Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
СВЯТА ПЕСНІ
На высокім зялёным кургане, які пануе над бязмежным прасторам Нарачы і над усім наваколлем, высіцца помнік-абеліск.
На помніку надпіс:
1941—1945
СЛАВА НАШАМУ ВЯЛІКАМУ НАРОДУ, НАРОДУ-ПЕРАМОЖЦУ!
ВЕЧНАЯ СЛАВА ПАРТЫЗАНАМ I ПАРТЫЗАНКАМ, ЯКІЯ АДДАЛІ СВАЁ ЖЫЦЦЁ ЗА СВАБОДУ і
I НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ НАШАЙ РАДЗІМЫ
Перад абеліскам на шырокай пляцоўцы — сцэна з памостам-эстрадай. Да абеліска вядуць з абодвух бакоў па схілах кургана каменныя лесвіцы. Крыху ніжэй — рады лавак для гледачоў. Тут размясціліся дзеці. За імі стаіць вялікі натоўп. На лугавіне каля кургана цэлае мора галоў.
Каля шматлікіх часовых ларкоў, пабудаваных напярэдадні свята, ідзе бойкі гандаль рознымі рэчамі і прадуктамі. 3 Маладзечна і Мінска сюды прывезлі шмат усялякіх тавараў.
Тут прадаюцца і некаторыя мясцовыя вырабы — пернікі з яркай глазураванай афарбоўкай, з белымі, ружовымі і зялёнымі ўзорамі. Пернікі маюць форму рыбы, мядзведзя, каня.
За ларкамі стаяць калёсы з узнятымі ўгору аглоблямі, грузавыя машыны, ляжаць складзеныя ў кучу веласі214
педы. Яны ў гэтай мясцовасці асабліва распаўсюджаны. На іх ездзяць часта і старыя кабеты з кашолкамі, у якіх ляжаць яйкі ці сядзяць гарластыя пеўні са звязанымі крыламі і нагамі.
Свята пачалося ў адзінаццаць гадзін.
— На гэтым месцы быў вялікі бой партызанаў з фашыстамі,— сказаў мне Радзевіч.— Тут пахаваны партызаны, якія загінулі ў тым баі.
Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні ўскладаюць да падножжа абеліска вянкі і кветкі. Гучыць поўная смутку і жалобы мелодыя «Рэквіема» Шапэна.
Вялікі шматтысячны натоўп некалькі хвілін стаіць моўчкі, зняўшы шапкі.
Потым пачынаюцца выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Адзін за адным выходзяць на сцэну хоры, аркестры, танцоры і спевакі.
У яркім, шматкаляровым адзенні ўдзельнікі канцэрта складаюць адно прыгожае, маляўнічае цэлае, цудоўнае відовішча пад сінім небам у натуральным амфітэатры на зялёным схіле кургана.
Звонка і весела гучаць над Нараччу народныя інструменты — гармонікі і скрыпкі, жалейкі і цымбалы. Круцяцца, як віхор, рознакаляровыя спадніцы дзяўчат, віюцца ў паветры светлыя косы з яркімі стужкамі.
Лунаюць над возерам песні пра мір, пра дружбу і каханне, пра шчаслівае жыццё і вольную працу.
Высока ў небе, над абеліскам, над вялікім і шумным натоўпам людзей, праляцеў, шырока раскінуўшы магутныя крылы, арлан-белахвост.
Мы праводзім яго вачыма.
— Гэта — добрая адзнака,—задаволена шапнуў Франц Антонавіч.— Гэта — на шчасце, на дабро!
Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. I да самага вечара кружылі над сінімі водамі Нарачы белакрылыя чайкі, нібы падзяляючы святочную радасць людзей.
НАВАЛЬНІЦА
Надвор’е на возеры няўстойлівае. Яно часта змяняецца.
To цёпла, то холадна. To свеціць сонца, то пахмурна. To ціха, то рэзкі вецер.
I ў адпаведнасці з надвор’ем, гэтак жа часта, змяняе свой колер і возера.
To яно блакітнае, то цёмна-сіняе, то зялёнае, то шэрае, сярдзітае і непрыгляднае.
Сёння з раніцы свяціла сонца. Усё, здавалася, прадказвала добрую, устойлівую пагоду да самага вечара, і я вырашыў паплыць да вялікага абрыву за Сцепянёва.
Байдарка ціха пагойдваецца на блакітнай спакойнай вадзе.
Раптам у ясным небе з’явіліся белыя воблачкі. Іх становіцца ўсё больш.
Сярод белых воблачкаў можна цяпер заўважыць і цёмна-шэрыя.
Сонца схавалася.
Дзесьці ўдалечыні пачуліся глухія раскаты грому. Неўзабаве яны наблізіліся, зрабіліся болып гучныя і працяглыя.
Птушкі недзе пахаваліся. Няма над возерам ні ластавак, ні чаек.
Аб тым, каб плыць куды-небудзь, не варта і думаць. Я выцягнуў байдарку на бераг і схаваў яе ў пуні.
Неба тым часам зусім пацямнела, завалаклося цяжкімі і змрочнымі хмарамі. Яны праглынулі апошні невялікі прасвет і цяпер непадзельна пануюць над возерам.
У паветры павеяў аднекуль лёгкі струменьчык холаду.
Дрэвы зашамацелі.
Наляцеў нечакана шалёны парыў ветру.
Сосны пахіснуліся і застагналі. Па зямлі імкліва пакаціліся, абганяючы адна адну, сасновыя шышкі.
Суціхнуўшы на хвіліну, вецер накідваецца на дрэвы з новаю сілай, яшчэ больш злосна і непрымірыма.
Пайшоў дождж, спачатку быццам неахвотна, невялікі і рэдкі, асобнымі кроплямі. Потым усё часцей і мацней.
I раптам страшэнны ўдар скалануў неба і зямлю.
Змрок згусціўся.
Цёмнае неба над возерам прарэзала ад краю да краю доўгая і няроўная агністая лінія маланкі. За ёю бліснула другая, трэцяя.
Гром грымеў амаль безупынна, не змаўкаючы ні на хвіліну.
Дождж перайшоў у лівень.
Нядаўна яшчэ лагоднае, блакітнае возера зрабілася змрочным, цёмна-шызым, пакрылася высокімі, сярдзітымі хвалямі, якія бясконцымі радамі, з шумам і грукатам кідалі і кідалі на бераг свае белыя пеністыя грабяні.
Шумелі патокі вады, якія ліліся цяпер з неба суцэльнай заслонай. Шумеў лес, шумела возера. Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны.
Парывы ветру, адзін аднаго мацней, зрывалі лісце з кустоў і дрэў, то ярасна падкідаючы яго высока ўгору, то гонячы між ствалоў па мокрай зямлі. Уся дарога ўздоўж берага была ўсыпана зламаным голлем.
Над хвалямі змагалася з ветрам адзінокая чайка, але вось і яна знікла кудысьці.
3 жудасным трэскам і грукатам грымнула на пясок вялікая разгалістая сасна, што расла на самым беразе. Навальніца вырвала яе з карэннем, і вось ужо цераз вершаліну паваленага старога дрэва перакочваюцца хвалі.
«Якраз у такую буру з навальніцай і ловяць вугроў,— падумаў я,— ды не днём, а ноччу. Нялёгкая гэта справа!»
Тым часам ярасць ветру пачала слабець.
Праз гадзіну вецер суціх, гром змоўк, маланкі перасталі разрываць цёмнае неба.
3 правага боку выступілі з-пад шэрай заслоны дажджу абрысы касы. Потым заслона перамясцілася на сярэдзіну возера, пасунулася ўлева. I адразу сталі відаць узгоркі за рыбгасам.
Цяпер і сярэдзіна возера вызвалілася ад заслоны, і вада зазіхацела серабрыстай рабізной.
Выглянула сонца, неба ачысцілася ад хмар.
Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў.
Нарэшце і ён спыніўся.
Возера зноў зрабілася ціхае і спакойнае, а вада чыстая і празрыстая.
Пацяплела, хоць у паветры ўсё яшчэ крыху адчуваўся халадок. Улагодненыя берагі дыхалі свежасцю.
Вечар непрыкметна перайшоў у ноч.
На цёмна-сінім, амаль чорным небе ярка свяціў поўны месяц. На такой жа цёмна-сіняй, як і неба, вадзе струменіла серабрыстая дарожка халоднага святла. Над возерам панавала цішыня.
HA КАСЕ
На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень.
Сонца свеціць у шырока расчыненае акно. На сасне перад хатай звонка і бадзёра заспявала берасцянка.
Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала.
«Трэба наведаць касу,— сказаў я сам сабе,— паглядзець на чаек. У такую добрую пагоду, як сёння, можна туды дабрацца на байдарцы».
Ад нашага берага да пясчанай касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. Байдарка шпарка ляціць па гладкай паверхні возера, падпарадкоўваючыся раўнамерным, рытмічным узмахам вясла з дзвюма лопасцямі.
Байдарку я прывёз з сабою на возера з Мінска. Яна зроблена з алюмінію, разлічана на аднаго чалавека, разбіраецца на тры часткі, лёгкая ў руху, вельмі зручная для назірання за птушкамі на вадзе.
Праплыўшы палову адлегласці, я спыняю байдарку і гляджу навокал.
Пад яркім сонцам у сінім небе радасна іскрыцца возера.
Якая прыгажосць!
Ва ўсе канцы раскінуўся блакітна-сіні прастор. Сіняя чаша возера пад сінім купалам неба. Я не магу адвесці вачэй ад гэтага чароўнага царства блакіту. Уражанне такое, быццам купал дакладна адпавядае па сваёй велічыні памерам чашы і вышыня неба адпавядае глыбіні возера.
Я не заўважаю руху лодкі. Мне здаецца, што яна стаіць на месцы, усё навокал нерухома і я знаходжуся ў самым цэнтры нейкага вялізнага шара, утворанага вадою і небам, у цэнтры нейкага дзівоснага, ціхамірнага, адвечна блакітнага свету, па-за межамі якога ніхто і нішто не існуе.
Вакол пануюць цішыня і непарушны велічны спакой. Паветра асляпляе сваёй празрыстасцю.
Да касы я падплываю а чацвёртай гадзіне дня.
Узвышша, пакрытае соснамі, ядлоўцам і верасам, якое цягнецца ад сярэдзіны касы да канца мыса, паступова зніжаецца і звужаецца. Нарэшце яно пераходзіць у доўгую і вострую пясчаную водмель, якая выцягнулася даволі далёка ў возера.
Вада ледзь прыкрывае пясок водмелі, пакідаючы на ім лёгкія барозны. Хвалі ціха плёскаюцца аб бераг.
На самым носе касы тырчыць між некалькіх вялікіх каменняў нізкая каржакаватая сасна. Недалёка ад яе — маладая засохлая вольха, рэдкія кусты лазы.
На каменнях пасярод вады і на пяску — каля трыццаці чаек.
Я выцягнуў байдарку на бераг ля кустоў і іду ўздоўж касы.
Чайкі белакрылай хмарай узняліся ў паветра. Я парушыў іх дзённы адпачынак, і вось яны лятаюць з рэзкім, нездаволеным крыкам, падзяліўшыся ў паветры на невялікія чародкі.
На такіх пясчаных косах з водмелямі, кустамі лазы і каменнямі чайкі любяць збірацца пасля поўдня. Тут яны адпачываюць гадзіны дзве-тры пасля ранішняй кармёжкі.
Неўзабаве чайкі зноў паляцяць, цяпер ужо на вячэрнюю кармёжку. Перад захадам сонца яны будуць шукаць сабе месца для начлегу. Можа, тут, на касе, а можа, і гэта нават хутчэй, на сваім гняздоўі сярод балота, дзе яны начуюць вялікімі кампаніямі.
Гняздо ў чайкі вельмі простае. Гэта невялікае паглыбленне ў пяску, высланае сухімі сцяблінкамі травы, а часам і нічым не высланае.
Гняздзяцца чайкі вялікімі калоніямі. Ад гнязда да гнязда бывае часам не больш аднаго-двух метраў. Яйкі яны кладуць у пачатку красавіка. У кожным гняздзе звычайна тры яйкі. Выседжваюць птушанят па чарзе і самка і самец.
Раніцою чайкі шукаюць сабе здабычу на паверхні вады і на зямлі. На пясчаных водмелях яны падбіраюць малюскаў і рыбу, выкінутую хвалямі на пясок, а на палях ловяць мышэй і насякомых.
Даўней, калі сяляне аралі коньмі, чайкі хадзілі следам па раллі, як гэта робяць гракі, і падбіралі лічынкі розных шкодных насякомых. Цяпер яны ходзяць і за трактарам, але на больш далёкай адлегласці.
Я падыходжу да самага краю касы.
Тут толькі што сядзелі чайкі. Вільготны пясок увесь спярэшчаны іх слядамі. Усюды адбіткі іх лапак, нібы нейкі складаны, адмысловы ўзор.
3-пад кустоў лазы да вады вядуць сляды тхара. Чайкі нямала церпяць ад гэтага невялікага, але вельмі лютага драпежніка. I ўсё-такі самым небяспечным ворагам чаек на гняздоўі з’яўляецца лісіца. Яна дабіраецца да іх нават цераз балота і па мелкай вадзе і знішчае яйкі і малых птушанят. Часам лісе ўдаецца схапіць і чайку-маці, што сядзіць на яйках. Шэрая варона і балотны лунь таксама вельмі ласыя да яек і птушанят чайкі.