Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Яна спалохана кінулася да берага, маючы намер саскочыць з абрыву, але ўбачыла ўнізе цемнаватую паску мокрага снегу і пабегла далей. 3-пад снегу ля самай вады тырчаў нейкі сук, яна на бягу выдрала яго і вяршалінай з наліплым
брудным лісцем перакінула цераз чорны паток на крыгу. Аднак сук аказаўся кароткі, да таго ж здорава выгнуты пасярэдзіне, ён адразу перавярнуўся і амаль увесь схаваўся ў вадзе. Баючыся, што не паспее, і ліхаманкава працуючы рукамі, Зоська выбралася з-пад абрыву і аберуч учапілася ў нятоўсты пахілы адростак у бліжнім кусце. Нядоўга завісшы пад ім, яна зноў зірнула на поплаў: запаволіўшы крок, чалавек набліжаўся да рэчкі. Іх раздзяляла ўжо не болей як сотня крокаў, Зоська з усяе сілы тузанула дрэўца, і тое няроўна адламалася ля самага кораня. He спрабуючы нават абламаць на ім голле, яна саскочыла з абрыву і перакінула над вадой гэтую хісткую, маланадзейную апору.
Яна ўсё ж паспела, хоць і намачыла ля берага ногі, у левым боце непрыемна захлюпала, але цяпер, мабыць, можна было адважыцца. Нядоўга думаючы і амаль фізічна адчуваючы набліжэнне таго чалавека, яна ступіла на крывы канец дрэўца і ўзмахнула рукамі.
Ёй удалося зрабіць толькі тры нясмелыя таропкія крокі, як вяршалінка дрэўца, падагнуўшыся, саслізнула з закрайка, і Зоська апынулася ў вадзе.
Гэта было жахліва ў яе становішчы. Падумаўшы, што ўсё прапала, яна інстынктыўна рванулася да недалёкай і такой недасяжнай цяпер крыгі. Але ногі яе ў вадзе раптам згубілі апору, дно пахінулася ўбок, яна шыбанула ў ваду амаль да сярэдзіны, з жахам адчуўшы, як цячэнне пругка ўдарыла яе ў сцёгны, пагражаючы зваліць з ног. I тады праз шум разварушанай целам вады, аднекуль зверху пачулася:
— Зоська, пастой! Ты што, здурнела?
«Антон?» Ахопленая спалохам, збянтэжаная, яна хіснулася ад глыбіні і замерла ў вадзе, пазнаўшы голас таго, каго меней за ўсіх чакала цяпер пачуць. Але памылкі быць не магло — спрытна сігануўшы з абрыву, Антон падхапіў з вады дрэўца і размашыста кінуў яго мокрым вяршком ёй у рукі.
— Ану, трымай! Я пацягну...
Яна ўжо і сама ўправілася з даволі моцным на глыбіні цячэннем і, спакваля пераборваючы спалох, ухапілася за голле дрэўца, дужа пацягнуўшы за якое, Антон вывалак яе з вады.
— Давай сюды! Во, на сухое... Эх ты, дурніца! Хіба так можна кідацца?
— Ой і напалохаў жа ты мяне... А адкуль ты ўзяўся?
— Узяўся. Хіба так можна? Тут глыбіня — во! — адмераў ён сабе далонню па грудзі, і яна, ледзьве стрымліваючыся, каб не закалаціцца ад сцюжы, паглядзела ў ягоны твар. He, ёй не здалося, гэта сапраўды быў ён, партызан з трэцяга ўзвода Галубін, якога яна некалькі дзён назад пачала зваць Антонам.
— А я гляджу, даганяе нехта. Так напалохалася, што... Сэрца ледзьве не выскачыць.
— Прамокла дужа? Ну, канешне! Ану, быстра за мной! — скамандаваў ён. — Бягом! Тут вёска недзе была.
Яна не пярэчыла, адразу паддаўшыся ягонай уладарнай патрабавальнасці, тым больш піто патрабавальнасць гэта была ёй паратункам, яна і сама адчувала, што гэтак нядоўга і задубець на ветры. Узлезшы на абрыў, ён пабег па-над рэчкай кудысьці па поплаве ўлева, і яна, ледзьве трываючы сцюжу, якая паліла ногі і ніз жывата, пабегла следам.
— Рукамі, рукамі во так! — паказаў ён, замахаўшы на бягу рукамі. — Угору-ўніз! Угору-ўніз! Грэйся!
Рака павярнула пад лес, цёмная сцяна якога адышлася і спакваля знікла ў прыцемках, дзесь там жа зніклі пакручастыя прырэчныя вольхі. Яны беглі па поплаве ў напрамку нізенькіх зараснікаў, што цямнелі на снезе, і яна адчувала, як усё болей дранцвеюць ногі ў мокрых пацяжэлых ботах; спаднічка спярша мокра хлюпала, пасля пачала цвярдзець на марозе, сподкі яе засталіся ў рацэ, і рук яна амаль ужо не адчувала.
— Адкуль ты ўзяўся? Цябе што — паслалі за мной?
— Паслалі, ага. Супакойся. Ты ж такая разведчыца, што...
— А што?
— Ды нічога. Добра, паспеў, a то б...
Яна ўсё яшчэ не магла пераадолець збянтэжанасці, зразумець, чаму ён апынуўся тут, за дзесяць кіламетраў ад лагера. Калі яе пасылалі ў гэтую дарогу, не было і размовы аб Галубіне, рыхтавалі на заданне яе адну. Але вось ён тут, і першае яе здзіўленне хутка сталася радасцю. Гэта была
прыемная для яе нечаканка, калі б толькі не той яе недарэчны спалох, які па-дурному штурхнуў яе ў раку. Але хто ведаў, што гэта Галубін, а не які-небудзь паліцай або немец. Прымаючы папрок, Зоська вінавата маўчала. Сцюжа ўсё болей скоўвала яе рухі, ногі вышэй калень нядобра гарэлі, быццам абпаленыя, унутры, праўда, ад доўгага бегу рабілася цяплей, але яна адчувала, што спыняць бег нельга. У бегу быў яе паратунак, асабліва калі там, наперадзе, вёска, можа, там яна і сагрэецца. I Зоська пакорна бегла поруч з гэтым нечаканым яе выратоўцам, з якім толькі раніцой рассталася каля лагернай кухні. Яна сказала яму, што цяпер убачацца не так хутка, можа, праз тыдзень ці два. Яна не магла сказаць, куды і па што яе выпраўлялі. Галубін, аднак, штось зразумеў, насцярожыўся, нават спрабаваў затрымаць яе за рукаў, але яна вырвалася і ўжо са сцяжынкі гарэзліва памахала яму сподкам. Пасля таго, як атрад перабазіраваўся ў паўднёвую частку Сухога балота і яна пачала памагаць Сцепанідзе ўпраўляцца на кухні, гэты Галубін часцяком прыпыняўся ля яе, то павітаецца, то пажартуе, разы два яны нават недалёка прайшліся ўдваіх, і яна падумала, што, можа, трэба было б яму намякнуць, куды яна ідзе. Але тады, ля кухні, яна нічога яму не сказала, а пасля ёй стала не да Галубіна, гадзіны са тры яна праседзела ў штабе, слухала інструктаж начальніка разведкі Дазорцава, вывучала паролі для сувязі са сваімі людзьмі ў вёсках, пароль-пропуск праз зону суседняй партызанскай брыгады. Ведама, шлях быў не блізкі, усё трэба было вывучыць напамяць — там запытаць не будзе ў каго, і з Галубіным яна болей не ўбачылася.
Каб яна не адставала, Антон стрымліваў бег і шырокім размашыстым крокам з хрустам таптаў падмерзлую траву поплаву, упэўнена вёў Зоську ў змрок снежнае ночы. Яна хацела сказаць, што ёй трэба за рэчку, але стрымала сябе — цяпер сапраўды спярша трэба было абсохнуць, і яна амаль з радасцю ўхапілася за гэтую яго таварыскую дапамогу, якая аказалася вельмі дарэчы. А яна, дурная, баялася.
— Тут недзе вёска была. Забыў, як называецца. Кандыбаўшчына, здаецца. He чула такой?
Яна моўчкі пакруціла галавой.
— Што, здорава выкупалася? Ану? — ён скінуў рукавіцы і цепнуў рукой яе па спіне і ніжай. — Жакетка наўродзе сухая. Спадніца толькі. I ногі. Ану хутчэй! Шырай шаг, малеча! — бадзёра закамандаваў ён.
— Там так глыбака! Ніколі не думала, — сказала яна, ціхенька ляскаючы зубамі.
— Глыбака, канешне. Гэта ж не ўлетку. Трэба было каля леснічоўкі перапраўляцца, а ты во куды шыбанула.
— Я і хацела каля леснічоўкі. Але ж... заблудзілася.
— Я так і падумаў. Яшчэ не выйшла з зоны, а ўжо заблудзілася. Як жа ты будзеш там, разведчыца?
Што яна магла на гэта сказаць? Пачатак сапраўды атрымаўся няўдалы, магло быць і горш, калі б не падаспеў ён. A можа, без яго яна была б асцярожней і не палезла так раптам у рэчку? Але заблудзілася па сваёй віне, тут ужо вінаваціць не было каго, тут была сама вінаватая...
2
Хвіліну яны моўчкі трухалі поруч. Зоська з нецярплівасцю ўзіралася ў змрок, імкнучыся ў рэдкім мільгаценні сняжынак заўважыць першыя прыкметы вёскі, але вёскі ўсё не было, нават не пачыналася поле, пад нагамі па-ранейшаму слалася-шастала някошаная балотная трава. Антон пачаў углядацца ў бакі і нават азірнуўся назад, дзе ў змроку зацямнелася штосьці высокае, падобнае на грудок з хвойным гайком. Напэўна, гэты грудок быў тут адзінай прыкметай на іх балотным шляху, і Антон, раптам спыніўшыся, з прыкрасцю вылаяўся:
— Ах ты, халера! Во куды зайшлі! Гэта ж Круглы грудок. Вёска ўбаку асталася.
Зоська расчаравана ўздыхнула, яна ледзьве ўжо стаяла на, здавалася, зусім адмерзлых нагах, у грудзях ажно прагоркла ад стомы, а рукі і асабліва ногі вышэй калень зусім здранцвелі ад сцюжы. Спаднічка хутка змерзлася і жорстка муляла сцёгны.
— Што ж цяпер рабіць? — разгублена прагаварыла яна,
спыніўшыся і адчуваючы, што выйсця, мабыць, няма, што, мабыць, прыйдзецца ёй замярзаць на гэтым балоце.
— Халера! — злаваў Антон. — Трэба ж... Думаў, гэты грудок злева, а ён... Нарабіла ты бяды з гэтай рэчкай.
Ён бурчаў незадаволена, з яўным папрокам, і яна таксама хацела зазлаваць ды крыкнуць, што ўсё праз яго, што каб ён не з’явіўся за яе плячыма, яна б не сунулася па-дурному ў гэту праклятую рэчку, пашукала б дзе другі пераход. A то сам яе напалохаў, загнаў у ледзяную ваду і яшчэ папракае. Але штось утрымала яе ад сваркі, усё ж яна адчувала і сваю тут віну і таму, перабораўшы крыўду, коратка кінула:
— Ладна! Ужо сама як-небудзь...
Аднак у голасе яе пачуліся слёзы, ён, мабыць, заўважыў гэта і змоўк, раптам зноў угледзеўшыся ў прыцемкі. Штось там зашарэлася воддаль, але яна не магла разгледзець, што — задубелымі пальцамі яна выцірала вочы.
— Пастой! — сказаў ён. — Глядзі, стажок нібы? Праўда! Ану бягом!
Яна зразумела і нават убачыла ў шэрых ветраных прыцемках шызыя вярхі стажкоў на балоце пад самым кустоўем. Пярэдні стажок быў зусім блізка, за якія паўста крокаў — касабокі, з заснежаным верхам і чорнай палкай у ім, ён з’явіўся для яе паратункам; нічога цяпер, напэўна, нельга было і прыдумаць. Антон першы падбег да стажка і, абмацаўшы яго, пачаў энергічна выскубаць сена. Падбегшы пасля, Зоська таксама сунула ў жорсткае шархоткае сена свае знямелыя рукі. Але перасыпанае снегам, настылае сена так злеглася ў гэтым стажку, што ніяк не паддавалася іхнім рукам. Антон, як ні стараўся, за дзесяць хвілін выскуб толькі невялічкую ямку — болей яно не скублася.
— Халера! Зляжалася, не выдзераш! Ану скубі, тут нібы мякчэй, — паказаў ён нейкую мясціну ў стажку, а сам падаўся за стажок да наступнага.
Зоська, здаецца, зусім скалела, хоць ля стажка было трохі зацішней ад ветру, але яе мокрыя ногі і сцёгны ашчаперыў такі мароз, што яна ледзьве трывала. Рукі, аднак, пачалі грэцца ў сене, з травяных нетраў якога разам з духмяным водарам нібы патыхала назапашанае за лета цяпло.
Яна ўжо гатова была ўціснуцца целам у неглыбокую выскубіну, як здаля пачуўся прыглушаны Антонаў голас:
— Гэй, сюды ідзі! Чуеш? Топай сюды...