Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
якая спасцігаецца толькі з вышыні пражытых гадоў. Часам дзівячыся, а часам абураючыся бязмозглаю недарэчнасцю ўчынкаў свайго абвінавачанага, мінаючы некаторыя старыя ісціны, што ўжо выйшлі ў тыраж, гэты суддзя паступова пачаў арыентавацца на сапраўдны кодэкс пастаянных каштоўнасцей, першае месца сярод якіх ён адводзіў самацэннасці самога жыцця. У тым ліку і таго, якім ён некалі так легкадумна распарадзіўся ў гэтым пасёлку. Зрэшты, як і сваім таксама...
У калідоры за тонкімі дзвярамі нумара чуліся таропкія крокі жыльцоў, бесцырымонна перагукваліся спаважныя пакаёўкі, аднойчы ўварваліся шум, смех і гамана маладых людзей — прыслухаўшыся, Агееў зразумеў, што гэта спартсмены.
Праўда, яны хутка зніклі — на трэніроўкі ці на абед у сталовую, у гасцініцы запанавала цішыня, і ён заснуў ці задрамаў, як толькі крыху выраўнялася сэрца.
Прачнуўся ад нязвыклай трывожнай цішы, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, дзе ён. Было зусім цёмна, за прыштораным акном ляжала летняя ноч, праз шчыліну каля дзвярэй прабівалася тоненькая палоска святла ад лямпачкі з калідора. Аднекуль здалёк, з ускраіны пасёлка, далятаў ледзь чутны сабачы брэх, а наогул было маркотна і ціха. Неўзабаве, аднак, у гэтай душнай, гнятлівай цішы ён улавіў знаёмыя гукі рухавіка, якія спярша ўстрывожылі яго, а пасля жаданай міратворнасцю ляглі на яго душу, як толькі ён зразумеў, што гэта — бульдозеры. Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар’ер — кар’ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця і яго перабольшанага ўяўлення. Зацяўшы дыханне, Агееў услухаўся ў захлюбісты грукат дызеляў, і яму зрабілася нясцерпна шкада чагосьці, што заставалася ў беззваротным мінулым, — можа, сябе і сваёй скрываўленай маладосці, можа, даўно нежывых, расстраляных, забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках таварышаў.
Можа, гэта быў плач душы па тых, каму не суджана было нарадзіцца і прадоўжыць жыццё, але пачуццё няўцешнага гора ахапіла яго так моцна, што ён, страціўшы спакой, пад-
няўся, сеў на пасцелі і раптам зусім незнарок заплакаў. Ён быў тут адзін і мог не стрымліваць сябе, даць волю слязам, і даўкія сутаргі скаланалі яго грузнае цела. Ён плакаў доўга, самазабыўна, як гэта здаралася з ім калісь у раннім дзяцінстве, — аб сабе і аб іх, непамерных людскіх пакутах, якія, аказваецца, ніколі не мінаюць бясследна. Навучаны жыццём, ён ужо разумеў, што за ўсё трэба плаціць — за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? Плоціць, канечне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся браць ды патрабаваць з іншых.
У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны, таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення.
Калі за прыхінутым шторай акном азначыўся ранні світанак, ён устаў, падняў свой ацяжэлы за ноч рукзак, расплаціўся з соннай дзяжурнай унізе і павалокся праз сквер на аўтастанцыю.
Каментары
У шосты том Поўнага збору мастацкіх твораў Васіля Быкава ў 14 тамах у храналагічнай паслядоўнасці ўключаны аповесці «Абеліск», «Пайсці і не вярнуцца» і раман «Кар’ер». Гэтым томам завяршаецца публікаванне «шырокафарматных» празаічных тэкстаў В. Быкава.
За асноўны тэкст твораў, змешчаных у шостым томе, па традыцыі прынятыя апошнія аўтарскія прыжыццёвыя публікацыі (акрамя «тэхнічных» перавыданняў). Ва ўкладальнікаў і рэдкалегіі не было магчымасці праводзіць і адлюстроўваць тэксталагічную варыянтнасць у публікацыях розных гадоў.
Абеліск (стар. 5)
Аповесць напісана ў 1971 г. У 1974 г. адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР (разам з аповесцю «Дажыць да світання»),
Упершыню апублікавана ў 1971 г. у часопісе «Маладосць», № 9.
Друкуецца па апошняй прыжыццёвай аўтарскай публікацыі ў 3 томе 6-томнага Збору твораў (Мінск, «Мастацкая літаратура», 1993).
«“Абеліск” напісаўся лёгка, як прынята казаць на адным дыханні», прызнаўся аўтар (Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск: ГА БТ «Кніга», 2002, с. 339). Матывамі да напісання аповесці паслужылі шматлікія подзвігі настаўнікаў: польскага педагога Януша Корчака, якому прысвечаны адзін з вершаў М. Танка, самаахвярных югаслаўскіх
настаўнікаў з г. Крагуеваца, а таксама, безумоўна ж, і беларускіх настаўнікаў (сярод якіх крытыкамі (Д. Бугаёў) згадваўся і П. Машэраў, які падчас вайны стварыў на тэрыторыі акупаванай Расоншчыны падпольную групу, у якой былі і ягоныя вучні).
Аповесць адметная сваёй кампазіцыйнай структурай з некалькімі апавядальнікамі.
Пашкевіч М. А. настаўнік Сваткаўскай школы (Мядзельскі раён). Закончыў філалагічны факультэт БДУ. Быў апантаным прапагандыстам беларускай літаратуры. Арганізоўваў шматлікія сустрэчы сваіх вучняў з пісьменнікамі Беларусі. Па ягоным запрашэнні Сваткаўскую школу наведваў і В. Быкаў. Захавалася перапіска паміж М. Пашкевічам і В. Быкавым (упершыню апублікавана ў 2005 г. у часопісе «Дзеяслоў», № 15. Пражыў 36 гадоў. Пра Мікалая Арсеневіча Пашкевіча, «светлай памяці» якога прысвечана аповесць «Абеліск», В. Быкаў успамінаў: «То быў выдатны настаўнік энтузіяст беларушчыны, бясконца захоплены літаратурай. Неяк мы ехалі на Нарач у госці да старога Міхася Лынькова, прозу якога Мікола дужа любіў. Мейсца ў машыне для яго не было, дык Мікола папрасіўся ў багажнік, дзе, скорчыўшыся, ехаў добрых паўсотню кіламетраў і казаў: “Як жа я яго не пабачу, ён жа такі старэнькі...” Тады ён пабачыў Міхася Ціханавіча, а праз паўгода і памёр раней за свайго куміра» (Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск: ГА БТ «Кніга», 2002, с. 340).
Паводле аповесці «Абеліск» у 1977 г. быў створаны аднайменны мастацкі кінафільм (аўтары сцэнарыя В. Быкаў і Р. Віктараў, рэжысёр-пастаноўшчык Р. Віктараў).
Інсцэнізавана маскоўскім Тэатрам імя К. Станіслаўскага.
Аповесць перакладзена на некалькі моў.
Пайсці і не вярнуцца (стар. 78).
Аповесць завершана ў 1978 г.
Упершыню апублікавана ў 1978 г. у часопісе «Маладосць» (№№ 3, 4).
Друкуецца па апошняй прыжыццёвай аўтарскай публікацыі ў 3 томе 6-томнага Збору твораў (Мінск, «Мастацкая літаратура», 1993).
Як успамінаў В. Быкаў, аповесць гэта «тое апошняе, што напісалася ў труднай і блаславёнай Горадні. «Пайсьці і не вярнуцца» вырасла з апавяданьня на тэму складанасьці спрадвечнай зьявы каханьня. Асабліва ў пераломны ці канфліктны пэрыяд жыцьця, калі ад каханьня да нянавісьці сапраўды адзін крок» (Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Мінск: ГА БТ «Кніга», с. 395.)
Тагачасная крытыка ўспрыняла аповесць традыцыйна «двупалярна»: «Паўтарэнне пройдзенага» (В. Леўчанка // «Лнтературная газета», 1978, 2 жніўня), «Не, узыходжанне!» (В. Аскоцкі // «Лнтературная газета», 1978, 2 жніўня), «Быкаў супраць Быкава» (I. Залатускі // «Лнтературное обозренне», 1978, № 12), «Быкаў верны Быкаву» (I. Дзядкоў // «Лнтературное обозренне», 1978, № 12).
Аповесць інсцэніравана (разам з аповесцю «Трэцяя ракета» на сцэне філіяла маскоўскага Тэатра імя У. Маякоўскага, а таксама ў Новым тэатры-студыі (Масква), у Кастраме (Расія) і Чарнігаве (Украіна). Спектакль мінскага Рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў 1986 г. быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Перакладзена на некалькі моў. Расійскамоўны пераклад зроблены В. Быкавым.
Кар’ер (стар. 248)
Раман завершаны ў 1985 г.
Упершыню апублікаваны (як аповесць) у 1986 г. у часопісах «Полымя» і «Дружба народов», №№ 4, 5. У 1987 г. выйшаў асобным выданнем з аўтарскай пазнакай «раман».
Друкуецца па апошняй прыжыццёвай аўтарскай публікацыі ў 5 томе 6-томнага Збору твораў (Мінск, «Мастацкая літаратура», 1994).
«Это мечта Быкова о настояіцем человеке», выказаўся пасля выхаду твора Я. Кузьмін («Важнее жнзнн...» // «Лнтературная Россня», 1986, 18 ліпеня.). «Быкаўская мера праўдзівасці і чалавечнасці выразна адчуваецца і ў новым рамане пісьменніка «Кар’ер». <„.> твор па-быкаўску глыбокі, ёмісты і шматзначны», канстатаваў Д. Бугаёў (Бугаёў Д. Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці. Мінск, «Народная асвета»,
1987, с. 190, 193). «Кар’ер» Быкава рэч, дзе падспудна адчуваецца духоўная прысутнасць Талстога», адзначыў Н. Гілевіч («Сацыяльныя і маральныя праблемы ў жыцці і літаратуры» // «Літаратура і мастацтва», 1987, 12 чэрвеня).
Перакладзены на некалькі моў. Расійскамоўны пераклад зроблены В. Быкавым.
Алесь Пашкевіч.
Ад рэдкалегіі
Поўны збор твораў класіка нацыянальнай літаратуры Васіля Быкава ажыццяўляецца ўпершыню. У выданне ўключаны ўсе вядомыя на момант публікацыі апавяданні, аповесці, сцэнарыі, п’есы, нарысы, фельетоны, гумарэскі, публіцыстычныя выступленні, літаратурна-крытычныя артыкулы, успаміны, лісты і чарнавыя запісы пісьменніка.
Поўны збор мастацкіх твораў Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў 14-ці тамах нацыянальна-асветніцкі і грамадскі праект. Ён падрыхтаваны і ажыццёўлены пры падтрымцы Грамадзянскай ініцыятывы «Агульнанацыянальны рух ВОЛЯ НАРОДА».
У аснову Поўнага збору твораў пакладзены не акадэмічны жанрава-храналагічны прынцып, а жанрава-ідэйны. Рэдкалегія Поўнага збору мастацкіх твораў пры ўкладанні тамоў найперш улічвала думку самога аўтара, які склаў план-праспект выдання свайго 8-томнага Збору твораў.
У п е р ш ы м томе змешчаныя творы апошніх гадоў жыцця Васіля Быкава: аповесці «Афганец», «Ваўчыная яма», a таксама апавяданні і прыпавесці 90-х і 2000-х гадоў;
у другім томе аповесці «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Пакахай мяне, салдацік», «Балота», а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў;
у трэцім т о м е аповесці «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Сотнікаў», «Сцюжа»;
у чацвёртым т о м е аповесці «Апошні баец», «Жураўліны крык», «Здрада», «Трэцяя ракета», «Пастка», «Альпійская балада»;
у пятым т о м е аповесці «Круглянскі мост», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», «Яго батальён»;
у шостым т о м е аповесці «Абеліск», «Пайсці і не вярнуцца», раман «Кар’ер»;
у сёмым томеапавяданні 1947-1980-х гадоў, фельетоны, гумарэскі;
у восьмым т о м е кніга ўспамінаў «Доўгая дарога дадому», мемуарныя запісы, дзённікі, аўтабіяграфіі, гутаркі;
у дзевятым т о м е эсэ, нарысы, драматургія, кінасцэнарыі;
у дзесятым т о м е літаратуразнаўчыя артыкулы, прамовы, рэцэнзіі, уступныя артыкулы, рэкамендацыі;