Падарожжа па краіне беларусаў  Віталь Вольскі

Падарожжа па краіне беларусаў

Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
57.31 МБ
Мы стаім пад дажджом і аглядаем хатку. Каля яе тырчыць з балота высокі слупок з папярочнай шыльдачкай, на якой густой чорнай фарбай напісана — 213.
— Мая работа,— усміхаецца Аўтушка.— Я знайшоў гэтую хатку вясной і паставіў кол з парадкавым нумарам. Пад гэтым нумарам хатка зарэгістравана ў канторы.
Для таго каб падлічыць, хаця б прыблізна, агульную колькасць баброў, якія засталіся пасля вайны, дырэкцыя дала заданне егерам і леснікам выявіць і зарэгістраваць усе хаткі і норы баброў на кожным участку.
Бабры жывуць сем’ямі. Кожная сям’я мае пэўны ўчастак, больш ці менш аддалены ад іншых сем’яў. Бабровае жыллё з усімі падсобнымі пабудовамі — норамі, каналамі і плацінамі, пабудаванымі адной сям’ёй, якая жыве асобна, называецца бабровым паселішчам.
Часам некалькі хатак знаходзяцца блізка адна ад адной, на адлегласці ад 10 да 15 метраў. Яны пабудаваны маладымі бабрамі, якія дасягнулі двухгадовага ўзросту і, аддзяліўшыся ад бацькоў, пасяліліся па суседству. Такія групы блізкіх паселішчаў называюцца бабровымі калоніямі.
Самка бабра прыносіць у год звычайна двух малых. Такім чынам, кожная сям’я можа складацца з двух
дарослых баброў, двух малых бабранят, якія нарадзіліся ў гэтым годзе, і двух маладых леташніх.
Работнікі запаведніка, дзе на лодцы, а дзе і пеша па балоце, добрасумленна абследавалі ўсе патаемныя куткі, усе аблюбаваныя бабрамі ўгоддзі. Жылыя хаткі і норы баброў былі зарэгістраваны і пад адпаведным нумарам занесены ў спіс бабровых паселішчаў, які заведзены дырэкцыяй у пачатку гэтага года.
Каля кожнай хаткі, на бліжэйшым дрэве ці на слупку, пастаўленым сярод балота, прымацавана шыльдачка з нумарам. Пад гэтым жа нумарам кожная хатка адзначана і на спецыяльнай карце, складзенай навуковымі супрацоўнікамі. У спіс і на карту трапіла і выяўленая Сідарам Аўтушкам хатка нумар 213 ва ўрочышчы Смолінка, каля якой мы стаім, мокрыя з галавы да ног.
РАЧНЫЯ БУДАЎНІКІ
Агледзеўшы хатку, мы падышлі да нізкай земляной плаціны, якая напалову перагароджвае канаву недалёка ад бабровага жылля.
Аўтушка ставіцца да гэтай плаціны з яўнай знявагай.
— Хіба гэта плаціна? — кажа ён.— Аб майстэрстве баброў па гэтай плаціне меркаваць нельга. Бабры — надзвычайныя будаўнікі! Здаецца, невялікі звярок, a якія дзівосныя па сваёй велічыні і трываласці пабудовы ён можа ўзводзіць! Трэба яму падняць узровень вады ў вузкім і плыткім месцы, каб забяспечыць сваё жыллё ад ворагаў ці наблізіць харчовыя ўгоддзі. Калі ласка! Ён адразу бярэцца за працу і перагароджвае рэчышча плацінай. Ды працуе як мае быць, не горш за чалавека.
Я пачаў распытваць Аўтушку, якім чынам будуюць бабры плаціну. Ляснік ахвотна падзяліўся са мной сваімі ведамі.
— Спачатку,— сказаў ён,— бабёр валіць упоперак рэчкі дрэвы, утыкае ў дно колле, умацоўвае іх глеем ды глінай, кладзе зверху палкі, дзёран, зямлю, нагрувашчвае ўсё гэта і будуе вал. Узровень вады пачынае падымацца. Вада выходзіць з берагоў і затапляе прыбярэжныя кусты і дрэвы. Тады бабёр умацоўвае сваю пабудову глеем ды зямлёй, накладваючы іх і на вяршыню плаціны і на схіл. Потым ён падоўжвае канцы плаціны ў абодва бакі, пакуль яна не зробіцца дастаткова высокая, доўгая і моцная, каб трымаць ваду на патрэбным яму ўзроўні. Такую плаціну і чалавеку пабудаваць нялёгка. Вось гэта будаўнік дык будаўнік! — заканчвае Аўтушка сваю прамову, і ў голасе ў яго чуецца цяпер шчырая павага да будаўнічага майстэрства баброў.
Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. Маладыя бабры, якія выраслі ў няволі і потым былі выпушчаны ў раку, адразу пачынаюць будаваць сабе дом, рыць каналы і ўзводзіць плаціны з няменшым майстэрствам, чым старыя вопытныя бабры. Між тым выхаваныя ў няволі, яны ж не мелі магчымасці пераняць вопыт сваіх старэйшых сяброў. Ніхто іх не вучыў будаўнічаму майстэрству. Яно перайшло да бабра ў спадчыну ад незлічоных пакаленняў продкаў — нястомных рачных будаўнікоў.
Я кажу пра гэта лесніку, але ён, здаецца, не вельмі са мною згодзен.
— Усё-такі, ведаеце, надта ж разумны гэты звярок,— гаворыць ён з перакананнем.— Нашы людзі бабра паважаюць.
Скончыўшы агляд плаціны, мы тым жа спосабам прабіраемся па балоце назад.
Машыну мы не знаходзім на месцы і пад праліўным дажджом ідзём па дарозе ў вёску Пастрэжжа. Дождж нам цяпер, пасля купання ў балоце, зусім не страшны. На нас і так сухой ніткі няма.
Мы падыходзім да вёскі. Наперадзе, каля крайняй хаты, чарнее машына. Мы заходзім у хату Сідара Аўтушкі. Там ужо сядзяць і чакаюць нас астатнія падарожнікі.
Перад тым як увайсці ў дом, я разуваюся і выліваю ваду з гумавых ботаў, нібы з вёдраў.
Праз некалькі хвілін мы садзімся ў машыну і едзем у Крайцы. Дождж перастаў, але дзьме моцны вецер. Холадна ў мокрым адзенні і абутку.
У Крайцы мы дабіраемся ноччу, каля першай гадзіны.
БАБРЫ Ў БЯРЭЗІНЕ
На другі дзень вечарам мы пайшлі з Леанідам Васільевічам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы, па левым беразе Сергучоўскага канала ва ўрочышча Залазы.
Незадоўга перад Вялікай Айчыннай вайной Леанід Васільевіч скончыў адзіную ў свеце спецыяльную вышэйшую навучальную ўстанову — факультэт паляўнічай гаспадаркі Пушна-футравага інстытута ў Маскве. На вайне ён быў афіцэр, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся да сваёй любімай справы.
Працуючы ў запаведніку, Леанід Васільевіч збірае матэрыялы аб жыцці і звычках выдры.
Мяне цікавяць галоўным чынам бабры, але паколькі бабёр і выдра жывуць у аднолькавых прыродных умовах, маршруты нашы заўсёды супадаюць.
Па абодвух баках канала ліставы лес. Асіны і вольхі, пераплеценыя знізу лазой, задумліва глядзяцца ў ціхую, цёмную ваду.
Па ўсім густа зарослым беразе часта сустракаюцца старыя, разбураныя норы баброў.
Там, дзе берагі сухія і высокія, бабёр не будуе сабе хаткі. Ён выкопвае глыбокую нару. Уваход у яе з-пад вады ідзе ўгору і заканчваецца недалёка ад паверхні пашырэннем, так званым гняздом, высланым травой і галінкамі.
У нізкіх і балоцістых мясцінах, якія пераважаюць у запаведніку, усюды сустракаюцца, як правіла, хаткі.
На ўзвышаным беразе канала трапляюцца часта бабровыя норы з некалькімі падземнымі разгаліненнямі і выхадамі на паверхню зямлі. Норы служаць бабрам толькі часовым прытулкам у тых месцах, дзе яны кормяцца. У час небяспекі бабёр, які корміцца на зямлі, можа схавацца ў адну з такіх нор і праз падводны ход уцячы ў ваду.
— У самім канале бабры не жывуць,— гаворыць Леанід Васільевіч,— тут для іх занадта неспакойна. Людзі ходзяць, на конях ездзяць, каровы пасуцца. Бабры заплываюць сюды па начах з Бярозы карміцца.
Па берагах канала відаць шматлікія месцы, дзе бабры вылазяць на зямлю. Вось перад намі на супрацьлеглым беразе «сталовая». Гэта — гладкая, слізкая земляная пляцоўка са схілам у ваду пад навіслай над вадою ракітай. На беразе каля пляцоўкі валяюцца аб’едзеныя карнявішчы жоўтых гарлачыкаў. Такія ж карнявішчы, падобныя на катахі кукурузы, плаваюць паблізу ў цёмнай вадзе.
Сюды бабёр вылазіць, каб адпачыць на зямлі, пад’есці і паляжаць пад старой ракітай.
Мы ідзём далей.
Чым бліжэй да Бярэзіны, тым усё радзейшы робіцца балоцісты лес па берагах канала, тым усё больш і гусцей
расце лазняк. He відаць ужо ні ясеня, ні ліпы. Затое часцей сустракаюцца беластволыя бярозы. Лес пераходзіць у балота.
Прайшоўшы каля трох кіламетраў, мы падыходзім да месца, дзе Сергучоўскі канал злучаецца з Бярэзінай.
Адсюль Бярэзіна цячэ далей, значна пашырыўшыся і ўзбагаціўшыся за кошт ціхіх і цёмных вод канала.
Берагі яе нізкія, балоцістыя. Рака цячэ ў шырокіх лугавых поймах. Ля самай вады і ў вадзе расце малады лазняк і асіннік — любімы корм баброў.
Мы ідзём левым берагам Бярэзіны ўніз па плыні. На тарфяністай глебе балота выразна відаць сляды лісіцы, качак, дзікіх коз.
Над галавой пралятае чырок.
3 супрацьлеглага берага даносіцца працяглы жаласны крык кнігаўкі.
Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохлым балоце, уважліва разглядаючы сляды.
Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным ракой і каналам.
Нізкія берагі Бярэзіны дзе-нідзе акаймаваны кустамі лазы. За імі далёка навокал цягнецца балоцістая раўніна, якая густа зарасла рагозам, сітам і лотаццю.
На гарызонце віднеецца цёмная паласа лясоў.
У паветры ціха і ясна. Сонца блізіцца да небасхілу.
Ля левага берага Бярэзіны, крыху вышэй канала, He­rnia плюхнулася ў ваду. Пайшлі вялікія кругі.
Я гляджу ў той бок.
Ніжэй гэтага месца паказалася з вады круглая і цёмная галава бабра.
Я не зводжу з яго вачэй,— гэта першы бабёр, якога я бачу на волі.
Бабёр плыве ў спакойнай вадзе Бярозы, асветленай мяккімі праменнямі заходзячага сонца і злёгку кранутай серабрыстай рабізной.
Ветрык гоніць па бледным небе цёмныя хмаркі.
3 майго ўзвышанага месца добра відаць кожны рух бабра.
Адштурхоўваючыся, як вёсламі, сваімі вялікімі заднімі лапамі, ён хутка і бясшумна плыве ўніз па Бярозе да вусця канала.
Усё тулава бабра схавана пад вадой. На паверхні відаць толькі круглая галава і цьмяны абрыс спіны. Шырокія кругі разыходзяцца ад яго па вадзе.
Вось, затрымліваючы паступова ход, ён падплывае да нізкага лугавога берага ў самым вусці насупраць мяне. Спыняецца на хвіліну, падняўшы галаву з вады, і, лёгка павярнуўшыся, аглядаецца на ўсе бакі і прыслухоўваецца. Hoc у яго варушыцца, нібы ў пацука ці зайца.
Пераканаўшыся ў цішыні і бяспецы, бабёр, не спяшаючыся, асцярожна вылазіць з вады на бераг.
Павольна і нязграбна, цяжка перавальваючыся на кожным кроку, пасоўваецца бабёр па зямлі, прабіраецца скрозь узбярэжныя зараснікі рагозу. Шырокі і пляскаты хвост яго цягнецца па зямлі.
Вось ён набліжаецца да маладой асіны. Сеўшы на заднія лапы, выгнуўшы спіну і абапіраючыся на хвост, бабёр лёгка перагрызае асінавую галіну. Потым, узяўшы яе пярэднімі лапамі, хутка аб’ядае кару. Усімі рухамі сваімі, асабліва калі не відаць яго характэрны хвост, схаваны ў траве, ён нагадвае цяпер нейкага вялізнага пацука.
Праходзіць некаторы час. Падсілкаваўшыся, бабёр пачынае займацца сваім туалетам. Седзячы на задніх лапах, ён пярэднімі мыецца і прыгладжвае сабе морду. Потым зноў падыходзіць да берага і кідаецца ў канал. Спакойная гладзь соннай, нібы застылай, вады ўскалыхнулася.