Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
— Больш трох кіло заважыць,— задаволена сказаў малады рыбак.
Ясюня •— здаровы бялявы хлопец з тоўстымі губамі, з прастадушным і адначасова хітраватым румяным тварам. На галаве ў яго маленькая кепачка, на пакатых плячах чорны цыратовы плашч. Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год.
Вугор заварушыўся і, тыцкаючыся галавою ў зямлю, шпарка папоўз па траве ў напрамку да возера. Рухаўся ён звіваючыся, як змяя.
— Бачылі, які спрытны? — засмяяўся Ясюня.
3 дзіцячай усмешкай ён паказвае мне на рухі вугра, як вопытны ўтаймавальнік у цырку на фокусы свайго любімага выхаванца.
Калі вугор адпоўз ад нас крокаў на пяць-шэсць, Ясюня схапіў яго пальцамі за шыю і схаваў у мокры мяшок.
— Скура ў яго надта моцная,— гаворыць Ясюня, выціраючы рукі аб траву.— Мне мой дзед казаў, што даўней сяляне рабілі з яе рамяні, ды яшчэ якія трывалыя! Імі нават прывязвалі бічы да цапільна. Такімі цапамі смела можна было малаціць.
Я ведаў, што рачны вугор жыве ў вадаёмах, якія звязаны з Атлантычным акіянам. На Беларусі ён вядзецца ў Нёмане і Дзвіне з прытокамі і ў азёрах, якія маюць сувязь з Балтыйскім морам, у тым ліку і ў возеры Нарач.
Большую частку свайго жыцця вугры праводзяць у прэснай вадзе, у рэках і азёрах, а для нерасту плывуць у Атлантычны акіян.
3 возера Нарач яны плывуць па рацэ Нарачанцы ў раку Вілію, адтуль у Нёман, па Нёману ў Балтыйскае мора і — у акіян. Так яны дабіраюцца да Саргасава мора, якое знаходзіцца каля берагоў Амерыкі, між Бермудскімі і Багамскімі астравамі. Гэта — самае цёплае месца ў Атлантычным акіяне. Тут, на глыбіні каля тысячы метраў, вугры нерастуюць і пасля гэтага гінуць. 3 ікры развіваюцца плоскія, празрыстыя лічынкі, падобныя на вузкі, выцягнуты лісток вярбы. Тое, што яны празрыстыя, а значыць, і непрыкметныя, дапамагае лічынкам хавацца ад ворагаў. Лічынкі трапляюць у цёплае марское цячэнне Гальфстрым, якое нясе іх на паўночны ўсход, да берагоў Еўропы. Гэтае падарожжа працягваецца тры гады. Па дарозе лічынкі трацяць паступова сваю плоскую форму, пачынаюць выцягвацца, акругляцца і ператвараюцца нарэшце ў маленькіх маладых вугроў, пакуль што ўсё яшчэ празрыстых.
Вясной, на чацвёрты год свайго існавання, маладыя вугры ідуць з мора ў рэкі. Самцы застаюцца ў вусцях рэк, а самкі падымаюцца ўверх па плыні. У Нарачы самцоў вугра няма, адны толькі самкі. Самцы трымаюцца ў вусці Нёмана.
У рэках і азёрах вугры жывуць, пакуль не дасягнуць дзесяці гадоў. Пасля гэтага яны ідуць на нераст у акіян.
— Быў такі выпадак,— сказаў Ясюня,— калі на рацэ Нарачанцы млын спыніўся. He мог працаваць, столькі вугроў ішло. Усю ваду ў рацэ запрудзілі.
Перад сваім вялікім падарожжам у Атлантычны акіян вугор перастае есці. Спіна ў яго цямнее, а ніжняя частка цела святлее, вочы павялічваюцца ў памерах.
Відаць, вугор, якога злавіў Ясюня, збіраўся ў сваё далёкае і апошняе падарожжа.
3 адной рэчкі ў другую вугры перабіраюцца часам і па зямлі, па мокрай траве, па раўчуках і канавах.
— Куды яны толькі не запаўзаюць,— гаворыць Ясюня.— Неяк, пасля дажджу ўночы, мы знайшлі вугра на пакрытай мохам страсе нашага хлеўчука. Я тады яшчэ быў малы, але добра гэта памятаю. Мы яго забілі палкай і засмажылі. Надта ж быў тлусты.
Даўней вугроў лавілі на росным лузе і ў канавах дзесяткамі і нават сотнямі, калі яны перабіраліся па зямлі з рэчкі ў рэчку.
Я расказваю маладому рыбаку пра далёкія міграцыі вугра, пра асаблівасці жыццёвага цыкла гэтай незвычайнай рыбы, пра яе дзіўныя паводзіны, але Ясюню больш цікавіць чыста практычны бок справы — усё, што непасрэдна звязана з працэсам лоўлі.
— Калі вы яго злавілі? — спытаў я.— Уночы?
Ясюня прамаўчаў. Ён зрабіў выгляд, быццам не пачуў майго пытання.
Мне ўспомнілася, што расказваў пра лоўлю вугра Міхал Роліч.
— Вугроў,— казаў ён,— трэба лавіць уночы. Асабліва, калі бура добрая, калі бліскавіца шугае і пярун грыміць, тады і трэба лавіць. У навальніцу вугор моцна гуляе, паверсе ходзіць. Я ў такую ноч, здаралася, па трыста кіло вугроў здабываў, а ў добрую пагоду зловіш аднаго, двух, трох. Удзень яны ляжаць на дне, закапаўшыся
ў глей ці ў пясок, а ўночы дзейнічаюць. Абавязкова трэба ў буру на вугроў ехаць, і толькі ўночы.
Я пачаў распытваць Ясюню, дзе і як здабыў ён такога вялікага вугра: удзень ці ўночы, у добрую пагоду ці ў буру? Але малады рыбак зноў ухіліўся ад адказу.
Ясюня наогул не любіць расказваць пра свае рыбацкія справы. Гэта — не Роліч, які не робіць з іх ніякага сакрэту і ахвотна тлумачыць кожнаму ўсё, чым той цікавіцца. Стары любіць перадаваць людзям невычэрпны запас сваіх ведаў і жыццёвага вопыту.
Замест адказу Ясюня паказаў рукою на востраў, які знаходзіцца недалёка ад берага:
— На гэты востраў прылятаюць чаплі, але гняздзяцца яны не тут, а на тым баку возера, каля рэчкі Нарачанкі.
Востраў доўгі, выцягнуты. На ім растуць сярод густога хмызняку некалькі сосен. Вакол вострава зараснікі трысця і чароту.
— Чулі, што калісьці здарылася на гэтым востраве? — пытае Ясюня.
— He.
— Тады паслухайце.
I малады рыбак расказаў мне пра здарэнне, якое адбылося на востраве.
ЗДАРЭННЕ HA ВОСТРАВЕ
— Гэта было яшчэ пры панскай уладзе,— пачаў Ясюня,— Я тады быў зусім малы. Надумаў неяк адзін пан з маёнтка каля Нарачы трымаць на востраве цялят і авечак без догляду, без пастуха. Вады хапае, трава тут добрая, сакавітая, цяляты і авечкі нікуды ўцячы не могуць, дык няхай сабе пасвяцца круглыя суткі ўсё лета аж да восені... Вось і пераправілі на плыце цялят
ды авечак па загаду пана на востраў. Ходзяць яны сабе па востраве ды скубуць траву, а пан задаволена рукі пацірае, выхваляецца: «Вось,— кажа,— якую я штуку прыдумаў. Няхай усе гаспадары з мяне прыклад бяруць». Праз тыдні два ці тры вырашыў пан паехаць на востраў, паглядзець, як там цяляты ды авечкі без пастухоў на волі, пад адкрытым небам, гадуюцца. Сеў ён у лодку і паехаў. Прыехаў на востраў, бачыць — нікога няма. Што такое! He знайшоў пан ніводнага цяляці, ніводнай авечкі. Адны толькі косці бялеюць у траве, а на пяску ўсюды воўчыя сляды. Схапіўся пан за галаву— столькі жывёлы загубіў нізашто! Ваўкі, значыць, пранюхалі, што на востраве цяляты ды авечкі, ці, можа, пачулі, як яны мыкаюць і бляюць, пераплылі на востраў ды ўсіх і зарэзалі... Так таму пану і трэба! Толькі шкада бедных авечак ды цялят, што загінулі марна, без карысці для людзей,— закончыў Ясюня.
Ён зірнуў на востраў, які выразна вырысоўваўся на фоне светлай вады і яснага неба, і растлумачыў:
— Ваўкі, бачыце, добра плаваюць. Ад берага да вострава з кіламетр будзе, калі не болей. Вада для ваўкоў не перашкода, а пан пра гэта не падумаў. Раней тут ваўкоў многа было, цяпер паменшала.
Ясюня змоўк і падышоў да веласіпеда, што стаяў каля дрэва. Узяўшы мяшок з вугром, ён сеў на свой «ровар» і паехаў у Купу.
ПА ДАРОЗЕ НА ФЭСТ
— У нядзелю будзе вялікі фэст,— сказаў мне неяк Франц Радзевіч.
— Які гэта фэст? — здзіўлена спытаў я.— У касцёле?
Твар старога рыбака расплыўся ў вясёлай, задаволенай усмешцы.
— Які там касцёл! Свята песні, вось які фэст! Мы адзначаем яго штогод у гэты час. Народу будзе многа, адусюль папрыязджаюць! Трэба і вам пабываць.
Пра свята песні на Нарачы я чуў яшчэ ў Мінску.
Яно праводзіцца па мясцовай традыцыі, якая ўстанавілася пасля вайны, у першую нядзелю пасля першага ліпеня і прысвечана вызваленню Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў.
У 1956 годзе гэты дзень прыпаў на восьмае ліпеня. Да свята заставалася яшчэ тры дні.
Нарэшце жаданая нядзеля надышла.
На фэст я паехаў разам з Францам Антонавічам і Ясюнем на грузавіку рыбгаса.
Па дарозе ўздоўж берага Нарачы з усіх канцоў ехалі на свята калгаснікі з навакольных вёсак — з Купы, Сцепянёва, Урлікаў, Варанцоў, Антонісберга, Пасынкаў.
Адна за адной ішлі па гладкім бруку машыны, поўныя людзей.
Усе былі ў добрым настроі. 3 машын чуліся вясёлыя песні, гукі гармоніка.
На шматлікіх фурманках сядзелі пажылыя жанчыны і дзеці, прыбраныя па-святочнаму.
Па краях дарогі чародкамі спяшалася на веласіпедах моладзь. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе.
— Тавараў розных панавезлі туды нямала,— сказаў Радзевіч.— Будзе што людзям купляць.
Ясюня засмяяўся.
— Ты чаго? — скоса зірнуў на яго стары.
— Так, нешта ўспомніў,— адказаў Ясюня, шырока ўхмыляючыся.
— Вы яго толькі слухайце, гэтага манюку,— сказаў Радзевіч.— I адкуль толькі ў яго бяруцца ўсякія байкі ды плёткі.
Ясюня і сапраўды, як я ўжо не раз пераканаўся, вельмі любіць апавядаць розныя гісторыі. 1х у яго заўсёды багата ў запасе.
Павярнуўшыся да мяне, хлопец пачаў расказваць, ледзь стрымліваючы смех:
— Летась, напярэдадні свята, прыслалі сюды з Маладзечна машыну з яйкамі для крамы і сталовай. Ды, відаць, шафёр, як кажуць, на корак наступіў, бо машына заехала ўбок і перакулілася, а яйкі вываліліся ў канаву. Ой, што там было! Добрая яечня атрымалася! Поўная канава свежых яек пабітых. А па той дарозе мала хто ездзіць. Шафёр пакруціўся каля машыны, бачыць, што сам нічога не зробіць, і пайшоў у вёску па дапамогу, ды і застаўся там да раніцы. А да канавы тым часам збегліся адусюль сабакі, накінуліся на пачастунак, а за імі — кошкі. Бабы прыйшлі з вёдрамі чэрпаць бясплатную «яечню» для свіней. Нават вароны пазляталіся пакаштаваць. Пад вечар, калі добра сцямнела, адкуль толькі ўзяліся — і вожыкі, і лісіцы, і барсукі, і ўсякае іншае лясное звяр’ё збеглася. Усе на «яечню» накінуліся. Да раніцы нічога ад яе не засталося, усё падчысцілі.
Ясюня засмяяўся:
— Набраўся той шафёр бяды! Плакалі яго грошыкі! Васемнаццаць соцень яек пабітых — не жарты!
Радзевіч спахмурнеў.
— Чорт яго бяры! — прабурчаў ён сярдзіта.— Хай скажа дзякуй, што шыю не зламаў і пад суд не трапіў. I нічога тут смешнага няма. Такіх шафёраў да руля і падпускаць нельга...
— Годзе ўжо вам,— усё яшчэ смеючыся, лагодна пёрапыніў старога Ясюня.— He ўсе шафёры такія.
— Вядома, не ўсе,— пацвердзіў усё яшчэ нездаволена Франц Антонавіч.— Наш Міхалка і ў рот не бярэ.
Радзевіч хацеў сказаць яшчэ нешта, але машына мінула вёску Мікольцы і пад’ехала да таго месца, дзе заўсёды адбываецца свята песні.
Мы саскочылі з грузавіка.
На беразе возера было поўна народу. Сюды прыехала шмат гасцей з суседніх раёнаў з Маладзечна, з Мінска і нават з Літвы.