Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Перад намі сляды мядзведзя.
Егер шматзначна зірнуў на Вадзіма Аляксандравіча і ўпэўнена рушыў далей.
Вадзім Аляксандравіч кашлянуў, зняў акуляры, працёр іх, зноў надзеў і моўчкі падаўся за егерам.
Прайшоўшы метраў дзвесце ад паляны, мы падышлі да лёжкі мядзведзя. Побач ляжыць абгрызены таз ласіхі.
— Я так і думаў,— гаворыць Аляшкевіч.— Мядзведзь спаў на гэтым месцы не адну ноч.
I, звярнуўшыся да мяне, дадае:
— Гэта наш стары знаёмы. Той, якога мы бачылі на канале. Памятаеце?
Лёжка мядзведзя знаходзіцца ў вільготным яловым лесе-чарнічніку, на вялікай мохавай купіне пад ялінай. Яна якраз адпавядае сваёй формай і велічынёй памерам тулава мядзведзя.
Кусты чарніц вакол лёжкі аб’едзены.
— Пад’еў мяса залішне, а пасля мусіў падлячыцца,-— усміхаецца егер.— Гэта з ім часам здараецца.
Аляшкевіч і Вадзім Аляксандравіч пайшлі далей, а я вярнуўся на паляну і распаліў вогнішча.
Праз паўгадзіны вярнуліся і яны.
Папярэднюю версію Вадзіма Аляксандравіча наконт гібелі ласіхі ад ваўкоў Аляшкевіч рашуча адхіліў. У святле довадаў, прыведзеных і растлумачаных ім, вельмі лагічна ўзнікла новая версія, больш верагодная.
На думку Аляшкевіча, сапраўдны забойца ласіхі быў мядзведзь, а не ваўкі. Падзеі на паляне адбыліся, паводле расказу егера, у наступнай паслядоўнасці.
Трое ласёў ляжала ў высокай траве на краі паляны, недалёка ад старых ялін. Мядзведзь падкраўся да іх, выскачыў з-за кустоў і ўдарыў лапай бліжэйшую да яго маладую ласіху. Зваліць яе адразу, з першага ўдару, яму не ўдалося. Ласіха вырвалася і пабегла, але адбегчы далёка не здолела. Астатнія ласі, спалоханыя нападам, уцяклі. Мядзведзь дагнаў параненую ласіху пад ялінамі і зламаў ёй хрыбет. Тут жа адразу і пачаў есці, а насыціўшыся, лёг адпачыць. Пакуль мядзведзь распраўляўся з ласіхай, падышлі ваўкі. Яйы селі недалёка ад яго і пачалі чакаць, пакуль гаспадар пад’есць. Але ваўкі, як вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. Яны пачалі дакучаць мядзведзю. Тады ён перацягнуў заднюю частку тулава пад дрэва, далей ад ваўкоў. Тыя накінуліся на ўсё, што ён ім пакінуў. На змену ваўкам прыйшла лісіца і пачала чакаць сваёй чаргі, сваёй долі. Ваўкі, калі дарвуцца да такой буйной здабычы, як лось, жаруць спачатку ўсё, што трапіць на зуб, агулам, не разбіраючыся. Наеўшыся, яны адышлі, каб адпачыць. Адзін малады воўк закапаў костку з кавалкам мяса ў пясок пад кустамі пра запас. Пакуль ваўкі спалі, за рэшткі ласіхі ўзялася лісіца. Калі ваўкі выгаладаліся, яны падышлі да здабычы зноў, але цяпер ужо выбіралі з таго, што засталося, толькі лепшыя кавалкі. На другі ж дзень, калі ўжо не было чаго есці, яны з’елі скуру і разгрызлі буйныя косці. Вось і засталіся ад ласіхі толькі чэрап, хрыбет і лапаткі. Іх паабчысцілі напаследак птушкі, жукі і мурашкі. У лесе нішто не прападзе.
Разважыўшы як след, Вадзім Аляксандравіч згадзіўся з Аляшкевічам і далучыўся да думкі егера. На другі дзень, у канторы, ён склаў аб прычынах гібелі ласіхі акт, у якім усё гэта было даведзена, і даў нам яго падпісаць.
Пасядзеўшы каля вогнішча, мы пайшлі ўсе разам назад у Крайцы.
Зноў пакутлівы пераход па глыбокім і вязкім балоце, скрозь высокія зараснікі трысця. Ногі адмаўляюцца
служыць. I не дзіва — мы прайшлі сёння па лесе і балоце каля дваццаці кіламетраў.
3 балота мы выйшлі да бабровай хаткі № 201 на рацэ Сергуч. Гэта — вялікая старая хатка, самая большая з тых, якія я бачыў. Вышыня яе — два метры шэсцьдзесят сантыметраў; шырыня — пяць метраў сорак сантыметраў. Зверху хатка густа зарасла крапівой і мятай і здалёку выглядае, як звычайны зялёны ўзгорак над рэчкай.
Каля хаткі растуць чарОт, бярозы і вольхі. Недалёка ад хаткі высіцца бяроза, з усіх бакоў падгрызеная бабрамі, але яшчэ не паваленая.
Пасядзеўшы на хатцы і адпачыўшы, мы прабіраемся далей праз балоцістую пойму Сергуча.
Два разы пераходзім мы звілісты Сергуч і выбіраемся з топкай дрыгвы на ўзвышанае сухое месца па падводнай кладцы.
Як прыемна апынуцца зноў на цвёрдай зямлі, сярод сосен і верасу! Якое чыстае, сухое і духмянае паветра сасновага бору!
Адсюль мы выходзім на бераг канала каля трэцяга шлюза.
Ледзь толькі мы перайшлі на правы бок, як па лістах арэшніку застукалі першыя буйныя кроплі дажджу. Але мы ўжо недалёка ад дому!
Каля самых Крайцаў з яліны сарвалася сава.
Аляшкевіч ускінуў стрэльбу з пляча і стрэліў, але ў надыходзячым змроку не трапіў.
— Шкада,— гаворыць ён нездаволена,— у музеі няма яшчэ гэтай птушкі.
ВАЎКІ
Сонечнае, яснае ранне. Над палямі разыходзіцца туман. Сёння ноччу былі першыя замаразкі.
На досвітку ў сасновым бары каля пасёлка Крайцы вылі ваўкі. Сярод высокіх галасоў маладых вылучаўся хрыплаваты бас старога, мацёрага ваўка.
Воўчая зграя з’яўляецца адной сям’ёй. Яна складаецца з самца і самкі, з ваўчанят, якія нарадзіліся сёлета, і з ваўчанят-пераяркаў, якія нарадзіліся ў мінулым годзе.
Пад восень пераяркі, што жылі і палявалі ў летні час паасобку, далучаюцца да сям’і сваіх бацькоў.
Гэта і ёсць зграя.
Кожная ваўчыная сям’я мае свой уласны паляўнічы ўчастак, радыусам у пятнаццаць і больш кіламетраў ад логава. У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць чужых ваўкоў.
Воўк становіцца дарослы на трэцім годзе жыцця. Ён абзаводзіцца ў гэты час сваёй сям’ёй і сваім участкам для палявання.
Самец і самка жывуць разам на працягу ўсяго жыцця. Калі самка гіне, самец бярэ сабе новую з пераяркаў У сям’і-зграі бывае часам да чатырнаццаці ваўкоў — бацька, матка, шэсць ваўчанят сёлетніх і шэсць леташніх. Але найчасцей сустракаюцца зграі з шасці — васьмі галоў.
На тэрыторыі запаведніка воўк бязлітасна знішчаецца, як і ўсюды. Яго можна забіваць у любы час года. Адстрэл ваўка з’яўляецца службовым абавязкам егераў, і яны гэта робяць пры кожным зручным выпадку.
Мы паехалі з Леанідам Васільевічам агледзець садок для ваўка, пастаўлены ў лесе каля вёскі Слабада, на паўночнай ускраіне запаведніка.
Мінуўшы знаёмае ўжо сяло Домжарыцы, мы едзем сасняком па дарозе, якая перасякае тракт Бягомль — Лепель.
Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. У гэтай мясцовасці хлапчукі часта знаходзяць чалавечыя косці, стрэлы, нажы і сякеры з каменя.
Праехалі вёскі Слабаду і Федаркі. У дзесяці кіламетрах ад Федаркоў знаходзяцца Пуцілкавічы, радзіма паэта Петруся Броўкі.
За вёскай Бедзін пачынаецца ўзвышаная мясцовасць. Вакол маляўнічыя ўзгоркі.
Вёска Асецішча размясцілася на беразе возера з той жа назвай. На супрацьлеглым беразе цямнее на даляглядзе лес. Там ужо тэрыторыя Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. 3 гэтага боку паміж вёскай і возерам шырокі балоцісты луг. Адсюль дваццаць два кіламетры да Лепеля.
Леанід Васільевіч пайшоў у Асецішча. У яго там нейкая справа да лесніка Агапонькі.
Я чакаю яго на беразе.
3 высокай травы ўзлятаюць качкі.
Над вёскай плыве ў небе ястраб.
Адсюль мы едзем у вёску Слабаду. Садок для ваўка пастаўлены ў сасновым лесе, за паўтара кіламетра ад вёскі.
Леанід Васільевіч хоча праверыць, ці правільна зроблены садок.
Мы ідзём у лес.
Паветра напоена водарам жывіцы.
Злёгку шумяць вершаліны высокіх хвой.
Садок мы ўбачылі яшчэ здалёку. Гэта — два кругі з высокіх завостраных і шчыльна пастаўленых адзін да аднаго калоў. Адзін круг, меншы па памерах, знаходзіцца ў другім, большым крузе. 3 аднаго круга ў другі трапіць немагчыма.
Уваход у садок зроблены так, каб звер мог увайсці, але выйсці не мог. Увайшоўшы ў калідор паміж каламі, ён будзе бясконца хадзіць па крузе і не знойдзе ніколі
выхаду, бо дзверы зроблены так, што кожны раз самі зачыняюцца, калі воўк падыходзіць да гэтага месца. Ён сам іх закрывае сваім тулавам, а назад павярнуцца не можа.
На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. Дабрацца да гэтай прынады воўк усё роўна не зможа.
Леанід Васільевіч аглядае садок і гаворыць, што ён зроблены правільна.
— Ці апраўдваюць сябе такія садкі? — пытаюся я.
— Мы пачынаем карыстацца імі ўпершыню,— адказвае Леанід Васільевіч.— Гэты садок — першы. Ёсць і больш эфектыўныя сродкі, але супроць ваўка трэба змагацца ўсімі спосабамі.
Адным з найбольш дзейсных сродкаў барацьбы з ваўкамі, асабліва ў мясцовасці з узгоркамі і пералескамі, Леанід Васільевіч лічыць масавыя аблавы. Такія аблавы егеры запаведніка праводзяць у зімовы час пры дапамозе насельніцтва.
Зімой галодныя ваўкі за адну ноч праходзяць у пошуках здабычы некалькі дзесяткаў кіламетраў, але на днёўку часта вяртаюцца ў аблюбаваны імі пералесак.
Для таго каб паспяхова падрыхтаваць аблаву, трэба перш за ўсё даведацца, дзе адпачываюць ваўкі пасля сваёй начной вандроўкі. Гэта можна дакладна ўстанавіць па слядах.
— Уявіце сабе марозны зімовы дзень,— гаворыць Леанід Васільевіч.— Паляўнічыя спыніліся ў бліжэйшым населеным пункце. Адзін з егераў ідзе на лыжах па воўчым следзе. На снезе выразна відаць адбіткі магутных лап ваўка. Па сваім рысунку яны падобны на след сабакі, толькі значна шырэйшыя, а наперадзе больш завостраны, бо кіпцюры ў ваўка даўжэйшыя. Сляды цягнуцца ланцужком, таму што ваўкі ідуць па снезе адзін за адным, нага ў нагу, след у след.
Гэты ланцужок вядзе ў пералесак. Цяпер трэба праверыць, ці няма следу з пералеску. Егер на лыжах асцярожна робіць вакол пералеску круг. След з пералеску не выходзіць. Значыць, звяры знаходзяцца тут. Яны днююць у кустах. Егер адразу паведамляе пра гэта астатнім.
Паляўнічыя абцягваюць участак, дзе знаходзяцца ваўкі, вяроўкай з чырвонымі флажкамі па крузе. Толькі ў адным месцы пакідаецца выхад, «вароты», з акружанай прасторы.
Каля выхаду становяцца стральцы. Яны становяцца так, каб вецер дзьмуў на іх, бо інакш ваўкі пачуюць небяспеку, не выйдуць з пералеску і будуць хавацца ў гушчары.
Кожны паляўнічы ведае сваё месца. Яны хаваюцца ў белых халатах за кустамі, за дрэвамі. Стрэльбы ў іх напагатове, бо воўк можа з’явіцца кожную хвіліну. Цяпер трэба стаяць ціха, не курыць, не кашляць, не варушыцца.
Загоншчыкі ідуць тым часам на супрацьлеглы край пералеску і ўваходзяць з таго боку на ўчастак, абцягнуты вяроўкай з флажкамі. Яны пачынаюць шумець, крычаць, стукаюць палкамі па дрэвах, голасна пераклікаюцца.
Устрывожаныя і занепакоеныя шумам і крыкамі загоншчыкаў, ваўкі кідаюцца наўцёкі. Але ўсюды яны натыкаюцца на вяроўку з яркімі, чырвонымі флажкамі. Хутка яны знаходзяць адзіны выхад з акружанай плошчы. Тут няма ні вяроўкі, ні страшных флажкоў. Усюды шум і крыкі, а тут ціха і спакойна.