Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Драпежны птах павольна кружыць над вадою. Крылы яго нерухома раскінуты.
Мінае хвілін пятнаццаць, і за ўвесь гэты час ён не зрабіў ніводнага ўзмаху. Плаўна планіруе каршун у сінім небе, карыстаючыся нябачнымі струменямі паветра. I раптам, як страла, ляціць уніз і знікае ў серабрыстых пырсках вады.
У кіпцюрах каршуна шалёна б’ецца і зіхаціць бліскучым жоўта-зялёным бокам нешта вялікае. Яно то паказваецца з вады, то зноў знікае ў кіпучай пене. Я чакаю, што драпежная птушка ўзнімецца зараз у паветра, але каршун чамусьці марудзіць. Ён шпарка махае крыламі і... застаецца на месцы.
Я чую шум моцных удараў, чую плюскат вады, a каршун усё ніяк не можа адарвацца ад паверхні. Наадварот, мне здаецца, што ён нават апусціўся яшчэ ніжэй. Цяпер ужо зусім не відаць таго, што ён трымае ў кіпцюрах. Каршун апусціўся ў ваду аж па самае бруха.
Няроўнымі рыўкамі пасоўваецца драпежнік то ў адзін, то ў другі бок, нібы слізгаючыся па вадзе. Вось ён ужо даволі далёка ад берага. 3 ім, мусіць, здарылася нешта няладнае! Нешта трымае яго ў вадзе, не дае ўзляцець.
Я бяруся за вясло і хутка плыву да месца, дзе марна махае крыламі каршун. I тут я пераконваюся, што справы каршуна сапраўды безнадзейныя. Усё слабейшыя і слабейшыя робяцца рухі зняможанага драпежніка. 3 кожным
узмахам ён апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Вось ужо толькі канцы яго крылаў тырчаць над вадою, як рожкі.
Ці не ўдасца мне вылавіць яго і забраць у лодку?
Я мацней налягаю на вясло, але ўсё роўна спазняюся. Калі байдарка даплыла да месца здарэння, на паверхні нічога не было. Каршун знік пад вадою. Ціхамірная гладзь самкнулася над ім назаўсёды. А над возерам па-ранейшаму ззяе сонца, сіняе неба дыхае мірам і непарушным спакоем.
Што здарылася з каршуном? Хто яго пацягнуў у ваду?
У думках я аднаўляю карціну таго, што тут адбылося, ва ўсёй паслядоўнасці.
...Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак, плотак і сяляў Убачыўшы яго сваім зоркім вокам, каршун кінуўся на рыбіну з вышыні. Разбойнік паветра напаў на разбойніка вады. Вострыя кіпцюры ўчапіліся ў шырокую цёмную спіну шчупака. Моцна трымаючы здабычу, каршун ірвануўся ўгору. Але шчупак быў для яго занадта вялікі і цяжкі. Узняцца з ім у паветра каршун не змог, а выцягнуць доўгія і крывыя кіпцюры з цела рыбы не здолеў.
Шчупак разявіў сваю пашчу з вострымі, як у пілы, зубамі. Ён біў хвастом і кідаўся ва ўсе бакі, заліваючы каршуна вадою. Рыба цягнула птушку ў ваду, а птушка рыбу — у паветра.
Хто каго?
Крылы каршуна намоклі, а дужы шчупак усё цягнуў і цягнуў яго ўніз, пакуль не ўтапіў на глыбіні.
Драпежнік загубіў драпежніка.
На другі дзень я пайшоў у рыбгас і расказаў пра здарэнне з каршуном Францу Радзевічу. Ён быў якраз у пасёлку.
Старога рыбака гэтая гісторыя зусім не здзівіла. Слухаў ён мяне моўчкі і, здавалася, абыякава, толькі на 188
абветраным загарэлым твары з’явілася нейкая хітраватая ўсмешка. Яна не знікала ўвесь час, пакуль я расказваў.
Калі я скончыў, рыбак адклаў сець, якую ён папраўляў, падняўся і сказаў:
— А цяпер я вам штосьці пакажу. Хадзем.
Франц Антонавіч павёў мяне ў пуню, дзе захоўваліся розныя рыбацкія прылады і вагі, на якіх узважваюць злоўленую рыбу. Там ён паказаў мне нешта цёмнае, што ляжала ў кутку на падлозе.
— Ці не гэты самы? — спытаў ён, задаволена прыжмурыўшы вока.
У пуні ляжаў мёртвы каршун.
Рыбак падняў птушку з зямлі. Цёмна-бурае пер’е каршуна яшчэ не абсохла. Жоўтыя вочы памутнелі. Невялікая дзюба з тонкім, рэзка загнутым уніз кручком была моцна сцята.
— Хацелі на сметнік выкінуць, ды я не даў. Спачатку, думаю, вам пакажу. Збіраўся па вас хлапчука паслаць, аж вы і самі прыйшлі.
— Дзе яго знайшлі? — пацікавіўся я.
— Сам да нас трапіў,— адказаў Радзевіч.— Выцягнулі хлопцы сець, глядзяць, а там жывы шчупак разам з мёртвым каршуном як адно цэлае. Так бедны шчупачына і плаваў болыл за суткі з крылатым «коннікам» на спіне.
Мы выйшлі з пуні на бераг і прыселі на край прасмоленай лодкі, напалову выцягнутай з вады.
— Ці часта такое здараецца з каршунамі? — спытаў я.
— He,— адказаў стары.— Гэта рэдкі выпадак. Рыбак з каршуна няважны, бо ён не ўмее ныраць. I наогул, каршун — птах гультаяваты. Рыбу ён бярэ часцей за ўсё здохлую. Дзеля гэтага і трымаецца часта там, дзе гняздзяцца на соснах чаплі. Захопіць пустое гняздо і жыве сярод чапляў. Падбірае рэшткі рыбы на зямлі пад іхнімі гнёздамі. Чаплі носяць і носяць сваім малым рыбу з возера, а што тыя не з’ядуць, што з гнязда ўпала, дастаецца каршуну. Так ён і корміцца каля іх. А птушанят сваіх
выводзіць нават і ў гнёздах варон. Любіць гняздзіцца на гатовым. Мы на яго не крыўдзімся, для нас каршун не шкодны. Хутчэй нават карысны, бо ачышчае берагі ад розных адкідаў.
— Чаму ж ён учора кінуўся на жывога шчупака, ды яшчэ такога вялікага?
Франц Антонавіч пагладзіў свае сівыя вусы.
— He ўтрымаўся,— сказаў ён, падумаўшы,— Убачыў шчупака на мелкім месцы, рыбіна стаіць нерухома — можа, хворая. Адкуль яму ведаць? Каршун жа не думае, як чалавек, не разважае. Кінуўся, а шчупак, на яго бяду, трапіўся здаровы. Каршун і загінуў.
Рыбак устаў і яшчэ раз зірнуў на мёртвую птушку.
— Цяпер яго можна свінням выкінуць,— сказаў ён, трымаючы каршуна за крыло.— А шчупака прыёмшчыку здалі. Каля шасці кіло заважыў!
Стары пайшоў у двор рыбгаса. Крыло каршуна, якога трымаў рыбак, звісала ўніз і валаклося па зямлі.
У РЫБГАСЕ
У цэнтры пасёлка стаіць даволі прасторны атынкаваны дом з драўлянымі калонамі перад уваходам. Каля дзвярэй вісіць дошка з паказчыкамі выканання плана рыбнай лоўлі.
Тут знаходзіцца дырэкцыя рыбнай гаспадаркі.
На адной лініі з гэтым домам выцягнуліся між брукаванай дарогай і берагам возера яшчэ некалькі дамоў. Усе яны новыя, яшчэ непафарбаваныя, з бліскучымі цынкавымі дахамі. У гэтых дамах жывуць працаўнікі рыбгаса. Вакол дамоў агароды.
Крыху далей, на другім баку пасёлка, на ўзгорку пад соснамі, знаходзіцца рыбакансервавы завод. Побач з ім высіцца белы будынак халадзільніка.
Забрукаваная роўнымі каменнямі дарога абсаджана, нібы алея, высокімі таполямі. 3 аднаго боку дарогі — нізкі бераг возера, з другога — сасновы лес на пясчаных узгорках.
Таполі надаюць дарозе паэтычную задумлівасць. Сонца свеціць скрозь густое лісце, пакрываючы брук трапяткою сеткай залацістых плямак.
Я наведаў завод. Тут працуюць цэхі халоднага і гарачага вэнджання, кансервавы і вязальны. У апошнім вяжуць рыбацкія сеці.
Гарачым спосабам вэндзяць вугра і сяляву, якая пад назвай усім вядомых «капчушак» ідзе ў плоскіх фанерных скрынках у рыбныя магазіны. 3 цэха халоднага вэнджання і вялення выходзіць не менш папулярная «вобла», ці «таранка»,— вэнджаная і сухая плотка. Кансервавы цэх выпускае ў бляшанках рыбныя кансервы ў тамаце пад назвай «Дробны часцік», якія вырабляюцца з верхаводак, плотак і маленькіх акунькоў.
РЫБАЦКІ СТАН
3 кансервавага завода я пайшоў на бераг возера за дом дырэкцыі.
На зялёнай лугавіне ўваткнуты ў зямлю доўгімі радамі сасновыя калы з развілкамі наверсе. На іх сушацца сеці.
Каля самай вады невялікая пуня. Ад лугавіны да вады пракладзены па пяску драўляны насціл, каб, забіраючы рыбу, можна было пад’ехаць да лодак.
На беразе чакаюць рыбакоў з лову хлапчукі. Яны кідаюць у возера пляскатыя гладкія каменьчыкі. Кожны стараецца кінуць так, каб каменьчык адскочыў ад паверхні вады і рыкашэтам праскакаў па ёй як мага больш
разоў. Час ад часу хто-небудзь з хлапчукоў падымаецца на пагорак і глядзіць з-пад рукі ўдалячынь.
Недалёка ад пуні сядзяць каля вогнішча некалькі рыбакоў. Яны паедуць на начны лоў і чакаюць тут сваёй змены. Сярод іх і Франц Антонавіч.
Я падыходжу да рыбакоў.
Ля вогнішча ідзе гутарка аб перспектывах развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры.
— Хутка ў рыбнай гаспадарцы будзе наведзены парадак,— казаў галоўны інжынер рыбгаса, высокі мужчына ў сінім кіцелі, зялёных вайсковых штанах і скураных ботах.— Галоўнае, трэба сачыць, каб правільна, у планавым парадку рэгуляваўся вылаў рыбы і яе ўзнаўленне. Тады і меры па развядзенні рыб, па засяленні нашых азёр новымі відамі, якія мы праводзім, будуць сапраўды эфектыўныя.
— Якія рыбы найболып характэрны для Нарачы? — пацікавіўся я.
— У Нарачы мы ловім сяляву, вугра, акуня, шчупака, ярша, ляшча, язя, плотку,— адказаў інжынер.— Усе гэтыя рыбы маюць для нас промыславае значэнне. Калісьці, даўно ўжо, была выпушчана ў возера сея, але сустракаецца яна рэдка.
— А што гэта за сея? — спытаў я.— Ніколі не чуў пра такую рыбу.
— Сея падобна на сяляву, калі маленькая,— сказаў Франц Антонавіч.— Толькі ў сялявы плаўнікі беленькія, а ў сеі — чырвоныя.
— Сея — мясцовая назва сіга,— растлумачыў інжынер.— Радзіма гэтай рыбы — Чудское возера. Лічынкі сіга былі прывезены на Нарач упершыню ў 1948 годзе з Волхаўскага рыбаразводнага завода, але промыславага значэння сіг у нас пакуль што яшчэ не набыў. У сеці сіг трапляе адзінкамі. Найбольш характэрная для Нарачы рыба — рапушка, па народнаму — сялява,— гаварыў далей інжынер.— Яна таксама завезена ў Нарач і вель-
мі добра прыжылася ў возеры, размножылася і стала мясцовай рыбай. Належыць гэтая рыба да сямейства ласосевых. Жыве яна не больш дзесяці гадоў. Калі яе завезлі сюды — невядома. Відавочна, умовы для яе тут вельмі спрыяльныя. I для росту вугра ўмовы ў нас таксама вельмі добрыя, бо нідзе няма такіх вялікіх вугроў, як у Нарачы. Яны дасягаюць тут вагі ў чатыры кілаграмы. Вугор у нас вёўся здаўна, але потым пачаў знікаць. Сёлета прывезлі на самалёце паўтара мільёна лічынак і выпусцілі ў Нарач. Выключна многа ў нашым возеры яршоў.
— Мы з гэтымі калючымі разбойнікамі ваюем, як яны ні яршацца,— засмяяўся Ясюня, малады рыбак.
— Ёрш, трэба сказаць, шкодны для рыбнай гаспадаркі. Ён паядае ў вялікай колькасці ікру каштоўных відаў рыбы,— зноў растлумачыў інжынер — Мы ловім ярша любых памераў, бо на яго ніякіх абмежаванняў няма. Для ярша ў нас ёсць спецыяльныя сеці — мутнікі, бо лавіць яго трэба ў мутнай вадзе. Такія сеці якраз і каламуцяць ваду.
— Нездарма гавораць, што мы любім у мутнай вадзе рыбку лавіць,— зноў засмяяўся Ясюня.
Радзевіч нездаволена зірнуў на яго і зрабіў заўвагу:
— He перапыняй старэйшых, шалапут. Кінь такую моду.