па гэтых карэннях я і падняўся наверх.
Над абрывам расце сасновы лес. Тут шмат грыбоў і арэхаў
Унізе плёскаюць хвалі. Каля самай вады скачуць па мокрай бліскучай гальцы шэрыя пліскі. Над соснамі лятае сокал-пустальга.
3 вяршыні абрыву адкрываецца цудоўны від на возера. Перад вачыма ясны і мяккі пейзаж, нібы на карціне старога фламандскага майстра.
Раптам зноў спахмурнела. Падняўся паўночна-ўсходні вецер. Возера набыло змрочны выгляд.
Трэба вяртацца, пакуль не позна.
Я спусціўся з абрыву ўніз і сеў у байдарку.
Звычайна лёгкая і паслухмяная вяслу байдарка стала непаваротлівая, цяжкая. Яна нібы не хоча адплываць ад берага. Веславаць куды цяжэй, чым было раніцой.
Ветрам байдарку ўвесь час адносіць убок. Сцяблы чароту хіляцца сваімі мяцёлкамі ледзь не да самай вады.
Байдарка выплывае ў адкрытае возера, і яе ўсё далей адносіць ад берага.
Я паглядаю на неба.
Удалечыні, недзе за Кабыльнікам, пачуліся першыя грымоты. 3 таго боку насоўваецца вялікая цёмная хмара.
Зноў навальніца!
Увесь апошні тыдзень гром грыміць ледзь не кожны дзень.
He, з такім ветрам я дабрацца дадому, відаць, не паспею!
Трэба кіраваць да берага.
Калі я, вяслуючы супроць ветру, падплыў да берага, пайшоў буйны дождж.
Я выцягнуў байдарку з вады і перакуліў дагары дном.
Адзенне і абутак зняў і схаваў пад сасной, а сам распаліў вогнішча і сеў ля агню.
Гром грымеў усё бліжэй і мацней. Над возерам бліскалі маланкі.
Скончылася навальніца праз гадзіну. Я патушыў вогнішча і раскідаў вуголле па мокрым пяску.
У байдарку я сеў амаль сухі. Але радавацца было рана. He паспеў ад’ехаць і сотні метраў, як дождж пачаў ліць з новаю сілай. За некалькі хвілін я быў мокры з галавы да ног.
Калі падплыў да масткоў каля дому, пачало цямнець.
У вячэрнім паветры пачуўся стук матора. Баркас вёў за сабою на буксіры чараду рыбацкіх лодак.
Рыбакі вярталіся з лову.
ЛІСА 1 ГУСАК
Калі я выцягнуў байдарку з вады і перанёс у пуню, дзе яна ў мяне заўсёды захоўвалася ўночы, на двор прыйшлі з возера гусі.
Гаманлівая чарада на чале з самаўпэўненым гусаком важна і самаздаволена тупае ўверх па сцежцы.
Перад дзвярыма ў хату гусі збіліся ў кучу і загагаталі. Гаспадыня ўзяла дубец і загнала іх у хлеў.
Замкнуўшы дзверы на засаўку, яна расказала, як у мінулую восень лісіца схапіла ў яе на вачах гусака.
— Гэта было ў пачатку кастрычніка, гадзін у дзевяць раніцы,— гаворыць гаспадыня.— Толькі хацела я выйсці з хаты, адчыніла дзверы і не паспела яшчэ пераступіць парог, як бачу — рыжая ліса валачэ нашага гусака ў кусты. Трымае гусака за шыю, а той ужо і крылы апусціў, і не супраціўляецца. Мусіць, яна адразу горла перакусіла, ён і агледзецца не паспеў.
— Што ж вы тады зрабілі? — спытаў я.
— А што я магла зрабіць? — гаворыць жанчына.— Закрычала, пабегла за ёю, ды дзе там! Хіба лісу зловіш? Знікла ў кустах, нібы скрозь зямлю правалілася разам з маім гусаком. А хмызняк тут, самі бачыце, які густы, і аж да лесу цягнецца.
Хата знаходзіцца на ўзгорку. 3 аднаго боку ідзе спуск да возера, а з другога ўзгорак пераходзіць у балоцістую нізіну, якая аддзяляе вёску Купу ад грады з сасновым лесам.
Гаспадыня паказала мне месца, дзе ліса схапіла гусака.
— Тут, на гэтым схіле, дзе цяпер кукуруза, летась была пасаджана бульба,— растлумачыла яна.— Незадоўга перад тым мы выбралі бульбу, і гусі хадзілі па бульбянішчы. Адзін гусак падышоў да самага краю поля каля ручая, а ліса, відаць, даўно там хавалася ў кустах ды пільнавала. Калі гусак наблізіўся, яна і схапіла яго. Астатнія гусі нават і не заўважылі, бо ён і не крыкнуў. Ходзяць сабе спакойна ды падбіраюць бульбу... Цяпер мы гусей сюды да ручая не пускаем,— закончыла свой расказ гаспадыня,— тут для лісы подступ надта зручны. Цяпер гусі ходзяць толькі ў гэты бок, да возера.
Калі глядзець з узгорка, дзе стаіць хата, уніз, то добра відаць між агародамі і лесам звілістая паласа хмызняку, па якой здалёк можна вызначыць напрамак ручая: ён перасякае дарогу з рыбгаса ў Купу і ўліваецца ў Нарач. Дзе-нідзе ручай разліваецца па нізіне, утвараючы топкія балотцы з чорнай тарфяністай вадою. Кусты вольхі і лазы густа растуць па яго берагах ад самага лесу, дзе ручай выцякае з яру.
У кустах над ручаём сакочуць сарокі. Толькі яны і могуць выкрыць лісу ў гэтым густым хмызняку і перашкодзіць яе паляўнічым хітрыкам.
СУСТРЭЧА 3 ЛІСОЙ
На другі дзень я пайшоў уздоўж ручая, каб прасачыць паляўнічы маршрут лісы.
Мінуўшы балотца, апынуўся ў густым лесе. Тут пераважаюць сосны, але густа расце і ядловец, і маладыя дубкі, і арэшнік. Сустракаюцца часам і вялізныя яліны.
Пад нагамі часта трапляюцца грыбы. Вось расце грыб-сіняўка. Калі яго разрэзаць, белая сярэдзіна на вачах зробіцца сіняя.
На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. Палова з іх зусім чорныя, астатнія ўсё яшчэ зялёныя. У паветры ўжо адчуваецца набліжэнне восені, але дзе-нідзе па сухіх грудках яшчэ чырванеюць асобныя познія суніцы.
У густым і падсохлым знізу маладым сасняку я натрапіў раптам на трох маладых глушцоў. 3 шумам узняліся яны з зямлі, густа заваленай галлём, ледзь не з-пад самых маіх ног і паляцелі адзін за адным, лопаючы крыламі. Узлятаючы, першы з іх ад неспадзяванасці кудыкнуў спалохана, нібы курыца.
Блукаючы па лесе, я выйшаў на маляўнічую палянку, недалёка ад ручая.
На возеры сёння вецер, а тут, у лесе, ціха і спакойна.
Я прылёг на сухі мох каля старой паваленай бурай сасны і задумаўся.
Над верасам пералятаюць з месца на месца шэрыя пліскі. У кожнай чародцы па пяць-шэсць птушак. Я ўпершыню бачу плісак у лесе, далёка ад возера. Там, ля возера, яны часта скачуць, лёгка і грацыёзна, як на спружынах, па мокрым пяску каля самай вады. Калі набягае хваля, зграбныя птушкі спрытна адскакваюць ад паласы белай пены. Калі ж хваля адступае назад у возера, пліскі бягуць за ёю, збіраючы на мокрым пяску здабычу, непрыкметную для чалавечага вока. Тут, у лесе, яны, відаць, ловяць над верасамі дробных насякомых.
Між зараснікаў папараці, метраў за дзесяць наперадзе мяне, мільганула раптам нешта ярка-рыжае.
Няўжо ліса?..
Так, гэта лісіца-хітрыца!
Вось яна выслізнула з-пад жоўтых галінак папараці.
На фоне маладых зялёных елачак рыжае футра гарыць, як агонь, падкрэсліваючы белую грудку і чорныя ногі. Блішчаць ясныя бурштынавыя вочы.
Вострая мордачка лісы прынюхваецца да зямлі...
Лёгкім трушком ліса перабегла палянку і спынілася каля старой яліны, крыху прыўзняўшы пярэднюю лапу, нібы паляўнічы сабака, які робіць «стойку». Гнуткая постаць лісы застыла на месцы. Вострыя чорныя вушы насцярожаны. Уся яна — увасабленне напружанага, цярплівага чакання. Толькі кончык пушыстага хваста ледзь прыкметна варушыцца.
«Мышкуе»,— падумаў я.
Ветрык дзьмуў мне насустрач, і ліса не магла пачуць чалавека. Я ведаў што лісіцы так захапляюцца паляваннем на мышэй, што забываюць часам пра ўсё на свеце, нават пра ўласную бяспеку. Да таго ж ліса была з другога боку калоды і стаяла спінай да мяне. Калі б яна і павярнулася, то адразу таксама не магла б мяне заўважыць, бо стары павалены сасновы ствол амаль цалкам мяне закрываў.
Стрымліваючы дыханне, я любаваўся спрытнымі рухамі невыказна прыгожага звера.
Ліса не варушылася некалькі хвілін.
Раптам чорныя, нібы аксамітныя лапкі яе ўзняліся ўгору, рыжы хвост з белым кончыкам мільгануў у паветры. Ліса падскочыла і схапіла нешта між тоўстых карэнняў яліны. Пачуўся слабы піск мышы. У тую ж хвіліну ліса знікла між дрэў.
Можа, гэта тая самая ліса, што ўкрала калісьці гусака ў маёй гаспадыні? Напэўна, яна. Але я быў так захоплены прыгажосцю рухаў лісы, яе грацыёзным і лёгкім скачком, што зусім забыў пра гэтае «злачынства».
У горадзе, на станцыі юных натуралістаў, я часта наглядаў за лісіцамі ў клетках, але гэта было зусім не тое. Цяпер мне здавалася, што я ніколі ў жыцці не бачыў такога прыгожага звера. Хіба можна было параўнаць паводзіны свойскага ліса ў вальеры з прывабнымі, поўнымі лёгкай грацыі рухамі гэтага цудоўнага стварэння на волі?
Я ўспомніў, што мышы з’яўляюцца асноўным кормам лісы. Паляўнічыя кажуць, што на працягу дня ліса знішчае да пяцідзесяці — шасцідзесяці мышэй. Яна ловіць іх не горш за кошку. Адзін даследчык бачыў, як лісіца несла сваім лісянятам у нару адразу шэсць мышэй. Хвасты і заднія лапкі злоўленых звяркоў звісалі з бакоў лісінай пашчы накшталт нейкай дзіўнай барады... Ліса ахвотна есць і майскіх жукоў, конікаў і іншых шкодных насякомых.
Тым, іпто ліса знішчае мышэй, яна прыносіць бясспрэчную карысць. I гэтая карысць ураўнаважвае тую шкоду, якую робіць ліса, калі схопіць часам на двары курыцу, ці качку, ці гусяня, ці калі крадзе яйкі баравой і вадаплаўнай дзічыны ў лесе і ў зарасніках на возеры.
У прыродзе ніколі не бывае так, каб той ці іншы звер або птушка былі заўсёды і пры ўсіх умовах толькі карысныя ці толькі шкодныя.
Пра гэта я думаў, калі ўстаў з-за калоды і паглядзеў у той бок, дзе знікла ліса.
Пакінуўшы лясную паляну, я спусціўся ў нізіну, перайшоў па кладцы ручай і агародамі пайшоў у Купу.
На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. Амаль усе дачнікі раз’ехаліся, і вёска набыла свой звычайны будзённы выгляд.
У перадвячэрнім святле прыгожыя хаты з белымі, сінімі і чырвонымі аканіцамі здаваліся асабліва ўтульныя. Некаторыя з іх маюць зашклёныя веранды і мезаніны з балкончыкамі. У прысадах перад вокнамі растуць вяргіні, мак, рамонкі.
Над вёскаю апускаўся ясны, цёплы вечар.
Сонца яшчэ не зайшло, а на блакітным небе ўжо з’явіўся бледны месяц. Залацісты шар сонца набыў журавінавы колер, а неба зрабілася шаравата-сіняе. Потым сонечны шар падзяліўся далёкімі воблачкамі на чырвоныя палоскі, і тыя праз некалькі хвілін зніклі ў вячэрняй сіні.
СТАРЫ ПАСТУХ
Дарога ў вёску Варанцы ідзе праз сасновы лес.
На кожным кроку на вочы трапляюць грыбы — баравікі, маслякі, бабкі. Асабліва многа тут лісічак, хоць ты іх касі, як казаў адзін мой знаёмы. Усюды яны жаўцеюць у зялёным моху.