Падарожжа па краіне беларусаў
Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 2006
Чайкам, відаць, шанцуе больш, чым нам. Hi ў кога з нас ні разу нават і не клюнула. А чайкі пад’елі і цяпер адпачываюць, пагойдваючыся на хвалях.
Гэта добрая прыкмета. Калі чайкі садзяцца на ваду, значыць, і заўтра будзе пагода.
А ў нас усё не клюе. Але хмурыцца не трэба. Адпусцім лепш паболей якарнага каната, і ветрык аднясе нас трохі ўбок, на новае месца...
Прынаду на кручках праверылі? Цяпер зноў закінем...
Ціха... Ёсць!..
На дне чоўна заплёхаўся не дужа вялікі, але ўсё ж такі прыстойны акунёк.
I ў цябе ёсць?..
I ў цябе?..
Эх, сарваўся!.. He паслабляй лёску, калі цягнеш акуня, бо зноў сарвецца...
Бачыце, як добра пайшла справа.
Значыць, мы натрапілі на чародку акунёў. Яны звычайна чародкамі ходзяць.
А цяпер зноў зменім месца, пашукаем новую чародку...
Захопленыя сваім заняткам, мы і не заўважылі, як сонца схілілася да самага лесу. Па вадзе, цераз усё возера і паўз нашу лодку, прайшла яркая чырвона-жоўтая сцежка. Непадалёку ад нас запляскалася рыба. Вось яна — якая ж вялікая! — выскачыла з вады і, бліснуўшы на
сонцы луской, знікла зноў. А за ёй — другая, яшчэ большая. Гэта шчупак разбойнічае...
Крыху далей селі на ваду дзікія качкі. Да нас даносіцца іх гучнае краканне...
Як добра на возеры! Асабліва, калі рыба ловіцца. Але нам ужо час вяртацца. Дзяўчынкі, пэўна, чакаюць. Ды і налавілі мы нямала. На ўсіх хопіць...
РАСКАЗ СТАРОГА РЫБАКА
Дзяўчынкі і сапраўды зачакаліся. Яны даўно вярнуліся з лесу, сядзяць і абіраюць грыбы. Ім памагае наш знаёмы рыбак.
— Вось сапраўдны баравік,— тлумачыць ён,— усім грыбам грыб. I ножка моцная, і шапка цэлая. А гэта яго бліжэйшыя сваякі — падасінавік з чырвонай галавой і падбярозавік з рудой. А махавікоў колькі. А лісічак... Малайцы, дзяўчынкі...
Тут дзед спрактыкаваным вокам зірнуў і на наш улоў.
— Эге, ды і вы не зломкі! Кілаграмы чатыры будзе...
Пакуль мы абіраем грыбы і чысцім рыбу, дзед прынёс на паляну сухога ламачча, ачысціў месца для вогнішча, уваткнуў у зямлю дзве рагуліны, а зверху паклаў на іх тоўстую жардзіну. Тым часам Аня прынесла з дому два вядры: адно пад грыбы, другое — пад рыбу.
Вось ужо вёдры вісяць над агнём. Булькоча вада. Пара мяшаецца з дымам. I ў паветры так смачна запахла свежай юшкай, распаранымі грыбамі, сасновай смалой і ёдавым настоем водарасцей.
Дзед Ігнат прысеў побач з намі. Ён узяў загрубелымі пальцамі цыгарэту і прыкурыў ад вугольчыка. Сядзіць і маўчыць...
Давайце і мы памаўчым. Я ж ведаю, дзед настроіўся расказаць нам нешта. А пабачыў ён на сваім вяку нямала.
Так, я не памыліўся. Стары рыбак пакорпаў галінкай абгарэлае сучча ў вогнішчы — проста так, ні для чаго,— і пачаў...
— Сяджу я гэта з вамі, з маладымі, а сам мінулае ўспамінаю... Можа, не цікава, га? Дык я не буду...
— Гаварыце, дзядуля, гаварыце!..
— Так, значыцца... Край наш нарачанскі, самі бачыце, на ворныя землі не багаты. Усё лес ды пясок, пясок ды лес. Нават і лугоў мала для пашы. Затое возера спакон веку тутэйшых людзей выручала...
Даўно гэта было, яшчэ за польскім часам. Наловіш рыбы, лепшую на продаж у мястэчка, а драбнейшую — сабе, дзецям. Так і жылі...
Ды выйшаў аднойчы загад. Вядома, ад панскай улады; забараніць сялянам лавіць рыбу не толькі сеткай, але нават і звычайнай вудаю, а возера наша Нарач здалі ў арэнду памешчыку Яблонскаму.
Ну, усе, вядома, абурыліся. Што гэта за рабаўніцкія парадкі?!
Неяк улетку, як зараз помню, сабраліся рыбакі і паехалі на возера. Арандатар бачыць, што пагрозамі нічога не даб’ешся, і выклікаў паліцыю.
Паселі паліцэйскія ў маторку і давай ганяць рыбакоў. А тым часам на бераг сем’і рыбацкія збегліся. Старыя лаюцца, жанчыны лямантуюць, дзеці плачуць.
На вёслах, самі ведаеце, ад маторкі не ўцячэш. Падчапілі паліцэйскія некалькі чаўноў і цягнуць да берага. Але тут жанчыны яшчэ болып залямантавалі ды як кінуцца ў ваду, абступілі маторку з усіх бакоў і, як вокам міргнуць, перакулілі разам з паліцэйскімі. Пялёхкаюцца тыя ў вадзе, а рыбакі пазабіралі свае снасці і хутчэй па хатах. Шукай потым, хто вінаваты.
3 гэтага і пачалося. Усе навакольныя вёскі забунтавалі. I чаго толькі не выдумлялі, каб панам дапячы. Збяром,
бывала, сотню ці болей кос ды паўтыкаем у дно. А як толькі панскія служкі закінуць у возера невады, так і дастаюць адны толькі дзіркі. На косы, вядома, напароліся...
I што б вы падумалі? Пайшоў-такі арандатар на сякія-такія ўступкі.
Потым не раз яшчэ бунтаваліся рыбакі і сяляне. Аж пакуль не прыйшла Чырвоная Армія і не вызваліла нас ад паноў...
Дзед, задаволены ўвагай слухачоў, падняўся, падышоў да вогнішча, зірнуў у вядро з рыбай:
— Эге, стары гаварун, так і юшка пераварыцца! Хто ў вас за галоўнага кухара? Солі трошкі падсыпаць трэба...
Якія смачныя здаюцца нам і грыбы, і рыба на свежым паветры. Дзіва што. Самі ўсё здабылі, самі і згатавалі.
А сонца зусім схавалася. У небе запаліліся незлічоныя зоркі. Кожная з іх мае свайго двайніка ў вадзе. Глядзіш, і здаецца, што гэта не адбіткі нябесных зорак, а залацістыя, сярэбраныя, чырванаватыя вочы ляшчоў, акунёў, шчупакоў падміргваюць нам з глыбіні возера.
— Што ж,— кажа дзед Ігнат,— апошнім аўтобусам ехаць вам няма сэнсу. Толькі сярод ночы ў Мінску будзеце. Лепш пераначуйце ў мяне на вышках, там якраз сена свежае, а ранічкай і паедзеце.
Стары, відаць, мае рацыю. Трэба нам згадзіцца з яго прапановай і шчыра падзякаваць за ўсё тое прыемнае, што ён для нас зрабіў.
ПЕРАД РАЗВІТАННЕМ
Вось і канчаецца наша падарожжа.
Хутка мы з вамі развітаемся, раз’едземся ў розныя бакі. Хто ў гарады і раёны Беларусі, а хто і за межы рэспублікі.
Шмат чаго пабачылі вы за час нашых вандровак. Але шмат чаго пабачыць і не паспелі.
Хіба можна за такі кароткі час убачыць усю Беларусь?
Я буду вельмі рады, калі наша падарожжа вам спадабалася, калі яно памагло вам лепш пазнаць і яшчэ больш палюбіць сваю родную Беларусь.
Я буду вельмі рады, калі вам захочацца зноў павандраваць па Беларусі, яшчэ і яшчэ раз наведаць тыя мясціны, дзе мы толькі што пабывалі.
А цяпер — шчаслівай дарогі, сябры!
Да пабачэння!
Да новых сустрэч! Да новых падарожжаў!
1964—1966
У лясах над Бярозай
«0*
ПАЕЗДКА Ў ЗАПАВЕДНІК
У пачатку чэрвеня 1947 года, у ясны сонечны дзень, выехалі мы на машыне з Мінска ў Беларускі дзяржаўны запаведнік на рацэ Бярэзіне.
У шырокім кузаве грузавіка размясціліся дырэктар запаведніка, яго намеснік па навуковай частцы і некалькі супрацоўнікаў. Усе яны вяртаюцца дамоў з камандзіроўкі. Яны вязуць з сабой прэпараты, лабараторнае абсталяванне і ўсялякія прыпасы, неабходныя для жыцця і працы ў лясах запаведніка.
Машына ідзе па Лагойскім тракце. Абапал раскінуліся бяскрайнія калгасныя палеткі.
He спыняючыся, мінулі мы Астрашыцкі Гарадок, размешчаны на ўзвышанай мясцовасці, непадалёку ад невялікага прыгожага возера.
Потым праехалі летапісны Лагойск, дзе да гэтага часу захаваўся яшчэ высокі насып старадаўняга замчышча, і Плешчаніцы.
За Бягомлем, па дарозе на Лепель, усё часцей сустракаюцца лясы, пералескі. Адсюль недалёка ўжо і да запаведніка. Яго лясныя масівы, што раскінуліся на плошчы ў 70 тысяч гектараў, віднеюцца цёмнай зубчастай сцяной на гарызонце. Перасечаныя вялікімі балотамі і азёрамі, яны цягнуцца паласой з поўначы на
поўдзень па верхнім цячэнні ракі Бярэзіны і яе шматлікіх прытокаў.
Гадзін пасля шасці вечара мы праязджаем праз сяло Домжарыцы.
Недалёка ад сяла віднеецца возера. Мы знаходзімся ў межах запаведніка.
Машына ідзе берагам Сергучоўскага канала. Яна спыняецца перад старой, пахілай хацінкай.
Тут, каля самай вады, жыве егер Аляшкевіч, які ехаў з намі. Ён працуе егерам і адначасова вартаўніком пры шлюзе на канале. Гэта — здаровы, дужы дзядзька, гадоў пад сорак восем, які любіць пагаварыць, пажартаваць і пасмяяцца. Усю дарогу ён расказваў розныя адмысловыя гісторыі і сам заўзята рагатаў, сам шчыра з іх цешыўся.
— Ну, Юры Ігнатавіч, вылазь! Прыехаў! — гаворыць яму дырэктар.
Егер спрытна выскоквае з машыны, а за ім таксама і мы, каб размяць крыху ногі.
3 хаты выходзіць жонка егера, жанчына невысокага росту, але гэткая ж дужая, зграбная і здаровая з выгляду, як і муж.
Яна бачыць, што гаспадар вярнуўся з пустымі рукамі, і пачынае праяўляць выразныя адзнакі нездавальнення.
— Няўжо нічога з горада не прывёз? — пытаецца яна коратка.
— Як гэта нічога? А вабік для рабчыкаў? А другі для качак? А патроны для стрэльбы?
— Згары ты са сваімі патронамі! Цьфу!.. Людзі стараюцца, дбаюць, працуюць, а ён сабе бадзяецца па лесе ды ваду пільнуе! Хіба гэта работа? Адна назва! Дырэктару трэба ў Мінск, тыц — і ён туды ж! I ён ужо начальнік,— торбу за плечы ды за ім. Вялікую справу робіць! А каб чаго ў дом, дык аб гэтым і клопату няма! Я яго выправіла, як чалавека, і сала, і хлеба дала, і грошай, а ён...
Раззлаваная, не знаходзячы слоў ад крыўды, жанчына павярнулася, каб ісці дахаты.
Егер тым часам выцягнуў з машыны стары шынель.
— А гэта што? Глядзі, на рынку купіў! — сказаў ён крыху няўпэўнена.
— Купіў?.. Гэта?.. — У голасе жонкі загучала невыказная знявага. — Людзі насіць не хочуць, з плеч даўно паскідалі, а ён падхапіў!..
Яна вырвала з рук мужа злашчасны шынель, шпарка падбегла да канала і кінула ў ваду. Потым моўчкі, не аглядаючыся, рушыла ў хату.
— А на зіму штаны з чаго шыць? — заўважыў ёй наўздагон Аляшкевіч.
Пачухаўшы збянтэжана патыліцу, ён узяў жэрдку і выцягнуў шынель з канала.
Калгасны вартаўнік, якога мы ўзялі ў машыну, каб падвезці да сяла Кветча, уважліва і зацікаўлена сачыў за гэтай сцэнай.
— Бачылі? — сказаў ён, хаваючы ўсмешку ў вусы.— He дай Бог, што вырабляе! Гэта ж перад усёй публікай у ваду кінула! Ціятр! Добра, што чалавек спакойны. Другі б адразу ў развод! Ці ж няпраўда?
Аляшкевіч нездаволена глянуў на вартаўніка.
— Стары чалавек, а няправільна гаворыце! — заўважыў ён стрымана.
I, звярнуўшыся да нас, растлумачыў з філасофскай развагай:
— Усе яны гэткія. Яшчэ невядома, што дырэктарава жонка скажа, ён жа таксама нічога не прывёз.
А пасля невялікай паўзы дадаў зусім іншым тонам, нібы суцешыў сам сябе:
— Пагодзімся!
Яму было, відаць, непрыемна, што гэты маленькі інцыдэнт адбыўся на нашых вачах. Ён адчуваў сябе крыху няёмка.
Мы развіталіся з Аляшкевічам і паехалі далей.