Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Я ведаў, што сівагракі гняздзяцца ў дуплах старых дрэў. Яйкі з’яўляюцца ў гняздзе сіваграка ў пачатку чэрвеня. Птушаняты вырастаюць і пакідаюць гняздо праз дваццаць шэсць — дваццаць восем дзён.
Быў канец чэрвеня. Значыць, птушаняты ўжо даволі вялікія. Неўзабаве яны пачнуць лятаць.
Трэба спяшацца!
Між тым надышоў ліпень, а пошукі гнязда ўсё яшчэ не давалі вынікаў.
Выпадак дапамог мне.
За вёскай Урлікі я ўбачыў на ўзлессі падорліка. Ён лунаў над высокімі ялінамі.
Раптам аднекуль збоку вылецеў з рэзкім крыкам сіваграк.
Сіняя птушка наляцела на падорліка і ўдарыла яго, як таран. He даўшы падорліку апамятацца, сіваграк узняўся вышэй і кінуўся на драпежніка зверху, збіваючы яго з курсу і адганяючы ад ялін.
Дзіўна, што падорлік нават і не спрабаваў абараняцца. А сіваграк не спыняў сваіх заўзятых атак. Ён нападаў на падорліка то зверху, то збоку, кожны раз адлятаючы для разгону.
Падорлік рабіў шырокія кругі, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй у сіняе бяздоннае неба, пакуль сіваграк не адступіўся ад яго.
Падорлік знік удалечыні, а ўсхваляваны сіваграк абляцеў яшчэ раз усю лугавінку перад лесам і з крыкам сеў на вершаліну сасны. У той жа момант побач з ім апынуўся другі сіваграк.
«Недзе тут і трэба шукаць іх гняздо»,— падумаў я і расказаў пра сутычку сіваграка з падорлікам студэнтуарнітолагу Лёню.
I тут высветлілася, што Лёня ведае, дзе знаходзіцца гняздо сіваграка.
— Я вам яго пакажу, калі здолею патрапіць да таго дрэва,— паабяцаў Лёня.
ГНЯЗДО СІВАГРАКА
На другі дзень мы пайшлі разам у лес за Урлікамі.
Жыта за вёскай стаяла сцяной, вышэй чалавечага росту. Адразу за нівай, пасля лугавінкі, пачынаецца вільготны лес.
— Нам трэба ісці вунь на тыя яліны,— гаворыць Лёня, паказваючы на ўскрай лесу, дзе злева ад нас з цёмна-зялёнай зубчастай сцяны ўзвышаюцца вострыя пікі вялізных ялін.
Мы прабіраемся скрозь густы падлесак ад адной калматай яліны да другой.
Лёня ідзе наперадзе, я — за ім.
На зялёным фоне ляснога гушчару яркай каляровай плямай вылучаюцца яго чырвоная клятчастая каўбойка і сінія штаны.
— Вось тут,— упэўнена гаворыць Лёня, спыніўшыся пад адным з лясных волатаў.
Перад намі высокая яліна з магутным стромкім ствалом, з шырокімі сівымі лапамі.
Мы глядзім угору.
На вышыні чатырох метраў ад зямлі чарнее ў ствале пад адным з сукоў адтуліна авальнай формы, дастаткова вялікая, каб у яе свабодна мог пралезці дарослы сіваграк.
Вакол яліны, сярод маладых бярозак і елачак густа растуць буякі. Пад старым дрэвам цёмна і вільготна. Ноччу быў дождж, і на лісточках буякоў зіхацяць буйныя дажджавыя кроплі.
— Паглядзім, ці сядзяць яшчэ ў дупле птушаняты,— гаворыць Лёня.
Абхапіўшы ствол рукамі, ён спрытна лезе на дрэва, ставячы ногі ў мяккіх кедах на сучкі. Вось ён дабраўся да першых вялікіх галін.
Саламяны брыль зляцеў з галавы ў студэнта. Цёмнакаштанавыя валасы рассыпаліся.
Лёня схіляецца з верхняга сука над дуплом і запускае туды руку.
— Ёсць,— гаворыць ён урачыста. — Яшчэ не вылецелі!..
Лёня выцягвае з дупла птушаня сіваграка і паказвае мне. Велічынёю яно з дарослую птушку, але лятаць яшчэ не ўмее, хоць і пакрыта пер’ем.
Лёня адварочвае галаву.
— Прыгожая птушка, а якая неахайная. Гадуе сваіх дзяцей у такім брудзе і смуродзе!
Разгледзеўшы птушаня, Лёня асцярожна кладзе яго зноў у дупло.
— Там яшчэ двое,— тлумачыць ён, злазячы з дрэва. — Але гэты большы. Ён сядзіць наперадзе, каля самага краю дупла, і таму расце шпарчэй за іншых, бо яму перападае болып корму.
Дзесьці паблізу з’явіўся сіваграк.
3 трывожным крыкам лётае ён вакол нас недзе па-за дрэвамі, але на вочы не паказваецца.
— Дупло выдзеўб, мусіць, чорны дзяцел,— мяркуе Лёня. — Ён на гэта майстар. А потым гатовым памяшканнем завалодаў сіваграк.
— Як вы яго знайшлі? — пытаюся я.
— Знайшоў не я,— адказвае Лёня. — Мне паказаў гэтае гняздо Антон Канстанцінавіч, наш прэпаратар з універсітэта. Ён гаворыць, што знайшоў яго яшчэ ў 1946 годзе. 3 таго часу сівагракі штогод выводзяць у ім сваё патомства. Магчыма нават, што адна і тая ж пара гняздзіцца тут на працягу ўсіх гэтых гадоў.
Мы выбіраемся з лесу.
Пачаўся дождж. Высокая трава адразу намокла. Мы выходзім на дарогу.
У лесе за вёскай Урлікі ўсё яшчэ гучыць рэзкі крык сіваграка.
Дождж неўзабаве скончыўся. З’явілася сонца, і, пакуль мы дайшлі да біястанцыі, адзенне наша высахла.
Па дарозе я ўспомніў пра сіваграка, якога бачыў у верасні над Чорным морам, і расказаў пра гэта Лёню.
Мне давялося ў той час жыць каля Адэсы.
Пахмурнай раніцай я ішоў паўз бераг мора. Пад нагамі была сухая гліністая глеба з норкамі суслікаў сярод рэдкіх кустоў палыну.
Унізе сярдзіта шумеў прыбой.
3 аднаго боку — бясконцы марскі прастор, з другога — не менш бясконцы прастор украінскага стэпу.
3 высокай кручы я заўважыў знаёмую птушку. Яна лятала над морам, даволі далёка ад берага.
Сіваграк куляўся ў паветры, змагаючыся з парывамі ветру. Трапечучы крыламі, ён узнімаўся высока ўгору, каб потым імкліва спікіраваць уніз, ледзь не да самай вады, і зноў узлятаў у вышыню. Такія самыя фокусы паветранай эквілібрыстыкі рабіў і сіваграк, за якім я назіраў на Нарачы.
Неба было шэрае, і мора шэрае, надвор’е пахмурнае. Hi чаек не было над морам, ні ныркоў.
Адна толькі сіняя птушка з захапленнем аддавалася гульні са стыхіяй.
ПУСТАЛЬГА
Раніца сёння цёплая, вільготная і пахмурная.
На досвітку над возерам прайшла навальніца, але свежасці пасля сябе не пакінула.
У памяшканні на біялагічнай станцыі, дзе займаюцца практыканты, парна і душна, хаця ўсе вокны расчынены насцеж.
— Я знайшоў учора гняздо сокала-пустальгі,— сказаў мне Лёня. — Жадаеце паглядзець?
— Вядома.
Ён паставіў на акно чучала крачкі, над якім працаваў, і ўзяў свой саламяны капялюш.
Мы выйшлі на ганак.
Парнае паветра пахла навальніцай.
Хвілін праз дзесяць Лёня прывёў мяне ў пералесак недалёка ад берага.
— Вось тут,— сказаў ён,— на гэтай яліне.
3 цікавасцю гляджу я на гняздо пустальгі. Яно вельмі прымітыўнае, зроблена абы-як. На шырокую лапу старой яліны проста пакладзена некалькі тонкіх пруткоў, вось і ўсё. Верхняя галіна служыць жыхарам страхой. Яна ахоўвае птушанят ад дажджу і прамых сонечных праменняў. Гняздо плоскае, у ім няма паглыблення. 3 гнязда чуваць рэзкі піск малых сакалянят.
— Іх тут трое,— ціха гаворыць Лёня.
Мы падыходзім яшчэ бліжэй.
Усе сакаляняты пакрыты белым пухам, але яны не аднолькавыя па росту. Дарослых птушак каля гнязда няма.
Мы хаваемся за суседняй каржакаватай сасной і адтуль цярпліва наглядаем за гняздом.
У вышыні, пад кронамі дрэў, меладычна свішчуць івалгі. Спеў іх складаецца з двух ці трох тактаў: «фі-у» ці «фі-лі-у».
■— Так свішчуць старыя самцы,— ціха гаворыць Лёня.
Раптам прыемныя гукі, падобныя на флейту, змяняюцца крыкам раззлаванай кошкі. Значыць, нешта напалохала ці ўстрывожыла івалгу.
Але навокал усё спакойна, нішто не парушае ляснога жыцця.
Недзе непадалёку пастуквае дзяцел. Стогне дзікі лясны голуб. Радасна гучыць бадзёры спеў берасцянкі. Над травою гудзе гаспадарлівы чмель. Па ствале сасны поўзаюць мурашкі.
Хрыплы піск у гняздзе ўзмацніўся.
Вось падляцела да гнязда пустальга-маці, прыгожая птушка, зграбная і лёгкая, як і ўсе сокалы. У яе рыжавата-карычневая спіна і шырокая цёмная паласа на канцы шэрага хваста.
Сакаляняты сустрэлі маці рэзкім і дружным піскам. У кіпцюрах пустальга трымае мыш-палёўку. Наблізіўшыся да гнязда, птушка ў паветры дзюбай узяла палёўку з кіпцюроў, кінула яе малым і зноў паляцела на здабыткі.
3 нашага сховішча добра відаць, як прагна накінуліся птушаняты на пачастунак. Яны злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. Схапіўшы сваю долю, кожны з іх адразу паварочваецца спінай да астатніх, каб бесперашкодна праглынуць здабычу.
Адно з сакалянят сядзіць бліжэй да краю гнязда. Яно большае за ўсіх, самае спрытнае і рухавае. Таму і корму дастаецца яму заўсёды больш.
Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. На гэты раз самае вялікае з сакалянят цалкам завалодала здабычай. Яно выхапіла палёўку з матчынай дзюбы так хутка, што астатнія і агледзецца не паспелі.
— Мышы — асноўны корм сокала-пустальгі,— сказаў Лёня. — Знішчае ён і буйных насякомых. Гэтая драпежная птушка вельмі карысная для сельскай гаспадаркі.
Тым часам пустальга-маці ўзляцела на вершаліну суседняй елкі і некалькі хвілін сядзела нерухома.
Але адпачынак яе быў кароткі. Вось яна ўжо зноў у паветры.
Недалёка ад нас зелянее адкрытая паляна. Пустальга ўзнялася ўгору і павісла над палянай. Распусціўшы хвост веерам і трапечучы крыламі, яна трымаецца ў паветры на адным месцы. Потым, угледзеўшы з вышыні нешта ў траве, птушка раптам каменем упала ўніз.
Рэзкі ўзмах крыламі над самай зямлёй — і ў тую ж хвіліну яна ўзнялася зноў, а ў кіпцюрах у яе — новая палёўка. За кароткі час сакаляняты ў гняздзе з’елі чатырох мышэй.
У паветры пачулася частае і тонкае:
— Клі-клі-клі-клі-клі...
Голасна клічучы, з’явілася аднекуль яшчэ адна пустальга. Гэта быў бацька. Ён прыляцеў таксама з палёўкай .у кіпцюрах, але сам яе птушанятам не даў. Недалёка ад гнязда яго сустрэла маці. Вось яна падляцела да бацькі.
Што гэта?.. Раз! — і пустальга-маці раптам перакулілася ў паветры, нібы акрабатка. Яна знізу кіпцюрамі выхапіла здабычу з кіпцюроў у бацькі. Той адразу паляцеў прэч, а маці кінула палёўку сакалянятам. Так паўтаралася некалькі разоў.
Пакуль мы наглядалі за гняздом, з-за хмар паказалася сонца. Пачало моцна прыпякаць. Апаўдні, у самую спякоту, і бацькі і дзеці зрабілі перапынак. Птушаняты адпачывалі ў гняздзе, а дарослыя — на суседніх дрэвах, пад галінамі.
Пад вечар, калі сонца апусцілася, малыя зноў ажылі, заварушыліся. 3 гнязда пачуўся рэзкі піск, сакаляняты патрабавалі есці. Пасля адпачынку бацька і маці з новай энергіяй пачалі прыносіць ім здабычу.
Панаглядаўшы за гняздом на працягу двух дзён, Лёня ўлучыў хвіліну, калі не было паблізу бацькоў, узяў адно сакаляня і аднёс яго на біялагічную станцыю.
У гняздзе замест трох сакалянят засталося двое. Але бацькі нават не заўважылі страты. Па-ранейшаму спакойна падляталі яны да гнязда, і пустальга-маці замест трох карміла цяпер двух птушанят. Калі б Лёня пакінуў у гняздзе нават толькі адно сакаляня, для бацькоў таксама нічога не змянілася б. Яны і тады б не здагадаліся, што сям’я іх паменшала. Пустальгам здавалася, што ў іх доме поўны парадак.